Вы тут

Біятэхналогіі, персаніфікаваная медыцына, штучны інтэлект. На што яшчэ «замахнуліся» беларускія даследчыкі?


Айчынная навука сёння самым цесным чынам інтэграваная ў беларускую эканоміку і супрацоўнічае з усімі без выключэння буйнымі вытворцамі. За вучонымі — суправаджэнне ўсіх бакоў развіцця новай, заснаванай на ведах эканомікі: ІT-тэхналогіі, лічбавізацыя, робатызацыя і штучны інтэлект, сэнсары, новыя матэрыялы, у тым ліку кампазіты, атамная і аднаўляльная энергетыка, высокадакладнае машынабудаванне і электратранспарт, біятэхналогіі і фармацэўтыка, «тонкая» хімія…


Вакцына супраць каранавіруса

— Айчынныя навукоўцы дабіваюцца фундаментальных вынікаў, якія адпавядаюць сусветнаму ўзроўню. Гэта пацвярджаюць публікацыі ў высакарэйтынгавых сусветных навуковых выданнях, цеснае ўзаемадзеянне з рэальным сектарам і ўкараненне ў эканоміку буйных навуковых распрацовак, — падкрэслівае старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ. — Пры навуковым суправаджэнні НАН у краіне створана і актыўна развіваецца канкурэнтаздольная біятэхналагічная галіна. Толькі за 2020 год у рамках розных праграм было распрацавана 57 біятэхналогій, якія з'яўляюцца асновай для вытворчасці шырокага спектра новых відаў біятэхналагічнай прадукцыі. Агульны аб'ём вырабленай прадукцыі склаў больш за 4,5 млн рублёў.

Нацыянальная акадэмія навук уяўляе сабой прыклад эфектыўнай інтэграцыі даследчага і вытворчага складнікаў: гэта буйны даследчы цэнтр, які развіваецца па тыпе навукова-вытворчай карпарацыі. На базе фундаментальных даследаванняў і навукова-тэхнічных распрацовак айчынных навукоўцаў ствараюцца навукаёмістыя вытворчасці і сістэмы як у самой Акадэміі навук, так і ў розных іншых сферах эканомікі. Для прыкладу, у Акадэміі створана і функцыянуе больш за 150 вытворчасцяў і вытворчых участкаў розных памераў. Летась у галіновай лабараторыі электронна-прамянёвых і адытыўных тэхналогій Фізіка-тэхнічнага інстытута быў адкрыты ўчастак лазернай апрацоўкі матэрыялаў. На ім выконваюцца работы ў інтарэсах машынабудаўнічых прадпрыемстваў («Гомсельмаша», Мінскага завода шасцерняў, МТЗ).

Вынікі даследаванняў былі выкарыстаны ў 2020 годзе пры рэалізацыі каля дзвюх тысяч дагавораў на стварэнне навукова-тэхнічнай прадукцыі.

З мэтай прафілактыкі і пераадолення наступстваў каранавіруса распрацаваны і выпускаюцца антысептычныя лекавыя сродкі і гель для рук антыбактэрыяльнага дзеяння, фільтрацыйныя матэрыялы для рэспіратараў і ачысткі паветра, тэст-сістэмы па выяўленні антыцел да COVІD-19, наборы рэагентаў для біяхімічных даследаванняў ДНК-ВК, панэлі для аналізу мішэняў каранавіруснай РНК, распрацаваны і сертыфікаваны апарат ультрафіялетавага экстракарпаральнага апрамянення крыві «Гемаквант 04».

Прадпрыемствам «Акадэмфарм» выпускаюцца супрацьвірусныя лекі так званай залатой лініі «Флустоп», а таксама прэпарат антытрамбознага дзеяння «Рываксан». Апошні вырабляецца толькі ў ЗША і ў нашай краіне, прычым наш сродак — нашмат таннейшы.

Навукова-вытворчым цэнтрам «Хімфармсінтэз» выпускаюцца высокаэфектыўныя супрацьпухлінныя лекі дзесяці найменняў.

Зараз працягваецца актыўная работа над стварэннем айчыннай вакцыны супраць каранавіруса. Як адзначыў Уладзімір Гусакоў, Нацыянальная акадэмія навук дзейнічае ў цеснай звязцы з медыкамі і каардынуе намаганні з расійскімі партнёрамі: «У Расіі зарэгістраваны ўжо тры вакцыны ўласнай вытворчасці, у распрацоўцы — пяць. Мы таксама актыўна рухаемся ў гэтым кірунку і спадзяёмся, што да канца лета ў нас ужо будзе прататып сваёй вакцыны».

Космас і звышмалыя спадарожнікі

У выніку выканання навукова-тэхнічных праграм таксама былі атрыманы значныя вынікі. У галіне машынабудавання — гэта пасажырскія электробусы з нізкай падлогай і хуткай зарадкай на канцавых прыпыначных пунктах. У галіне ІT і матэматыкі — абсталяванне з праграмным комплексам кантролю крытычных памераў на базе сістэм машыннага зроку. У галіне оптыкі, оптаэлектронікі, лазернай тэхнікі і мікраэлектронікі створана ўстаноўка, якая адпавядае пятаму-шостаму тэхналагічнаму ўкладу і дазваляе тэсціраваць перспектыўныя віды паўправадніковых фотапрыёмнікаў.

У галіне аграпрамысловага комплексу і харчовай бяспекі створаны новыя безгербіцыдныя сістэмы ўгнаенняў з мэтай атрымання экалагічна чыстай прадукцыі, новыя сарты сельскагаспадарчых культур. Для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту распрацавана тэхналогія атрымання пітной вады, узбагачанай кіслародам.

Апошнім часам Акадэмія навук актывізавала сваю інавацыйную дзейнасць. Так, у Дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады НАН Беларусі разам з Міністэрствам прамысловасці былі самымі буйнымі заказчыкамі і выканаўцамі (рэалізавалі 11 і 17 праектаў адпаведна).

У 2020 годзе, па выніках выканання праектаў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця, створаныя на базе НАН Беларусі вытворчасці выпускалі новую запатрабаваную ў краіне і за мяжой прадукцыю: паўправадніковыя генератары, аптычныя кампаненты і лазерныя сістэмы з дыёднай напампоўкай новага пакалення, кампазіцыйныя матэрыялы для 3D-друку, аўтаматызаваны модуль для абагачэння мінеральнай сыравіны, мікраўгнаенні таргетнага і пралангаванага дзеяння, комплекс для мікракланальнага размнажэння гаспадарча карысных раслін, ферменты для сінтэзу лекавых субстанцый і атрымання найноўшых дыягностыкумаў.

Для вырашэння задач, пастаўленых на Усебеларускім народным сходзе, пры рэалізацыі стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018—2040»,
навуковага суправаджэння мегапраекта «Беларусь інтэлектуальная» ў найбліжэйшай перспектыве навукоўцам Беларусі трэба будзе працягнуць работы па касмічных даследаваннях і лічбавых геаінфармацыйных тэхналогіях, сфарміраваць навуковую базу для стварэння штучнага інтэлекту, тэхналогій інтэлектуальнай апрацоўкі вялікіх даных на базе адзінай суперкамп'ютарнай платформы кластарнай архітэктуры. Будуць створаны звышмалыя беларускія спадарожнікі і новыя мадэлі персанальнага суперкамп'ютара, Акадэмтэхнаград і ІT-Акадэммініпарк.

Па словах Уладзіміра Гусакова, плануецца стварыць эксперыментальную базу для сонечнай энергетыкі, арганізаваць выпуск найноўшых святлотэхнічных вырабаў па тыпе «Разумнае святло». У інтарэсах мадэрнізацыі айчыннага машынабудавання патрабуецца распрацоўка ўзораў навучальнай, прамысловай і бытавой робататэхнікі, а таксама трэба наладзіць доследную вытворчасць суперкандэнсатараў электраэнергіі. Будзе асвоена вытворчасць новых відаў металічных кампазіцыйных матэрыялаў, вугляпластыку і шклапластыку, найноўшых лесахімічных і нафтахімічных прадуктаў.

Медыцына атрымае новыя тэхналогіі, інфармацыйныя сістэмы і лекі для развіцця персаніфікаванай меддапамогі, прафілактыкі і лячэння хвароб.

Прыярытэты на пяцігодку

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр ШУМІЛІН паведаміў, што толькі за мінулы год было распрацавана і даведзена да стадыі практычнага прымянення 1157 навінак, у тым ліку 57 відаў машын, абсталявання, прыбораў, інструментаў, 27 відаў новых матэрыялаў, рэчываў, прадуктаў харчавання, 67 тэхналагічных працэсаў і многае іншае.

Да ліку найбольш перспектыўных распрацовак можна аднесці гарадскі нізкападлогавы аўтобус новага пакалення, камбайн збожжаўборачны самаходны з ротарнай схемай абмалоту і сепарацыі з больш магутным рухавіком і даўжынёй ротара, малагабарытны бартавы вылічальнік з магчымасцямі ўводу-вываду аналага-лічбавай і лічбава-аналагавай інфармацыі для рухомых сістэм кіравання, праграмна-апаратны комплекс кантролю абароненасці інфармацыі ў валаконна-аптычных лініях сувязі «Мангуст», праграмнае забеспячэнне інтэлектуальнага прагназавання рызык развіцця рэцыдываў касцявых сарком у дзяцей і дарослых, метад лячэння пацыентаў з парушэннем згушчальнасці крыві пры хірургічных аперацыях на адкрытым сэрцы, метад дыягностыкі раку страўніка, які павялічвае долю выяўленых выпадкаў захворвання на ранніх стадыях на 30 працэнтаў, метад лячэння пацыентаў з хранічным лімфалейкозам і іншыя. У цэлым кошт рэалізаванай у 2016—2020 гадах прадукцыі і паслуг перавысіў 8,7 млрд рублёў, з іх экспарт склаў 700 млн рублёў.

«Для дынамічнага развіцця інавацыйнага прадпрымальніцтва мы сканцэнтравалі высілкі на паскораным фарміраванні інавацыйнай інфраструктуры. У выніку яе сетка ахоплівае цяпер усе абласныя цэнтры, гарады Наваполацк, Пінск, Горкі, Барысаўскі і Ляхавіцкі раёны і ўключае 18 тэхнапаркаў, 7 цэнтраў трансферу тэхналогій і Беларускі інавацыйны фонд, — адзначыў Аляксандр Шумілін. — У 2016—2020 гадах у тэхнапарках створана больш за 2,5 тысячы рабочых месцаў, што ўтрая больш, чым у пачатку пяцігодкі. Аб'ём выпуску прадукцыі рэзідэнтамі тэхнапаркаў павялічыўся ў шэсць разоў — з 33,7 млн рублёў у 2015 годзе да амаль 200 млн рублёў у 2020-м».

Наша краіна ўпэўнена рухаецца па шляху інавацыйнага развіцця, што пацвярджаецца ацэнкай міжнародных экспертаў. Так, за апошнія два гады Беларусь паднялася на 22 пазіцыі ў Глабальным міжнародным індэксе інавацый і заняла там 64-е месца сярод 131 дзяржавы.

Па словах Аляксандра Шуміліна, прыярытэт інавацыйнага развіцця вызначаны і на новую пяцігодку. Толькі ў рамках ДНТП на 2021—2025 гады плануецца выканаць каля 740 заданняў. Пры гэтым мяркуецца, што колькасць новаўвядзенняў павялічыцца ўдвая ў параўнанні з мінулай пяцігодкай, у тым ліку за кошт стварэння больш як 140 найменняў машын, абсталявання, комплексаў, прылад, прыбораў і камплектуючых вырабаў, больш як 50 найменняў матэрыялаў і рэчываў, прадуктаў харчавання, кармоў, 150 тэхналагічных працэсаў, 38 інфармацыйных тэхналогій, каля 70 сартоў раслін і 25 парод жывёл. Будзе створана не менш за 40 лекавых сродкаў, у тым ліку для лячэння вірусных і анкалагічных захворванняў. Паводле папярэдніх ацэнак, выпуск інавацыйнай прадукцыі складзе не менш чым 3,5 млрд рублёў.

Акрамя таго, падрыхтаваны праект Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця на 2021—2025 гады, які прадугледжвае рэалізацыю каля 80 інавацыйных праектаў па стварэнні ў Мінску і рэгіёнах высокатэхналагічных вытворчасцяў. Найбольш буйнымі і цікавымі з'яўляюцца праекты, накіраваныя на развіццё новых біятэхналагічных галін у сельскай гаспадарцы, медыцыне і фармацэўтыцы: стварэнне біяфармацэўтычнай вытворчасці лекавых сродкаў на аснове рэкамбінантных тэхналогій і фракцыяніравання плазмы крыві, што адпавядае патрабаванням GMP, стварэнне доследна-прамысловай вытворчасці цвёрдых лекавых формаў з прымяненнем інавацыйных тэхналогій. Аляксандр Шумілін згадаў сярод прыярытэтаў таксама стварэнне айчыннага электратранспарту (асваенне вытворчасці кампанентаў электрычнай трансмісіі для гарадскога пасажырскага транспарту), развіццё машынабудавання і машынабудаўнічых тэхналогій (стварэнне сучаснай вытворчасці кампанентаў механічных перадач для выпуску новага пакалення сельскагаспадарчай збожжаўборачнай і кормаўборачнай тэхнікі).

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

У жніўні цяпла будзе ўдосталь, але без дажджу і маланкі не абыдзецца.

Грамадства

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

У летні час так хочацца на мора, ці, хоць бы ў падарожжа... 

Калейдаскоп

Правілы чамадана. Парады па зборы ў адпачынак ад розных спецыялістаў

Правілы чамадана. Парады па зборы ў адпачынак ад розных спецыялістаў

 Куды б вы ні накіроўваліся, пытанне «Што пакласці ў чамадан, а што пакінуць дома?» цяпер актуальнае для многіх.

Культура

Рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская: Мая работа — гэта творчасць кожны дзень!

Рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская: Мая работа — гэта творчасць кожны дзень!

«Жанчыну, якая займаецца танцамі, відаць здалёк!»