12 сакавіка ў тэатры імя Янкі Купалы адбылося незвычайнае прадстаўленне. Дадатковы паказ візітоўкі тэатра, легендарнай «Паўлінкі», з якой распачаўся 101-шы тэатральны сезон, арганізавалі адмыслова для ўдзельнікаў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь!» і актывістаў новага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі».
З прэм’еры абноўленай «Паўлінкі» прайшло больш за дзесяць дзён, але гледачы з розных бакоў Беларусі набываюць квіткі і едуць у Мінск, каб пабачыць пастаноўку. Нягледзячы на дождж са снегам, каля галоўнага ўвахода ў тэатр натоўп. Без пятнаццаці сем, а гэта значыць, што спектакль вось-вось пачнецца. Падыходзім да глядачкі, якая стаіць асобна і ўсміхаецца:
— Сёння я не проста прыйшла, а прыехала з Гомеля, так рабіла і на мінулым тыдні. Наведваючы Купалаўскі тэатр, я выказваю падтрымку беларускаму мастацтву. У мяне тут шмат аднадумцаў, мы выступаем за захаванне нашай гісторыі, нашых традыцый. Хацелася б, каб і іншыя звярнулі на гэта ўвагу і пачалі цікавіцца беларускай культурай. Канешне, я і ў маладосці хадзіла на «Паўлінку» — вельмі цікава параўнаць з тым, што я бачыла раней.
Натоўп радзее, а да нас падыходзіць мужчына, які прадстаўляецца Станіславам:
— Сёння адбудзецца мой дэбют, як гледача: я ўпершыню прыйшоў у тэатр імя Янкі Купалы, хаця і жыву ў Мінску. У мяне выдатны настрой, вельмі цікава паглядзець адзін з самых знакамітых беларускіх спектакляў.
А мы тым часам спяшаемся трапіць унутр. Кожнаму наведвальніку вымяраюць тэмпературу і пульс: мастацтва гэта добра, але нельга забываць аб мерах засцярогі. Гледачы ўжо займаюць свае месцы, а мы спадзяемся сустрэць каго-небудзь з акцёраў і задаць некалькі пытанняў: заўсёды цікава атрымаць меркаванні з розных бакоў. Нам шанцуе, па калідору ідзе Ілля Крук, які выконвае ролю Якіма Сарокі:
— Было складана пачаць рэпеціраваць з мэтрамі сцэны. Калі ты студэнт універсітэта і прыходзіш працаваць у тэатр, то адразу адчуваеш прафесіяналізм і вопыт сталых артыстаў, а ў цябе ўсяго гэтага яшчэ няма. Для цябе ўсё гэта ўпершыню. Складана быць з імі на адным узроўні, але вельмі хочацца. Мы самы малады састаў «Паўлінкі», таму мне падаецца, што спектакль стаў больш пяшчотным і лірычным. І нават тыя гледачы, якіх былая версія «Паўлінкі» прыцягвала менавіта з-за вастрыні і камічнасці, у новым варыянце знойдуць нешта новае для сябе. Але канешне ж, самае галоўнае, каб гледачы ўсміхаліся, цешыліся і сышлі шчаслівымі.
Васіль Сушыцкі, які грае ролю Сцяпана Крыніцкага, дадае:
— Рэпетыцыі праходзілі вельмі цікава. Калі казаць непасрэдна аб творчым працэссе, то асаблівых складанасцей не ўзнікала — гэта служэнне тэатру і мастацтву. Якія тут могуць быць складанасці? Але вось акрамя творчасці ёсць, былі, і, нажаль, будуць некаторыя пытанні...
Вядома, шмат хто задаваўся і такім пытаннем: ці атрымаецца ў Купалаўскага пасля перапынку і змянення праграмы застацца на ранейшым узроўні? У бліжэйшы час сваё меркаванне могуць скласці ўсе жадаючыя: падчас незвычайнага прадстаўлення было шмат тэлевізійных камер. Абноўленую «Паўлінку» зазнялі, каб прадэманстраваць беларускаму тэлегледачу.
Арына КАРПОВІЧ
Фота Кастуся ДРОБАВА
У тэму
Абноўленая «Паўлінка» з’явіцца ў тэлеэфіры
На канале «Беларусь-3» 13 сакавіка пакажуць абноўленую версію найстарэйшага спектакля Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Сёння ўвечары а 19 гадзіне сацыякультурны тэлеканал прапануе ўвазе гледачоў несмяротную «Паўлінку» — сапраўды беларускую гісторыю кахання, увекавечаную паэтычным майстэрствам Янкі Купалы і мастацкім увасабленнем некалькіх пакаленняў купалаўцаў. Тэатральная прэм’ера спектакля адбылася напачатку сакавіка. Ёю адкрылі 101 сезон у Купалаўскім тэатры.
Паказ спектакля «Паўлінка» з удзелам абноўленага акцёрскага складу адбудзецца ўпершыню на тэлебачанні.
Алена ДРАПКО
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.