Вы тут

Рукой Максіма Багдановіча. Аўтографы паэта сабраныя пад адной вокладкай


У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, дзе нядаўна прэзентавалі адразу два выданні — «Аўтографы Максіма Багдановіча. Каталог. Да 130-годдзя нараджэння Максіма Багдановіча» (Мінск, БудМедыяПраект, 2020) і «Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Сшытак 3» (Мінск, БудМедыяПраект, 2020), прагучала ці не самае нечаканае пажаданне, выказанае адным са складальнікаў абодвух кніг, загадчыкам установы Міхалам Бараноўскім: «Вельмі хочацца, каб гэтае выданне (маецца на ўвазе каталог. — Заўв. аўт.) страціла актуальнасць як мага хутчэй, што можа здарыцца толькі ў выпадку, калі знойдуцца новыя аўтографы. Шанц на гэта мы маем: кожны год прыносіць новыя знаходкі — звязаныя ці з творчасцю Багдановіча, ці біяграфічнага характару».


Ідэя выдання аўтографаў Максіма Багдановіча з’явілася каля 10 гадоў таму. Генератарам стала тагачасная супрацоўніца музея Марына Запартыка, яна ж распрацавала і канцэпцыю выдання. З часу планавання каталог павялічыўся. Нядаўна знайшоўся яшчэ адзін аўтограф, дабавіўся сшытак перакладаў — цяпер іх два.

У каталогу пад адной вокладкай сабраны ўсе вядомыя на сёння аўтографы беларускага класіка: ад знакамітых вершаў да невялічкіх запісаў прыватнага характару і выпраўленняў у тэксце пратаколаў Мінскай губернскай харчовай камісіі. Галоўная складанасць ажыццяўлення гэтай ідэі палягала ў тым, што ў музеі Максіма Багдановіча захоўваюцца толькі восем арыгінальных аўтографаў паэта, астатнія — у фота-, ксера- і электронных копіях. Але па задуме стваральнікаў, у каталог павінны былі ўвайсці выявы толькі арыгінальных дакументаў. Таму супрацоўнікі музея звязаліся з кожнай установай, дзе захоўваюцца арыгінальныя дакументы, і папрасілі афіцыйны дазвол прадаставіць інфармацыю. Усе пайшлі насустрач…

Акрамя Беларусі, архівы і бібліятэкі, дзе захоўваюцца рукапісы Максіма Багдановіча, знаходзяцца ў Літве, Расіі, Украіне.

Дарэчы, ідэя наконт новых аўтографаў, выказаная Міхалам Бараноўскім, цалкам можа ажыццявіцца. Як адзначыла падчас прэзентацыі дырэктар Беларускага дзяржаўнага архівамузея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка, вядомы факт: матэрыялы Максіма, якія бацька Адам Ягоравіч перадаў у Інбелкульт, загінулі ў час вайны. Але гэта можа быць памылкай. Не так даўно высветлілі важную дэталь. На арыгінале чарнавіка кандыдацкай дысертацыі Рыгора Жалязняка (дакумент захоўваўся ў фондзе Лукаша Бэндэ, які ў той час жыў у Ленінградзе), што абаранялася ў Ленінградскім універсітэце, ёсць пазнака, зробленая рукой маладога вучонага. Там напісана: у 1940 годзе, калі ён звяраў матэрыялы (а тэмай работы была творчасць Максіма Багдановіча), у Акадэміі навук БССР архіва Максіма Багдановіча не аказалася. Значыць, ёсць верагоднасць, што архіў не загінуў, а знік яшчэ да вайны і захоўваецца ў прыватнай калекцыі.

У каталогу матэрыялы разбіты па пэўных блоках: вершы, пераклады, лісты, дароўныя надпісы, уласнаручныя запісы. «Важна, што ў выданне трапілі не толькі вялікія грунтоўныя працы, як, напрыклад, артыкул “Краса і сіла”, але і маленькія запісы, зробленыя рукой Максіма. Так, гэта і два словы “Для отзыва” на адбітку часопіса, што зараз захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі», — распавядала вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і адзін са стваральнікаў каталога Ірына Мышкавец.

Практыка выдання архіўных матэрыялаў была запачаткавана яшчэ ў сярэдзіне 1990-х, — тады пабачылі свет Сшытак 1 і Сшытак 2 архіўнай спадчыны сям’і Максіма Багдановіча. Архіўныя матэрыялы трэцяга сшытака — працяг працы, якую распачыналі папярэднія супрацоўнікі музея. Сюды ўключана эпісталярная спадчына родных Максіма: лісты яго цётак, стрыечных братоў і сясцёр. Работа над выданнем, дарэчы, і для саміх супрацоўнікаў музея, і ўвогуле для багдановічазнаўцаў адкрыла шмат кірункаў для далейшых росшукаў.

— Мы, выдаўцы, чыталі кожны ліст, прапускаючы цераз сябе. Гэта выклікала вельмі яркія эмоцыі. Хоць іх пісалі адно аднаму родныя людзі, але якія розныя, якія непадобныя характары! Чытачы будуць вельмі ўдзячныя за магчымасць пазнаёміцца крыху бліжэй з асяродкам, дзе выгадаваўся беларускі паэт, — падзялілася эмоцыямі галоўны рэдактар выдавецтва «БудМедыяПраект» Таццяна Фалалеева.

Матэрыялы, выдадзеныя пад вокладкамі абедзвюх кніг, значна ўзбагачаюць нашы ўяўленні пра беларускага генія, дазваляюць пашырыць кола даследаванняў у галіне багдановічазнаўства.

— Ёсць такое паняцце, як «мемарыяльная абаяльнасць»: калі мы бачым у музеі шматстаронкавае выданне, напісанае рукой аўтара, у дадзеным выпадку Максіма, то гэта матэрыялізуе наша бачанне літаратурнай класікі і падштурхоўвае да новых інтэрпрэтацый, — адзначыў навуковы кансультант Мікола Трус.

Абедзве кнігі разлічаны на шырокае кола чытачоў: гісторыкаў, краязнаўцаў, літаратуразнаўцаў, усіх, хто цікавіцца гісторыяй грамадска-палітычнага і культурнага жыцця беларусаў ды й увогуле творчасцю нацыянальнага класіка.

Яна БУДОВІЧ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».