Вы тут

Беларускаму баскетболу – 100 гадоў! Даведаліся, як будзе адзначацца векавы юбілей


Спецыялісты Беларускай федэрацыі баскетбола даследавалі архіўныя дакументы і высветлілі, што ў сакавіку 1921 году баскетбол пачаў сваё развіццё на тэрыторыі Беларусі. Паколькі адміністратыўна-тэрытарыяльныя межы краіны часта змяняліся, даследчыкі засяродзіліся на геаграфічнай тэрыторыі сучаснай краіны.


Віцебск — радзіма беларускага баскетболу

Пасля рэвалюцыі 1917 году і заканчэння грамадзянскай вайны, новай краіне — Савецкаму саюзу — былі патрэбныя здаровыя і фізічна крэпкія людзі. Таму на прадпрыемствах, у школах, розных установах сталі арганізоўвацца розныя спартыўныя секцыі. Развіццю фізічнай культуры і спорту стала надавацца дзяржаўнае значэнне як важнай частцы выхаваўчай работы сярод насельніцтва.

Самай перадавой стала Віцебская губерня. Спробы развіцця баскетбола тут ў 1920-1921 гадах прымаліся неаднаразова. Гульню нават уключалі ў праграмы святкавання трохгадовай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі ў лістападзе 1920 году, але ніякіх дадзеных аб тым, што спаборніцтвы адбыліся, не знойдзена.

Галоўнай праблемай стала адсутнасць інструктараў, спартыўных пляцовак, абсталявання, інвентару не толькі для баскетболу, але і для многіх іншых відаў спорту. Належныя ўмовы былі створаны толькі для развіцця сакольскай гімнастыцы, лёгкай атлетыкі і фехтавання. Аб гэтым казалі супрацоўнікі аддзела Усенавуча Віцебскага губернскага ваеннага камісарыяту на з’ездзе 10-11 сакавіка 1921 году. Яны прапаноўвалі ўключаць баскетбол у розныя фізкультурныя праграмы і змяняць іх у залежнасці ад мясцовых умоў. Менавіта гэты з’езд стаў вырашальным у развіцці віду спорту ў рэгіёне. Спаборніцтвы па баскетболе былі ўключаны ў святкаванне трохгадовай гадавіны Усенавуча ў маі 1921 году.

У красавіку 1922 году аддзел Усенавуча Віцебскага губернскага ваеннага камісарыяту разаслаў у спартыўныя цэнтры губерні для няўхільнага выканання план спорту і фізічнага развіцця на летні перыяд 1922, куды быў уключаны і баскетбол. Усе спартыўныя цэнтры ў павятовых гарадах губерні былі павінны стварыць пляцоўкі для заняткаў баскетболам, арганізаваць не менш за дзве групы па 10 чалавек у кожнай і правесці ў тыдзень не менш чым шэсць гадзін заняткаў. Для вывучэння гульні ў спартыўныя цэнтры было накіравана «Кіраўніцтва і правілы гульні ў баскетбол» за аўтарствам выкладчыка гімнастыкі і спорту К.Мая, схемы баскетбольнага поля, расстаноўкі ігракоў, абсталявання спартыўных пляцовак.

Першая зафіксаваная ў дакументах секцыя з’явілася ў фізкультурным цэнтры Сенненскага павета. На 1 ліпеня 1922 г. у ёй у баскетбол гулялі 12 чалавек, на 10 кастрычніка 1922 — 18 чалавек.

У 1923 годзе ў Віцебску прайшлі баскетбольныя спаборніцтвы ўсіх трох сезонаў. Першы афіцыйны турнір адбыўся 4 — 7 лістапада 1923 г. Перамога была прысуджана першай камандзе клуба «Чырвоны Дапрызыўнік». У розыгрышы восеньскага першынства ўдзельнічала 21 каманда (мужчынскія, жаночыя, дзіцячыя). Да канца 1924 году баскетбол у Віцебску лічылі цікавай і найбольш карыснай гульнёй.

У тыя гады фізкультурнікі былі аматарамі і шматстаночнікамі: лёгкаатлетамі, гімнастамі, баскетбалістамі, баксёрамі. Але часцей за ўсё выступленні ў лёгкай атлетыцы спалучаліся з гульнёй у баскетбол.

У 1920-1940 гады баскетбол развіваўся па ўсёй краіне. І ў кожным абласным цэнтры ёсць свая гісторыя гэтага віду спорту. Цыкл матэрыялаў, прысвечаных гістарычнаму станаўленню айчыннага баскетболу, будзе апублікаваны на афіцыйным сайце Беларускай федэрацыі баскетболу на працягу 2021 году.

Сучасныя баскетбалісты працягваюць пісаць гісторыю

«Беларуская федэрацыя баскетболу запланавала шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею развіцця спорту ў нашай краіны. Сярод іх — семінары „Крок у будучыню“ для дзяцей. Чарговы адбудзецца ў Віцебску 16 сакавіка і будзе прысвечаны менавіта стагоддзю беларускага баскетбола, таму што менавіта ў віцебскай губерні зарадзіўся гэты від спорту. І мы спадзяемся, што ў будучыні гэтая вобласць будзе вырошчваць выдатных маладых ігракоў. Запланавана цікавае мерапрыемства па баскетболе 3 на 3. Будуць праведзены ўрачыстыя сходы. І ў канцы года мы адзначым спартсменаў, трэнераў і спецыялістаў, якія ўнеслі свой уклад у развіццё баскетбола ў нашай краіне. Зараз працягваецца актыўная праца з архівамі і спадзяемся, што ў будучыні гэта перарасце ў добрую літаратурную манаграфію ці кнігу, прысвечаную развіццю беларускага баскетбола. Мы разумеем, што на гэта трэба шмат часу, і спецыялісты плённа працуюць. Пройдуць усе запланаваныя спаборніцтвы — чэмпіянат Беларусі, Liga Palova і ўсюды будзе адзначана наша знакавая дата, таму што сучасныя баскетбалісты працягваюць пісаць гісторыю віду спорту» — расказала Настасся Марыніна, генеральны сакратар, выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетболу.

«Звязда» таксама будзе расказваць сваім чытачам цікавыя гісторыя, звязаныя з развіццём беларускага баскетболу.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота прадстаўлены Беларускай федэрацыяй баскетболу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.