Вы тут

Пандэмія падарыла нам новую моду


Акцэнт — на ўтульнасць і камфорт

На модныя накірункі гэтага сезона, безумоўна, наклала свой адбітак сітуацыя з COVID-19. Пандэмія падарыла нам новую моду: маскі, «піжамны стыль» і ўзорныя пальчаткі. Фарміраванне трэндаў — гэта бачанне дызайнерамі навакольнага свету. Хтосьці з іх адаптаваў высокую моду пад суровыя рэаліі жыцця, а іншы раіць насуперак усяму апрануць яркае, кідкае, хоць і непрактычнае адзенне.

 

Вясна і лета сёлета парадуюць нас лёгкасцю тканін. Гэта могуць быць доўгія спадніцы, сукенкі і тунікі з шыфону і нават цюлю. Яны былі заўважаны ў многіх калекцыях, напрыклад, у Sportmax, Alberta Ferretti і Christian Dior.

Празрыстае адзенне перастала быць занадта правакацыйным, цяпер яно больш вытанчанае і стрыманае. Таму эксперыментуйце! Пад струменем тканін могуць стыльна выглядаць топы, спадніцы, шорты.

Шорты. Яны ў гэтым годзе асабліва прыцягнулі ўсеагульную ўвагу на паказах. Таму шорты стануць адной з найважнейшых частак гардэроба. Мадэлі іх — на любы густ: ад абліпальных мікра-шортаў, кнікерсаў да свабодных падоўжаных бермудаў, ад фасонаў з заніжаным поясам да высокай пасадкі на рамяні.

Гэты трэнд нельга ігнараваць — лета-2021 проста абавязвае сапраўдных модніц апрануць шорты!

Топ. Іх у вяснова-летніх калекцыях прапануецца велізарная колькасць. Найбольш модныя — пад дэвізам «прыгожы спорт»: гэта кактэйльныя топы і смелыя бодзі з глыбокімі выразамі ў спалучэнні з лёгкімі спартыўнымі штанамі. Ультрамодны акцэнт таксама — белая майка-«алкагалічка», якая пасуе і да шортаў, і да лёгкай спадніцы, і да джынсаў.

Сярод смелых трэндаў сезона — бра, якое зараз прынята выстаўляць напаказ і насіць над сукенкай або блузкай. Дызайнеры прапануюць шмат варыянтаў — выбірайце той, на які хопіць адвагі і фантазіі. У модзе таксама балканеты і бандо.

Кардыган. Самаізаляцыя нагадала нам, як прыемна насіць трыкатажныя кардыганы і камізэлькі. Формы могуць быць самымі рознымі: вязаныя з гумкай, з косамі, ажурныя... Звярніце ўвагу на невялікія аб'ёмы, напрыклад, вязаныя мікракамізэлькі або кардыганы на адным гузіку.

Сукенка. У модзе — «утульныя» сукенкі. Дызайнеры прапануюць сцерці межы паміж адзеннем для працы і піжамамі. Dior, Max Mara і Alberta Ferretti паклапаціліся пра гэта: у іх калекцыях ёсць усё: ад сукенак да світшотаў са штанамі, у якіх будзе камфортна і дома, і на вуліцы.

Вясной-2021 для смелых модніц адкрыецца сезон доўгіх бялізнавых сукенак з кедамі або з ботамі ці чаравікамі з пратэктарнай падэшвай. І памятайце, што самыя стыльныя сукенкі сёлета маюць даўжыню максі.

Пальчаткі. Першапачатковая задумка пальчатак была па абароне рук ад холаду, аднак сёлета яна паступова стала адыходзіць на другі план. І цяпер пальчаткі служаць не толькі каб абараніць жаночыя ручкі ад неспрыяльных прыродных з'яў, але і ўпрыгожыць іх.

Пальчаткі падчас пандэміі модныя розных колераў і маюць смелыя дызайнерскія рашэнні. Напрыклад, мудрагелістыя карункавыя ўзоры гіпюру, якія ў адзін момант робяць рукі прывабнымі. Прапануюцца як мадэлі класічнай даўжыні да локця, так і міценкі.  

Акуляры. Выбіраючы сонцаахоўныя акуляры ў новым сезоне, арыентуйцеся на авіятары, лаканічныя авальныя і прамавугольныя мадэлі, акуляры ў футурыстычным стылі, велізарныя гранды, какетлівыя «каціныя вочкі», таніраваныя, каляровыя і градыентныя лінзы. Модныя аправы — тонкія драцяныя і пластыкавыя (асабліва з перапрацаваных матэрыялаў, бо дызайнеры галасуюць за «эка»).

Маскі. Неабходнасць насіць маскі падштурхнула модных дызайнераў унесці яшчэ адзін пункт у спіс элементаў сваіх калекцый. Таму модніцы зараз могуць выглядаць адначасова і бяспечна, і стыльна.

Віталіна БАНДАРОВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».