Вы тут

У гонар Ігната Дамейкі назвалі мінерал, кветку і горад


У гонар Ігната Дамейкі назвалі мінерал, кветку і горад.


Чылійцы назвалі Ігната Дамейку (1802–1889) апосталам навукі і Грандэ Эдукатор (вялікі асветнік) Чылі. Ён стаў нацыянальным героем гэтай краіны і аддаў ёй свой талент. Імя нашага земляка носіць горад Пуэрта-Дамейка і горны хрыбет у Андах, адкрыты ім мінерал дамейкіт і фіялкавая кветка віёла дамійкона. Ігнату Дамейку пастаўлены помнік у сталіцы Чылі Сант’яга. Вось такі шлях прайшоў юнак з маёнтка Мядзведка ў Наваградскім павеце (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). Пры спрыяльных умовах Ігнат Дамейка мог праявіць сябе ў розных галінах дзейнасці, бо быў шчодра адароны, меў і літаратурны талент. Але Ігнату Дамейку, як і многім патрыётам, быў наканаваны драматычны лёс. Яшчэ ў гады вучобы ў Віленскім універсітэце, у які ён паступіў у 1816 годзе, Ігнат уступіў у шэрагі асветніцкага таварыства філаматаў і неўзабаве стаў яго сакратаром. Толькі вось магістр філасофіі (такі дыплом Дамейка займеў пасля сканчэння ўніверсітэта ў 1822 годзе) не быў патрэбны на дзяржаўнай службе. Давялося гаспадарыць у маёнтку свайго дзядзькі, на практыцы спазнаваць навуку агранома. А пасля быў арышт па справе філаматаў і цяжкія месяцы следства. Адам Міцкевіч у трэцяй частцы «Дзядоў» апіша жыццё арыштаваных філаматаў за кратамі. Напіша ён і пра Дамейку — Жэготу, як называлі яго сябры. У змрочных сценах яго голас гучыць як надзея на вызваленне: «Мы апраўдаемся!» Ён хацеў узяць на сябе віну і прызнацца, што філамацкія інструкцыі напісаў ён, і тым самым «прысвяціць сябе для выратавання асоб патрэбнейшых і здатнейшых за сябе». Толькі сябры не прынялі такую ахвяру. Ігнат быў вызвалены пад нагляд паліцыі з забаронай паступаць на службу. Зноў ён заняўся гаспадаркай у дзядзькавым маёнтку Заполле, а хацелася «быць патрэбным для іншых таму, што нельга жыць інакш». І як толькі ў 1831 годзе пачалося паўстанне, Ігнат Дамейка далучыўся да яго. Праўда, яго ледзь не расстралялі, як прускага шпега, пачуўшы, як ён размаўляе па-нямецку. Цудам ён пазбег смерці. Ён стаў ад’ютантам начальніка атрада Дэзыдэрэя Адама Хлапоўскага. У гэтым атрадзе змагалася і легендарная Эмілія Плятар.

Пазней Дамейка раскажа пра гераічную дзяўчыну Адаму Міцкевічу, і той напіша прысвечаны ёй верш «Смерць палкоўніка», праславіўшы імя слаўнай літвінкі.

Пасля таго, як атрад у баі пад Шаўлем быў разбіты, Ігнат Дамейка разам з ацалелымі паўстанцамі перайшоў прускую мяжу. Некалькі месяцаў ён правёў у няволі ў прускіх вязніцах, пакуль яго не выпусцілі. Пачаліся вандраванні, пошукі свайго месца ў жыцці. Душа яго імкнулася на радзіму, куды быў забаронены шлях. Уцехай стала сяброўства з Адамам Міцкевічам, з якім пасяліліся ў Парыжы. Ён дапамагаў паэту перапісаць «Пана Тадэвуша». Ігнат Дамейка стаў і правобразам аднаго з галоўных герояў паэмы — Яцака Сапліцы, якога Міцкевіч хацеў назваць Жэготам. Паэт на знак удзячнасці падараваў сябру першы асобнік «Пана Тадэвуша».

Зрэшты, каб стаяць цвёрда па жыцці, Ігнат вучыцца ў Горнай школе і ў 1837 годзе атрымлівае дыплом горнага інжынера. На выбар новай прафесіі безумоўна паўплывала дзіцячае захапленне геалогіяй, якое ў дзяцінстве прывіў яго дзядзька Юзаф Дамейка, сам дыпламаваны горны інжынер. І як высветлілася, горная справа стала для Ігната яго лёсам.

Праца на фабрыцы братоў Кёхлік у Эльзаскім гарадку Бон-Фантайн не падабалася Дамейку з-за жорсткай эксплуатацыі. Таму ён з радасцю прыняў прапанову чылійскага ўрада заняць месца прафесара хіміі і металургіі ў Горнай школе ў горадзе Какімба. «Я ажыў, ажылі і мае дзіцячыя мары пра далёкія вандраванні. Нядоўга думаючы, я напісаў, што згодны», — успамінаў Дамейка. Ехаў у Чылі па кантракту на 6 гадоў, а застаўся там назаўжды. Гэтая краіна цікавіла Дамейку сваёй нязведанасцю, вабіла суровай прыгажосцю. У вольны ад выкладчыцкай працы час Дамейка падарожнічаў па Чылі. Ужо ў першым падарожжы па Кардыльерах ён адкрыў невядомы амальгамат серабра — «аркерыт», і невядомы мінерал, які назвалі ў яго гонар — дамейкіт. Ён аб’ездзіў з даследаваннямі ўсю краіну, толькі Анды пераходзіў шэсць разоў. Часта быў там, куды не ступала нага чалавека. Даводзілася мёрзнуць у завіруху, задыхацца ад спёкі, прабірацца праз зараснікі джунгляў, падымацца на высокія горы. Некалькі разоў трапляў у смяротную небяспеку, уцякаў ад пагоні разбойнікаў, ратаваўся ад землятрусу. Пра свае «прыгоды» Дамейка пісаў у еўрапейскія часопісы, а яго захапляльную кнігу пра падарожжа ў краіну дзікіх індзейцаў араўканаў пераклалі на шмат моваў.

Ігнат Дамейка адкрываў свету нязведаную краіну Чылі, а для саміх чылійцаў яе багацці — паклады медзі, золата, серабра, каменнага вуглю, салітры, крыніцы мінеральных вод. Пасля сканчэння кантракта ў 1846 годзе чылійскія ўлады ўгаварылі Дамейку застацца яшчэ ў Чылі. Праца прафесара хіміі ва ўніверсітэце, жаніцьба на 15-гадовай Энрыяце дэ Сатамаер, нарэшце — дзеці, прынеслі Дамейку грамадскае прызнанне і сямейнае шчасце. Шаснаццаць гадоў Ігнат Дамейка быў рэктарам нацыянальнага ўніверсітэта ў Сант’яга, ператварыўшы яго «на ўзор нямецкіх і нашага даўняга віленскага». Ён рэфарміраваў усю сістэму адукацыі ў Чылі. А па яго падручнікам па фізіцы і мінералогіі (за якія ён не ўзяў ні граша) вучыліся ў многіх краінах Лацінскай Амерыкі. Заслугай Дамейкі было і заснаванне этнаграфічнага музея, складанне геалагічнай карты Чылі, стварэнне метэаралагічнай службы, увядзенне еўрапесйкай сістэмы мер і вагаў. Ён прадстаўляў Чылі ў 1867 годзе на сусветнай выставе ў Парыжы, дзе атрымаў залаты медаль за калекцыю мінералаў і быў абраны членам-карэспандэнтам музея натуральнай гісторыі ў Парыжы.

Авеяны славай і прызнаннем, Дамейка марыў аб адным: «хоць на адзін дзень перад смерцю зірнуць на нашу зямлю». І запаветнае жаданне здзейснілася ў 1884 годзе, калі Дамейку было ўжо 82 гады. Гэта было вяртанне ў юнацтва і маладосць, да былых сяброў, якія ўжо сышлі, сустрэча з дарагімі сэрцу мясцінамі, якія прыгадваліся на чужбіне... «Тое, што было, хвалюе нас і ўзвышае мацней, чым тое, што ёсць, і ў мінулым мы застаемся маладымі, насуперак нашай сівізне і нямогласці...». Але маладым па духу Дамейка быў і ў сталым узросце. Яму не сядзіцца на месцы, падарожнічае па Еўропе, дабраўся аж да Святой зямлі, каб пакланіцца Гасподняй труне. Два гады Дамейка пражыў у вёсцы Жыбуртоўшчына ў сям’і сваёй дачкі Аніты, якая была жонкай яго пляменніка Ляона. Тут ён пісаў свае мемуары «Мае падарожжы», каштоўныя ўспаміны пра паўстанне 1831 года і славутых асоб — Адама Міцкевіча, Эмілію Плятар, Міхаіла Валовіча, Адама Чартарыйскага, Іаахіма Лялевеля, Юліяна Нямцэвіча і іншых.

Па дарозе ў Чылі Дамейка захварэў, але нават трываючы немач, паспеў напісаць уступ да каталога Чылійскага мінералагічнага збору для Парыжскай выставы. Ён не мог без справы, не мог без дзейнасці, бо адчуваў сябе маладым.

Памёр 23 студзеня 1889 году ў Сант’яга, дзень яго пахавання быў абвешчаны ў Чылі днём нацыянальнай жалобы.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.