Вы тут

Навум Гальпяровіч: Беларуская культура і мова — маё служэнне


За прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і нацыянальнай журналістыкі намеснік дырэктара — загадчык аддзела музычных і літаратурна-мастацкіх праграм дырэкцыі канала «Культура» Беларускага радыё Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, паэт, празаік, публіцыст, журналіст Навум Гальпяровіч на пачатку года быў удастоены ганаровага звання «Заслужаны дзеяч культуры». Пра тое, што было лёсавызначальным у станаўленні светапогляду пісьменніка, што прывяло яго да служэння Слову, творца распавёў у гутарцы з карэспандэнтам «ЛіМа».


— Навум Якаўлевіч, хоць і са спазненнем, віншуем вас з атрыманнем ганаровага звання. Прыемна, што сярод іншых абралі менавіта вас!

— Дзякуй! Людзей, захопленых культурай, шмат, прычым паўсюль, не толькі ў сталіцы: і ў малых гарадах, і ў вёсках. Яны кожны на сваім месцы служаць культуры: арганізоўваюць выстаўкі, захоўваюць народныя традыцыі, займаюцца краязнаўчай работай… Тым больш прыемна, што ёсць такая адзнака маёй работы. Насамрэч, многа гадоў і высілкаў аддаў і літаратуры, і культуры. І ўзнагарода для мяне — стымул для далейшай працы на гэтай высакароднай ніве. Трэба адпавядаць тым надзеям і добрым словам, якія прагучалі, той высокай ацэнцы майго ўкладу ў нашу айчынную культуру.

— Як вы адчулі пакліканне? Што было лёсавызначальным?

— Чалавек, які любіць літаратуру (а я навучыўся чытаць яшчэ да школы), — марыць быць калі не героем, то патрэбным людзям. Ува мне высокія памкненні, спачатку несвядома, сышліся на тым, што галоўнае — радзіма, зямля. Вырас я ў прыгарадным пасёлку, які называўся Пітомнік, дзе ўсё — дзеці, дарослыя, прырода — выклікала замілаванне. Яно спрыяла таму, што яшчэ ў 4 класе пачаў весці дзённік, куды запісваў і вершы, і ўражанні ад таго, што хвалявала, што лічыў важным і цікавым. І хоць вучыўся ў рускамоўнай школе, любіў і беларускую літаратуру, чытаў кнігі беларускіх пісьменнікаў на беларускай мове. Але гэтая цікавасць перарасла ў сапраўднае захапленне, калі пазнаёміўся з творчасцю Уладзіміра Караткевіча.

— То-бок каб не ён, вы маглі б быць заангажаваным у рускамоўную культуру? Але ж у адным з вершаў пісалі:

Я — падданы беларускіх слоў,

Тых, да якіх радзіма прычасціла.

— Так, вырас я на рускай літаратуры, на паэзіі Мандэльштама, Цвятаевай, Ахмадулінай, Таркоўскага. Рускамоўныя вершы былі ў мяне досыць неблагія. Але хоць згаданыя пісьменнікі і куміры маёй маладосці, было адчуванне, што гэта не зусім маё, што ў мяне няма адчування ўласнага голасу. Калі прыехаў у Ленінград да свайго дзядзькі, зайшоў у рэдакцыю часопіса «Нева» паказаць свае вершы. Сустрэў Усевалад Раждзественскі… Ён нечакана параіў: «Вы ж родам з Полацка. Чаму б вам не пісаць на мове таго народа, дзе вы жывяце?»

Ды вершы — гэта не толькі тое, што напаўняе істоту цалкам. Адчуванне любові да зямлі, мовы, культуры значна шырэйшае, чым вершы. І калі я ў Караткевіча прачытаў пра людзей, якія не былі беларусамі, але, дакрануўшыся душой да беларускай справы, вельмі палюбілі беларускі народ, сталі ў яго шэрагі, я падумаў, што тыя словы — і пра мяне. Шчаслівае адчуванне прыналежнасці…

Калі чалавек ідзе ў святарства, то гэта называецца служэнне. Беларуская культура і мова — маё служэнне. І тут справа не ў паходжанні, хоць я і не адмаўляюся ад сваіх каранёў. Я свядома выбраў свой шлях, і шлях гэты — беларуская культура.

Доля яе — шматпакутная, як і ўвогуле лёс і доля беларускага народа. І пачуццё справядлівасці вымагае: менавіта яму трэба аддаць больш агню, увагі і спагады… Гэта маё, гэта ў душы чалавека, які адданы сваёй радзіме.

У маладосці былі планы паступіць і вучыцца ў Ленінградзе, мне вельмі падабаўся гэты горад, яго аўра, але потым зразумеў, што мая зямля, мой лёс, маё месца — тут. Гэта як каханне: глыбокае і высокае, на ўсё жыццё. Паехаў бы ў Ленінград, сумленна працаваў бы перакладчыкам — быў бы адным з многіх… Там хапае і без мяне.

Поспехі мае, калі яны былі, прысвячаў маці: хай яна ганарыцца, хай ганарацца мае блізкія і родныя. І раней, і цяпер простыя людзі пішуць мне — дзякуюць за мову, за вершы і беларускасць. Якія ў іх лістах высокія словы! І гэта самая лепшая ўзнагарода, што сведчыць: варта працаваць і рабіць тое, што робіш.

Аднойчы па радыё ў мяне была гутарка з Валерыем Анісенкам, прыйшоў ліст: «Я пачуў такія знаёмыя вашы галасы і заплакаў» — для мяне гэта тое, што абавязвае…

— Вам настолькі блізкія простыя людзі, у тым ліку сяляне, што быццам калекцыянуеце для памяці іх лёсы, распавядаеце пра некаторых у праграме «Сюжэт для вечнасці»…

— Я імі захапляюся. Адкрываю ў кожным тое, што можа адгукнуцца ў сэрцы іншых. Наколькі ў іх паэтычныя душы і высокая духоўная ўнутраная пазіцыя! Яны застаюцца ў маёй душы, з многімі падтрымліваю сувязь. Аднойчы, калі адпачываў на Нарачы, паехаў у Маладзечна і спытаў у выпадковага чалавека, дзе жыве Мікола Ермаловіч: хацелася падарыць яму маю першую кніжку. Мы з ім тады прагаварылі гадзіны дзве: было прыемна, што ён ужо ведаў мяне, чуў па радыё. Знайшоў у ім роднасную душу. Якая радасць ад сустрэчы з падобнымі людзьмі!

— Як узнікла ідэя «Сюжэтаў для вечнасці»? Што было штуршком, каб выказаць свой унутраны свет?

— Вельмі ўдзячны Уладзіміру Трапянку, кіраўніку канала «Культура», бо ідэя «Сюжэтаў» была даўно, але ў нечым я саромеўся яе, насіў у сабе. Адна справа пісаць, друкаваць, другая — агучваць сваім голасам для тысяч, а то і дзясяткаў тысяч людзей. Калі пішуцца вершы, то гэта як кардыяграма душы… Калі ж стаў пісаць прозу, было нязвыкла. З аднаго боку, пішу пра сябе, але людзі, пра якіх апавядаю, — частка майго жыцця. Яны прысутнічаюць у маёй біяграфіі як паветра, як сонца, як усё, што вакол мяне. Прыдумляць сюжэты не ўмею, бяру іх з рэальнасці, хоць гэта і вялікая адказнасць. І калі распавядаю пра людзей, расказваю не толькі тое, што назіраю, але і як раскрываюцца іх характары праз нашы стасункі. Навелы ж мае (якія паслужылі асновай для «сюжэта...») некаторыя надрукаваныя, некаторыя — не. У хуткім часе пасля агучкі іх па радыё мне званілі некаторыя слухачы: «Ёсць навелы, якія памятаю на памяць. Але калі слухаю іх, то ўзнікае іншае ўражанне: жывы чалавечы голас надае нейкую афарбоўку таму, што чытае». Гэта своеасаблівая споведзь душы. Спалучэнне: вершы, проза і мастацкае чытанне — усе жанры радыё выкарыстаны для праграмы, што дае мне радасць і задавальненне.

— Ваша аўтарская праграма «Суразмоўцы» на тэлебачанні існуе ўжо тры гады…

— У перадачы знялося ўжо каля ста чалавек. Калі прапаноўваў гэтую ідэю, падсвядома існавала боязь: а ці хопіць людзей? Цяпер жа зразумела: цікавых людзей шмат, і з’яўляюцца ўсё новыя… Але ў будучым сезоне, магчыма, праект трохі зменіцца, ды галоўнае застанецца — родная культура, любоў да Радзімы, шчырасць…

— Як бы вы самі адказалі на тыя пытанні, якія задаяце вашым гасцям у «Суразмоўцах»? З кім хацелі б сустрэцца?

— Калі казаць пра сучаснікаў, то не хачу расчароўвацца: чалавек — адно, а творчасць яго — іншае. Не даспадобы, што зараз раскрываюцца таямніцы: маўляў, той нешта не так робіць у асабістым жыцці…

А калі віртуальна — сустрэцца хацеў бы са сваімі землякамі. Найперш — са Скарынам. Мне цікава, як ён, палачанін, здолеў стаць еўрапейцам і не забыцца на родную мову і культуру. З Сімяонам Полацкім: пагаварыць, пабачыць, што было галоўнае ў яго жыцці, адчуць святло яго асобы.

— Тры любімыя кнігі?

— «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, «Ахілесава сэрца» Андрэя Вазнясенскага і «Складана быць богам» братоў Стругацкіх.

— Вас кранае фантастыка?

— Твор Стругацкіх — гэта разважанні ў фантастычнай афарбоўцы пра сутнасць жыцця. Герой рамана трапляе на іншую планету і апынаецца ў Сярэднявеччы, а там — інтрыгі, цемра, здрада, як бывае ў зямлян, — настолькі па-філасофску, мудра, павучальна, што я гатовы перачытваць шмат разоў. А наконт Вазнясенскага… Мы з аднакласнікам купілі кнігу выпадкова і практычна вывучылі яе на памяць. Яна стала для нас адкрыццём паэзіі, у многім не падобнай на тое, што чыталі раней.

— А ў чым для вас сутнасць жыцця?

— Часам людзі спрачаюцца, даказваюць адно ці другое. Я ж не ведаю: гэта — вялікая загадка. А ў нечым і адказ на самае галоўнае пытанне: служыць пэўнай вялікай ідэі, народу, літаратуры. Але ёсць яшчэ жыццёвыя рэаліі: здароўе, сям’я, дзеці. Тут для мяне ўсё загадка… Напрыклад, жанчына. Не заўсёды разумею яе сутнасць, настолькі гэта шматаблічна: яна — у нечым высокім, прыгожым, светлым, але разам з тым, здараецца, і ў цвёрдасці, непахіснасці, нават жорсткасці. Дык у чым сутнасць? Нельга даць адназначную характарыстыку. У любым выпадку, для мяне служэнне — тое, што раблю, работа займае вялікую частку жыцця, можна сказаць, і з’яўляецца яго сутнасцю.

— Раскажыце пра ваш досвед вандроўніка. Наколькі розныя людзі, напрыклад, у нас і ў Кітаі?

— Кітай — іншы космас, які не з’яўляецца блізкім нам, каб перанесці на нашу глебу. У тым ліку культурную. Памылка некаторых людзей — перанесці на сваю глебу каштоўнасці, літаратуру, рэлігію, погляды іншых народаў. Але ганарыцца і даражыць трэба тым, што мы маем. Нельга стаць другім Гіёмам Апалінэрам, Пікаса, можна стаць толькі самім сабой, на сваёй зямлі, вядома ж, імкнучыся быць карысным свету.

— Але ж матывы паэзіі ў многіх літаратурах свету тыя самыя: узаемаадносіны, каханне, асоба — улада… І часта яны бываюць выказаны аднымі і тымі ж вобразамі…

— На мой погляд, у тым і ёсць сусветнае багацце: людзі і іх пачуцці вельмі блізкія, таму мы можам зразумець, якое каханне ў герояў Хэмінгуэя, Стэйнбека. Гэта вельмі падобна, але адбываецца ў розных умовах, то-бок пачуцці тоесныя, а рэальнасць іншая… Ёсць розныя традыцыі ў розных народаў: фіны, дапрыкладу, лічыцца, больш халоднымі (але гэта толькі знешне), беларусы — больш рахманыя і цярплівыя, кітайцы больш паважаюць сілу і парадак. Якраз мы цікавыя свету тым, што паказваем сваё, не параўноўваючы…

Часам разважаю: чаму ў сучаснай еўрапейскай літаратуры няма рыфмы ў вершах. Можа быць, там — крыху іншае адчуванне паэзіі: галоўнае — пачуццё і вобраз; спецыфіка лексікі заходніх моў рыфмы не выкарыстоўвае. А ў нас атрымліваецца рыфмай напісаць лягчэй, чым прозай. Не задумваючыся і не заўважаючы таго, людзі часта гавораць у рыфму. Можа, таму што гэта традыцыя: раней заўжды спявалі песні, калыханкі… Нельга адыходзіць ад традыцыі і тым самым ад сябе самога.

Даследчыкі спрачаюцца: што такое народная паэзія?.. Гэта — не этнаграфія, а ўнутранае пачуццё: гены продкаў адгукаюцца ў 3-м, у 5-м каленах… Але чаму адгукаецца менавіта тое ці іншае? Чаму ўва мне раптам адгукнулася беларускае слова, напрыклад? Што там атрымалася з беларускасцю ў маіх продкаў? Нібыта ніякіх падстаў на тое не было… Ёсць людзі, якія вывучаюць мову, у каго яна з’яўляецца рабочым інструментам. Але ўнутранага адчування яе, прыналежнасці ёй, няма. І ў той жа час апісаны выпадкі, калі раптам чалавек пасля траўмы пачынаў размаўляць на іншай, невядомай, мове. Ён не бачыў сваіх продкаў, а іх мова ў чалавеку ажыла. Так што мову нездарма называюць душой чалавека, народа.

— А што насамрэч, на ваш погляд, трэба беларусам?

— Трэба проста жыць па-беларуску, стаць беларусамі… Любіць і ганарыцца сваім, родным. Жыць сваім жыццём і быць самімі сабою. Усё астатняе: ідэі, рухі — другаснае. Трэба існаваць на сваёй зямлі, суладна гэтай мове і культуры, станавіцца звычайным народам са сваімі традыцыямі, мовай, культурай. Навучыцца быць сабой у сям’і розных народаў і культур.

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.