Вы тут

Украінская Касандра


Нядаўна сусветная грамадскасць адзначыла важную дату, унесеную ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА, — 150 гадоў з дня нараджэння ўкраінскай паэтэсы, філосафа, публіцыста Ларысы Косач-Квіткі — Лесі Украінкі.


Ігар Кізім (справа) дорыць кнігі Раману Матульскаму

Вядомая ва ўсім свеце Леся Украінка — адна з самых значных асоб украінскай культуры, якая стварала тонкія вобразы з непаўторнай музычнасцю слова, стаяла ў авангардзе нацыянальнага руху. Леся Украінка вывела ўкраінскую літаратуру на новы ўзровень: узбагаціла новымі тэмамі, матывамі, увяла ў паэзію гекзаметр, верлібр, пяцістопны ямб. Уладзімір Караткевіч пра яе творчасць пісаў: «І ўсё гэта было як раптоўны выбух вулкана, як пякучая лава, на якой пасля так раскошна буяюць кветкі, серабрацца алівы, наліваецца вінаград». Творы ўкраінскай паэтэсы на беларускую мову перакладалі Э. Агняцвет, Н. Гілевіч, С. Грахоўскі, Е. Лось, Ю. Гаўрук, М. Аўрамчык, А. Вялюгін і інш.

Юбілею Лесі Украінкі прысвечаны шэраг мерапрыемстваў. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся міжнародны круглы стол: даследчыкі з Беларусі і Украіны абмеркавалі творчасць паэтэсы ў кантэксце беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей і дзейнасць дзяржаўных і грамадскіх устаноў па захаванні і папулярызацыі яе мастацкай спадчыны.

Акрамя гэтага, у Нацыянальнай бібліятэцы адбылося ўрачыстае адкрыццё кніжнай выстаўкі «Украінская Касандра», якая адлюстроўвае багатую творчую спадчыну Ларысы Косач-Квіткі. Гэта поўныя зборы твораў паэтэсы, публіцыстыка, лісты, успаміны сучаснікаў, літаратурна-біяграфічныя партрэты. Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з унікальным выданнем, якое ўключае арыгінальныя тэксты Лесі Украінкі, успаміны, артыкулы і фотаздымкі, — «Лариса Петрівна Косач-Квітка (Леся Українка): біографічні матеріали, спогади, іконографія» (2015 г.).

На адкрыцці выстаўкі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі адзначыў, што Леся Украінка — «сціплая, слабая здароўем, але вельмі моцная духам жанчына, што на працягу свайго кароткага жыцця — усяго 42 гадоў — стала непераўзыдзеным класікам украінскай літаратуры.

Ганаровым госцем на імпрэзе стаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім, які падкрэсліў важнасць мерапрыемства ва ўмацаванні адносін беларускага і ўкраінскага народаў і падарыў бібліятэцы тры ўнікальныя выданні, падрыхтаваныя праектам «Відчути слова» пры падтрымцы ўкраінскай дыяспары Венгрыі: «Леся Українка 150. За праўду, браття, єднаймося щиро!», «Сучасні білоруські казки», «Казковий дивосвіт». Кнігі выйшлі на ўкраінскай мове шрыфтам Брайля спецыяльна для людзей з парушэннямі зроку.

У ліку шаноўных гасцей на адкрыцці выстаўкі з прамовай выступілі заслужаны работнік культуры Украіны, старшыня Мінскага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Заповіт» Галіна Калюжная і старшыня Цэнтра ўкраінскай культуры «Січ» Валянціна Логвін, якая расказала прысутным пра ўнёсак Лесі Украінкі ў гісторыю краіны і падарыла Нацыянальнай бібліятэцы трохтомнік «Історія України вид Діда Свірыда».

Прадставілі на выстаўцы і музычную спадчыну Лесі Украінкі: гэта копіі нотных запісаў песень, створаных на вершы паэтэсы, і зборнік народных украінскіх песень, запісаных з яе голасу. Прысутным пашчасціла пачуць вершы Лесі Украінкі ў выкананні кіраўніка народнага хору ўкраінскай песні «Криниця» Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Маргарыты Кучук пад акампанемент Аляксея Апановіча.

Панавала святочная атмасфера, гучалі песні і вершы на беларускай і ўкраінскай мовах. Выставачны праект падрыхтаваны супольна з Пасольствам Украіны ў Беларусі і беларускім грамадскім аб’яднаннем украінцаў «Ватра». Азнаёміцца з экспазіцыяй можна да 25 мая.

У межах 150-гадовага юбілею геніяльнай дачкі Украіны адбылася цырымонія ўскладання кветак да мемарыяльнай дошкі Лесі Украінкі.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Фота з сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.