Вы тут

Кандрат Крапіва. Разважлівы, эмацыянальны, рамантычны


Напярэдадні 125-годдзя Кандрата Крапівы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» пабачыла свет выданне «Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці: успаміны, эсэ». Укладальніцай і аўтарам асобных артыкулаў выступіла ўнучка класіка Алена Атраховіч. Пра тое, як ішла праца над кнігай, а таксама, як цяпер асэнсоўваецца спадчына знакамітага сатырыка, яна расказала падчас сустрэчы з карэспандэнтам «ЛіМа».


Пятро Глебка і Кандрат Крапіва на лецішчы ў Ждановічах, сярэдзіна 1960-х гг.

— Алена Ігараўна, як узнікла ідэя выдання і які прынцып пакладзены ў яго аснову?

— Калі я вывучыла ўсе бібліяграфічныя і факталагічныя матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Кандрата Крапівы, то высветліла, што напісана пра яго шмат, але галоўным чынам гэта матэрыялы, якія датычацца літаратурнай і навуковай працы. А вось успамінаў пра Крапіву як чалавека, не хапала. Трэба было выпраўляць сітуацыю, бо вобраз знакамітасці з цягам часу схематызуецца, бранзавее… Да мяне звярнуліся з выдавецтва «Мастацкая літаратура» і прапанавалі ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» зрабіць кнігу ўспамінаў. Пачала збіраць матэрыялы.

Так з’явілася кніга «Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці» — вынік шматгадовай напружанай працы. Давялося ў архівах і музеях вывучаць шмат розных дакументаў, асэнсоўваць жыццё свайго дзеда, яго асобу. У выданні выступіла і як укладальнік, і як аўтар успамінаў. Тут таксама сабраны ўспаміны родных і блізкіх Кандрата Крапівы. Змешчаны і ўспаміны іншых людзей, якія ведалі Кандрата Кандратавіча. Напрыклад, Лідзіі Арабей. У першыя пасляваенныя гады яна разам з ім працавала ў рэдакцыі «Вожыка». Ёсць успаміны сябра і калегі па пяры Петруся Броўкі, Уладзіміра Содаля, вядучага тэлечасопіса «Роднае слова», у якім не раз браў удзел і Кандрат Крапіва, і маёй маці Зоі Мікалаеўны Атраховіч, якая ведала Кандрата Крапіву з 1944 года, аповеды Уладзіміра Арлова і іншых аўтараў. Шмат успамінаў і ў мяне, пачынаюцца з дзяцінства.

У выданні ёсць нарыс «Бацька і сын». Напісаны ён па пісьмах ваеннага часу. Старэйшы сын Кандрата Крапівы, Барыс Атраховіч, загінуў на фронце. Але захавалася перапіска. У кнізе ўпершыню надрукаваны і яго лісты бацькам з фронту. Балючая сямейная гісторыя адлюстроўвае лёс шматлікіх беларускіх сем’яў у час Вялікай Айчынай вайны.

У працэсе работы над кнігай, калі вывучала гэтыя лісты як навуковец, атрымала вялікае эмацыянальнае ўражанне. З’явілася думка не проста апублікаваць іх, а расказаць пра іх вобразна, эмацыянальна. Прыйшла на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё і расказала, што ёсць такі матэрыял. Мне прапанавалі напісаць сцэнарый да радыёспектакля. Пісала сцэнарый — атрымалася цэлая п’еса. Прэм’ера адбылася ў снежні 2016 года. З таго часу спектакль ідзе разы два на год. Кіраўніком гэтага праекта выступіла Галіна Шаблінская, рэжысёрам спектакля і суаўтарам сцэнарыя з’яўляецца акцёр Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Алег Вінярскі. У спектаклі былі задзейнічаны народны артыст Рэспулікі Беларусь Арнольд Памазан, які сыграў ролю Кандрата Крапівы, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Алена Сідарава і Галіна Чарнабаева, маладыя артысты Лізавета Фалей і Андрэй Каралевіч, які сыграў ролю Барыса Атраховіча. Атрымалася выдатна!

Ёсць у кнізе і раздзел «Жанчыны ў яго жыцці». Для творчага чалавека вельмі шмат залежыць ад жанчыны, якая побач. У гэтым раздзеле я распавядаю і пра маці Кандрата Крапівы (маю прабабку), пра яго жонку — маю бабулю, пра яго сястру, дачку, пра першае рамантычнае каханне.

У кнізе таксама змешчаны рэдкія фотаздымкі, дакументы, якія дагэтуль яшчэ не публікаваліся.

Увогуле, гэта першая кніга пра жыццё Кандрата Крапівы, расповед пра яго як пра чалавека.

— Як вы напісалі ва ўспамінах, у Кандрата Атраховіча было вельмі нялёгкае дзяцінства: беднасць, цяжкая праца, страта маці, злая мачаха, якая не дазваляла нават у вольную хвіліну чытаць кніжкі… То-бок было не да смеху. Аднак ён стаў сатырыкам, а не лірыкам, што было б больш верагодна. У чым вам бачыцца разгадка таленту Кандрата Крапівы?

— Сатырычны талент у яго быў ад прыроды. Гэтую думку выказваў і сам. Будучы вучнем, пісаў эпіграмы на сваіх сяброў і настаўнікаў. Былі яны не крыўдныя, ўсім падабаліся. На перапынках іх зачытвалі і смяяліся. Але сам ён ніколі не лічыў гэты занятак чымсьці сур’ёзным. Толькі лірыку і лічыў сапраўднай паэзіяй і пад уплывам твораў Лермантава пісаў у той час вершы. Адзін з іх даслаў у рэдакцыю часопіса «Жизнь для всех». І праз некаторы час атрымаў адказ на прыгожай паперы з вензелямі. Адкрывае канверт і чытае: «Многоуважаемый Кондратий Кондратиевич!..» Паспеў падумаць: «Ну ўсё, раз да мяне так звяртаюцца (бо з роду ніхто так не называў), значыць, мой верш упадабалі!» Але далей ішло наступнае: «Ваше стихотворение не имеет художественной ценности, поэтому печатать мы его не будем». З таго часу Крапіва пакінуў свае паэтычныя практыкаванні на многа гадоў. Але, відаць, калі талент ёсць, то і будзе прасіцца вонкі — Кандрат Кандратавіч вярнуўся да літаратуры і стаў пісаць сатыру.

— Пераадольваць цяжкасці праз смех — гэта было яго сродкам змагацца з заганамі рэчаіснасці?

— Менавіта так! Праз смех і гумар ратаваўся, пажартаваць любіў, калі бываў у добрым настроі. Гумар яго быў няз’едлівы, наадварот, добразычлівы, імкнуўся не закрануць чалавечую годнасць. Але трэба аддаць належнае і трываламу характару, і сіле волі — усё разам выцягвала з якой-небудзь цяжкай сітуацыі. Быў ён чалавек разважлівы. Любімай яго прыказкай было «Трэба падумаць…» Калі сутыкаўся з праблемамі, шукаў выйсця, хаця рэагаваў на іх, як любы іншы, эмацыянальна.

— У савецкія часы вашага дзеда вельмі шанавалі. Ён з’яўляўся лаўрэатам не адной прэміі. Ці цалкам верыў пісьменнік у справядлівасць таго, што ў той час адбывалася?

— Маючы маштабны жыццёвы досвед, шмат перажыўшы і асабістых драм, і палітычных з’яў, натуральна, не глядзеў на рэчаіснасць праз ружовыя акуляры. Дэвізам усяго яго жыцця былі словы, якія цяпер выбіты на яго надмагіллі: «Мною валодала жаданне ўмяшацца ў жыццё і сёе-тое ў ім паправіць». З недахопамі змагаўся ў тым ліку і праз творчасць.

Мэтай яго жыцця была і абарона роднай мовы. Шанаваў вельмі і змагаўся за яе чысціню. Не проста выступаў — яго навуковая праца была на карысць мове. Пра многае кажа, здавалася б, невялікі эпізод: калі Кандрат Кандратавіч пачаў працаваць у Акадэміі навук, адразу аддаў загад на друкарскіх машынках зрабіць беларускі шрыфт, каб можна было без праблем друкаваць тэксты на мове. Ёсць у яго навуковай працы перыяд, калі Кандрат Кандратавіч кіраваў і быў удзельнікам маштабнай навуковай працы па стварэнні дыялекталагічнага атласа беларускай мовы. Там былі сабраны ўсе дыялекты і гаворкі, якія тады існавалі на тэрыторыі Беларусі.

Акрамя таго, на працягу дзесяцігоддзяў Кандрат Крапіва з’яўляўся нязменным навуковым рэдактарам такіх выданняў, як «Руска-беларускі слоўнік», «Бераруска-рускі слоўнік». Цяпер Інстытут мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі гэтую працу працягвае — натуральна, мова развіваецца. І тое, што было закладзена і Якубам Коласам, і Кандратам Крапівой, зараз існуе як падмурак для далейшага развіцця беларускага слова. Такім чынам, ён сцвярджаў сваю пазіцыю праз дзейнасць.

— Якое месца адводзілася роднай мове ў сям’і?

— У сям’і было двухмоўе, размаўлялі і па-беларуску, і па-руску. Кандрат Кандратавіч, бывала, павольна пераходзіў з адной мовы на другую і наадварот. І гэта было незаўважна, натуральна, арганічна. Тыя ж традыцыі працягваюцца цяпер у маёй сям’і.

А вось яшчэ эпізод, які гаворыць аб яго адданасці беларускай мове. Калі я вучылася ў аспірантуры, мову ведала добра, але навуковыя тэксты пісаць не даводзілася. І вось спатрэбіўся артыкул у навуковы часопіс. Засвоіць жа навуковую мову было складана… Вырашыла схітраваць: напісала тэкст па-руску, а потым зрабіла пераклад на беларускую. Паказала дзеду. Ён пачытаў і гаворыць: «Кепская мова!» Пытаюся: «Як жа яна можа быць кепскай, калі карысталася тваім слоўнікам?» Ён пасмяяўся і сказаў: «Відаць, што мова перакладная». Потым я зразумела, што дзед мой не толькі думаў і гаварыў — ён адчуваў на беларускай мове. Гэтае адчуванне прыйшло і да мяне, але значна пазней.

Злева направа: Максім Танк, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Міхась Лынькоў, 1944 г.

— У выданні пра пісьменніка адзін з самых цікавых артыкулаў — расповед пра яго першае каханне «Асташкоўская вясна». Хоць адносіны з каханай не склаліся, будучы ўжо ў сталым веку, пісьменнік адказваў на яе лісты, перажываў, калі Кацярына пайшла з жыцця… Ці быў ён рамантыкам?

— Жыццё Кандрата Кандратавіча не спрыяла рамантычнаму пачатку ў яго характары: загартоўвалі цяжкасці. Аднак гэта быў жывы чалавек з эмоцыямі і пачуццямі. Вельмі вытрыманы, але эмацыянальны, тэмпераментны. Вось яго радкі, якія ён уставіў у адну са сваіх п’ес:

Помню, помню тыя росы,

Вербы над ракою.

Расплятаў мне мілы косы

Ласкавай рукою.

Радкі гэтыя, прачулыя і кранальныя, сталі потым лірычнай песняй. Хіба мог іх напісаць чалавек, якому рамантычнасць была б чужая? Акрамя таго, Кандрат Кандратавіч з’яўляўся аматарам прыроды, на сваёй дачы ў Ждановічах узрасціў яблыневы сад. Вельмі любіў той кароткі перыяд, калі квітнелі яблыні. Прыедзе, стане і любуецца некаторы час на тую прыгажосць…

— Якія ў пісьменніка былі адносіны з жонкай Аленай Канстанцінаўнай?

— Роўныя і цёплыя. Яны шмат размаўлялі, часта нешта распавядалі адно аднаму. Маглі проста і моўчкі, прытуліўшыся, пасядзець — гэта было поўнае паразуменне. Жонка была яго паплечнікам і першым чытачом твораў. Часта друкавала іх на машынцы, разбірала паперы, чарнавікі, рукапісы. А бывала, што сам Крапіва арганізоўваў у сям’і, як ён казаў, «чыткі»: збіраў сям’ю за сталом і агучваў свой свежы твор — гэта былі цудоўныя эпізоды ў маім жыцці! Цяпер ганаруся, што мы, сям’я, з’яўляліся першымі слухачамі і чытачамі яго твораў.

— На вашу думку, ці надаецца цяпер дастаткова ўвагі ўшанаванню памяці пісьменніка?

— Кандрат Кандратавіч не быў бы пакрыўджаны. У Тэатры кінаакцёра на роднай мове ўжо даўно ідзе пастаноўка «Хто смяецца апошнім». Ведаю, што ўвесь час там зборы. Людзі прыходзяць: і школьнікі, і дарослыя. У Купалаўскім была пастаноўка «Брама неўміручасці», якую ставіў Валерый Раеўскі... Магчыма, гэтую пастаноўку ўзновяць. У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ставіўся спектакль «Блытаныя сцежкі» па п’есе «На вастрыі» — гэта малавядомая п’еса пісьменніка. Планавалася там паставіць і «Браму неўміручасці»: былі заказаны дэкарацыі, падпісана дамова, рэжысёрам прызначаны Рыд Таліпаў. Але здарылася няшчасце: Таліпаў пайшоў з жыцця, і праект абарваўся. Спадзяюся, у тэатры вернуцца да гэтай тэмы.

Творы Кандрата Крапівы рэгулярна выходзяць у розных выдавецтвах. Так, нядаўна ў «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» пабачыла свет кніжка вершаў для дзяцей «Вершы, байкі, загадкі». Сюды ўвайшлі творы з адзінай кніжачкі, якую Крапіва напісаў для дзяцей у канцы жыцця, — «Загадкі дзеда Кандрата». Акрамя таго, у новай кніжачцы змешчаны і іншыя вершы і байкі, што вывучаюцца ў школьнай праграме. Некалькі гадоў таму ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга «На вастрыі. Выбраныя творы». Ёсць у Мінску і вуліца імя Кандрата Крапівы — прыгожая, утульная, зялёная — проста асалода там прайсці! На Усходніх могілках — прыгожы надмагільны помнік — яго скульптурную частку рабіла выдатны майстар Святлана Гарбунова. На будынку, дзе жыў Кандрат Крапіва, змешчана мемарыяльная дошка. Днямі з Белпошты мне паведамілі, што выйшла паштовая марка, прысвечаная 125-годдзю пісьменніка.

У горадзе Узда ёсць школа, якой прысвоена імя Кандрата Крапівы. Там вельмі беражліва ставяцца да гэтага звання, стварылі і школьны музей (дарэчы, пакуль адзіны ў свеце).

— Найярчэйшага сатырыка ў нас не было, а ў сталіцы музея няма…

— Пытанне гэтае пакуль адкрытае, спадзяюся, што музей яшчэ пабачу. Нядаўна паведамілі, што ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры распачата праца над стварэннем маштабнай пастаяннай экспазіцыі, прысвечанай Кандрату Крапіве. Гэта радуе, таму што там захоўваецца велізарны архіў пісьменніка — мемарыяльныя рэчы: рукапісы, кнігі — некалькі тысяч адзінак захоўвання, перададзеныя сям’ёй пасля смерці творцы.

— Уражвае! А дзе яшчэ захоўваецца рукапісная спадчына пісьменніка?

— Так, архіў Кандрата Крапівы вялікі і адпавядае ўсім патрабаванням музейнай калекцыі, але ён разрознены. Частка захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, некаторыя экспанаты Кандрат Кандратавіч перадаў туды сам, цяпер яны — у аддзеле рэдкай кнігі. Часткова архіў Кандрата Крапівы трапіў у Беларускі дзяржаўны архіўмузей літаратуры і мастацтва. Некаторыя дакументы — у Дзяржаўным архіве Рэспублікі Беларусь. Штосьці засталося і ў сям’і. Падстава для стварэння музея ёсць.

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Фотаздымкі дасланы Аленай Атраховіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».