Вы тут

У чым спецыфіка культуралагічнага светапогляду Антона Луцкевіча?


Антон Луцкевіч вядомы не толькі як айчынны крытык і публіцыст, грамадскі дзеяч і мовазнаўца. На сёння выклікае цікавасць яго погляд на літаратуру як від мастацтва і айчынную культуру ў цэлым. У чым жа спецыфіка культуралагічнага светапогляду гэтай шматграннай асобы?


У лекцыі пад назваю «Істота літаратуры і яе грамадзкае значэньне» А.  Луцкевіч скіраваў увагу на асэнсаванне пытанняў, якія хвалявалі тагачаснае грамадства і на якіх спыняюцца сёння яго паслядоўнікі: «Што такое мастацтва? Што такое літаратура? Чаго ў ёй шукаць і чаго спадзявацца?». Даследчык звярнуўся да вывучэння рытуальна-песеннай і танцавальнай культуры ў старажытнасці, актуалізаваў значэнне эстэтычнай і пазнавальнай функцый мастацтва. Прынамсі, эстэтычнае перажыванне працінае ўсю крытычную і публіцыстычную спадчыну А. Луцкевіча, які ў мастацкай творчасці бачыў крыніцу загадкавых і часам неспасцігальных чытачом падсвядомых глыбінных эмоцый.

Літаратура Беларусі цікавіла Антона Луцкевіча як від мастацтва. Побач з айчыннай літаратурай і музыкай крытык вылучыў у сферы беларускай культуры жывапіс, разьбу і будаўніцтва (працы «Крашаніна», «Адраджэньне беларускага мастацтва»). Сярод вышэйшых навучальных устаноў, якія спрычыніліся да росту нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, даследчык называў Інстытут беларускай культуры і БДУ. Акрамя таго, Антон Луцкевіч лічыў неабходным звярнуцца да дасягненняў мала каму вядомых творцаў з паўночнай часткі Беларусі. Ён падкрэсліваў актыўную пазіцыю майстроў-віцяблян: «Мы хочам тут адзначыць працу групы віцебскіх беларускіх дзеячоў, якія зь вялікай руплівасьцяй стараюцца прыадкрыць заслону, якая засланяе нам так мала дасьледжаную галіну беларускага мастацтва. Пасьля перадруку працы нямецкага архэоляга д-ра Іпэля аб беларускім мастацтве, пасьля некалькіх брашурак аб тым жа грам. Касьпяровіча і др. — сьвежа выйшла з друку ў Віцебску кніжачка І. П. Фурмана, пасьвячоная асобнай галіне народнага аздобніцтва — крашаніне» (праца «Крашаніна»). Крашаніну як творчы працэс даследчык звязваў з апрацоўкай беларускага палатна, аздабленнем яго ўзорамі і ўпрыгожваннем рознымі спосабамі. Згаданыя крытыкам кветкі на крашанінных вырабах — васількі — перадаюць агульнае ўяўленне айчынных мастакоў аб нацыянальным сімвале Беларусі.

Беларускае мастацтва цікавіла Антона Луцкевіча ва ўзаемасувязі з тымі дысцыплінамі, якія вызначаюцца стратэгічным характарам і інавацыйным патэнцыялам пры развіцці гуманітарнай сферы, — палітычнай гісторыяй, старой літаратурай, гісторыяй развіцця мовы, народнай творчасцю (праца «Адраджэньне беларускага мастацтва»). У сваю чаргу, у артыкуле «На мяжы двух гадоў» аўтар згадвае кнігарні ў Полацку і Мінску. Ён прапагандуе захаванне канцэптуальна значных для культуры беларусаў здабыткаў айчынных філолагаў.

Сярод вялікай колькасці разнастайных па тэматыцы прац Антона Луцкевіча звяртаюць на сябе ўвагу работы «Наш культурны стан» і «Наш культурны рост». Гэтыя невялікія даследаванні прадвызначаюць вектар крытычнай дзейнасці сябра «Нашай нівы» — культурна-асветніцкі — і ўсебакова перадаюць перспектывы беларускай літаратуры ў 1900—1920-я гады. Так, Максіма Багдановіча А. Луцкевіч называе «песьняром чыстае красы», а Цішку Гартнага — «песьняром працы» («Наш культурны стан»). Філолаг сумяшчае ў даследаваннях гісторыка-кантэкстуальны, аксіялагічны і мастацкі падыходы пры асэнсаванні з’яў культуры.

Акрамя таго, Антон Луцкевіч уздымае тэму ўзнікнення і эвалюцыі беларускага мастацтва. Звяртаючыся да тэксту матэрыялу Івана Луцкевіча з часопіса «Гоман» — «Аб беларускім мастацтве (Думкі з прычыны выстаўкі ў Менску)», даследчык пагаджаецца з высновамі вядомага археолага, свайго брата: «Як і ўсюды ў нас, мастацтва прыйшло да беларусаў разам з хрысьціянствам з Усходу. У першых часох хрысьціянства яно было ў нас скрозь бізантыцкае, але наплывы з Поўначы праз знамянітую тарговую дарогу з «варагаў у грэкі» прынесьлі вялікі дадатак культуры паўночнаскандынаўскай, што выяўляецца ў узорах сярэдневяковага мастацтва» («Адраджэньне беларускага мастацтва»). Варта звярнуць увагу на тое, што матывы візантыйскай культуры ў пэўнай ступені прадвызначылі змест беларускай народнай творчасці.

Памятны знак у гонар братоў Антона і Івана Луцкевічаў у Мінску.  Фота Кацярыны Васільевай.

Як навуковец, А. Луцкевіч прадбачыў імклівы рух у станаўленні роднай літаратуры і, у прыватнасці, прозы. У артыкуле «Наш культурны рост» крытык падкрэсліў: «… буйна расьце найярчэйшае выяўленьне нацыянальнае культуры, нацыянальнае душы ў мастацкай форме — наша літаратура. Узбагачываецца найбольш дагэтуль бедная у нас беларуская повесьць». Такім чынам А. Луцкевіч прадвызначае перспектывы фарміравання айчыннай аповесці як жанру ў айчыннай літаратуры (праца «“Дзьве душы” М.  Гарэцкага», лекцыя «Ідэоляг народнае інтэлігенцыі: Максім Гарэцкі»). На яго думку, беларускую аповесць на пачатку 1920-х гадоў у маладой літаратуры ў першую чаргу прадстаўляе Максім Гарэцкі.

 Айчынны філолаг прытрымліваўся меркавання, згодна з якім адсутнасць у душы творчай асобы духоўнага вопыту, перажыванняў, захапленняў прыводзіць да зніжэння верагоднасці стварыць мастацкі шэдэўр, блізкі і зразумелы вялікай колькасці людзей. Таму нядзіўна, што творца-пісьменнік у яго успрыманні мусіў быць не проста таленавітым, высокаадукаваным, назіральным, гуманным і дасканалым па сваіх маральных якасцях і рэлігійных арыенцірах аўтарам, а яшчэ і дэміургам-прарокам, выразнікам спадзяванняў і чаканняў цэлага народа…

Таццяна МАЦЮХІНА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.