Вы тут

Распавядаем пра цыкл лекцый «Мае любімыя месцы ў Мінску»


У межах выстаўкі «Агні майго горада», якая праходзіць у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага і прымеркавана да 10-годдзя Музея гісторыі горада Мінска, пры падтрымцы Беларускага саюза архітэктараў рэалізоўваецца цыкл лекцый «Мае любімыя месцы ў Мінску». Вядомыя архітэктары і краязнаўцы распавядаюць гісторыі са свайго жыцця і дзеляцца цёплымі ўспамінамі, мімаходзь адкрываючы слухачам некаторыя спецыфічныя веды сваёй прафесійнай дзейнасці.


Язэп Драздовіч «Менск. Від са Шпітальна-Траецкага завулка», 1919 год.

Як змянялася аўра Мінска

Некалькі слоў пра саму выстаўку. Яна прысвечана, як ужо адзначалася, 10-годдзю Музея гісторыі горада Мінска і складаецца з тых твораў, якія належаць фондавым калекцыям установы-юбіляра. «Агні майго горада» — назва аднаго з такіх жывапісных палотнаў аўтарства Мікалая Назарчука. На ім ва ўмоўнай манеры выяўлены вячэрні Мінск 1960-х: начная вуліца, уздоўж і ўпоперак спаласаваная неонавымі агнямі ад аўтамабільных фар і светлавой рэкламы (эфект як на фатаграфіі з доўгай вытрымкай). Менавіта гэтая карціна ў пэўным сэнсе задае агульны настрой усёй экспазіцыі.

Наведвальнікаў чакае Мінск, якім ён уяўляўся мастакам на працягу каля 70 гадоў: ад канца 1940-х і амаль да нашых дзён. Галоўнае слова тут — «уяўляўся», бо перад намі горад, якога ў рэальнасці не існуе і ніколі не існавала. Менавіта так, але гэта і няважна… Хай часцяком карціны ўтрымліваюць розныя недакладнасці тыпу неіснуючых аб’ектаў або банальна скажонай перспектывы, хай яны дзесьці яўна прыхлушваюць, дзесьці перабольшваюць (напрыклад, колькасць людзей, машын, рухаў), але, нягледзячы на ўсё гэта, мінчане, якія жылі ў той ці іншы адлюстраваны на карціне момант, упэўнена скажуць: «Так усё і было».

Мастак як адзін з мінакоў (яшчэ важную ролю адыгрывае, прыезджы гэта чалавек ці карэнны жыхар), ствараючы гарадскі пейзаж, у адрозненне ад фатографа-рэпарцёра, натуральна фіксуе не саму рэчаіснасць, а хутчэй тое, што называецца «душой горада». Вядома ж, што, акрамя знешняга ўвасаблення ці, так бы мовіць, бачнага пачатку, любое месца мае яшчэ і ўласную аўру: штосьці нябачнае, але ў той жа час нават больш правамернае. У выпадку са зменлівай гарадской прасторай гэта асабліва актуальна. Наведвальнікам выстаўкі якраз дадзена магчымасць прасачыць, якім чынам аўра Мінска (яго прадмесцяў, парадных праспектаў і спальных мікрараёнаў) змянялася на працягу часу, пакуль горад хутка рос і сам змяняўся ў прамым значэнні гэтага слова.

Апрача іншых, ёсць у экспазіцыі і работы такіх знакамітых аўтараў, як Леанід Шчамялёў, Барыс Аракчэеў, Уладзімір Тоўсцік, Леанід Дударэнка. Можна пабачыць і гарадскі пейзаж Міхаіла Савіцкага. Вобраз жа XXI стагоддзя адлюстраваны ў работах мастакоў новага пакалення: Васіль Пяшкун, Глеб Отчык, Юрый Крупянкоў, Васіль Зянько. Акрамя жывапісу, прадстаўлены творы графікі і — зусім няшмат — дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод графічных вылучаюцца малюнкі Уладзіміра Стальмашонка, якія зафіксавалі момант аднаўлення горада з руін. Уся гэтая стракатая прыгажосць дапаўняецца відэазонай, дзе любы жадаючы можа паглядзець некалькі дакументальных фільмаў пра сталіцу. Выстаўка «Агні майго горада» працягваецца да 14 сакавіка.

Вашы любімыя месцы

І вось непасрэдна ў прасторы экспазіцыі, сярод усіх гэтых карцін, арганізатары разам з Беларускім саюзам архітэктараў, туруючы тэматыцы выстаўкі, праводзяць цыкл лекцый «Мае любімыя месцы ў Мінску». Некалькі вядомых асоб, чыя прафесійная дзейнасць непасрэдна звязана з вывучэннем Мінска, кожны праз свой асабісты вопыт і абапіраючыся на спецыфічныя веды, распавядаюць аб гісторыі горада і любімых месцах у ім. Сярод запрошаных лектараў — краязнаўца і гісторык-публіцыст Антон Рудак, архітэктар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Галіна Левіна, галоўны ландшафтны архітэктар аддзела ландшафтнай архітэктуры і экалогіі Мінскпраекта Ганна Аксёнава і намеснік старшыні Беларускага саюза архітэктараў Міхаіл Гаўхфельд.

Першым з выступоўцаў стаў гісторык, краязнаўца і паэт Антон Рудак. У лекцыі «Верхні горад. Сямейная гісторыя» ён падрабязна распавёў пра станаўленне адпаведнага гістарычнага квартала, які раскінуўся вакол плошчы Свабоды. Акцэнт быў зроблены, як можна здагадацца, на сямейнай гісторыі, што непасрэдна звязана з названымі геаграфічнымі каардынатамі. І хаця прамова па большай частцы складалася з сухіх гістарычных звестак і хранікальных даных, праз іх лектару ўдалося паказаць, як цесна насамрэч звязаны паміж сабой вобраз і ўспрыманне горада і лёсы канкрэтных яго жыхароў.

Гісторыя, якую распавёў краязнаўца, лішні раз пацвярджае, наколькі важнымі для гараджан з’яўляюцца эмацыянальная і падзейная насычанасць месцаў, дзе яны жывуць. Даўно вядома, што людзі маюць схільнасць надзяляць тыя ці іншыя мясціны (ды і, будзем шчырымі, проста неадушаўлёныя прадметы) нейкімі ўяўнымі прыкметамі і асаблівымі сэнсамі (усемагчымыя «сямейныя гісторыі» — таму прыклад). Такім чынам і ствараецца праславутая аўра месца: яго атмасфера, эмацыянальны фон.

Гэтай тэме часткова была прысвечана другая лекцыя з цыкла — «Эмацыянальнасць горада». Правяла яе архітэктар Галіна Левіна, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь за рэканструкцыю ў аўтарскім калектыве гістарычнага цэнтра Давыд-Гарадка і ўстаноўку помніка князю Давыду. Галіна Левіна з’яўляецца дачкой вядомага савецкага і беларускага архітэктара Леаніда Левіна і зараз узначальвае творчую майстэрню знакамітага бацькі.

Сваю лекцыю архітэктар пачала з наступных слоў: «Што такое “эмацыянальнасць горада”? За што мы любім той ці іншы горад? Пры праектаванні новых гарадоў, пасёлкаў, будынкаў ці ўлічваюць архітэктары такое паняцце, як “эмацыянальнасць горада” альбо ўсё заснавана выключна на функцыяналізме, эстэтыцы і эканоміцы?» Сапраўды, ёсць, над чым падумаць, таму прапануем паразважаць разам.

Эмацыянальнасць

Фотаздымак рага Саборнай плошчы і Губернатарскай вуліцы, 1900—1906 гады.

Для апісання дадзенай з’явы можна падабраць шмат сінонімаў (вобраз, душа, геній, амб’яз і г. д.), але сутнасць застаецца адна: пэўнае вонкава неадчувальнае «рэчыва», якога ў прадметнай рэчаіснасці, здавалася б, не існуе, моцна засцілае сабой усё наваколле і насуперак логіцы ўсведамляецца як адзіна існуючая рэч. Здаецца, менавіта да гэтага «эфіру» альбо, прасцей кажучы, набору ўяўленняў звяртаецца мастак, калі ён, што называецца, стварае.

Нягледзячы на відавочную абстрактную прыроду, «бачыць» згаданае «рэчыва» здольны часта цэлыя групы людзей. Адсюль вынікае наяўнасць нейкіх аб’ектыўных фактараў спараджэння «рэчыва», якія можна даследаваць. Гарадская атмасфера Заходнія спецыялісты (антраполагі, урбаністы і архітэктары) ужо ва ўсю гэтым займаюцца. Самы час задумацца, наколькі ўвогуле рэальна тое, што нас акаляе...

Да фактараў спараджэння атмасферы (аўтэнтыкі, каларыту ці як заўгодна яшчэ) той ці іншай гарадской прасторы адносяцца і яго гукі, і пахі, і звязаныя з ім гістарычныя (біяграфічныя) падзеі, і надвор’е, і шмат-шмат іншых няўлоўных дэталяў, але найбольш уплывовай сілай, трэба думаць, з’яўляецца архітэктура. Яна пры належным падыходзе здольна кіраваць многімі з адпаведных з’яў, робячыся, такім чынам, неверагодна шматаспектнай і складанай справай.

Улічваючы гэтыя шматлікія фактары і маючы на ўвазе вопыт іншых «атмасферных» прастор пры праектаванні архітэктурных аб’ектаў, можна стварыць надзвычай паспяховае ў жыхароў і культавае для ўсіх астатніх месца прыцягнення. Урбаністы і архітэктары за мяжой ужо сёння пры рабоце над праектамі на поўным сур’ёзе прадумваюць такія, здавалася б, «лятучыя» і абстрактныя паняцці, як іх атмасфера і амб’яз, побач з камунікацыямі ацяплення, транспартнай інфраструктурай і ўсім астатнім.

Мінску трэба пачаць хаця б з засваення простай ісціны: атмасфера і эмацыянальнасць — гэта заўсёды пра кантэкст. Гарадская прастора ўяўляе сабой своеасаблівую выставачную пляцоўку для архітэктурных твораў, на якой асобныя «экспанаты» могуць суседнічаць на працягу дзесяці- і нават стагоддзяў. Доўгі час камунікуючы адзін з адным, гэтыя аб’екты ствараюць вакол сябе тую самую непаўторную аўру і ўсё больш напаўняюцца народнай памяццю, што паказальна адбіваецца ў мастацве.

Працягваючы аналогію: не сакрэт, што поспех любой выстаўкі (і адпаведна прадстаўленых твораў) не ў апошнюю чаргу залежыць ад укладальніцкага таленту яе куратара, ад таго, якім чынам ён змог упарадкаваць экспанаты адзін адносна аднаго. Так і праектуючы што-небудзь новае ў межах горада, абсалютна неабходна ўлічваць асяроддзе, з павагай ставіцца да ўжо існуючай у тым ці іншым месцы атмасферы, імкнуцца дапоўніць яе і акцэнтаваць.

Пад канец хочацца зазначыць: Мінску катэгарычна не хапае менавіта архітэктурных імпрэз (лекцый, выставак і фестываляў). Падобныя мерапрыемствы змаглі б ажывіць гэтую сферу чалавечах ведаў і, што вельмі карысна і важна, стымуляваць грамадскую дыскусію па розных пытаннях (напрыклад, «эмацыянальнасць горада»).

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота з сайта pastvu.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».