Вы тут

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з членамі Канстытуцыйнай камісіі


Сёння ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з членамі Канстытуцыйнай камісіі, рашэнне аб фарміраванні якой было прынятае на VI Усебеларускім народным сходзе.


У сустрэчы прынялі ўдзел вышэйшыя службовыя асобы, члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, рэальнага і фінансавага сектару эканомікі, грамадскіх аб'яднанняў, навукі, адукацыі, культуры і спорту.

Кіраўнік дзяржавы назваў знамянальным, што сфарміраваная ў адпаведнасці з рашэннем VI Усебеларускага народнага сходу Канстытуцыйная камісія пачынае сваю працу 15 сакавіка — у Дзень Канстытуцыі.

«З Асноўным Законам нашай краіны мы прайшлі шлях станаўлення першай суверэннай дзяржавы на нашай зямлі. І значэнне, напэўна, гэтай Канстытуцыі будзе вызначацца перш за ўсё гэтым фактам. Прыняты 27 гадоў таму, ён стаў сімвалам новай эпохі свабоднага, мірнага і стабільнага жыцця беларускага народа, — сказаў ён. — Усе гэтыя гады мы развіваліся пад кіраўніцтвам тых прынцыпаў, якія былі закладзеныя ў аснову Канстытуцыі. Мы шмат чаго дасягнулі, і жыццё не раз даказвала правільнасць абранага шляху. Індыкатарам сталі мір і парадак у нашай краіне, згода ў грамадстве, захаваныя, нягледзячы на шматлікія спробы знешніх сіл унесці разлад у наш агульны дом».

Падзеі мінулага года, па словах Аляксандра Лукашэнкі, прадэманстравалі ўстойлівасць сістэмы.

«Гэта не што іншае, як цвёрдасць пазіцыі і прынцыпаў людзей з дзяржаўным мысленнем. Людзей, якія захавалі краіну, — адзначыў ён. — Мы заўсёды кажам: вось, Канстытуцыя, добра, вось, дзякуючы ёй… Канстытуцыя, вядома, важны дакумент, але давайце шчыра: гэта была б непатрэбная папера, калі б не самі людзі — не вы, хто фарміруе грамадскае меркаванне. Сёння беларусы ўсвядомілі, што маглі страціць. Сваё мірнае жыццё і суверэнітэт. Гэта галоўныя каштоўнасці, якія стаяць вышэй і за палітычныя, і за асабістыя рознагалоссі ў грамадстве».

Час зноў паказаў, лічыць Прэзідэнт, што гарантам гэтых каштоўнасцяў з'яўляюцца моцная ўлада і народ, які абараняе свой уклад жыцця і спрадвечныя традыцыі.

«Напачатку адказнага, лёсавызначальнага кроку — карэкціроўкі Асноўнага Закона, мы павінны ўлічыць усе ўрокі мінулага, у тым ліку і нядаўняга мінулага, — падкрэсліў беларускі лідар. — Не сумняюся, што кожны з вас усведамляе сваю ролю ў гэтым працэсе. Вы ўвойдзеце ў гісторыю як сааўтары абноўленай Канстытуцыі. Але галоўнае — вы ўскладаеце на сябе адказнасць за будучыню Беларусі».

Пры фарміраванні Камісіі было імкненне ахапіць усе сферы жыцця і дзейнасці грамадства, каб максімальна ўлічыць інтарэсы і голас кожнага беларуса, дадаў Аляксандр Лукашэнка. У яе ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, юрыдычнай навукі, грамадскіх аб'яднанняў, розных галін эканомікі і сацыяльнай сферы.

«Важна, што ўсе вы паважаныя і аўтарытэтныя людзі, якія валодаюць актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і веданнем запытаў той часткі грамадства, якую прадстаўляеце. Вашы заслугі, без перабольшання, прызнаныя народам. Я разлічваю, што разам вы станеце эфектыўнай камандай і выканайце давераную вам працу на самым высокім узроўні», — выказаў спадзяванне Прэзідэнт.

Перш чым абмеркаваць фармат і змест працы, якая належыць Камісіі, Аляксандр Лукашэнка коратка пазначыў прынцыповыя моманты яе работы.

Першы — дзейнасць Канстытуцыйнай камісіі павінна насіць галосны і адкрыты характар.

«Даступнасць вашай работы для ініцыятыў людзей — гэта пытанне даверу грамадства да яе выніку, — падкрэсліў ён. —- Многія прапановы па змяненні Канстытуцыі ўжо паступілі падчас грамадскага абмеркавання на дыялогавых пляцоўках, а таксама па парламенцкай лініі, пры падрыхтоўцы VI Усебеларускага народнага сходу. Таму галоўная задача Канстытуцыйнай камісіі — арганізаваць шырокае абмеркаванне прапанаваных карэкціровак Асноўнага Закона».

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў актыўна выкарыстоўваць сродкі масавай інфармацыі і электроннай камунікацыі, каб забяспечыць публічнасць і празрыстасць працэсу.

Другі прынцып, які абазначыў беларускі лідар, датычыцца духу карэкціровак.

«Змяненне нашага Асноўнага Закона не азначае, што дзеючая Канстытуцыя сябе вычарпала. З ёй мы сфармаваліся як суверэнная, прававая, незалежная, сацыяльная дзяржава, і праз больш чым 25 гадоў гэты дакумент цалкам актуальны, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Дарэчы, нядаўняе сацыялагічнае даследаванне грамадства як раз гэта і паказала: больш за 65 працэнтаў, калі не памыляюся, — увогуле не лічаць патрэбным змяняць цяперашнюю Канстытуцыю».

Кожная норма Асноўнага Закона павінна служыць галоўнай мэце — захаваць краіну, каб было што перадаць нашым дзецям і ўнукам, падкрэсліў Прэзідэнт. У працы над Канстытуцыяй варта ўлічыць перадавы міжнародны вопыт, дадаў ён, але ў аснове павінны стаяць нацыянальныя інтарэсы, палітычныя і прававыя традыцыі.

«Мы не першы раз займаемся гэтай работай, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У нас ёсць не толькі міжнародны, але і свой багаты вопыт работы над Асноўным Законам».

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў заслухаць інфармацыю пра ініцыятывы грамадзян па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю.

«Да змен у Канстытуцыі трэба падыходзіць узважана»

Асноўны запыт грамадства сёння — народнае адзінства. З такога пасылу распачаў сваё выступленне старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка.

«Сёння перад намі новыя выклікі, і работа, безумоўна, будзе няпростая, — працягнуў ён. — Неабходна забяспечыць далейшае развіццё дзяржавы і грамадства, захаваць пры гэтым суверэнітэт, грамадзянскі мір і згоду.

Гэта пацвярджае і аналіз тых прапаноў, якія паступілі падчас правядзення дыялогавых пляцовак і непасрэдна ў Палату прадстаўнікоў».
Галоўная выснова — абсалютная большасць насельніцтва выступае супраць радыкальных рэформ, заявіў спікер ніжняй палаты парламента.

«Практычна ніхто не сумняваецца ў такіх бясспрэчных каштоўнасцях, як незалежнасць краіны, сацыяльная дзяржава, шматвектарны знешнепалітычны курс, развіццё сяброўскіх адносін з Расіяй і ўдзел у інтэграцыйных працэсах, — пералічыў ён. — Людзі падтрымліваюць ідэю захавання прэзідэнцкай рэспублікі, разумеюць, што менавіта яна з’яўляецца гарантам эфектыўнасці змяненняў у эканоміцы, дзяржаўным ладзе, грамадскім развіцці».

Таму да змен у Канстытуцыі трэба падыходзіць вельмі ўзважана, крытычна ацэньваць прапановы, якія паступаюць ад розных сацыяльных груп, якія нярэдка прэтэндуюць на меркаванне большасці, рэзюмаваў Уладзімір Андрэйчанка.

«Упэўнены, што патэнцыял дзеючай Канстытуцыі яшчэ далёка не вычарпаны, — пагадзіўся ён з кіраўніком дзяржавы. — І яе карэкціроўка павінна ажыццяўляцца толькі па тых пытаннях, якія сапраўды наспелі і відавочныя».

Апошняе пацвярджае і той факт, што значная частка прапаноў, якія паступілі, не датычыцца непасрэдна Канстытуцыі, але ляжыць у плоскасці праблем рэалізацыі сацыяльнай, маладзёжнай палітыкі дзяржавы, пытанняў экалогіі, жылля, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і падобнага.
«Мяркую, нам варта вырашаць усе гэтыя пытанні без раздзімання канстытуцыйных нормаў, а праз павышэнне якасці і аўтарытэту законаў», — падзяліўся старшыня Палаты прадстаўнікоў.


«Канстытуцыя — гэта вельмі сур’ёзны дакумент, фундамент прававой сістэмы любой дзяржавы, — адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ў размове з журналістамі пасля заканчэння сустрэчы. — Сёння дадзены старт работы Канстытуцыйнай камісіі».

Сярод змен, якія, магчыма, будуць абмяркоўвацца Камісіяй, спікер назваў адзіны дзень галасавання, які прапануюць увесці, у тым ліку, і грамадзяне — дзеля эканоміі сродкаў, а таксама — тэрміны кіраўнічых паўнамоцтваў, і іншыя.

«Што датычыцца тэрмінаў, лічу, што трэба завяршыць работу Камісіі не пазней за жнівень-верасень з такім разлікам, каб потым была магчымасць абмеркаваць праект абноўленай Канстытуцыі з нашым насельніцтвам і пасля яшчэ раз вярнуцца і прадставіць канчатковы вынік на рэферэндум, які пройдзе ў пачатку наступнага года», — паведаміў Уладзімір Андрэйчанка.


«Любая Канстытуцыя мае комплекс наступных нормаў, якія вызначаюць прававы статус чалавека і грамадзяніна, сістэму дзяржаўнай улады і характар узаемаадносін паміж органамі дзяржавы і чалавекам і грамадствам, — дадаў загадчык кафедрай канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ, доктар юрыдычных навук, заслужаны юрыст Беларусі Рыгор Васілевіч. — Па гэтых кірунках і пойдзе работа. З часу прыняцця Канстытуцыі ў 1994 годзе ў грамадскім жыцці і замежнай, сусветнай практыцы адбылося шмат змяненняў, напрацаваны вопыт. Думаю, многія правы, не толькі сацыяльна-эканамічныя, але і іншыя, асабістыя, яны, вядома, будуць дапрацаваныя, напоўненыя новым зместам».

Вектар карэкціровак канстытуцыйных нормаў і прынцыпаў вызначаюць і інфармацыйныя тэхналогіі, заўважыў юрыст. У сферы дзяржаўнай улады, магчыма, будзе ўдакладнена форма кіравання рэспублікай.

«Мне здаецца, што ўсе схіляюцца да таго, каб была прэзідэнцкая рэспубліка, але з пэўнай мадэрнізацыяй паўнамоцтваў, узаемаадносін паміж Прэзідэнтам, урадам і парламентам, — сказаў вучоны. — У цэлым, мне здаецца, што сама па сабе Канстытуцыя ў цяперашняй рэдакцыі — дабротная, паказала сваю жыццяздольнасць, вялізны патэнцыял, таму пытанне заключаецца яшчэ і ў тым, каб наша прававая свядомасць развівалася, умацоўвалася і каб тыя канстытуцыйныя прынцыпы і нормы, якія зафіксаваныя, бездакорна выконваліся».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».