Вы тут

«Я — пацярпелы бок...»


«Я не прапусціла тэрмін падачы заявы на прыватызацыю. Адміністрацыя Заводскага раёна Мінска 14 чэрвеня 2016 года зацвердзіла акт ацэнкі кошту кватэры. Рашэнне аб прыватызацыі дзейнічала адзін год, і я прыступіла да працэдуры афармлення прыватызацыі 26.05.2017 года. ( ... ) Я — пацярпелы бок. Мела права на бясплатную прыватызацыю кватэры, выкарыстоўваючы чэкі «Жыллё». Права на атрыманне чэкаў «Жыллё» я не рэалізавала. Мяне пазбавілі гэтага права. Прыватызацыя працягвалася, а выдачу чэкаў «Жыллё» прыпынілі. ( ... ) Не забяспечаны роўныя ўмовы для ўсіх грамадзян краіны пры рэалізацыі правоў на бясплатную прыватызацыю дзяржаўнага жылога фонду. Няўжо справядлівасць не пераможа?»


Гэта радкі з ліста ў рэдакцыю нашай газеты 82-гадовай мінчанкі Галіны Андрэеўны Вашкевіч. З ім і дакументамі, якія прадставіла нам чытачка, мы звярнуліся па кансультацыю ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Генадзь Аксціловіч, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь:

— З Галінай Андрэеўнай Вашкевіч мы вядзём перапіску з 2015 года. Яна звярталася ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі па двух пытаннях. Першае — бязвыплатная прыватызацыя (зварот быў у 2015—2016 гг., і мы растлумачылі ёй, для каго такая опцыя мае месца). Другое — пытанне выкарыстання жыллёвай квоты (зварот паступіў у 2019 годзе). На жаль, Галіна Андрэеўна своечасова не звярнулася па налічэнне жыллёвай квоты. У 1999 годзе жыллёвую квоту налічваць перасталі. Адпаведна, ёй ніхто ўжо налічыць яе не мог. Чэкі «Жыллё» ёй трэба было рэалізаваць да 1999 года. На сённяшні дзень прыватызацыя завершана (у 2016 годзе ў Беларусі скончыўся тэрмін прыёму заяў на прыватызацыю жылых памяшканняў). З якой прычыны грамадзянка Вашкевіч не давяла прыватызацыю кватэры да канца, я не ведаю.

— Такім чынам, у нашай чытачкі прыватызацыя кватэры не даведзена да канца. Якія крокі яна можа зрабіць, каб завяршыць прыватызацыю?

— На жаль, практычна ніякіх варыянтаў у яе не засталося. На афармленне ў БРТІ ўсіх дакументаў, якія датычацца ўвядзення ва ўласнасць жылога памяшкання, даецца год. Калі яна на працягу года гэтага не зрабіла, адпаведна, рашэнне адміністрацыі страчвае сілу.

— Ці можа яна звярнуцца па атрыманне паўторнага рашэння?

— Калі б гэта было ў перыяд, калі была дазволена прыватызацыя, яна магла б. Але на сёння прыватызацыя скончана, і адзіны спосаб аднавіць тэрміны прыватызацыі — у судовым парадку. Але для гэтага павінна быць сур'ёзнае абгрунтаванне. Тое, што вы вялі перапіску з рознымі інстанцыямі, не з'яўляецца для суда аргументам. Падставай можа быць сур'ёзная хвароба, перапіска — не. Тым больш, як мы бачым з прадстаўленых дакументаў, спадарыні Вашкевіч Г. А. бязвыплатна перадавалі пэўную плошчу (20 кв. м) — тое, што ёй належыць па законе. Калі зыходзіць з прынцыпу адміністрацыйнай працэдуры, быў пэўны парадак: вы звяртаецеся з заявай аб прыватызацыі, праводзіцца ацэнка жылога памяшкання, на падставе якой прымаецца рашэнне і заключаецца дагавор. Вы завяраеце натарыяльна гэты дагавор і звяртаецеся ў БТІ, каб за вамі аформілі права ўласнасці з абцяжарваннем — даваннем права выплачваць устаноўленую суму 20 гадоў. І ў рамках ужо заключанага дагавора — так, можна абскардзіць, патрабаваць, каб знізілі кошт жылога памяшкання па якіх-небудзь падставах, калі вы лічыце, што гэты кошт неправамерны. Але калі вы падаяце заяву за 2 месяцы да заканчэння тэрміну прыватызацыі і спрабуеце паспець аспрэчыць нейкія рашэнні, — то гэта шлях у нікуды.

— Ці можна падоўжыць тэрмін прыватызацыі для нашай чытачкі?

— Тэрмін для прыватызацыі быў дастаткова вялікі — да 2016 года, і калі Галіна Андрэеўна вырашыла зрабіць гэта ў апошні момант, трэба было спяшацца. А ў далейшым ужо аспрэчваць тое, што яна лічыць патрэбным, у належным парадку. Рашэнне адміністрацыі, якое прымалася адносна прыватызацыі, можна было аспрэчваць двума спосабамі — звярнуцца ў Мінгарвыканкам, як у вышэйстаячы орган, альбо ў суд. Калі б яна распачала гэтыя дзеянні, то, магчыма, тэрмін прыватызацыі можна было б падоўжыць. Ну а на сённяшні дзень я, сама меней, з тых дакументаў, якія прадстаўлены Галінай Андрэеўнай, падстаў для падаўжэння тэрміну прыватызацыі не бачу.

Дзіяна РОНІНА

Прэв’ю: voms.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».