Вы тут

У рэспубліцы прайшла ўсебеларуская акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі»


Ігар Сергеенка: Маладое пакаленне прадоўжыць развіваць закладзеныя ў краіне традыцыі

Маладое пакаленне, якое сёння ўступае ў жыццё, будзе і далей развіваць тыя традыцыі, якія закладзены ў Беларусі. Такое меркаванне выказаў сёння кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка на ўрачыстай цырымоніі ўручэння пашпартоў юным грамадзянам краіны ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі — Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, перадае БелТА.

Кіраўнік Адміністрацыі ўручыў пашпарты 20 навучэнцам школ з усіх абласцей краіны. Героямі ўсебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!» традыцыйна сталі лепшыя прадстаўнікі падрастаючага пакалення — выдатнікі вучобы, удзельнікі навукова-практычных канферэнцый, пераможцы і прызёры прадметных алімпіяд, рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, актывісты дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў.

«Сёння кранальная, хвалюючая сустрэча ў жыцці дзяцей: яны атрымліваюць свой першы сур’ёзны дакумент — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца чарговым крокам у дарослае жыццё. Сімвалічна, што ўручэнне праходзіць у важнае дзяржаўнае свята — Дзень Канстытуцыі. Дзеці прыехалі ў Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці з розных куткоў краіны. Усе яны ўжо маюць дасягненні ў вучобе, спорце, творчасці, з’яўляюцца лаўрэатамі, пераможцамі розных рэспубліканскіх, абласных конкурсаў, — сказаў Ігар Сергеенка. — Гэта даволі адказны этап — атрымаць у 14 гадоў пашпарт, ды і яшчэ тут, у цэнтры Мінска — у Адміністрацыі Прэзідэнта. Канстытуцыя — гэта асноўны дакумент нашай краіны, дакумент вышэйшай юрыдычнай сілы. Непасрэдна ў Канстытуцыі адлюстраваны такія пытанні, як дзяржаўны лад, правы, свабоды і абавязкі грамадзян Беларусі. Атрымаўшы пашпарт, юнакі і дзяўчаты таксама набываюць пэўныя правы і абавязкі перад дзяржавай, сваімі бацькамі».

Звяртаючыся да школьнікаў, кіраўнік Адміністрацыі адзначыў, што наперадзе — доўгія гады вучобы, выбар прафесіі, шмат працы і творчасці. «Я ўпэўнены, што гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія ўжо з дзіцячых гадоў нацэлены на пэўныя дасягненні і канкрэтныя напрамкі работы, без працы не сталі б лаўрэатамі. Думаю, што ў далейшым яны будуць удасканальваць свае поспехі, адточваць майстэрства і дасягнуць сур’ёзнага выніку не толькі ў вучобе, але і ў іншых напрамках дзейнасці. Маладым грамадзянам Беларусі, якія пачынаюць чарговы этап жыцця, я хацеў бы пажадаць сапраўдных сяброў, здароўя, упартасці, яркіх дасягненняў. Ім давядзецца напаўняць сваё жыццё канкрэтнымі справамі і ўчынкамі, каб дабіцца поспеху, і першыя крокі для гэтага ўжо зроблены. Я ўпэўнены, што маладое пакаленне, якое сёння ўступае ў жыццё, будзе і далей развіваць тыя традыцыі, якія закладзены ў нас у краіне», — падкрэсліў ён.

Марыя Царова з Мінска з ранніх гадоў удзельнічала ў мерапрыемствах і алімпіядах. «Рыхтуючыся да атрымання пашпарта, я моцна хвалявалася і доўга рыхтавалася да мерапрыемства. Разам з дзядулем я прыйшла ў фотаагенцтва, і толькі пасля пяці дубляў атрымаўся нядрэнны здымак, — падзялілася яна. — Гэты дзень мне запомніцца, таму што для любога грамадзяніна ўручэнне пашпарта — гэта не толькі першы крок у дарослае жыццё, але і вялікая адказнасць. Тое, што я сёння знаходжуся тут, — вялікі гонар. Упэўнена, што ўсе прысутныя тут пастараюцца апраўдаць яго сваімі ўчынкамі і зробяць усё для працвітання нашай краіны».

Усебеларуская акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі!», прысвечаная Дню Канстытуцыі, пад слоганам #раЗАм штогод праходзіць па ініцыятыве БРСМ з 2004 года. Ва ўсіх рэгіёнах краіны праходзяць мерапрыемствы, у ходзе якіх ва ўрачыстай абстаноўцы прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, ганаровыя людзі ўручаюць чатырнаццацігадовым юнакам і дзяўчатам пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.


Суддзя Канстытуцыйнага суда: Пашпарт сведчыць пра тое, што мы патрыёты сваёй краіны

Пашпарт сведчыць пра тое, што мы патрыёты сваёй краіны, заявіў суддзя Канстытуцыйнага суда Сяргей Чыгрынаў. Сёння ён урачыста ўручыў пашпарты 14-гадовым навучэнцам у Канстытуцыйным судзе.

«Сёння асаблівы дзень: вы атрымліваеце пашпарт грамадзяніна Беларусі. Ён ускладае на вас абавязкі і дае шырокія правы. Валодаючы пашпартам, вы павінны ведаць, што абавязаны свята шанаваць законы нашай краіны, паважаць правы і свабоды суайчыннікаў і, калі спатрэбіцца, стаць на абарону нашай радзімы, абараняючы яе ад знешніх і ўнутраных пагроз. У сваім маладым узросце вы ўжо дасягнулі вялікіх поспехаў у вучобе, творчасці, грамадскай дзейнасці. Але пройдзе зусім няшмат часу, і вам трэба будзе стаць у руля гэтай дзяржавы. Вы будзеце навукоўцамі, педагогамі, кіраваць прадпрыемствамі, дзяржорганамі. І пры гэтым трэба заўсёды памятаць, што ты — грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Таму што, па сутнасці справы, пашпарт грамадзяніна Беларусі сведчыць пра тое, што мы патрыёты Радзімы, сваёй краіны», — сказаў Сяргей Чыгрынаў.

Паводле яго слоў, сімвалічна, што хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць пашпарт у Дзень Канстытуцыі. «Калі ў кожнага з нас свой індывідуальны пашпарт, то мы можам вобразна сказаць, што Канстытуцыя — гэта, бадай, пашпарт усёй краіны, паколькі вызначае твар нашай дзяржавы. У Канстытуцыі сказана, што галоўная і вышэйшая каштоўнасць грамадства і дзяржавы — чалавек, яго правы і свабоды. Таму заўсёды гэта неабходна памятаць, дзе б мы ні былі, якія б высокія пасады ні займалі. Віншую вас з днём Канстытуцыі і днём вашай грамадзянскай сталасці», — адзначыў суддзя КС.

Як падкрэсліла навучэнка гімназіі № 1 Стоўбцаў Анастасія Піліпавіч, сёння для яе асаблівы дзень. «Быць грамадзянінам Беларусі — гэта вельмі ганарова. Гэта значыць быць патрыётам, паважаць усіх, хто тут жыве, хто ўнёс свой уклад у развіццё дзяржавы, у агульную скарбонку дасягненняў. І мы таксама сваімі вынікамі ўжо нешта робім для нашай дзяржавы, і спадзяюся , што яшчэ нешта зробім, — сказала яна. — Мне вельмі прыемна сёння знаходзіцца ў такім асаблівым месцы, эмоцыі перапаўняюць». Дзяўчына заявіла, што вельмі любіць сваю краіну. «Беларусь — гэта цудоўная дзяржава. Наша сіла ў адзінстве. І калі наш народ зможа аб’яднацца, то мы даможамся высокіх вынікаў», — канстатавала яна.

«Я адчуваю хваляванне, але для мяне гэта вельмі важна. Я імкнулася да гэтага, — дадала навучэнка Самахвалавіцкай сярэдняй школы Ульяна Шнэк. — Я грамадзянін Беларусі. Я адказная за будучыню краіны і, магчыма, хутка ўнясу ў гэту будучыню вялікі ўклад».


Уладзімір Кухараў — юным мінчанам: дзяржава абараняе правы грамадзян як галоўную каштоўнасць

Каля 70 юных мінчан сёння ў сталічнай ратушы атрымалі пашпарты з рук кіраўніка горада, заслужаных людзей, грамадскіх дзеячаў нашай краіны.

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў павіншаваў рабят са значнай у іх жыцці падзеяй, а таксама з Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. «Як грамадзяне вы атрымліваеце гарантыі бяспекі і недатыкальнасці. Дзе б вы ні знаходзіліся — вы пад абаронай дзяржавы. І яна прыме ўсе меры, каб забяспечыць вашыя канстытуцыйныя правы, — сказаў Уладзімір Кухараў. — Памятайце, што вы грамадзяне Беларусі, і рабіце ўсё для працвітання роднай краіны, для таго, каб яе аўтарытэт у свеце толькі рос, каб яна была прыгожай, мірнай і спакойнай».


Салавей: сапраўдны грамадзянін прымае на сябе высокую меру адказнасці перад дзяржавай

Сапраўдны грамадзянін мае не толькі канстытуцыйныя правы, але і прымае на сябе высокую меру адказнасці перад дзяржавай, грамадствам. Такое меркаванне выказаў сёння старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, уручаючы пашпарты юным жыхарам рэгіёну падчас акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!».

Свой першы дакумент у палацы Румянцавых і Паскевічаў атрымалі 30 школьнікаў з розных раёнаў вобласці. У іх ліку — рабяты, якія дасягнулі поспехаў у вучобе, грамадскім жыцці, творчасці, спорце.

«Вы сёння атрымліваеце галоўны дакумент у жыцці, станавіцеся паўнапраўнымі грамадзянамі нашай краіны. А сапраўдны грамадзянін мае не толькі канстытуцыйныя правы, але і прымае на сябе высокую меру адказнасці перад дзяржавай, грамадствам, не аддзяляе свае поспехі ад жыцця Айчыны, робіць усё для яе росквіту», — перакананы Генадзь Салавей. Ён падкрэсліў важкі ўклад моладзі, якая ўдзельнічае ва ўсіх сферах дзейнасці — ад грамадскай да эканамічнай, вытворчай.

Старшыня аблвыканкама лічыць абавязкам сучасных пакаленняў захаваць гісторыю, напісаную бацькамі і дзядамі. У якасці прыкладу ён назваў мемарыял ахвярам вайны ў вёсцы Ола Светлагорскага раёна, дзе фашысты зажыва спалілі 1758 чалавек, з якіх 950 дзяцей. Стварэнне мемарыяла стала па-сапраўднаму ўсенароднай справай.

Старшыня аблвыканкама пажадаў юнакам і дзяўчатам поспехаў ва ўсіх пачынаннях, новых перамог і здзяйсненняў.

Маладыя людзі атрымалі ў падарунак Канстытуцыю, ілюстраванае выданне «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь», сувеніры.


Больш за 20 таленавітых школьнікаў вобласці атрымалі пашпарты ў Брэсцкай крэпасці

У Музеі абароны Брэсцкай крэпасці сёння 21 таленавіты школьнік вобласці ва ўрачыстай абстаноўцы атрымаў свой першы пашпарт.

Гэта юнакі і дзяўчаты з Брэста, Баранавічаў, Пінска, Драгічынскага, Івацэвіцкага, Кобрынскага, Жабінкаўскага, Кобрынскага, Баранавіцкага і Пінскага раёнаў. З Днём Канстытуцыі падлеткаў цёпла павіншаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка і ўручыў ім пашпарты.

«Пашпарт у першую чаргу дае правы і гарантыі, вызначаныя Канстытуцыяй. З атрыманнем дакумента з’яўляюцца і абавязкі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. У далейшым вы будзеце жыць, удзельнічаць у палітычных і эканамічных працэсах. Думаю, рабіць усё магчымае, каб Беларусь мела сваё слова на сусветнай арэне, была перадавой і суверэннай дзяржавай, — звярнуўся да школьнікаў Юрый Шулейка. — Падыходзім да таго, каб унесці некаторыя змены ў Канстытуцыю, скарэктаваць яе ў сувязі з пераменамі ў краіне і свеце. Гэтыя крокі — для вашага будучыні».

Сказаныя на дарогу словы маладым людзям выказаў і старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч. «З атрыманнем пашпарта вы становіцеся паўнапраўнымі грамадзянамі Беларусі. Усё, што ёсць у краіне, створана многімі пакаленнямі беларусаў. А яе будучыня — за моладдзю. Якой яна будзе — невядома, але мы ў вас верым і разлічваем, што вы зробіце ўсё магчымае, каб краіна была багатай і квітнеючай», — сказаў ён.

Свае ўзнагароды таксама атрымалі пераможцы абласной прававой гульні «Quiz — Канстытуцыя» — каманда школы № 28 Брэста.

Школьнікі змаглі пагутарыць з ганаровымі гасцямі акцыі. Напрыклад, яны пацікавіліся ўражаннямі Юрыя Шулейка аб рабоце ў Брэсцкай вобласці, чым рэгіён адрозніваецца ад іншых. Хлопцы пыталіся губернатара пра асабістае жыццё, задавалі і больш глыбокія пытанні: пра патрыятызм і подзвігі ў мірным жыцці.

Затым для ўдзельнікаў акцыі правялі экскурсію па Брэсцкай крэпасці, у тым ліку яны змаглі ўбачыць новыя экспазіцыі мемарыяльнага комплексу. «Брэсцкая крэпасць — святое месца для кожнага беларуса. Таму вырашылі ўручыць навучэнцам іх першыя пашпарты менавіта тут. У гэтым годзе спаўняецца 80 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Подзвіг абаронцаў і надалей павінен заставацца аўтарытэтным прыкладам», — падкрэсліў першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Юрый Сегянюк.

Усяго ў Брэсцкай вобласці ў Дзень Канстытуцыі свае пашпарты атрымаюць каля 800 падлеткаў.


Леанід Заяц: важна не проста звацца грамадзянінам, але і справамі пацвярджаць гэты статус

«Хочацца павіншаваць усіх жыхароў нашай вобласці з Днём Канстытуцыі. Менавіта Канстытуцыя дазволіла вельмі эфектыўна развіць нашу дзяржаву, зрабіць яе незалежнай, бяспечнай. Хочацца адзначыць, што важна не проста называцца грамадзянінам Беларусі, але і сваімі справамі пацвярджаць гэты статус. Працай умацоўваць сваю малую радзіму, сваю дзяржаву. Чалавека не павінна пакідаць пачуццё патрыятызму, абавязку і адказнасці, — адзначыў Леанід Заяц. — Канстытуцыя заклала асноўныя і важныя правы для кожнага чалавека ў нашай краіне, яна дае магчымасць рэалізавацца і знайсці свой шлях у жыцці. Разам з тым важна памятаць, што бяспека нашай краіны, яе добрае імя залежаць ад кожнага з нас. І мае сказаныя на дарогу словы моладзі нашага рэгіёну былі такімі, каб з кожнага з іх вырас годны дарослы, які будзе патрыётам сваёй малой радзімы, усёй дзяржавы, які сваёй працай і справай будзе развіваць нашу краіну і рабіць яе лепш. Сумеснымі намаганнямі мы зможам захаваць і прымножыць усё, чаго ўжо паспела дасягнуць Беларусь за гады сваёй незалежнасці.

Ва ўрачыстай абстаноўцы ў Палацы культуры вобласці свае першыя пашпарты атрымалі выдатнікі вучобы, пераможцы творчых конкурсаў і прадметных алімпіяд, актывісты і спартсмены ўсяго рэгіёну — амаль 30 вучняў школ і гімназій з розных куткоў Магілёўскай вобласці.

Пасля ўрачыстай цырымоніі прайшоў невялікі творчы канцэрт, удзельнікамі якога сталі калектывы і салісты Палаца культуры вобласці, а таксама заслужаны калектыў Беларусі «Магілёўская гарадская капэла» і заслужаны аматарскі калектыў Беларусі ўзорны эстрадны тэатр-студыя «Вясёлка».


Мікалай Шарснёў: атрыманне пашпарта — гэта адказнасць перад дзяржавай

Аб гістарычным і асабістым значэнні пашпарта грамадзяніна краіны як першага кроку ў дарослае жыццё і старту ў соцыуме распавёў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў падчас акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!».

На ўрачыстым уручэнні дзяржаўных пашпартоў 11 лепшых навучэнцаў Віцебскай вобласці школьнікі пацікавіліся, што ў разуменні губернатара ўяўляе сабой гэты дакумент. «Акрамя таго, што гэта самы важны дакумент у жыцці чалавека любой краіны, пашпарт з’яўляецца часткай гісторыі. Атрымліваючы яго, вы становіцеся на шлях дзяржаўнага мыслення. Пашпарт — гэта нашы людзі, гэта глыба гісторыі, усіх нацыянальных дасягненняў і сукупнасць падзей, якія перажыў народ. Зараз, калі вы сталі ўладальнікамі такога важнага дакумента, вы павінны ацэньваць кожнае сваё дзеянне з пункту гледжання той адказнасці, якую несяце не толькі перад сабой і сваімі блізкімі, але і перад усёй дзяржавай. Гэты дакумент стане для вас першым крокам у дарослае жыццё, дасць вам старт у грамадства, таму памятайце, што на вас глядзяць як на будучыню нашай краіны — лепшую будучыню», — адзначыў Мікалай Шарснёў.

Рабятам Мікалай Шарснёў пажадаў быць моцнымі, мужнымі, стаць высакакласнымі спецыялістамі і адчуваць сябе адзіным цэлым з беларускай зямлёй і народам.

У Віцебскай вобласці падчас акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!» самы важны ў жыцці дакумент атрымаюць больш за 300 юных беларусаў.


Аляксандр Турчын уручыў пашпарты 23 навучэнцам Мінскай вобласці

Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын на ўрачыстым мерапрыемстве ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўручыў пашпарты 23 навучэнцам з усіх раёнаў Мінскай вобласці.

«Сёння на мерапрыемстве сабралі найбольш актыўных і таленавітых юнакоў і дзяўчат рэгіёну. Прыемна, што яны ўжо цяпер паспяхова робяць крокі ў творчым і прафесійным развіцці: дамагаюцца першых перамог у навуцы, паспяхова рэалізуюць грамадскія і сацыяльныя праекты, — распавёў Аляксандр Турчын. — Мінская вобласць па праве ганарыцца многімі маладымі людзьмі, якія падаюць вялікія надзеі. Гэта вельмі добрыя спецыялісты, выдатныя арганізатары, таленавітыя мастакі і музыкі, заваёўнікі спартыўных вышынь, а таксама тыя, хто проста ўважлівы да навакольнага свету і людзей, паважае гісторыю краіны і працягвае традыцыі свайго народа. З такой моладдзю старэйшае пакаленне можа быць спакойна за Беларусь».


Уладзімір Каранік: пераемнасць пакаленняў — залог устойлівага развіцця краіны

Для ўстойлівага развіцця краіны неабходна пераемнасць пакаленняў. Такое меркаванне сёння ў час сустрэчы з маладымі жыхарамі рэгіёну выказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

Сёння ў рэгіёне прайшлі сустрэчы з моладдзю, цырымоніі ўручэння пашпартоў юнакам і дзяўчатам. Адна з такіх сустрэч адбылася ў незвычайным фармаце. Лепшыя вучні, актывісты, пераможцы творчых і спартыўных конкурсаў пабывалі з экскурсіяй у Гродзенскім аблвыканкаме.

«Для ўстойлівага развіцця краіны неабходна пераемнасць пакаленняў. І вельмі важна паказваць маладым людзям, наколькі яны важныя для будучыні Беларусі, знаёміць іх з тым, як уладкаваня праца прадпрыемстваў, арганізацый, органаў дзяржкіравання», — адзначыў Уладзімір Каранік. Ён падкрэсліў, што такія сустрэчы таксама дазваляюць даведацца больш пра праблемы, якія хвалююць моладзь, зразумець, што неабходна зрабіць для яе развіцця, дапамогі ў дасягненні мэтаў.

Уладзімір Каранік адзначыў: у краіне вялікая ўвага надаецца падтрымцы моладзі ў прыватнасці і сацыяльнай сферы ў цэлым. На ахову здароўя, адукацыю, культуру і спорт накіроўваецца каля 70% бюджэту рэгіёну. Усё гэта, па словах старшыні аблвыканкама, інвестыцыі ў будучыню рэгіёну і краіны.

Госці прынялі ўдзел у аператыўнай нарадзе аблвыканкама, пазнаёміліся з работай розных структурных падраздзяленняў, пабывалі ў кабінеце кіраўніка вобласці, сустрэліся з яго намеснікамі.

Уладзімір Каранік уручыў маладым людзям пашпарты і кнігі «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Таксама падчас экскурсіі дзеці атрымалі сувеніры ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.


Максім Рыжанкоў: Канстытуцыя адлюстроўвае менталітэт беларускага народа

​Канстытуцыя Беларусі адлюстроўвае менталітэт нашага народа. Такое меркаванне выказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў сёння ў час цырымоніі ўручэння пашпартоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь у Кобрыне.

«Сёння вялікае свята для краіны — Дзень Канстытуцыі нашай дзяржавы. Асноўны закон з’яўляецца адлюстраваннем менталітэту нашага народа, вызначае напрамкі прававога рэгулявання. Асноўныя пастулаты Канстытуцыі складаюцца ў тым, што галоўнай каштоўнасцю дзяржавы з’яўляецца чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх выканання. Пры гэтым важна разумець, што Канстытуцыя таксама вызначае і круг абавязкаў кожнага грамадзяніна. І вось сімбіёз гэтых правоў і абавязкаў робіць Канстытуцыю самым галоўным дакументам для кожнага з грамадзян, вызначае развіццё дзяржавы», — адзначыў Максім Рыжанкоў.

Усебеларуская акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі» прайшла ў Палацы культуры Кобрына. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі ўручыў пашпарты 19 навучэнцам школ горада і раёна. Сярод іх — выдатнікі вучобы, пераможцы і ўдзельнікі розных конкурсаў і алімпіяд, лідары грамадскага руху, лепшыя спартсмены.

Акрамя таго, 20 лепшым школьнікам сёння ўручылі моладзевыя білеты БРСМ. З сказанымі на дарогу словамі да юнакоў і дзяўчат таксама звярнуліся намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк і старшыня Кобрынскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.

Запрошаныя на ўрачыстасць госці выказалі ўпэўненасць, што маладыя людзі вырастуць сапраўднымі патрыётамі і заўсёды будуць адчуваць падтрымку сваёй краіны.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.