Вы тут

«Ціхае» паляванне на няўдобіцы. Першую партыю шампіньёнаў сабралі на новай грыбной фабрыцы пад Гроднам


Беларускі інвестпраект рэалізаваны за дзесяць месяцаў. Яго канчатковая магутнасць — 780 тон грыбоў у год. Пакуль задзейнічана палова плошчаў, але ўжо ў найбліжэйшы час тут спадзяюцца выйсці на поўны вытворцы цыкл. Гэта дазволіць не толькі забяспечваць мясцовы рынак, але і прадаваць грыбы за мяжу, у прыватнасці, у Расійскую Федэрацыю. Наколькі перспектыўны гэты бізнес і з якімі асноўнымі рызыкамі можа сутыкнуцца прадпрыемства? Карэспандэнт «Звязды» пабывала на грыбной фабрыцы «Фішка Плюс» і сустрэлася з яе кіраўніцтвам.


Назад ходу няма

Апошнім часам у бізнесу ёсць шырокі інтарэс да грыбной справы — вытворчыя модулі з'яўляюцца даволі часта. Але не ўсе працуюць стабільна. Як аказалася, перспектыва ў грыбной справе не заўсёды трывалая, а вось рызыкі — хоць адбаўляй. Напрыклад, у Гродзенскім раёне новая фабрыка «Фішка Плюс» па ліку ўжо трэцяя, але толькі тут атрымліваюць ураджай. Астатнія хоць і ўступілі ў дзеянне нядаўна, амаль не працуюць. Ці не сутыкнецца з такой праблемай новы вытворца?

Дырэктар Гродзенскай грыбной фабрыкі Станіслаў Шарэль згаджаецца, што рызыка ёсць, як і ў кожным бізнесе. Асабліва ў плане збыту. Але паколькі праведзена вельмі вялікая і затратная работа, назад, як кажуць, ходу няма. І хоць сам працэс устаноўкі модуля даволі хуткі — з усёй інфраструктурай на гэта спатрэбілася менш чым год — яшчэ столькі заняла падрыхтоўчая работа. Напрыклад, амаль год чакалі рашэння па выдзяленні ўчастка.

— Гэта вельмі зацягнула працэс. І быццам бы ўсе імкнуліся дапамагчы, але ў кожнай інстанцыі дакументы разглядаліся не менш за месяц, а такіх інстанцый нямала. Многа і розных узгадненняў. Кожнае — па месяцы, вось і набег год, — расказвае дырэктар.

Пляцоўкай, якую прапанавалі мясцовыя ўлады, заснавальнікі фабрыкі задаволены. І хоць участак прыйшлося ачышчаць ад хмызнякоў, інжынерная інфраструктура была зусім побач і не патрабавала значных намаганняў. Ды і да Гродна недалёка — крыху больш за дзесяць кіламетраў. А гэта зручная лагістыка для збыту прадукцыі і падвозу кадраў. Праўда, на той час у раёне якраз пачалі будавацца яшчэ дзве фабрыкі грыбоў, але новыя заснавальнікі не баяліся канкурэнцыі. Маўляў, месца на рынку хопіць усім, асабліва пры магчымасці экспарту.

Поўная аўтаматыка і першы ўраджай

Бываць на грыбной фабрыцы мне даводзілася і раней. Для нашай краіны і для Гродзеншчыны гэта вытворчасць перастала быць экзотыкай. Разам з тым, кожнае новае прадпрыемства стараецца ўдасканаліць работу нейкімі новымі механізмамі. Напрыклад, на Гродзенскай фабрыцы «Фішка Плюс» працуе аўтаматычная лінія, якая поўнасцю выключае ўдзел чалавека. Гэта машына робіць загрузку кампосту, размяркоўвае яго па паліцах, пры неабходнасці разрыхляе. Калі закладка завершана, бокс зачыняецца.

— Першы грыб ідзе на 17-ы дзень. Але асноўная мэта — вырасціць моцны сярэдніх памераў грыб 1-га гатунку. І яшчэ арыентуемся на заказчыка, яго запросы, пяць-шэсць сантыметраў у дыяметры — гэта класіка. Такі грыб і па вазе, і па якасці найбольш спелы, — тлумачыць тэхнолаг Анастасія Алешчык.

У адрозненне ад лясных грыбоў, якія акумулююць у сабе ўвесь негатыў навакольнага асяроддзя — цяжкія металы, радыяцыю — шампіньёны лічацца чыстымі. Іх тут нічым не паліваюць, акрамя вады. Спецыялісты нават на смак вызначаюць кандыцыю. Ды і на выгляд грыбы з градкі выглядаюць апетытна.

Вядома, поўная аўтаматыка — справа не танная, але дазваляе захаваць усе патрэбныя параметры, упэўнены на прадпрыемстве. Клімат-кантроль, вільготны рэжым — усё робяць механізмы згодна з камп'ютарнай праграмай, якой можна кіраваць аддалена, нават з Нідэрландаў, паколькі ўсе механізмы менавіта іх вытворчасці. А вось модуль спраектаваны брэсцкай кампаніяй, якая мае вопыт у грыбной справе. Цяпер выдаткі ідуць у асноўным на закупку сыравіны. Міцэлій паступае з-за мяжы, торф — з Баранавіч. Мяркуецца, што і саму грыбніцу будуць у хуткім часе выпускаць беларусы.

— Гэта дазволіць у значнай ступені зменшыць выдаткі на яе закупку, бо кампост — аснова ўраджаю, — падкрэсліў дырэктар. — Пакуль у нас такой тэхналогіі няма, але брэсцкая фірма будуе ў Кобрыне кампосны завод і плануе запусціць сёлета. Канешне, мы хутчэй за ўсё пяройдзем на беларускі кампост. Лагістыка будзе таннейшая, чым везці з-за мяжы. А гэта вельмі значны пакет затрат.

Падлічылі, што аб'ект павінен акупіць сябе за сем гадоў. Пакуль фабрыка толькі-толькі ўступіла ў дзеянне. Мяркуецца, што пры поўнай загрузцы тут атрымаюць каля 800 тон грыбоў у год.

Грыбавод — прафесія рэдкая

Адзінае, што на фабрыцы робіцца ўручную — гэта збор ураджаю. Але гэта вельмі важны складнік вытворчага ланцужка, таму і падбор персаналу вядзецца адпаведны. Тых, хто жадае працаваць, адпраўляюць набрацца вопыту да грыбаводаў іншых фабрык.

На зборы грыбоў задзейнічаны толькі жанчыны. Вядома, тут гатовы браць і мужчын, некаторыя нават праяўлялі цікавасць, але далей справа не пайшла. Відаць, не могуць мужчыны выконваць такія манатонныя дзеянні. Але тыя, хто прыйшоў, зацікаўлены ў рабоце. Ёсць жанчыны з мясцовых вёсак, хтосьці ездзіць з Гродна. З гэтай мэтай заключаны дагавор з маршрутнымі перавозчыкамі. Калі фабрыка запрацуе на поўную магутнасць, колькасць грыбаводаў павялічыцца ўдвая.

На фабрыцы не ўтойваюць — цякучка хоць невялікая, але ёсць. Бо не кожнаму чалавеку дадзена сабраць грыб. Гэта манатонная работа, і ў той час вельмі хуткасная — павінна быць добра развітая дробная маторыка. Таму нават па тэмпераменце чалавека можна вызначыць, падыдзе яму гэта праца ці не — флегматыкі тут наўрад ці ўпішуцца. Не падыдуць і жанчыны з доўгімі пазногцямі, бо могуць пашкодзіць далікатны прадукт.

Зараз са зборам грыбоў спраўляецца каля дваццаці чалавек. Літаральна на днях грыбаводы прыступяць да збору другой партыі ўраджаю. Напачатку зразаюцца малыя грыбы, а ўжо на другой і трэцяй хвалях — усе астатнія.

— Галоўнае ў нашай вытворчасці — гэта збыт, — каторы раз зазначае дырэктар Станіслаў Шарэль. — Лічу, што трэба да гэтай справы падключыцца і перапрацоўцы. Мы вядзём перагаворы з Гродзенскім кансервавым заводам, прапануем ім браць нашу прадукцыю для вырабу салянак ці марынаваць. Але пакуль адказу з іх боку не атрымалі. Самім займацца перапрацоўкай складана з-за дарагой тэхналогіі.

Вядома, маладому прадпрыемству даводзіцца вытрымліваць канкурэнцыю з боку іншых фабрык, напрыклад, Брэстчыны, дзе адны з першых у краіне заняліся гэтай справай і нарасцілі значныя аб'ёмы. Гродзенская фабрыка мае свой, мясцовы, рынак. Па большасці забяспечваецца Гродзенскі раён, што зручна па лагістыцы, развозяцца ўпакоўкі і па вобласці.

— У нас бяруць прадукцыю каля дзясятка гандлёвых прадпрыемстваў. Есць і аб'екты харчавання. Заяўку выконваем на працягу сутак. Гэта важна, бо тэрмін рэалізацыі грыба абмежаваны — усяго 21 дзень, — зазначыў суразмоўнік.

Пакуль грыбаводы спадзяюцца толькі на сябе. Зараз на фабрыцы шукаюць магчымасць выхаду на расійскі рынак, і пэўныя дамовы ўжо ёсць. Справа — за пакетам дакументаў. Між тым падчас прыняцця абласной праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку гаварылася і аб новым імпульсе ў грыбной справе. Гэта важна і для спажыўца, які хоча атрымаць свежую прадукцыю ад уласнага вытворцы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Мікалая ЛАПІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».