Вы тут

Пагроза для Антарктыкі: як яе папярэдзіць?


У НАН Беларусі атрыманы першыя дэталёвыя ацэнкі ўзроўняў антрапагеннага ўздзеяння навуковых станцый на паветранае асяроддзе ледзянога кантынента. Загадчык лабараторыі трансгранічнага забруджвання Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук Сяргей Какарэка ацаніў выкіды забруджвальных рэчываў і парніковых газаў ад асноўных іх наземных крыніц у Антарктыцы — дызель-генератарных установак круглагадовых і сезонных навуковых станцый.


Фота ct.by

Антарктыка — самы чысты кантынент на планеце. Ён патрабуе комплексу прыродаахоўных мер пры планаванні і ажыццяўленні навуковай дзейнасці, якая дазволена тут у адпаведнасці з Дагаворам аб Антарктыцы. У цяперашні час на Паўднёвым полюсе Зямлі налічваецца каля 70 круглагадовых і сезонных навуковых станцый, на якіх пражывае зімой блізу 1000 чалавек. А летам насельніцтва Антарктыды павялічваецца да 5000 чалавек. Беручы пад увагу ўнікальную чысціню кантынента, уздзеянне станцый на прыроднае асяроддзе Антарктыды не можа не ўлічвацца.

У даследаваннях прафесара Сяргея Какарэкі паказана, што антарктычныя станцыі вельмі розныя па ўзроўні выкідаў. Па іх значэннях яны былі падзелены на 7 груп. Пры гэтым устаноўлена, што на 12 найбуйнейшых станцый прыпадае больш за 3/4 усіх выкідаў на кантыненце. Згодна з атрыманымі вынікамі, 41 працэнт выкідаў прыпадае на Усходнюю Антарктыду, а 59 працэнтаў — на Заходнюю. Найбольш высокая шчыльнасць выкідаў — на Паўднёвых Аркнейскіх астравах і Зямлі Адэлі.

Праведзеныя даследаванні паслужаць асновай для далейшага ўдасканалення ацэнак, мадэлявання і прагнозу антрапагенных уздзеянняў і іх наступстваў у Антарктыцы. Іх вынікі былі апублікаваныя ў апошнім нумары аўтарытэтнага міжнароднага часопіса Advances іn Polar Scіence.

За колькаснае мадэляванне распаўсюджвання аэразольна-газавых прымесяў у атмасферы Беларускай антарктычнай станцыі і выяўленне тэндэнцый іх змены за трыццацігадовы перыяд загадчык лабараторыі трансгранічнага забруджвання Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Сяргей Какарэка стаў пераможцам конкурсу Топ-10 вынікаў дзейнасці вучоных Акадэміі навук за 2020 год у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?