Вы тут

На Палессі сёлета рыхтаваліся да паводкі, але працэс пайшоў роўна і без нечаканасцяў


Сёлетняя зіма адзначылася вялікім снегам, у тым ліку і ў Палескім рэгіёне. Таму з лютага тут пачалі рыхтавацца да магчымай паводкі. Раённыя аддзелы МНС правялі сустрэчы і гутаркі з насельніцтвам, выдалі неабходныя рэкамендацыі, падрабязныя інструкцыі па падрыхтоўцы жылля і прысядзібных участкаў да магчымай надзвычайнай сітуацыі.


Фота: media-polesye.by

Асабовы склад і спецтэхніка падраздзяленняў ратавальнікаў да магчымай паводкі былі падрыхтаваныя з зімы. Для адпампоўвання вады ў Століне былі гатовыя дзве помпавыя станцыі. На выпадак эвакуацыі насельніцтва альбо падвозу прадуктаў тут заўсёды могуць быць задзейнічаны катар, усюдыход і іншая тэхніка. Асаблівую небяспеку ўяўляе сабой магчымае забруджванне вады ў калодзежах і свідравінах пры паводцы, аб чым насельніцтва своечасова папярэджваюць спецыялісты. Мясцовым жыхарам настойліва рэкамендавалі прыбраць смецце з падворкаў, абсталяваць накрыўкамі калодзежы, заткнуць любыя дзіркі ў будынках, ачысціць і прадэзынфіцыраваць выграбныя ямы. Мясцовая ўлада, адпаведныя службы папярэджвалі насельніцтва, што вялікай паводкі можа і не здарыцца, але быць да яе гатовымі неабходна.

Таму, напрыклад, на гідралагічны пост «Вітаравічы» на рацэ Гарынь у Столінскім раёне двойчы за суткі прыходзіць работнік, каб вымераць узровень вады. Гэты пост — своеасаблівыя водныя вароты раёна. Тут сустракаюць першую ваду з тэрыторыі Украіны.

Начальнік аддзела гідралогіі і аграметэаралогіі «Брэстаблгідрамета» Міхаіл КОЗЫРАЎ паведаміў карэспандэнту газеты, што паводка гэтай вясной адпавядае сярэднім шматгадовым значэнням, і сёлета наравістая Гарынь, самая паводкаванебяспечная рака Брэстчыны, мяркуючы па ўсім, не прынясе сюрпрызаў. Міхаіл Іванавіч адзначыў, што служба гідрапрагназавання Белгідрамета дала дакладны прагноз па Гарыні, у тым ліку пра знаходжанне ракі на піку паводкі.

— Гэта мы і назіраем зараз. За дзень 10 сакавіка ўзровень вады падняўся на 11 сантыметраў і дасягнуў адзнакі 462. А за пяць наступных дзён вада ўзнялася ўсяго на 4 сантыметры. Гэта значыць, паводка знаходзіцца на піку, за якім узровень пачне памалу зніжацца. Такой сітуацыі паспрыяла надвор'е. Не здарылася рэзкага пацяплення. У начны час некалькі тыдняў трымаецца адмоўная тэмпература. Таму вада прыбывала не хутка, а паступова. Такая абстаноўка нават Гарыні, як бачым, не дала «разгуляцца».

На другіх рэках Брэстчыны паводка таксама ў межах шматгадовых значэнняў. На Прыпяці ваганні ўзроўню блізкія да сярэдніх, як і ў басейне Заходняга Буга.

— Паводка павінна быць вясною, так задумана прыродай, гэта, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і залог добрага ўраджаю, — падкрэсліў Міхаіл Козыраў.

Варта адзначыць, што палешукі прывыклі да паводак. Проста бясснежныя і цёплыя зімы апошніх гадоў крышку прытупілі пільнасць. Ну і, вядома, ніхто не хацеў бы такіх паводак, якія па маштабах набліжаюцца да стыхійных бедстваў. Такімі былі паводкі 1974 года, калі залівала цэлыя населеныя пункты і даводзілася па вуліцы плаваць на лодках. У 1979 годзе Давыд-Гарадок на некаторы час аказаўся нават адрэзаным ад усяго свету. Апошняя значная паводка здарылася ў Палескім рэгіёне ў 1999 годзе. Тады поўнасцю злілося міжрэчча Прыпяці і Ясельды. Вёскі аказаліся на астравах, а ўзараную глебу змывала цячэннем, цэлыя тарфяныя палі плавалі. Вялікая вада была і ў 1958 годзе, у літаратуры можна знайсці звесткі пра сапраўдны палескі патоп 1845-га. Таму да паводкі трэба заўсёды быць гатовым.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Наравістая Гарынь: сюрпрызы адмяняюцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?