Вы тут

На Мазыршчыне ўсталявалі новы апарат камп’ютарнай тамаграфіі і адкрылі выратавальную станцыю


На Мазыршчыне адсвяткавалі наваселле новай выратавальнай станцыі і правялі першыя даследаванні на новым апараце камп'ютарнай тамаграфіі.


Пачатак работы ў Мазырскай гарадской бальніцы новага камп'ютарнага тамографа — доўгачаканая падзея для медыкаў і іх пацыентаў. Важна, што набыццё сучаснага медабсталявання дазволіць павысіць даступнасць і якасць аказання медыцынскай дапамогі не толькі для жыхароў Мазыршчыны, але і для насельніцтва ўсяго рэгіёна Прыпяцкага Палесся. Апарат камп'ютарнай тамаграфіі набыты за кошт пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця ў мэтах барацьбы з COVІD-19. Гэта адзін з 25 КТ-апаратаў, якія закуплены для Беларусі. Між тым, новы камп'ютарны тамограф для Мазырскай установы аховы здароўя — апарат Sіemens на 64 зрэзы.

— Гэта другі рэнтгенаўскі камп'ютарны тамограф у бальніцы. Першы апарат КТ эксплуатуецца з 2007 года, ён тэхнічна састарэў, — удакладніў загадчык рэнтгенаўскага аддзялення Мазырскай гарадской бальніцы Сяргей Пунько. — Для ўстаноўкі новага абсталявання правялі рэканструкцыю памяшканняў. Сучасны КТ дазваляе праводзіць каля 40 даследаванняў у змену. Час на іх правядзенне значна скароціцца. Плюс ёсць набор праграм, якія дазволяць прымяняць розныя методыкі, каб больш якасна выяўляць захворванні.

Урач-рэнтгенолаг гарадской бальніцы Настасся Часнакова тры з паловай гады таму прыехала ў Мазыр па размеркаванні. Для работы на новым абсталяванні спецыяліст прайшла адмысловае навучанне. Кажа, што працаваць на апараце такога класа — сапраўднае задавальненне. Яна растлумачыла, што інтэлектуальныя алгарытмы камп'ютарнага тамографа з лёгкасцю ажыццяўляюць шмат задач, якія раней спецыяліст павінен быў рабіць уручную. Працэс работы становіцца прасцей, хутчэй, камфортней для пацыентаў.

З доўгачаканым набыццём сучаснага абсталявання ўрачоў і іх пацыентаў павіншавалі старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама Мікалай Кудзяньчук і старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка.

Кіраўнік рэгіёна падзякаваў медыкам за самаадданую работу ў няпростых эпідэмічных умовах.

— Здароўе кожнага чалавека для нас у прыярытэце. Без здаровай нацыі немагчыма паспяховае развіццё эканомікі. Падчас наведвання аб'ектаў аховы здароўя мы ў першую чаргу звяртаем увагу на медыцынскае абсталяванне, на недахопы, якія варта ліквідаваць, укладваем у гэтую галіну сродкі. І мы разумеем, што сітуацыя з COVІD-19 патрабуе дадатковых укладанняў, — адзначыў Генадзь Салавей.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама звярнуў увагу, што ў хуткім часе на Гомельшчыне завершыцца ўстаноўка новых камп'ютарных тамографаў у Калінкавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы і ў Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы № 3. Новымі апаратамі КТ плануюць забяспечыць Гомельскую абласную і гарадскую клінічную бальніцы № 1, Чачэрскую цэнтральную раённую бальніцу.

Між тым, летась у рэгіёне для Мазырскай бальніцы было набыта медыцынскае абсталяванне амаль на два мільёны рублёў. Закуплены апараты ўльтрагукавой дыягностыкі, штучнай вентыляцыі лёгкіх, санітарны аўтатранспарт і многае іншае.

— Медыцына — тая сфера, якой у нашым раёне аддаецца асобная ўвага. Толькі ў 2020 годзе ва ўстановы аховы здароўя было накіравана чатыры мільёны рублёў. Работа па ўдасканаленні сістэмы аховы здароўя горада і раёна будзе працягнута і сёлета, — падкрэсліла старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка.

Словы падзякі ў бок выканаўчай улады за фінансавую падтрымку выказала галоўны ўрач Мазырскай цэнтральнай гарадской паліклінікі Наталля Цішкова. Яна падкрэсліла, што сучасны тамограф павысіць даступнасць і якасць аказання медыцынскай дапамогі на міжраённым узроўні для ўсяго Палескага рэгіёна. У Мазырскую бальніцу звяртаюцца па дапамогу не толькі жыхары горада, але і сямі раёнаў вобласці — Ельскага, Жыткавіцкага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага, Нараўлянскага, Петрыкаўскага, Хойніцкага. Да таго ж ва ўмовах лячэння пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй новы апарат КТ — дадатковы інструмент дыягностыкі захворванняў лёгкіх.


Яшчэ адно адкрыццё доўгачаканага сацыяльна важнага аб'екта адзначылі на Мазыршчыне. Так, у райцэнтры адкрыты новы будынак берагавой станцыі Таварыста ратавання на водах. Яе спецыялісты клапоцяцца пра бяспеку людзей на вадзе на адным з найбуйнейшых пляжаў на тэрыторыі Гомельскай вобласці.

Новы аб'ект на беразе Прыпяці адказвае ўсім сучасным патрабаванням. Аналагаў гэтай выратавальнай станцыі ў рэгіёне сёння няма, звярнуў увагу старшыня Гомельскай абласной арганізацыі таварыста ратавання на водах Павел Новік.

Дарэчы, з'яўленне новага будынка Мазырскай выратавальнай станцыі — сапраўды доўгачаканая падзея. Яго будаўніцтва пачалося яшчэ ў пачатку 2000-х, але пасля на доўгі час работы прыпыніліся. Летась Гомельскі аблвыканкам прыняў рашэнне працягнуць фінансаванне аб'екта.

Падчас цырымоніі адкрыцця выратавальнай станцыі старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей падкрэсліў, што няма нічога даражэйшага за жыццё чалавека, таму вялікая ўвага і ў рэгіёне, і ў краіне аддаецца таму, каб не дапусціць гібелі людзей ад знешніх прычын:

— Як следства комплекснай работы ўсіх зацікаўленых службаў і ведамстваў, за 2020 год у Гомельскай вобласці намецілася ўпэўненая тэндэнцыя да зніжэння гібелі людзей, — адзначыў губернатар.

Летась у вобласці быў выратаваны 41 чалавек, з іх 10 непаўналетніх. Папярэджана 1712 няшчасных выпадкаў.

Між тым, у раёне дзеяння Мазырскай выратавальнай станцыі больш за 10 гадоў не было ніводнага выпадку гібелі.

— З 66 выратавальных станцый, якія ёсць у краіне, 15 знаходзяцца на тэрыторыі Гомельскай вобласці, і Мазырская — адна з тых, якія здольныя вырашаць цэлы комплекс пытанняў, у тым ліку і па падрыхтоўцы спецыялістаў, — падкрэсліў старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах Анвар Ігамбердыеў.

Штат Мазырскай выратавальнай станцыі — два дзясяткі кваліфікаваных супрацоўнікаў. Гэта вадалазы, матросы-ратавальнікі, матарысты і медыкі. Яны забяспечаны ўсім неабходным для нясення службы. У новым будынку станцыі для супрацоўнікаў уладкаваны пакой для псіхалагічнай разгрузкі, памяшканне для прыёму ежы, трэнажорная зала і вучэбны клас.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Падарункі для Мазыршчыны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».