Вы тут

«Валютная выручка, якая паступае ў краіну дзякуючы кампаніям ПВТ, стала значным фактарам фінансавай і цэнавай устойлівасці»


У Палацы Незалежнасці абмяркоўваюць удасканаленне заканадаўства з мэтай прыцягнення сусветнага капіталу ў беларускую ІТ-сферу.


Напрыканцы мінулага тыдня ў эфіры «Беларусь 1» кіраўнік Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі распавёў пра рэкордныя дасягненні ўстановы летась. Паводле яго слоў, мінулы год для ПВТ аказаўся самым паспяховым за ўсю гісторыю. Экспарт рэкордны — 2,7 мільярда долараў, агульны аб’ём вытворчасці — 7,4 мільярда долараў. Усевалад Янчэўскі адзначыў, што галоўны вынік работы ПВТ нават не рост аб’ёмаў вытворчасці і экспарту, а павелічэнне колькасці новых рэзідэнтаў. За год іх колькасць перавышае дзве сотні.

Ужо праз некалькі дзён размовы пра IT-галіну перанесліся з тэлебачання ў Палац Незалежнасці. На нарадзе Прэзідэнт са старшынёй КДК Васілём Герасімавым, старшынёй праўлення Нацбанка Паўлам Калаурам, першым намеснікам прэм’ер-міністра Мікалаем Снапковым, намеснікам кіраўніка сваёй Адміністрацыі Дзмітрыем Крутым, начальнікам Аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэем Паўлючэнкам, першым наменсікам старшыні КДБ Сяргеем Церабавым абмяркоўваў праекты прававых актаў, накіраваных на прадухіленне незаконных фінансавых аперацый у сферы высокіх тэхналогій.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яшчэ нейкія два дзясяткі гадоў таму фінансы і ІТ-індустрыя жылі кожны сваім жыццём, але сёння сусветныя тэндэнцыі такія, што «лічба» ў літаральным сэнсе пранікае ў кожны дом. Па яго словах, дзеянні, а часам і проста публічныя заявы кіраўніцтва лічбавых гігантаў сталі істотна ўплываць на традыцыйныя галіны — аўтамабілебудаванне, транспарт, лагістыку, паслугі, касмічныя распрацоўкі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў некаторых краінах інструменты ІТ-карпарацый актыўна і непрыхавана выкарыстоўваюцца ў палітычных працэсах — тыя, хто выпусціў усе гэтыя працэсы з-пад кантролю, зараз пажынаюць плады.

«Сёння мы падрабязна разгледзім адну з сфер, куды лічбавая трансфармацыя пракралася вельмі глыбока, — гэта фінансавыя адносіны. Выкарыстанне лічбавых знакаў (токенаў) і крыптавалют стала штодзённым у многіх краінах свету. Іх прымаюць у якасці дадатковага плацёжнага сродку нароўні з традыцыйнымі грашыма. У 2017 годзе мы першыя ў свеце спецыяльным Дэкрэтам стварылі прававыя ўмовы для развіцця гэтых тэхналогій у Беларусі. За тры гады напрацавана канкрэтная практыка, атрыманы рэальны вопыт. Як мне дакладваюць, значных злоўжыванняў у гэтай сферы не дапушчана», — сказаў Прэзідэнт.

Разам з тым, працягнуў ён, у свеце ўжо выпрацаваліся пэўныя правілы, накіраваныя на прадухіленне легалізацыі злачынных даходаў, недапушчэнне фінансавання тэрарызму і выключэнне перадумоў да рознага роду крымінальнай дзейнасці.

«Усе гэта ўжо прысутнічае ў свеце, і мы недалёка ад гэтага. Таму Урад, Камітэт дзяржаўнага кантролю, Нацбанк мяркуюць, што трэба ўдакладніць некаторыя палажэнні заканадаўства і ўсталяваць неабходны ўзровень кантролю над новай сферай фінансавых аперацый», — адзначыў кіраўнік краіны.

Таксама, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, лічбавыя тэхналогіі неабходна разглядаць з пазіцыі не толькі пагроз, але і магчымасцяў для развіцця. «Тым, хто пачне крычаць, што мы тут заціскаем, зачыняем, амаль што на ІТ зноў наступаем, на фінансавы рынак, хачу сказаць: размова ідзе аб цывізізаваным кантролі, з аднаго боку. А з другога боку — мы хочам скарыстацца момантам і выкарыстаць для нашага развіцця гэты сегмент. Тое, што ў нас зроблена, — ужо нямала. У краіне з'явілася новая і вельмі эфектыўная галіна эканомікі. Кампаніі, якія працуюць у Парку высокіх тэхналогій, па большасці эканамічных паказчыкаў значна апярэджваюць традыцыйныя галіны. І валютная выручка, якая паступае ў краіну дзякуючы іх рабоце, стала значным фактарам фінансавай, а значыць, і цэнавай устойлівасці», — канстатаваў Прэзідэнт.

Ён у той жа час прапанаваў паглядзець шырэй: у ковідны перыяд мінулага года краіны — сусветныя лідары надрукавалі трыльёны долараў для захавання сваёй эканомікі, падтрымкі бізнесу і людзей. «Нядаўна амерыканцы адобрылі аб’ём 1,9 трыльёна долараў для падтрымкі сваёй эканомікі. То бок проста надрукавалі грошы. Я думаю, нам асуджаць іх за гэта не трэба. Гэта падтрымка ўсёй сусветнай эканомікі ў гэты складаны перыяд. Але куды хлынулі гэтыя сродкі? Іх сталі ўкладаць у тое, што мае найбольшую перспектыву да росту, прыбытковасці — у ІТ-індустрыю. Сфармаваўся шалёны попыт, і кошт высокатэхналагічных кампаній вырас ад 200 да 800 працэнтаў. Ні адзін (законны) від дзейнасці не можа забяспечыць такі прыбытак. Нават кошт нічым не падмацаванай крыптавалюты дасягнуў рэкордных значэнняў», — дадаў Аляксандр Лукашэнка і працягнуў, што большая частка надрукаваных грошай да гэтага часу не звязана, і гэта кажа пра тое, што ў нас ёсць вялікі патэнцыял росту, калі зможам прыцягнуць іх у нашу краіну пры ўсіх складанасцях.

З гэтай прычыны ён папрасіў удзельнікаў нарады выказаць свае меркаванні аб тым, што і як можна палепшыць у нашым прававым полі, каб незадзейнічаны сусветнай капітал мог знайсці сваё ўжыванне ў беларускім сегменце сусветнага ІТ-рынку.

Яшчэ адзін блок пытанняў нарады тычыўся бягучых праблем лічбавага развіцця краіны. «Рыхтуецца комплексны ўказ. У бліжэйшы час ён будзе дапрацаваны і падпісаны, які дазволіць засяродзіць існуючыя рэсурсы на некалькіх ключавых кірунках, стварыць адзіны орган дзяржаўнага рэгулявання, максімальна выкарыстоўваць вопыт Кітая ў пабудове лічбавага грамадства. Лічу, што рашэнне гэтых пытанняў зацягнулася», — выказаў меркаванне кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што два гады таму вызначыліся: прынцыповыя падыходы выпрацоўваюцца ўрадам, а іншыя дзяржаўныя органы павінны яму дапамагаць.

«Неабходна, каб усе прапановы былі вывераныя і глыбока прапрацаваныя. Улетку мы іх павінны разгледзець на асобнай нарадзе», — рэзюмаваў Прэзідэнт.


Кантралючым органам па дзейнасці крыптабіржаў стане Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій

Пра гэта ў размове з журналістамі расказаў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў. Згодна з агульнаеўрапейскімі правіламі, краіна павінна была замацаваць за дзяржаўным органам кантроль дзейнасці крыптаплатформаў і крыптабіржаў.

«Лагічна, што найбольш кампетэнтны і дасведчаны ў сферы суб’ект — Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій. І ўрад унёс прапанову, каб яна з’яўлялася такім кантралюючым органам па дзейнасці крыптабіржаў лічбавых знакаў. Прэзідэнт падтрымаў прапанову ўрада і, мяркую, у бліжэйшы час такія функцыі будуць нададзены Адміністрацыі Парка», — дадаў Мікалай Снапкоў.

Наконт прыцягнення сусветнага лічбавага капіталу ў беларускую IT-сферу ён адзначыў, што выгады і магчымыя дывідэнты для краіны ад гэтых новых элементаў фінансавага рынку знаходзяцца ў працэсе вывучэння.

«У тым ліку і для гэтага патрэбна кантралюючая функцыя Адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій. Таму што валодаючы сітуацыяй, разумеючы рух лічбавых капіталаў, механізмы і ідэалогію руху Адміністрацыя будзе прапаноўваць магчымасці для развіцця краіны ў рамках глабальнай сеткі крыптабіржаў і лічбавых знакаў. Сказаць зараз, як, калі, колькі гэта будзе і ў якія галіны пойдзе, вельмі складана», — канстатаваў першы віцэ-прэм’ер.

Мікалай Снапкоў прывёў прыклад рэальнай работы ўрада з лічбавымі знакамі. Ён паведаміў, што сёння Белзнешэканамбанк выпускае токены, якія з’яўляюцца каштоўнымі паперамі. Але токены выпускаюцца прасцей і менш звязаны з забяспечанасцю актывамі прадпрыемства.

«Сёння токены — лічбавыя каштоўныя паперы можна выпускаць прасцей і ў больш значных сумах. Гэта робіцца сёння для забеспячэння прадпрыемства інвестыцыйнымі плынямі», — падкрэсліў першы намеснік прэм’ер-міністра.

Па словах Мікалая Снапокава, увагу надалі на нарадзе і стварэнню адзінага органа, які будзе адказваць за развіццё лічбавага грамадства. Прэзідэнт, на яго думку, справядліва адзначыў, што працэс зацягнуты. І ўжо летам сістэмна падыдуць да фарміравання адзінага рэгулятара.

«Другое важнае пытанне — уцягненне ІТ-сферы, рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій у іншыя сферы эканомікі, каб забяспечыць рост вытворчасці і развіцця. Гэтыя тэмы будуць разглядацца летам. Адзначу, што няпростая тэма рэгулятара, і не хацелася б ураду проста змяніць назву, не змяняючы сэнс і сутнасць. Мала стварыць толькі адзіны рэгулятар. Важна стварыць у кожным міністэрстве і галіне вертыкаль кампетэнцый, людзей, якія б разумелі, што неабходна рабіць у лічбавізацыі адпаведных галін», — завяршыў першы віцэ-прэм’ер.

Адказваючы на пытанне карэспандэнтаў наконт магчымасці абнаўлення Дэкрэта аб развіцці лічбавай эканомікі, Мікалай Снапкоў лаканічна дадаў, што «магчыма ўсё, галоўнае, каб было на карысць».

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.