Вы тут

Таямніцы і адкрыцці. Цікавыя навіны з вобласці навукі


З песняй па жыцці

Выяўлены нечаканы спосаб яго падоўжыць

Навукоўцы з Ельскага і Гарвардскага ўніверсітэтаў заявілі, што спевы здольныя падоўжыць жыццё. Пра гэта паведаміла выданне Express.

Спецыялісты растлумачылі, што названы занятак спрыяе зніжэнню артэрыяльнага ціску і паляпшэнню здароўя мозга. Таксама спевы памяншаюць рызыку ўзнікнення дэменцыі і змагаюцца з праявамі дэпрэсіі.

Паводле даследаванняў, спевакі і музыканты дэманструюць больш высокі ўзровень інтэлекту, чым астатнія людзі. Гэта тлумачыцца тым, што спевы дазваляюць задзейнічаць розныя вобласці мозга, насычаючы яго кіслародам, і дапамагаюць зрабіць мысленне больш ясным. Акрамя таго, падчас спеваў у арганізме выпрацоўваюцца эндарфіны, якія ўплываюць на агульны эмацыянальны фон і прымушаюць чалавека адчуваць радасць.

Навукоўцы таксама падкрэслілі, што вакальныя здольнасці не маюць значэння: у вуху знаходзіцца рэцэптар, які называецца сакулюсам, ён рэагуе на створаныя падчас спеваў частоты. Гэты водгук выклікае пачуццё задавальнення незалежна ад гучання мелодыі.


Сляды цара Гераса

Навукоўцы знайшлі ў Тыбеце адбіткі дыназаўраў

Міжнародная група навукоўцаў выявіла амаль сотню адбіткаў лап буйных дыназаўраў, якія жылі ў раёне Тыбецкага нагор'я прыкладна 176—161 мільёнаў гадоў таму ў Сярэдняюрскі перыяд, паведаміла агенцтва Xіnhua.

Навукоўцы з Кітая, ЗША і Германіі знайшлі 99 слядоў у раёне гарадской акругі Чамдо ў Тыбецкім аўтаномным раёне КНР. Адзначаецца, што гэтыя сляды, памер якіх вар'іраваўся ад 22 да 99,3 сантыметра, былі пакінуты вялікімі, сярэднімі і малымі прадстаўнікамі заўраподаў.

Як расказаў кітайскі палеантолаг Сін Ліда, мясцовыя жыхары вераць, што гэтыя сляды належаць легендарнаму тыбецкаму цару Гесару. Ён дадаў, што гэта дапамагло захаваць адбіткі некранутымі.

Аргенцінскія палеантолагі апісалі новы від дыназаўра з пярэднімі канечнасцямі, падобнымі на крылы, але прызначанымі для бегу. Істота атрымала назву аверараптар, яго астанкі былі знойдзеныя яшчэ ў 2013 годзе ў заходняй частцы правінцыі Рыа-Негра, але тады навукоўцы не змаглі класіфікаваць дыназаўра.

У 2018 годзе новая экспедыцыя пад кіраўніцтвам палеантолага Маціяса Мота змагла раскапаць новыя акамянеласці, якія дапоўнілі раней выяўленыя. На падставе аналізу гэтых дзвюх знаходак навукоўцы зразумелі, што перад імі раней невядомы від дыназаўра.


Як утаймаваць апетыт?

Названыя спосабы барацьбы з эмацыянальным пераяданнем

Вядучы дыетолаг і кансультант Enzymedіca UK Мэй Сімпкін вылучыў чатыры такія спосабы на фоне стрэсавых сітуацый.

Паводле слоў спецыяліста, даследаванні прадэманстравалі, што менавіта змяненні ў сістэме прыняцця рашэнняў і імпульснага кантролю прыводзяць да няздольнасці супраціўляцца нездаровай ежы. Дыетолаг адзначыў, што ў сувязі з гэтым варта паклапаціцца пра тое, каб шкодныя прадукты трапляліся на вочы як мага радзей. Напрыклад, маршрут у супермаркеце варта пракласці так, каб не заходзіць у аддзел з кандытарскімі вырабамі.

«Калі вы іх не бачыце, вы з меншай верагоднасцю пакладзяце іх у кошык і, такім чынам, з меншай верагоднасцю будзеце іх есці», — прывёў словы ўрача тэлеканал «360».

Ён таксама заклікаў перад паходам у краму па пакупкі загадзя спланаваць рацыён харчавання на тыдзень і скласці спіс прадуктаў.

Сімпкін таксама звярнуў увагу на тое, што за голад людзі часта прымаюць смагу, таму што пры абязводжванні часта пераключацца на шкодную ежу. Ён параіў часцей піць простую ваду, а таксама не забываць аб гарбаце і супах.

Акрамя гэтага, дыетолаг заклікаў адмовіцца ад частых паходаў у рэстаран і больш гатаваць «з нуля» самастойна, пры гэтым купляючы сырыя прадукты замест паўфабрыкатаў. Не пераядаць на фоне стрэсу, на думку спецыяліста, дапамогуць фізічныя практыкаванні. Ён адзначыў, што яны не толькі павышаюць настрой, але таксама «прыціскаюць» апетыт.


Уся справа ў бабах!

Заяўлена пра карысць пладоў какава для разумовай актыўнасці

Палепшыць разумовую актыўнасць і ўмацаваць крывяносныя сасуды дапамагаюць арганічныя рэчывы флаванол, якія ўтрымліваюцца ў бабах какава. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле, які ў часопісе Scіentіfіc Reports апублікавалі брытанскія і амерыканскія навукоўцы.

У сваім эксперыменце спецыялісты задзейнічалі 18 дарослых людзей без якіх-небудзь захворванняў. Спачатку падыспытным давалі какаву з павялічанай порцыяй флаванолаў, а затым са зніжанай. Пасля ўжывання напою ўдзельнікі павінны былі падыхаць паветрам з вуглякіслым газам, што дазволіла крыві данесці да мозга павышаную долю кіслароду.

Паралельна ўдзельнікам выпрабавання было прапанавана вырашаць лагічныя задачы. У ходзе эксперымента навукоўцы вымяралі ўзровень кіслароду ў франтальнай частцы кары галаўнога мозга ўдзельнікаў.

Высветлілася, што ўдзельнікі эксперымента лепш спраўляліся з пастаўленымі задачамі пасля прыёму павышанай долі флаванолаў. Удакладняецца, што гэтыя рэчывы ўтрымліваюцца таксама ў гарбаце, вінаградзе і яблыках. Амерыканскія і брытанскія спецыялісты прыйшлі да высновы, што ўжыванне гэтых прадуктаў станоўча адбіваецца на разумовай актыўнасці і ўмацоўвае сценкі сасудаў, а гэта, у сваю чаргу, дазваляе пазбегнуць дэменцыі ў старасці.


Выратаванне ад крывасмокаў

Растлумачана цікавасць кошак да кацінай мяты

Японскія біёлагі высветлілі, што кошак прыцягваюць лісце кацінай мяты і актынідыі ў тым ліку таму, што ў іх утрымліваюцца рэчывы, якія адпужваюць камароў. Пра гэта паведаміла прэс-служба ўніверсітэта прэфектуры Іватэ, піша часопіс Scіence.

«Мы прасачылі за тым, як маскіты паводзілі сябе побач з катамі, частка з якіх актыўна рэагавала на пах актынідыі, а іншыя — не адчувалі яго. Кузуркі пазбягалі кантактаў з першай групай гадаванцаў, гэта сведчыць пра тое, што такая незвычайная асаблівасць паводзін дапамагае кошкам набыць хімічную абарону ад камароў, а таксама іншых крывасмокаў і паразітаў», — кажа прафесар універсітэта прэфектуры Іватэ Масаа Міязакі.

Біёлагі высветлілі, што ў лісці японскіх актынідый змяшчаецца рэчыва непеталактол, назіраючы за тым, як кошкі рэагавалі на экстракты розных арганічных малекул, якія прысутнічаюць у мякаці гэтых раслін. Адзначаецца, што цяга кошак да гэтых раслін была ў першую чаргу звязана менавіта з непеталактолам. Аналагічным чынам яно дзейнічала не толькі на хатніх гадаванцаў, але і на ягуараў, тыграў і іншых буйных дзікіх кошак.

Затым біёлагі вырашылі праверыць, як зменяцца паводзіны кошак, калі заблакаваць работу рэцэптараў, з якімі звязваецца згаданае рэчыва. Эксперымент паказаў, што гадаванцы працягваюць праяўляць цікавасць да вышэйназванага віду расліннасці, але перастаюць характэрным чынам церціся пысай і качацца ў высушаных або свежых лісцях актынідыі.

Гэта падштурхнула навукоўцаў да думкі, што кошкі могуць рабіць гэта не проста так, а з мэтай адпудзіць крывасмокавых кузурак.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Гэты тыдзень вельмі ўдалы ў плане кар'еры і любові. Могуць паступіць прыемныя дзелавыя прапановы. Калі вы сканцэнтраваныя і ўважлівыя, то забяспечаны поспех, прычым такі, на які нават не разлічвалі. Цяпер час выканання жадання, вырашэння праблемы, якая хвалюе даўно. Да канца тыдня прыйдзе адчуванне радасці, спакою і гармоніі.

Грамадства

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Сёння ў кожнага пятага дарослага чалавека ў свеце дыягнастуецца павышаны крывяны ціск.