Вы тут

Масавы старт пасяўной чакаецца пасля 25 сакавіка


На пасяджэнне Прэзідыуму Савета Міністраў абмеркавалі гатоўнасць краіны да вяснова-палявых работ.


Фота: БелТА.

«У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай „Аграрны бізнес“ вытворчасць прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі ў 2021 годзе павінна павялічыцца на 2,4 працэнта ў параўнанні з мінулым годам, — нагадаў удзельнікам пасяджэння прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. — У гэтай сувязі галоўная  задача, якая зараз стаіць перад усёй аграрнай галіной, ад Мінсельгасхарча да выканкамаў, — правядзенне вяснова-пасяўных работ на высокім арганізацыйным і тэхналагічным узроўні».

Кіраўнік ўрада заўважыў, што падобная задача стаіць напярэдадні кожнай пасяўной кампаніі, разам з тым аналіз сітуацыі на цяперашні момант, па яго словах, сведчыць, што не ўсе рэгіёны прымаюць неабходныя для гэтага меры.

«Недастатковымі тэмпамі ідзе назапашванне мінеральных угнаенняў, менш за леташні ўзровень вывезена на палі арганікі, — канстатаваў ён. — Найбольшыя пытанні ўзнікаюць да Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Такі стан недапушчальны. У нас ёсць усе магчымасці для выканання якаснай пастаўкі мінеральных угнаенняў беларускімі хімічнымі арганізацыямі».

На правядзенне вяснова-палявых работ прадугледжаныя бюджэтныя сродкі ў памеры 311 мільёнаў рублёў, льготныя крэдыты банкаў у памеры 561 мільёна рублёў і крэдыты з субсідзіраваннем працэнтнай стаўкі на дзяржзаказ для давання авансаў парадку 250 мільёнаў рублёў, паведаміў прэм’ер.

Акрамя таго, па словах Рамана Галоўчанкі, сёлета ўрад унёс на разгляд кіраўніка дзяржавы прапановы па фінансаванні дадатковай закупкі мінеральных угнаенняў і гаруча-змазачных матэрыялаў на суму да 300 мільёнаў рублёў і выдзяленне дадаткова 57 тысяч тон паліва, вяртанне якога адбудзецца за кошт бюджэту.

«У шэрагу рэгіёнаў узнікаюць складанасці са своечасовай падрыхтоўкай машына-трактарнага парку да вяснова-палявых работ», — адзначыў кіраўнік урада і напомніў, што да 25 сакавіка ўзровень такой гатоўнасці павінен быць не ніжэй за 95 працэнтаў.

Пасяўныя плошчы пад яравы сеў сёлета складуць 2,4 мільёна гектараў, паведаміў журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко. Азімыя пасеяны на плошчы 1,8 мільёна гектараў.

«Мы будзем забяспечваць вытворчасць зерня 8,5 мільёна тон, 5 мільёнаў тон цукровых буракоў, 1,1 мільёна тон бульбы, 700 тысяч тон рапсу, 130 тысяч тон гародніны, 170 тысяч тон пладоў і ягад, 55 тысяч тон льновалакна, — сказаў ён. — На сёння сельскагаспадарчыя арганізацыі рэспублікі на 100 працэнтаў забяспечаныя насеннем для правядзення вяснова-палявых работ. У іх будуць удзельнічаць 37 тысяч механізатараў».

Забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі зараз складае 37 працэнтаў ад патрэбы, дадаў міністр. Разам з тым ён выказаў упэўненасць, што цягам вясны графікі ўнясення ўгнаенняў будуць захаваныя.

Сёлета вясна больш позняя, чым летась, тым не менш работы на палях ужо пачынаюцца (вываз арганікі), масавы старт пасяўной чакаецца пасля 25 сакавіка, сказаў Іван Крупко. Тэхнікі ў краіне дастаткова, каб правесці сеў ранніх зерневых і зерне-бабовых у 10 дзён, запэўніў ён. Пасеў яравога рапсу будзе павялічаны на 5 працэнтаў з улікам попыту рапсавага алею на знешніх рынках, астатнія культуры плануецца пасеяць у леташніх аб’ёмах.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Прэв’ю: photocentra.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».