Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


pixabay.com

У сваёй вёсцы, на сваёй зямлі

«Дзівак», — кажа хто-ніхто пра Аляксандра Ермаловіча і, здаецца, што мае рацыю. Ну сапраўды: у Аляксандра ёсць кватэра ў Мінску (падарунак бацькі), ёсць двухпакаёўка ў Беразіне, а жыве ён апошнім часам у звычайнай сялянскай хаце, у вёсцы Вязькуцін, дзе ні крамы табе, ні школы, ні клуба... А да ўсяго трымае на сваім падворку столькі жыўнасці...

Пасля школы Аляксандр Ермаловіч не марыў пра начальніцкія партфелі ды белыя каўнерыкі. Спачатку падаўся ў будаўнікі — папрацаваў... Не спадабалася. Пайшоў на курсы трактарыстаў і потым, атрымаўшы «дыплом», вярнуўся да сябе на радзіму, стаў незаменным спецыялістам у мясцовай гаспадарцы. Ва ўсякім разе, ва ўмовах сёлетняй зімы з яе завеямі ды сумётамі без Аляксандра ды яго «Амкадора» тут дакладна спынілася б жыццё. А так...

Пад'ём у яго ў пяць гадзін раніцы, бо трэба ж дагледзець трох кароў, двух бычкоў, свіней, гусей, курэй, качак...

Уся гэтая гаспадарка — клопат у асноўным самога гаспадара: ён поіць, доіць і корміць... Заканамернае пытанне, чым?

— На час уборкі Саша штогод перасаджваецца на камбайн, — расказвае яго жонка Вольга. — І такім чынам зарабляе не толькі грошы, авяшчэ і зерне. Да таго ж ён сам засявае пустыя прысядзібныя ўчасткі, садзіць бульбу... У нас вырастае ўсё — толькі старайся. Да таго ж Саша — чалавек таварыскі, многіх выручае сам, многія, калі спатрэбіцца, выручаюць яго...

Іншае пытанне, навошта яму вось гэтак «шчыраваць»? Дзяцей жа не сямёра па лаўках?

У вёсцы, з бацькамі, і сапраўды, толькі двое школьнікаў. Большы сын ужо працуе, дачка жыве і вучыцца ў Італіі.

Дарэчы, тая сям'я, якая прымала дзяўчынку на аздараўленне, запрасіла неяк і яе бацьку — узяць адпачынак і па-сапраўднаму адпачыць.

Аляксандр не сказаць каб узрадаваўся, каб гэтага дужа хацеў, але ж на ўгаворы здаўся — махнуў у тую Італію. Казаў, што ў першыя дні ў ахвоту паляжаў на пляжы, пакатаўся на яхце, а ўжо ў наступныя...

— Лягу спаць і сніцца, што я не па моры плыву, а на камбайне па спелай збажыне. І так ад гэтага радасна, што прачнуся і адразу б, здаецца, дамоў. Не прывык я жыць у абдымках гультайства.

Прывык — у рабоце, у клопатах, у сваёй вёсцы, на сваёй зямлі.

Ніна Бурко, Бярэзінскі раён


У кожнага былі тры справы… І ўсе прыемныя!

З чаго пачынаецца вясна? Вядома ж — з праводзін зімы. У нашым дзіцячым садку Масленіца — ці не самае вясёлае і чаканае свята, бо выхаванцы ведалі пра бліны, якія трэба есці на тыдні, пра пудзіла, якое трэба спальваць... Аднак ведаць — адно, а вось пабачыць ды яшчэ і прычыніцца...

Некалькі дзён дзеці рыхтаваліся да гэтай падзеі, з нецярпеннем чакалі яе. На занятках паслухалі, як раней праводзілі зіму, і добра запомнілі, што на Масленіцу кожны мае тры справы: з горак катацца, бліноў наядацца, з зімой развітацца... Іншымі словамі — весела і разам з дзецьмі праводзіць час: вадзіць карагоды, спяваць, спаборнічаць у смеласці і знаходлівасці, сіле і спрыце, смяяцца з жартаў скамарохаў, і нарэшце — есці духмяныя блінкі.

Алеся Медвядзюк, выхавацель Крытышынскага дзіцячага садка, Іванаўскі раён


«Для радасці трэба няшмат»

Больш за 60 гадоў таму пры Асіповіцкай цэнтральнай раённай бальніцы быў створаны Савет ветэранаў. Як атрымалася аб'яднаць людзей і чаму ім, пажылым, так важна не адрывацца ад калектыву, весці актыўны спосаб жыцця, расказала яго старшыня Зінаіда Канстанцінаўна Пацкевіч.

— Мы займаемся арганізацыяй вольнага часу нашых пенсіянераў, пішам біяграфіі ветэранаў вайны. За доўгія гады ўдалося апытаць каля 500 чалавек; інфармацыю пра кожнага, хто ваяваў, сабраць у асобныя адмысловыя папкі, якія ўражваюць усіх, хто цікавіцца работай Савета. Відаць, таму нас некалькі разоў запрашалі на рэспубліканскую канферэнцыю з удзелам прадстаўнікоў Германіі, дзе мы тройчы выйгравалі гранды.

Зрэшты, гэта ўзнагарода не адзіная ў Савета: хор ветэранаў двойчы атрымліваў «Залатыя ліры», а сама Зінаіда Канстанцінаўна — і таксама двойчы — была прызнана жанчынай года Магілёўскай вобласці.

— Было вельмі складана, — прызнаецца яна, — але мы знайшлі звесткі пра ўсіх нашых медыкаў, хто пайшоў на вайну і хто вярнуўся. Пра некага атрымалася менш інфармацыі, пра некага — больш, але ўшанаваны кожны. Гэта вельмі важна было зрабіць хоць бы таму, што з 85 чалавек цяпер застаўся толькі адзін... Увесь матэрыял я аб'яднала ў кнігу.

Такі вось, можна сказаць, асабісты клопат старшыні пра захаванне памяці цалкам зразумелы, калі ведаць, што свой лёс з бальніцай Зінаіда Канстанцінаўна звязала вельмі даўно, лічыце, у сярэдзіне мінулага стагоддзя.

— Мы раслі без бацькі, — успамінае жанчына. — Ён кінуў сям'ю адразу пасля вайны. А мама была ў партызанскім атрадзе, дзень і ноч працавала, каб пракарміць чацвярых дзяцей... Я скончыла школу першай і вельмі хацела пайсці ў медыцыну, паехаць вучыцца ў Бабруйск. Грошай на гэта ў мамы не было, а ў нас, у Асіповічах, якраз адкрываліся курсы медсёстраў. Я паступіла, стала старастам групы, пайшла працаваць, а з часам — нават выкладаць у вучэбна-вытворчым комплексе, рыхтаваць будучых медыцынскіх сёстраў. Многія з іх і сёння працуюць у бальніцы.

Ведае Зінаіда Канстанцінаўна і як падтрымаць тых, хто сышоў на пенсію.

— У нас вельмі папулярныя «Добрыя сустрэчы». Да пандэміі яны праходзілі кожны месяц. Работнікі бібліятэкі прапаноўвалі цікавую тэму, ветэраны бралі кнігі, чыталі, разам абмяркоўвалі, — тлумачыць Зінаіда Канстанцінаўна. — Не так даўно мы сталі арганізоўваць і гутаркі з сацыяльным псіхолагам. На кожную — яна прыносіць розныя тэсты, «прымушае» нас, пажылых, пра многае падумаць, прымераць на сябе... У цёплае надвор'е мы запрашаем ветэранаў у «Ціхі дом»: ладзім сустрэчы на свежым паветры, найчасцей — на ўчастку Марыі Маркаўны Фёдаравай. Таксама выбіраем тэмы для размоў, дзелімся думкамі.

— А вось вячоркі ў нас толькі вясёлыя! — хваліцца Зінаіда Канстанцінаўна. — Гатуем прысмакі, збіраемся, п'ём гарбату... Нават з-за пандэміі істотных збояў у рабоце Савета, здаецца, не было. Мы з Марыяй Маркаўнай рэгулярна тэлефануем нашым ветэранам, віншуем са святамі, пытаемся пра здароўе. Праўда, калі праведваем хворых, у дамы-кватэры ў сувязі з пандэміяй ужо не заходзім: стараемся на вуліцы паразмаўляць з іх роднымі, але ж каб чалавек хоць у акенца бачыў, што да яго прыходзілі, што ён не забыты.

...Асіповічы — горад невялікі (30 тысяч чалавек насельніцтва), аднак Зінаіда Канстанцінаўна ўпэўнена, што магчымасцяў для актыўнага жыцця тут дастаткова. Галоўнае — не замыкацца ў чатырох сценах, сам-насам з тэлевізарам.

— Асобных ветэранаў мы проста выцягваем з дому — разам ходзім на канцэрты, у кіно. У кампаніі ж яно заўсёды цікавей... І людзі потым дзякуюць, што ўзялі іх з сабой, пытаюцца, калі наступны культпаход. Асабліва задаволеныя тыя, хто прыязджае з вёсак. Раніцай, напрыклад, яны да доктара, а потым да нас: тут і гарбаты пап'юць, і часопісы пагартаюць, і фотаздымкі паглядзяць. Іх у нас вельмі шмат: з кожнага мерапрыемства робім «справаздачы», пішам нататкі. Для радасці трэба няшмат.

І сапраўды...

Віталія Крычэўская, г. Асіповічы


Калі ўсе як адзін...

З раніцы 22 чэрвеня 1941 года мая вёскі Калавуравічы, што на Піншчыне, жыла звычайнымі клопатамі: соладка спалі дзеці, завіхаліся каля печаў гаспадыні, спяшаліся па справах гаспадары, на лузе пасвіўся статак кароў... А што недзе выбухі, дык гэта, можа, вучэнні?.. Аднак пад вечар да людзей ужо даляцела страшная вестка: вайна!

Гэтае адно кароткае слова перавярнула ўсё ўсталяванае вякамі жыццё. Праз некалькі дзён у суседняй вёсцы ўжо стаяла нямецкая камендатура, а ў нашых суседзяў пасяліўся нямецкі фельчар. Баязлівы і дурнаваты, ён трымаў на павадку двух сабак, кідаў ім костку, глядзеў, як грызуцца, і рагатаў: «Дас іст Сталін, дас іст Гітлер».

А непадалёк у ровенскіх лясах Украіны (гэта напрасткі кіламетраў з дзесяць) ужо дзейнічалі народныя мсціўцы, ішлі ў партызанскія атрады і мае аднавяскоўцы. Яны пускалі пад адхон варожыя саставы, руйнавалі масты, грамілі гарнізоны — дзейнічалі ў вельмі цяжкіх умовах.

...Цяпер ужо не дазнаешся, чыя — канкрэтна — гэта была ідэя, але нашы мужчыны «пастанавілі», што для партызанаў у кожнай хаце (вёска была працавітая і досыць заможная) па чарзе будзе пячыся хлеб, перапраўляцца палатно ды іншае неабходнае.

Усё сабранае чарговы гаспадар складваў на воз, накрываў посцілкай, а тую — сенам, травой ці дровамі (каб вораг не здагадаўся) і глухімі ляснымі сцежкамі адвозіў партызанам. Такім чынам усе чатыры гады вяскоўцы дзяліліся з імі ежай, вопраткай, абуткам, жанчыны вязалі шкарпэткі і рукавіцы...

Спытаеце, у чым была еднасць? Па словах радні, у тым, што ўся вёска стала як бы адной сям'ёй. І самае галоўнае, што ніхто, ні адзін чалавек, ні разу не здрадзіў, не данёс на сваіх аднавяскоўцаў.

Як не было і таго, каб збілася чарга, каб нехта адмовіўся ад рызыкоўнай дастаўкі. Гэта была сапраўдная еднасць, шчырая адданасць Радзіме!

Ніна Горгуль, г. Мінск.


Нечаканая дапамога

...Мой тата недзе пасля васьмідзесяці стаў цяжка хварэць. Дзень пры дні ён ляжаў на ложку, а калі рабілася хоць трохі лягчэй, памаленьку ўставаў, сунуўся ў хлеў — выводзіў на траву свайго любімага Орліка.

Вось і ў той раз з цяжкасцю дабрыў да каня, адвязаў яго, хацеў быў надзець аброць і не змог — страціў прытомнасць...

Ачуняў, здаецца, ад холаду, які залазіў яму за каўнер, у вушы, у рукавы... А захацеў падняцца з зямлі —
і не здолеў, як ні спрабаваў...

На дапамогу таксама нікога не клікаў — сэнсу не мела, бо дома — ніводнай жывой душы, толькі Орлік, які раптам апусціў галаву, цяплом задыхаў у твар...

Тата расплюшчыў вочы, скарчэлымі ад холаду пальцамі ўхапіўся за грыву і паволі ўстаў.

...Яны сябравалі — мой тата і Орлік.

Іван Букоўскі, Глыбоцкі раён

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Экалагічна і эканамічна: як жыць па прынцыпе «Нуль адходаў»?

Экалагічна і эканамічна: як жыць па прынцыпе «Нуль адходаў»?

Гэта прынцыпы, накіраваныя на зніжэнне колькасці смецця і захаванне рэсурсаў планеты.

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.

Эканоміка

Больш за палову аўтамабільнага рынку планеты стане электрычным ужо праз пяць гадоў

Больш за палову аўтамабільнага рынку планеты стане электрычным ужо праз пяць гадоў

А наша краіна разлічвае, што праз чатыры гады кожная 20 машына будзе электракарам.

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.