Вы тут

Работнікі сельгаспрадпрыемства «Гнезна» Ваўкавыскага раёна вясновы сезон пачынаюць на новай тэхніцы


Сярод тых, хто сядзе за руль новага трактара, і перадавік гаспадаркі Аляксандр Янушкевіч. Хоць па прафесіі ён інжынер-механік, мае вышэйшую адукацыю, але цяга да зямлі перамагла. І вось ужо больш за пятнаццаць гадоў Аляксандр выходзіць у поле. Вясной — каб рыхтаваць глебу і сеяць зерне, летам — на жніве за штурвалам камбайна. Яго добрасумленная праца і адданасць справе высока адзначаны дзяржавай. Год таму земляроб быў узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».


Фота: volkovysknews.by

Сёння механізатар пастаянна ў полі. Вывозіць на палі арганіку, вядзе падкормку шматгадовых траў, займаецца ўнясеннем мінеральных угнаенняў перад пасевам збожжавых культур. Добрым памочнікам яму стаў новы трактар BELARUS — 1523.3 Мінскага трактарнага завода. Дарэчы, за ім Аляксандр Янушкевіч уласнай асобай ездзіў у Смаргонь, дзе знаходзіцца гандлёвы дом філіяла ААТ «МТЗ». Тэхніка прызначана для выканання поўнага спектра сельгасработ — ад падрыхтоўкі глебы пад сяўбу да ўборачных і транспартных аперацый. Дзякуючы ўніверсальнасці і дадатковаму абсталяванню, трактар можа выкарыстоўвацца з многімі сельгасмашынамі і прычэпнымі агрэгатамі. Разам з вытворчымі якасцямі механізатар ацаніў і ўмовы працы. Галоўнае — наяўнасць кандыцыянера. Гэта тое, што адсутнічала ў яго папярэднім трактары.

— Кабіна вельмі прыгожая, зручна сядзець, цудоўны агляд. Але самы важны для механізатара элемент — кандыцыянер. У папярэдніх мадэлях трактароў МТЗ гэтага не было. Цяпер іх тэхніка можа стаць у адзін шэраг з імпартнымі аналагамі. Наяўнасць кандыцыянера гаворыць аб сучасных умовах працы на карысць вытворчасці, — прызнаецца механізатар.

У гаспадарцы да новага сезона падышлі з абноўленым машынна-трактарным паркам. Разам з Аляксандрам Янушкевічам новыя трактары, у тым ліку энерганасычаны, атрымалі яшчэ два механізатары. Акрамя таго, тут набылі і новыя агрэгаты — лучшыльнік, 10-метровы культыватар, касу, разрыхляльнік. Па словах галоўнага агранома Наталлі Еўтух, новая тэхніка заменіць старыя аналагі, каб людзям было камфортна працаваць. На яе думку, цяпер варта звяртаць увагу на ўмовы працы, каб прыцягнуць у сельскую гаспадарку новыя кадры, бо праблема іх недахопу існуе.

Аляксандр Янушкевіч. Фота: volkovysknews.by

— Аляксандр Янушкевіч — адзін з тых работнікаў гаспадаркі, хто складае наш «залаты фонд», — расказвае Наталля. — Ён — перадавік вытворчасці: і на сяўбе, і падчас уборкі штогод першы. Нездарма яго праца ацэнена высокай узнагародай — медалём «За працоўныя заслугі». Гэта добры прыклад і для яго трох сыноў. У гаспадарцы працуе і жонка Аляксандра Янушкевіча. Гэта сям'я сапраўдных прафесіяналаў.

Да новага веснавога сезона сельгаспрадпрыемства «Гнезна», можна сказаць, падрыхтавана. Увесь машынна-трактарны парк прайшоў тэхнічны агляд і гатовы да работы. Падрыхтаваны і насенны фонд. Сёлета мяркуецца засеяць збожжавымі 800 гектараў раллі. Пасяўную кампанію ў гаспадарцы плануюць пачаць на наступным тыдні. У параўнанні з мінулым годам тэрміны крыху пазнейшыя.

У ліку першых пачнецца сяўба гароху — новай культуры, якую ў гаспадарцы пачалі культываваць два гады таму. Пад яе пойдзе 200 гектараў раллі. Гарох — добрая дабаўка да жывёлагадоўчага корму. Частка ўраджаю пойдзе ў насенны фонд. Паступова будзе весціся сяўба збожжавых і зернебабовых культур. Мяркуецца, што гаспадарка абыдзецца сваімі сіламі, без прыцягнення кадраў збоку.

Наша даведка

У Гродзенскай вобласці для правядзення палявых работ будзе задзейнічана 6,3 тысячы механізатарскіх кадраў. Забяспечанасць складае крыху больш за 90 працэнтаў. Для арганізацыі работ будуць прыцягнуты выпускнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, вучэбных цэнтраў. На дапамогу ў гаспадаркі выедзе каля 200 чалавек з прамысловых прадпрыемстваў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Працаваць з камфортам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».