Вы тут

Дакументы, жалеза, людзі. Як ліцэнзаванне на БелАЭС спрыяе праверцы бяспекі


Прыняцце рашэння аб выдачы ліцэнзіі на эксплуатацыю энергаблока № 1 базіруецца на трох складнікаў. Гэта вынікі аналізу дакументаў, якія абумоўліваюць забеспячэнне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, фізічная гатоўнасць абсталявання і сістэм АЭС, а таксама арганізацыйная гатоўнасць эксплуатуючай арганізацыі да ўстойлівага самастойнага функцыянавання. Пра асаблівасці ліцэнзавання БелАЭС і змены ў працэдуры дазвольнай ліцэнзійнай дзейнасці расказалі эксперты Дзяржатамнагляда падчас чарговай інфармацыйнай сустрэчы ў БелТА.


150 тысяч старонак

Ліцэнзійны працэс, які распачаўся яшчэ з моманту прыняцця рашэння аб будаўніцтве атамнай станцыі ў Беларусі, важны для рэгулюючага органа. Ён патрабуе вялікіх кампетэнцый ды чалавечых рэсурсаў і з'яўляецца адной з найважнейшых працэдур падчас развіцця інфраструктуры ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў краіне, заўважыла Вольга ЛУГОЎСКАЯ, начальнік Дзяржатамнагляда:

— Ліцэнзаванне — комплексны працэс, і бяспека станцыі базіруецца на бяспечным праекце, якаснай рэалізацыі яго на пляцоўцы і сфарміраванай і кампетэнтнай кіруючай арганізацыі з кваліфікаванымі кадрамі. Пры гэтым пытанні адказнасці за бяспеку — цалкам сфера дзяржавы. Хоць усю паўнату адказнасці нясе эксплуатуючая арганізацыя, аднак дзяржава абавязана сфарміраваць інфраструктуру, якая б забяспечвала рэгуляванне ўсіх гэтых пытанняў на дзяржаўным узроўні.

Адно з ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў для ліцэнзіята ў галіне атамнай энергіі — наяўнасць станоўчага заключэння, праведзенага пабочнай арганізацыяй, па дакументах, якія абумоўліваюць ядзерную і радыяцыйную бяспеку, расказаў Сяргей ТРАЦЯКЕВІЧ, намеснік начальніка ўпраўлення рэгулявання ядзернай бяспекі Дзяржатамнагляда:

— Набор дакументаў, якія прад'яўляюцца на экспертызу бяспекі, устанаўліваецца адпаведнай пастановай МНС. У гэтым дакуменце вызначаны патрабаванні да розных аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі. Для экспертызы па блоку АЭС, у прыватнасці, патрабуецца вялікая колькасць дакументаў. Напрыклад 21 пытанне, якое акрэслена ў Нацыянальным плане дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў, — гэта менш як 5 % ад тых пытанняў, што разглядаюцца пры правядзенні ліцэнзавання.

На БелАЭС каля пяці тысяч дакументаў, якія датычацца розных сфер, агульным аб'ёмам звыш 150 тысяч старонак, аднак запрошваюцца яны дыферэнцыравана. Усе праверыць проста немагчыма, ды і не трэба, сцвярджаюць эксперты.

Парадак правядзення экспертызы вызначаецца пастановай Саўміна № 1781 ад 2010 года, якая вызначае, што паміж эксплуатуючай і экспертнай арганізацыямі заключаецца дагавор на правядзенне экспертызы, для чаго Дзяржатамнагляд рыхтуе тэхнічнае заданне на правядзенне экспертызы бяспекі. Такое тэхзаданне было падрыхтавана ў кастрычніку 2017-га і ўтрымлівае 530 тэматычных пытанняў, якія размеркаваны па 47 раздзелах.

— Асноўны выканаўца правядзення экспертызы бяспекі — Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў — Сосны. Прыцягваюцца таксама эксперты з 17 арганізацый Беларусі, а паколькі кваліфікаваных кадраў не хапае, то дадаткова далучаюць спецыялістаў з Растэхнагляду, — удакладніў Сяргей Трацякевіч.

Адзін этап — адпаведны дазвол і сотні выпрабаванняў

Рэгулюючы орган можа выдаваць ліцэнзію (дазвол) на эксплуатацыю станцыі пасля таго, як адбыўся старанны ўвод у эксплуатацыю блокаў і былі праведзены ўсе выпрабаванні, адпаведныя праектным рашэнням, адзначыў Віген МАРУХЯН, начальнік упраўлення рэгулявання ядзернай бяспекі Дзяржатамнагляда:

— Асноўны дакумент для АЭС — нормы і правілы па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі «Агульныя палажэнні забеспячэння бяспекі атамных электрастанцый». Летась мы ўнеслі змены ў саму працэдуру дазвольнай ліцэнзійнай дзейнасці на адпаведнасць этапам уводу блока ў эксплуатацыю. Дазволы падзялілі на этапы адпаведна этапам праграмы ўводу, якая была прадстаўлена на экспертызу бяспекі. Гэта фізічны пуск, энергетычны пуск і доследна-прамысловая эксплуатацыя.

Такім чынам эксперты паэтапна (пасля разгляду адпаведных пакетаў дакументаў) выдавалі дазволы. У тым ліку і ў выпадках, калі працэдуры адначасова суправаджаліся кантрольна-нагляднымі мерапрыемствамі на самой пляцоўцы станцыі падчас правядзення ацэнкі адпаведнасці.

— Кожная працэдура мае на мэце правядзенне прыкладна 300—400 выпрабаванняў на кожным з праводзімых на розных узроўнях магутнасці этапаў. Такім чынам правяраецца іх адпаведнасць праектным параметрам і разлікам, якія абазначаны ў дакументах, што абумоўліваюць бяспеку, — удакладніў ён.

Яшчэ адна змена ў нормы і правілы, якую ўнёс Дзяржатамнагляд, датычыцца магчымасці праз год пасля ўводу ў эксплуатацыю ўносіць у канчатковую справаздачу па абумоўленні бяспекі змены, унесеныя па этапу ўводу, і прадстаўляць іх на разгляд у рэгулюючы орган.

Дазвол на работу: кіраўніцтва — вусна, аператыўнікі — на камп'ютары

Адным з асноўных параметраў уводу энергаблока ў эксплуатацыю з'яўляецца таксама гатоўнасць персаналу станцыі. Надзейная эксплуатацыя немагчыма без укамплектавання яго кваліфікаваным і вопытным персаналам.

Пераканаўшыся, што падбор і падтрыманне кваліфікацыі персаналу — на належным узроўні, Дзяржатамнагляд выдае дазвол на права вядзення работ па выкарыстанні атамнай энергіі, абазначыла Наталля ГАРЭЛІК, начальнік упраўлення ліцэнзавання і дазвольнай работы Дзяржатамнагляда:

— Працэдура выдачы дазволаў па першым энергаблоку пачалася ў лютым 2019-га і скончана ў ліпені 2020-га. Дазвол на права вядзення работ па выкарыстанні атамнай энергіі атрымала больш як 70 кіраўнікоў і адказных службовых асоб эксплуатуючай арганізацыі.

Парадак выдачы дазволаў і віды работ, ажыццяўленне якіх без такіх дазволаў забаронена, вызначаны заканадаўча. Так, дазвол на дзейнасць па кіраванні АЭС атрымалі генеральны дырэктар, галоўны інжынер, іх намеснікі, а таксама ключавыя кіраўнікі структурных падраздзяленняў. Дазвол на вядзенне тэхналагічнага працэсу атрымаў аператыўны персанал. Выдадзены дазволы і на забеспячэнне ўліку і кантролю ядзерных матэрыялаў і эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў, а таксама на ажыццяўленне вытворчага кантролю ядзернай і радыяцыйнай бяспекі і фізічнай абароны аб'екта выкарыстання атамнай энергіі.

— З моманту прыняцця на пасаду да атрымання дазволу Дзяржатамнагляда супрацоўнікі праходзяць падрыхтоўку па індывідуальных праграмах навучання на дзеючых блоках атамных станцый і ў вучэбна-трэніровачных цэнтрах і вядучых ВНУ, — расказала Наталля Гарэлік. — Яны праходзяць строгі медыцынскі кантроль на адсутнасць супрацьпаказанняў па стане здароўя, а таксама псіхафізіялагічнае даследаванне на стрэсаўстойлівасць і ўменне працаваць у камандзе. Аператыўныя работнікі павінны праверыць свае практычныя ўменні на поўнамаштабным трэнажоры. Супрацоўнікі таксама павінны адпавядаць устаноўленым кваліфікацыйным патрабаванням: адукацыя, стаж і вопыт работы.

Завяршальны і складаны крок на шляху атрымання дазволу — ацэнка ведаў у камісіі Дзяржатамнагляда. Пры распрацоўцы экзаменацыйных пытанняў і камп'ютарных тэстаў устаноўлены дыферэнцыраваны падыход да работнікаў з улікам выконваемых чалавекам функцый. Кіраўніцтва здае вусны экзамен, дзе асноўны ўпор зроблены на падтрыманне кіруючых кампетэнцый. Аператыўны персанал дапускаецца да вуснага апытання толькі пасля камп'ютарнага тэсціравання. Умовы дзеяння дазволу вызначаюцца з улікам прадэманстраваных ведаў. Персанальныя дазволы выдаюцца тэрмінам на пяць гадоў і могуць быць прадоўжаны.

У пачатку атамнай эры асноўнымі прычынамі аварыйных падзей была недасканаласць абсталявання. Цяпер памылкі персаналу складаюць палову зыходных падзей аварыйных сітуацый. Для новых станцый пакуль статыстыкі няма і, магчыма, больш аварыйных сітуацый будзе вызначацца памылкамі персаналу, так што забеспячэнне яго кваліфікацыі мае найбольшае значэнне, падкрэсліў Сяргей Трацякевіч.

У тэму

Чалавечы фактар і эканамічны складальнік

Бадай што самыя хвалюючыя пытанні, якімі задаюцца беларусы падчас будаўніцтва АЭС, чаму рэактар так часта выключаюць з энергасеткі, і ці не націсне хто не на тую кнопку, калі станцыя запрацуе на ўсю моц? Каментарыі на гэты конт карэспандэнту «Звязды» далі эксперты Дзяржатамнагляда.

— Наколькі эканамічна затратна і мэтазгодна адключаць і зноў падключаць да энергасістэмы першы блок? І ці сапраўды такія прамежкі ў часе абумоўленыя планам?

— Падчас этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі АЭС павінна правесці серыю статычных (на зафіксіраванай магутнасці) і дынамічных (калі магутнасць мяняецца) выпрабаванняў. Гэта непазбежна суправаджаецца адключэннямі і падключэннямі да энергасеткі, інакш немагчыма было б выканаць дынамічныя выпрабаванні. А выпрабаванняў на станцыі мноства, у дзень паралельна могуць праводзіцца некалькі, і такой масавасцю ў тым ліку тлумачацца частыя адключэнні-падключэнні энергаблока, — растлумачыў Алег СОБАЛЕЎ, кансультант Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд). — Што датычыцца эканамічнага складніка падчас гэтых працэсаў, то ён цяпер далёка не на першым месцы, затраты трэба ўлічваць, калі блок будзе ў камерцыйнай эксплуатацыі. Цяпер жа, хоць ён і вырабляе энергію, аднак знаходзіцца на этапе доследна-прамысловай эксплуатацыі. І галоўная задача — праверыць усе неабходныя параметры на зададзеных магутнасцях, каб упэўніцца, што ўсё працуе дасканала. Значна горш будзе, калі нейкі збой адбудзецца ўжо падчас камерцыйнай эксплуатацыі станцыі.

— Энергаблок цяпер адключаецца ад сеткі аўтаматыкай ці з дапамогай чалавека? І ці сапраўды чалавечы фактар мае першараднае значэнне нават на такім складаным аб'екце, як АЭС?

— Каманда на ўключэнне аварыйнай засцярогі можа падавацца як чалавекам, так і кіруючай сістэмай бяспекі, калі нешта здарылася. Пры гэтым дзейнічаюць адны і тыя ж сістэмы, асабліва па забеспячэнні падкрытычнасці (у стан «пад крытыкай» рэактар уваходзіць, калі спыняецца — аўт.). Рэактар адключаецца ад сеткі, і яго магутнасць уздымаецца і апускаецца падчас дынамічных выпрабаванняў, — адказаў Сяргей Трацякевіч, намеснік начальніка ўпраўлення рэгулявання ядзернай бяспекі Дзяржатамнагляда. — Пры гэтым на станцыі вялізны рэзерв бяспекі. На серыйных АЭС з рэактарнай устаноўкай ВВЭР-1000 устаноўлены тры незалежныя каналы, кожны з якіх выконвае функцыю бяспекі. На Беларускай АЭС з рэактарнай устаноўкай ВВЭР-1200 рэалізаваны чатыры незалежныя каналы бяспекі. Да таго ж у выпрабаваннях на БелАЭС удзельнічаюць расійскія спецыялісты, якія, лічы, усё жыццё займаліся гэтым. Вось ужо калі нашы спецыялісты застануцца кіраваць станцыяй самастойна, трэба будзе працаваць яшчэ больш дбайна і рупліва. Чалавечы фактар, вядома, застаецца ўсюды, і на атамнай станцыі яго таксама трэба ўлічваць, бо цяпер 50 % у рабоце АЭС залежыць ад аўтаматыкі, а 50 % — ад людзей-спецыялістаў.

Ірына СІДАРОК

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Дакументы, жалеза, людзі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Адзін з найбуйнейшых рэгіёнаў, які захаваўся ў некранутым стане і які за разнастайнасць азёр, рэк і балот празвалі Еўрапейскай Амазонкай (ці морам Герадота), усё яшчэ застаецца невядомым шырокаму колу турыстаў

Грамадства

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Нацыянальным брэндам Беларусі па праве лічыцца сацыяльная падтрымка сем'яў дзяржавай, і таму напярэдадні Міжнароднага дня сям'і прадстаўнік

Калейдаскоп

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Пачнём, зразумела, з дзяўчынак, бо менавіта іх мамы ўжо цяпер ламаюць галаву над выпускным уборам дачок.