Вы тут

Ну і язва! Як яе «набываюць», і чаму захворванне варта своечасова лячыць


Сёння, напэўна, няма чалавека, які не сутыкаўся б з праблемамі стрававання. Але ці ўсе болі ў вобласці страўніка звязаны з яго хваробай? Чым небяспечная язва і ці лёгка ад яе пазбавіцца? Як заражаюцца бактэрыямі хелікабактар, якія выклікаюць язву, і ці можа гэта адбывацца праз посуд і пацалунак? Навошта перад аперацыяй на галаўным мозгу рабіць фібрагастраскапію ці кансультавацца ў гастраэнтэролага? Аб праблемах, з якімі можа сутыкнуцца кожны, расказаў нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозга РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гумэн Гурбаніджад.


— Доўгі час медыкі і вучоныя не маглі да канца разабрацца, у чым прычыны язвы страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Лячылі не само захворванне, а змагаліся з сімптомамі. Людзі пазбаўляліся часткі страўніка ці блукаючага нерва — лічылася, што гэта дазволіць пазбегнуць рэцыдыву. Але і гэта цалкам праблему не вырашала. Толькі ў 1984 годзе ўрач і вучоны Бары Маршал на сабе даказаў, што язва страўніка мае бактэрыяльнае паходжанне і асноўная яе прычына — хелікабактар пілары, бактэрыя, якая інфікуе розныя часткі страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Урач сам выпіў культуру бактэрыі, захварэў у дастаткова цяжкай форме і вылечыўся. Гэта стала выдатным адкрыццём, і з таго часу язву сталі лячыць па-іншаму.

— Як зразумець, што адбылося заражэнне?

— Рэч у тым, што мы гэтага не адчуваем. Гэта не грып, калі вірус, трапіўшы ў арганізм, выклікае павышаную тэмпературу і насмарк. Пра хелікабактар мы даведваемся, калі атрымліваем наступствы. Як вядома, саляная кіслата — гэта агрэсіўнае асяроддзе, і наш страўнік ператраўляе ўсю ежу, якая ў яго трапіла. Пры гэтым сам страўнік складаецца з мышцаў, сасудаў, і мае пэўную ахову, каб не ператраўляць самога сябе. Гэтай аховай з'яўляецца слізь. Дык вось хелікабактэрыі разбураюць гэты ахоўны слой: сама слізістая аказваецца ў небяспецы. Так мы атрымліваем язву страўніка. Мы гэта адчуваем як боль, але тут важна высветліць, звязаны ён менавіта з язвай страўніка ці не.

— З чым яшчэ можа быць звязаны боль у страўніку?

— Усе мы маем так званы блукаючы нерв. У яго доўгі шлях: ідзе з галаўнога мозга, праз сэрца, страўнік і далей. Ёсць такое паняцце, як функцыянальная дыспепсія. Мы адчуваем моцны боль у вобласці эпігастрыя, але нам ён нічым сур'ёзным не пагражае. Калі чалавек знаходзіцца ў стане моцнага стрэсу ці дэпрэсіі, нармальны сігнал, які ідзе з боку страўніка, галаўны мозг успрымае як болевы сіндром. І калі чалавек супакоіцца ці пачне прымаць антыдэпрэсанты, боль пройдзе. Пры гэтым страўнік выконваў і працягвае выконваць сваю работу паўнацэнна. Нярэдка нават самому доктару няпроста адрозніць функцыянальную дыспепсію ад іншых хвароб страўніка. Для гэтага патрабуецца прафесійная дыягностыка, кропку звычайна дапамагае паставіць фібрагастраскапія.

А ёсць стрэсавая язва, якая можа амаль не балець, але адносіцца да цяжкіх захворванняў страўнікава-кішачнага тракту. Калі яе своечасова не лячыць, усё можа скончыцца дрэнна. Стрэсавая язва бывае ў людзей, якія таксама доўга адчуваюць стрэс, часта такія пацыенты знаходзяцца ў рэанімацыі пасля складанай аперацыі, напрыклад, на галаўным мозгу. У іх можа парушацца сакрэцыя слізі ў страўніку, адпаведна разбураецца яго ахоўны слой. Стрэсавая язва, у адрозненне ад звычайнай, можа не суправаджацца моцным болем ці спазмамі, часам хворы ні на што не скардзіцца. Знаходзяць яе, калі пачынаецца страўнікавае кровацячэнне — мелена (чорны панос) ці рвота «кафейнай гушчай», падае ўзровень эрытрацытаў.

Ёсць шэраг іншых захворванняў, якія выклікаюць болі ў эпігастральнай вобласці, але яны не звязаны з язвай страўніка. Вопытны гастраэнтэролаг можа дыферынцаваць гэтыя захворванні, у прыватнасці, хваробу Крона і іншыя. Паколькі блукаючы нерв звязвае сэрца і страўнік, здараецца, што пацыент скардзіцца на боль у вобласці страўніка, а праблема знаходзіцца ў сэрцы. Часам так праяўляе сябе інфаркт міякарда. Таму з вострым болем страўніка заўсёды робяцца стандартныя абследаванні, у тым ліку здымаюць кардыяграму. Самастойна цяжка зразумець, што з табой адбываецца. На дачы баліць страўнік, чалавек пачынае прымаць ношпу, іншыя абязбольвальныя ці страўнікавыя прэпараты, а ў яго развіваецца інфаркт. Тут заўсёды неабходна звяртацца да доктара.

— Як заражаюцца бактэрыяй хелікабактар?

— Яна трапляе ў наш арганізм праз рот. І адбываецца гэта часта ў дзіцячым узросце. Таму першая прафілактыка — захаванне гігіены: мыць рукі, не грызці пазногці ці кончык ручкі.

— Ці можа хелікабактар захоўвацца на посудзе і ці ёсць імавернасць заразіцца, скажам, у кафэ? Калі ў сям'і ёсць хворы, ён мусіць есці з асобнага посуду?

— Заражэнне адбываецца фекальна-аральна. Сапраўды, часта пытаюць, ці жыве хелікабактар у поласці рота, ці можна праз пацалунак заразіцца. Хелікабактар можа знаходзіцца ў роце ў двух выпадках. Першы — калі бактэрыя трапіла туды нядаўна. Яна жыве ў кіслым асяроддзі, і чым яно больш кіслае ў страўніку, тым лепш яна сябе адчувае. У роце не кіслае асяроддзе, таму доўга яна там не знаходзіцца. Другі выпадак — калі адбываецца рэфлюкс. Пры запушчанай язве страўніка характэрныя адрыжка і закід змесціва страўніка ў стрававод.

Рэфлюкс небяспечны яшчэ вось чым. Калі ў страўніку кіслае асяроддзе, то ўжо ў дванаццаціперснай кішцы — шчолачнае. Але кожны ўчастак нашай стрававальнай сістэмы прызвычаіўся працаваць у сваім асяроддзі, і іншае яму не падыходзіць. Каб яны не змешваліся, у нас маюцца клапаны, якія знаходзяцца паміж страўнікам і дванаццаціперснай кішкой, страўнікам і страваводам, і яны перашкаджаюць зваротнаму выкіду. Таму рэфлюкс варта лячыць. Ён пагражае не толькі горыччу ў роце і дыспепсічным расстройствам. Калі гэта доўга працягваецца, могуць утварацца атыповыя клеткі і развіваецца рак. Калі надоўга прымаеце гарызантальнае становішча, у прыватнасці, перад сном, пажадана, каб страўнік быў пусты.

— Ці ёсць генетычная схільнасць да заражэння хелікабактарам?

— Імунітэту ад хелікабактара, на вялікі жаль, няма. І калі вынайдуць вакцыну, то мы зробім вялікі крок у лячэнні, а колькасць хворых будзе вельмі малая.

— Як даведацца, што адбылося заражэнне, калі адсутнічаюць сімптомы?

— Гастраэнтэролагі прапануюць розныя методыкі, пачынаючы ад тэста на дыханне, заканчваючы антыцеламі ў крыві і фібрагастраскапіяй. Калі звярнуцца да гастраэнтэролага, ён вызначыць найбольш падыходзячую для вас методыку.

— Гастрыт — гэта пачатак язвы? Ці трэба яго лячыць?

— Гэта запаленне слізістай страўніка, якое марудна развіваецца. Яно здараецца з-за названых мной прычын, у тым ліку хелікабактара і рэфлюксу. І калі гэты стан не лячыць, у далейшым ён вядзе да атрафіі слізістай страўніка. І потым мы выяўляем у гэтых месцах рак. Паводле некаторых аўтараў, 80—85 % выпадкаў раку страўніка выкліканы хелікабактарам. Усё пачынаецца з простага гастрыту, які не лечаць.

— У чым заключаецца лячэнне?

— Сённяшнія пратаколы лячэння прадугледжваюць прызначэнне інгібітараў пратонавай помпы — прэпаратаў, якія змяншаюць узровень кіслотнасці ў нашым страўніку для зніжэння агрэсіўнасці асяроддзя, што садзейнічае зажыўленню слізістай. Адначасова прызначаюцца антыбіётыкі і гастрапратэктары — яны ахоўваюць сценкі страўніка.

Многія здзіўляюцца, што мы камбінуем адначасова некалькі антыбіётыкаў. Праблема заключаецца ў тым, што сучасная ежа ўтрымлівае невялікую колькасць антыбіётыкаў. Яны трапляюць у наш страўнік праз мяса, калі жывёла хварэла, і яе лячылі. Часам антыбіётык дадаюць у якасці кансерванту. У выніку хелікабактар выпрацоўвае рэзістэнтнасць (устойлівасць), і прыходзіцца прызначаць некалькі прэпаратаў, каб яе знішчыць. Прыкладна кожныя 10 гадоў з'яўляецца новае пакаленне антыбіётыкаў, а рэзістэнтнасць бактэрыі выпрацоўваюць нашмат хутчэй, чым удаецца стварыць новы антыбактэрыяльны прэпарат.

— Ці трэба падчас лячэння абмяжоўваць сябе ў нейкіх прадуктах?

— Сучаснае лячэнне язвы страўніка не патрабуе вялікіх абмежаванняў. Пацыенты атрымліваюць гастрапратэктары і інгібітары пратонавай помпы, а сама ежа на лячэнне язвы страўніка не ўплывае. Канешне, не трэба есці ўсё запар, ніхто не адмяняў правілаў здаровага харчавання. Тут трэба памятаць, што наш страўнік любіць, калі мы прымаем ежу маленькімі порцыямі, але часта. Так выпрацоўваецца больш слізі і наш страўнік больш абаронены. Тут важна, не столькі што вы будзеце есці, а як часта і колькі.

— Колькі часу звычайна займае лячэнне?

— Для аблягчэння вострай фазы — у сярэднім два-тры тыдні з курсам антыбіётыкаў. Каб страўнік аднавіць, прыём інгібітараў пратонавай помпы працягваецца яшчэ пэўны час. Калі пасля лячэння адбываецца паўторнае заражэнне праз нейкі час, патрабуецца паўторнае лячэнне. Але гэта не сведчыць пра тое, што пярэдняе было неэфектыўнае.

— Наколькі высокая верагоднасць знішчыць хелікабактар і вылечыць язву страўніка?

— Нашы гастраэнтэролагі паспяхова лечаць язву страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Калі своечасова звярнуцца да доктара, усё скончыцца добрым вынікам. 

— А калі язва доўга не зажывае?

— Такое здараецца. Часам так маскіруецца рак. Таму калі язва доўга не зажывае, трэба праверыцца на рак страўніка. У нас, дарэчы, ён займае па распаўсюджанасці пятае месца сярод іншых анкалагічных хвароб.

— У які момант варта звяртацца да ўрача, улічваючы, што праяў інфіцыравання хелікабактарам спачатку няма? Колькі часу праходзіць да з'яўлення сімптомаў?

— Гэта вельмі індывідуальна. Як і з любым захворваннем, лепш праводзіць прафілактыку, а не чакаць прыступаў болю. Вызначыць наяўнасць хелікабактара пры сучасных лабараторных магчымасцях вельмі проста. Спачатку варта звярнуцца да гастраэнтэролага, каб ён ацаніў стан вашага страўніка і вызначыў, ці патрабуецца абследаванне і лячэнне. Не трэба баяцца і саромецца, не заўсёды ёсць патрэба ў глытанні «зонда». Як я казаў, наяўнасць хелікабактара можна вызначыць праз дыханне ці па аналізе крыві. Ды і
сучасная фібрагастраскапія можа рабіцца пад седацыяй — гэта не наркоз, а сон. Калі вы адносіцеся да групы рызыкі, а гэта ўзрост 60+, жаночы пол і наяўнасць у сям'і раку страўніка, трэба правярацца.

— Чаму перад планавай аперацыяй трэба рабіць ФГДС ці кансультавацца ў гастраэнтэролага?

— Я казаў пра стрэсавую язву, якую можна атрымаць падчас працяглага і складанага лячэння. Часам урачу даводзіцца прызначаць нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты. Гэта група лекаў, якая змяншае выпрацоўку слізі слізістай страўніка. І калі мы ўжо маем праблему са страўнікам — вострую язву ці абвастрэнне гастрыту — дадалі стрэс і нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты, то можа ўзнікнуць страўнікавае кровацячэнне ці нават перфарацыя страўніка, калі змесціва трапляе ў брушную поласць.

— Ці ўплываюць шкодныя звычкі на абвастрэнне язвы страўніка?

— Алкаголь моцна не ўплывае на гэта захворванне, ён больш шкодзіць печані і падстраўнікавай залозе. А вось курэнне мае не прамое ўздзеянне, а ўскоснае. Цыгарэта звужае сасуды ва ўсім целе, і страўнік — не выключэнне. І калі звужаюцца сасуды слізістай, змяншаецца выпрацоўка слізі. Акрамя таго, за кошт згарання тытуню выпрацоўваюцца канцэрагены, мы іх глытаем і, такім чынам, паскараем шлях да раку страўніка. Курэнне пры язве — гэта двайны ўдар па здароўі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.

Эканоміка

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё.

Культура

Мінск 1941. Як гэта было

Мінск 1941. Як гэта было

Неба пачарнела ад самалётаў.