Вы тут

Як праходзіць паслязімовая прыборка сталіцы


Месячнік па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні населеных пунктаў распачаўся 15 сакавіка. Падчас прэс-канферэнцыі ў БелТА спецыялісты паабяцалі, што ямкі са сталічных дарог знікнуць да 1 мая, а ў кожным раёне Мінска ад пяці да дзесяці вуліц займеюць новае пакрыццё. У сталічных дварах цягам сакавіка-красавіка, як плануецца, высадзяць звыш 4000 дрэў і больш за 13 тысяч кустоў.


Праграма добраўпарадкавання Мінска складзена адміністрацыямі раёнаў з улікам восеньскага агляду, а таксама скаргаў і зваротаў грамадзян з пажаданнямі. У яе ўваходзіць абрэзка дрэў, рамонты лесвіц, пешаходных сцежак, зялёных зон, рамонты асфальтавага пакрыцця, паведаміў Аляксандр РАКАЎШЧЫК, начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама:

— Да гэтай работы па замацаваных тэрыторыях падключаць таксама арганізацыі і прадпрыемствы школы, ВНУ. Мяркуецца, як і штогод, праводзіць суботнікі (першы ўжо прайшоў 13 сакавіка. — Аўт.). Сёлета пачнуцца капітальныя рамонты з комплексным добраўпарадкаваннем двароў паквартальна. Упор у 2021-м зроблены менавіта на тое, каб навесці парадак у людзей пад вокнамі. Пры гэтым будуць задзейнічаны ўсе рэсурсы: ад дворнікаў да фінансавых укладанняў.

У дварах актывізавана работа па навядзенні парадку пасля таяння снегу: прыборка выпадковага смецця, лістоты, якая засталася з восені. Ва ўсіх ЖКГ раёнаў распрацаваны паадрасныя мерапрыемствы і віды работ (з удзелам насельніцтва) у месцах агульнага карыстання жыллёвага фонду, расказала Настасся ВАРАБ'ЁВА, намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні і санітарным утрыманні жыллёвага фонду Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі:

— Запланавана капітальна адрамантаваць 15 дваровых тэрыторый: тры ў Цэнтральным раёне сталіцы, і па адной-дзве — у астатніх. У 723 дварах мае адбыцца бягучы рамонт. Тут будуць адрамантаваны пешаходныя сувязі і іншыя аб'екты знешняга добраўпарадкавання: сцежкі, газоны, абсталяванне на дзіцячых пляцоўках, зялёныя насаджэнні.

Добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый робіцца не толькі за кошт бюджэту, але і за грошы грамадзян.  У Мінскай вобласці гэта адбываецца досыць эфектыўна, дадаў Арцём ЛАБКО, першы намеснік генеральнага дырэктара Жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінскай вобласці:

— Летась мы планавалі прывесці да ладу за кошт бюджэту 118 двароў, а з дапамогай жыхароў добраўпарадкавалі ажно 490. Сёлета ў планах зрабіць яшчэ 86 двароў, але і гэтая лічба, пэўна, будзе большая.

Наводзіцца парадак і ў кантэйнернай гаспадарцы Мінска. Запланавана замена, афарбоўка, рамонт і прывядзенне ў належны тэхнічны стан не толькі кантэйнераў, але і ўсіх аб'ектаў знешняга добраўпарадкавання. Распачата азеляненне тэрыторыі, якое адбываецца ў тым ліку ў межах акцыі «Зялёны двор разам» (высаджана ўжо 57 дрэў па заяўках жыхароў), падкрэсліла Настасся Вараб'ёва:

— Не спыняецца работа (сумесна з РУУС і Дзяржаўтаінспекцыяй) па кантролі за выкананнем правілаў паркоўкі аўтамабілістамі і правілаў выгулу хатніх жывёл. За парушэнні праводзіцца прафілактычная работа, прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці.

Выбоін быць не павінна

Кіраўніцтва Мінгарвыканкама аператыўна адрэагавала на наступствы зімы, у прыватнасці на крытычную ямачнасць на дарогах, на ліквідацыю якой выдзелілі адпаведныя сродкі і штотыднёва аналізуюць, як ідзе работа, адзначыў Аляксандр Ракаўшчык.

Спецыялісты «Рамаўтадара», асфальтабетонны завод і ўсе структурныя падраздзяленні прадпрыемства працуюць кругласутачна без выхадных з лютага. Ужо адрамантавана звыш 41 тысячы кв. м. А памер усёй плошчы, якую эксплуатуе, прыбірае і рамантуе «Рамаўтадар» і структурныя падраздзяленні, — 22 млн кв. м, запэўніў Дзяніс ГЛІНСКІ, генеральны дырэктар аб'яднання «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама»:

— Сёння мы выкарыстоўваем літыя асфальтабетонныя сумесі, якія дазваляюць працаваць пры нізкіх тэмпературах. Як толькі сярэднясутачная тэмпература перавысіць 5 °С, пачнём карыстацца звычайнымі гарачымі асфальтабетоннымі сумесямі, згодна з тэхналогіяй правядзення работ. Для гэтага ўсё гатова: тэхніка, людзі, сродкі. Кругласутачна працуе таксама і Дзяржатамнагляд. Калі выяўляецца брак, арганізацыя ліквідуе яго за свой кошт.

Суровая зіма ўнесла значныя карэкціроўкі ў работу ў 2021 годзе, пагадзіўся Арцём Лабко:

— У сталічнай вобласці першапачаткова планавалася ахапіць бягучым рамонтам каля 49—50 тысяч кв. м, а цяпер план ужо каля 53 тысяч кв. м, і лічба будзе павялічвацца, бо агляды працягваюцца.

На балансе «Мінскаблдарбуда» — арганізацыі, якая ўтрымлівае і рамантуе мясцовыя дарогі сталічнай вобласці, — каля 16 тысяч кіламетраў дарог, палова з якіх (8300 км) асфальтаваныя. Найбольшая частка работ у арганізацыі зараз — таксама ямачны рамонт.

— У сакавіку ў нас асноўная работа зімовае ўтрыманне і рамонт. Амаль штодня на дарогах працуе па 45—50 брыгад. Для работы выкарыстоўваецца складзіруемая арганамінеральная сумесь. Ужо ліквідавана больш як 5,6 тысячы кв. м ямачнасці, аднак яшчэ каля 4 тысяч кв. м праблемных застаецца, — падзяліўся Валянцін ВОЎЧАНКА, начальнік аддзела ўтрымання дарожнай сеткі і бяспекі дарожнага руху «Мінскаблдарбуда».

Зрэшты, пакрысе пачынаюць мінскаблдарбудаўцы займацца і ўборкай смецця. А з павышэннем тэмпературы возьмуцца ўкладваць асфальтабетонную сумесь, якую вырабляюць 27 установак прадпрыемства.

Сёлета таксама збіраюцца замяніць вялікую колькасць асфальтабетоннага пакрыцця на дарогах Мінска. У кожным раёне плануюць «пераапрануць» у сярэднім 5-10 вуліц, а на пуцеправодах падчас бягучага рамонту мяркуюць замяніць пакрыццё, поручні, дэфармацыйныя швы. Гэта, пэўна, створыць некаторыя цяжкасці для аўтамабілістаў, аднак работа будзе весціся кругласутачна, абяцаюць дарожнікі. Дарэчы, спіс вуліц для рамонту з'явіцца ў канцы сакавіка.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Паслязімовая прыборка сталіцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надвор'е: Балтыка прынясе дажджы і пахаладанне. Але не надоўга

Надвор'е: Балтыка прынясе дажджы і пахаладанне. Але не надоўга

На гэтым тыдні досыць хутка наступіла доўгачаканае цёплае лета. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.