Вы тут

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла прыём грамадзян па асабістых пытаннях


На працягу працоўнага дня спікер верхняй палаты парламента сустракалася з людзьмі, якія прыйшлі да яе са сваімі праблемамі і прапановамі.

А спектр пытанняў быў самы разнастайны: ад капітальных рамонтаў да будаўніцтва спартыўнага комплексу. Традыцыйна да Наталлі Качанавай шмат ахвотных заяўнікаў, якія не змаглі вырашыць самастойна свае праблемы, таму надзея ў вырашэнні пытання на вышэйшую дзяржаўную асобу. У сераду, 17 сакавіка, на прыём звярнулася больш за сто чалавек.


У каго цячэ дах, у каго крышацца сцены...

Мінчанін Браніслаў Цеплякоў расказаў старшыні Савета Рэспублікі аб капітальным рамонце ў доме па вуліцы Карастаянавай, куды ён засяліўся разам з жонкай 55 год таму. Пажылы чалавек паскардзіўся на якасць выкананых работ як у сваёй кватэры, так і пад’ездзе. У барацьбе за якасць мужчыну падтрымліваюць суседзі, якія таксама спадзяюцца на справядлівую ацэнку з боку ўлады.

Наталля Качанава даручыла спецыялістам Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па мясцовым самакіраванні і рэгіянальным развіцці на месцы разабрацца ў сітуацыі і дапамагчы людзям у вырашэнні іх праблемы.

Жыллёвая праблема прымусіла яшчэ адну мінчанку звярнуцца да спікера верхняй палаты парламента падчас асабістага прыёму грамадзян: справа ў тым, што некалькі год дах дома па вуліцы Някрасава, у якім жанчына жыве 40 гадоў, цячэ і вільгаць трапляе ў яе кватэру на дзявятым паверсе. Шматлікія звароты да камунальнікаў не прыносяць выніку: вільгаць вяртаецца. Трэба сказаць, што за гэты перыяд капітальных рамонтаў у доме не праводзілася. Адказным асобам адміністрацыі Савецкага раёна сталіцы даручана дэталёва разабрацца ў праблеме мінчанкі з прыцягненнем экспертаў.

Прэтэнзіі да якасці будаўніцтва, толькі ўжо цяперашняга, агучыў яшчэ адзін заяўнік — Міхаіл Іванавіч з Баранавіч, які пабудаваў у 2016-м кватэру ў райцэнтры, але да гэтага часу не жыве ў ёй, бо лічыць, што дом здалі з хібамі. Вось ужо некалькі год мужчына ходзіць па інстанцыях, даказваючы сваю рацыю. Наталля Качанава паабяцала, што па якасці будаўнічых матэрыялаў і работы будзе дадзена экспертная ацэнка, якую зробяць камісійна.

У гутарцы з журналістамі, яна патлумачыла што тэма капітальных рамонтаў і жыллёвых пытанняў знаходзіцца ў топе зваротаў грамадзян. Усе яны бяруцца на кантроль і даводзяцца да лагічнага завяршэння.

У той жа час, падкрэсліла спікер Савета Рэспублікі, гэтыя пытанні знаходзяцца ў кампетэнцыі мясцовых органаў улады, якія павінны гэта дакладна разумець. Савет Рэспублікі возьме іх на кантроль і пасадзейнічае грамадзянам у іх вырашэнні.

Экалогія і здароўе нацыі

Неабыякавасць Анастасіі Цімафеевай, якая жыве ў Калодзішчах, што пад Мінскам, таксама прывяло на прыём грамадзян да спікера верхняй палаты парламента: маладая жанчына не змагла прайсці побач з парушэннем заканадаўства ў сферы экалогіі. Справа ў тым, што яна стала відавочцам выгрузкі бруднага снегу пасля прыборкі тэрыторыі ваеннага гарадка побач з гаражным кааператывам. Дзяўчыну абурыла нават не гэта, а тое, што адказныя асобы, да якіх яна звярталася па гэтым факце, адрэагавалі на яго не ў адпаведнасці з заканадаўствам. Выключэннем тут стала толькі прыродаахоўная інспекцыя. Абурылася гэтым і Наталля Качанава, якая даручыла старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама Аляксею Быкаву, які прысутнічаў на прыёме, тэрмінова разабрацца з парушэннем і выправіць сітуацыю. Аб прынятых мерах і панесенай службовымі асобамі адказнасці праінфармаваць Савет Рэспублікі ў бліжэйшы час.

Актыўную пазіцыю прадэманстраваў і прафесар БДТУ Мікалай Філіпаў, які прыйшоў ад імя студэнтаў гэтага ВНУ з пытаннем аб будаўніцтве спартыўнага комплексу з басейнам. З’яўленне гэтага спартыўнага аб’екта запланавана ў рэспубліканскай інвестыцыйнай праграме на 2021–2025 гады (былі планы па яго ўзвядзенні і раней, ёсць нават праект), але выдзяленне сродкаў пакуль адкладваецца. Загадчык кафедры перакананы — нельга далей адкладваць будаўніцтва такога важнага для ўмацавання здароўя маладога пакалення аб’екта. Згодна з ім і Наталля Качанава, якая пераканана, што папулярызацыя здаровага ладу жыцця і актыўныя заняткі спортам дапамагаюць умацаваць здароўе. Яна патлумачыла, што аптымізацыя бягучай інвестпраграмы адбылася па прычыне акумулявання сродкаў бюджэту на пераадоленне наступстваў цяперашняй пандэміі: дзяржава павінна мець магчымасць аператыўна рэагаваць на выклікі цяперашняй эпідэмічнай абстаноўкі. Між тым, спартыўныя аб’екты дапамагаюць імунітэту кожнага супрацьстаяць хваробам, пераканана яна, таму паабяцала, што пытанне будаўніцтва спорткомплекса не будзе пакладзены ў доўгую шафу.

З цікавай прапановай, як да парламентарыя, прыйшлі сужэнцы Юдо з Мінска, вырашэнне ідэі якіх знаходзіцца ў прасторы заканатворчасці. Яны спыталі, ці можна нейкім чынам выкарыстаць чэкі «Жыллё», якія ў іх засталіся незапатрабаваныя, на рамонт і рэканструкцыю ўласнай кватэры? Сужэнцы ўжо немаладыя і хацелі б імі скарыстацца хаця б такім чынам, аднак заканадаўства абмяжоўвае гэтыя жаданні. Спікер Савета Рэспублікі пагадзілася, што пытанне мінчан заслугоўвае ўвагі заканадаўцаў, таму яго вывучэннем зоймуцца ў бліжэйшы час. Паралельна, акрамя таго, звернуцца да планаў сталічных уладаў па капрамонтах жылога фонда на бліжэйшы час: ці запланаваны іх дом, што знаходзіцца па праспекце Газеты «Звязда», да абнаўлення?

Сёння былі пытанні як прыватнага характару, так і тыя, што хвалююць многіх. У прыватнасці, выкарыстанне чэкаў «Жыллё», што калісьці людзі накіроўвалі на прыватызацыю і будаўніцтва, але ёсць катэгорыя людзей, якая ўжо не плануе будаваць жыллё (па прычыне ўзросту, напрыклад). Таму як іх выкарыстаць далей? — звярнула ўвагу на актуальнасць гэтай тэмы Наталля Качанава ў гутарцы з журналістамі. — Як орган заканадаўчай улады мы падумаем, як можна пасадзейнічаць людзям, якія маюць гэтыя чэкі, рэалізаваць сваё права.

Трэба сказаць, што сённяшні прыём праводзіўся на працягу ўсяго дня па прычыне таго, што на асабісты прыём да старшыні Савета Рэспублікі звярнуліся больш за сто чалавек. Наталля Качанава, каментуючы журналістам яго вынікі, скарысталася магчымасцю і папрасіла прабачэння перад тымі заяўнікамі, якія не змаглі асабіста з ёй сустрэцца. Яна нагадала, што рэалізаваць сваё права звароту да члена Савета Рэспублікі можна і падчас асабістых прыёмаў да яе калег — старшынь профільных камісій. Таксама гэта можна зрабіць з выкарыстаннем іншых сродкаў камунікацыі: электронных, пісьмовых зваротаў, прамых тэлефонных ліній.

Калі ласка, звяртайцеся па ўсіх кірунках! – падкрэсліла Наталля Качанава і патлумачыла, што такая форма стасункаў (нароўні з асабістымі прыёмамі грамадзян) знаходзіцца на кантролі Савета Рэспублікі. — Па ўсіх зваротах мы абавязкова разбіраемся дэталёва.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».