Вы тут

Мітрапаліт Веніямін заклікаў праваслаўных вернікаў Беларусі да засяроджанай малітвы і памнажэння добрых спраў


Адпаведны зварот кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы размешчаны на афіцыйным інтэрнет-партале БПЦ church.by.


Экзарх звярнуў увагу, што «благадатны час Вялікага посту — час асаблівай духоўнай дзейнасці, які, згодна з царкоўнай традыцыяй, спрадвеку папярэднічае самаму галоўнаму святу — Святой Пасхе, Светламу Хрыстову Уваскрасенню».

Падрыхтоўка да Вялікага посту Царква пачынае загадзя, напомніў прадстаяцель.

«У гэты падрыхтоўчы перыяд варта больш уважліва зірнуць не толькі на вонкавы бок свайго жыцця, але і прыслухацца да голасу сумлення, каб вызначыць тую ступень посту паводле працы і стану здароўя, якая паслужыць добрым пачаткам і прывядзе да сур'ёзнай працы над сабой. Ніхто акрамя самога чалавека лепш не ведае, які недахоп трэба выправіць, з якім грахом змагацца, якую добрую якасць набыць, — адзначыў іерарх. — Каб паступіць і пабожна, і разважліва, пажадана, па магчымасці, параіцца са святаром».

Прыступаючы да посту ўпершыню, не варта бянтэжыцца з-за цяжкасці выканаць яго строгія прадпісанні: Гасподзь вітае нават само жаданне навучыцца пасціцца, дадаў уладыка. І працытаваў Евангелле ад Матфея: «Хто можа зразумець, няхай зразумее».

«Як усякая вялікая справа складаецца з больш малых, так і да строгасці паста будзем падыходзіць паступова, робячы шлях да яго паэтапным і адказным», — заклікаў мітрапаліт.

«Пост называюць лекамі для душы і цела, аднак, як і ўсякімі лекамі, ім варта карыстацца разважліва. Абмежаванні ў ежы — усяго толькі падсобныя сродкі, якія дапамагаюць нам у велікапосныя дні развіваць свае добрыя душэўныя якасці, пераадольваючы недахопы, удасканальвацца ў малітве і справах любові. Таму заклікаю старацца пасціцца ў меру сваіх сіл. Ежы ўжываць у дастатковай колькасці, каб выконваць свае абавязкі ў сям'і, на працы, у вучобе, каб цела заставалася памочнікам душы. Абмежаванні ў ежы не павінны прыводзіць да расслабленасці, маркоты і бяздзейнасці. Але нават тым, хто слабы целам, пад сілу ў чымсьці сябе абмежаваць, адмовіцца ад задавальненняў, празмернасцяў, забаў, праяўляць устрыманне ад лішніх слоў, стрымліваць негатыўныя эмоцыі — і гэта таксама істотны складнік посту», — сказана ў звароце

Не выпадкова Вялікаму посту папярэднічае Даравальная нядзеля, як напамін хрысціянам аб неабходнасці ўступаць на ніву духоўнага подзвігу, папрасіўшы перш прабачэння і прымірыўшыся з блізкімі, падкрэсліў Патрыяршы экзарх усяе Беларусі.

«Прабачэнне — адна з умоў хрысціянскага жыцця. Толькі вызваляючыся ад грузу крыўд, душа зможа імкнуцца да Бога, Які сказаў: „Бо калі вы будзеце дараваць людзям правіннасці іх, то даруе і вам Айцец ваш Нябесны. А калі не будзеце дараваць людзям правіннасцей іх, то і Айцец ваш не даруе вам правіннасцей вашых“ (Мф. 6:14–15), — напомніў мітрапаліт Веніямін. — Ва ўменні дараваць і прасіць прабачэння праяўляецца не слабасць, а сіла чалавечай душы. Просячы прабачэння, мы адначасова прызнаем сваю віну і адпускаем віну свайму бліжняму. З гэтага пачынаецца наша ачышчэнне, з гэтага пачынаецца і ўваходжанне ў Вялікі пост. Хай наша „прабач мяне“, сказанае ў Даравальную нядзелю або напярэдадні, а пры неабходнасці і ў наступныя дні, стане сведчаннем перш за ўсё самім сабе пра шчырае жаданне змяніцца, пакінуць грахі і крыўды на шляху ўдасканалення, да Хрыста, да жыцця паводле Яго святых запаведзяў».

Як птушка без крылаў не можа лётаць, так, паводле слова свяціцеля Іаана Залатавуста «Пост не можа праходзіць без двух сваіх крылаў — малітвы і міласціны», дадаў іерарх і заклікаў усіх верных дзяцей Беларускай Праваслаўнай Царквы да засяроджанай малітвы, больш дбайнага стаўлення да царкоўнага набажэнства, абавязковага ўдзелу ў таінствах споведзі і прычашчэння, удумлівага чытання Свяшчэннага Пісання, памнажэння добрых спраў і засяроджанасці на ўнутранай працы над сабой, да ўвагі да сваіх слоў і думак.

Мітрапаліт Веніямін пажадаў усім моцы сіл духоўных і цялесных, стараннасці і рашучасці папрацаваць, чысцячы храм душы сваёй для Духа Святога, каб «праз наша агульнае імкненне ў дні Вялікага посту да асабістага ўдасканалення кожнаму ўнесці свой уклад ва ўмацаванне міру і згоды грамадства, яго духоўна-маральнай змены».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.

Эканоміка

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё.

Культура

Мінск 1941. Як гэта было

Мінск 1941. Як гэта было

Неба пачарнела ад самалётаў.