Вы тут

Чаго баяцца дзеці?


Звычайная субота. Вечар. Па традыцыі наліваю цэлую ванну вады. Сынок з імпэтам (а то калі палянуецца, купацца не будзе!) збірае цацкі, раскіданыя дзе толькі магчыма. Нарэшце, малы ў вадзе. Спачатку спрабуе плысці, потым мые сваіх гумовых «сяброў», далей надыходзіць час гігіенічных працэдур. Бяру нажнічкі, каб падстрыгчы яму пазногці, як раптам Цёмік выдае: «Не трэба. Я хачу такія ж доўгія, як у Бабы Ягі». Вось табе на! Праўда, разгубленасць хутка знікае (мамы павінны быць падрыхтаваныя да ўсяго), пытаюся: «А ты Бабы Ягі не баішся?» «Вядома ж, не», — упэўнена адказвае Арцём.


Фота: unsplash.com

Іншыя часы — іншыя дзіцячыя жахі. У сваім дзяцінстве мы Бабы Ягі баяліся. Як і ваўка, які, калі б мы не слухаліся бацькоў, абавязкова «ўкусіў бы за бачок». Баяліся цемры, вышыні, навальніцы. Якраз надоечы Цёмік прычапіўся: раскажы яму пра гром і маланку, ды яшчэ перад сном! І так малому спадабалася, што няма таго вечара, каб ён не прасіў у мяне аповеду пра навальніцу. І не баіцца ж! І спіць потым добра, нават не прачынаецца.

Для мяне ў маленстве найбольшым жахам было застацца дома без мамы. Прычым днём я без яе добра абыходзілася, а вось ноччу... Колькі разоў пагаджалася пераначаваць у бабулі з дзядулем, там было весела: часта прыязджалі стрыечныя сёстры. Але як толькі вечарэла, дамоўленасці застацца нанач кудысьці знікалі. Я, ужо школьніца, раўла на ўсю хату, каб везлі мяне да мамы. На шчасце, бацькі жылі ўсяго за некалькі кіламетраў, таму дзядуля садзіў мяне на ровар і вёз малую капрызу дамоў, альбо выклікалі па мяне бацьку. А яшчэ я доўгі час спала з уключаным начніком: мне чамусьці здавалася, калі ноччу выключыць святло, у пакоі збяруцца ўсе здані, пра якіх я чытала ў казках ці бачыла па тэлевізары.

Сучасныя ж мультфільмы палохаюць дзяцей іншымі персанажамі. Пасля такіх праглядаў Цёма, як і многія яго аднагодкі, потым ва ўсіх кутах бачыць сінегаловых і сірэнагаловых, а яшчэ монстраў і зомбі. Цяпер любы шум у суседзяў зверху ці рыпанне за дзвярыма ўспрымаюцца як выхадкі гэтых сумніўных персанажаў. А яшчэ сучасныя дзеці больш за ўсё на свеце баяцца застацца без гаджэтаў. Можна караць іх за правіннасці стаяннем у куце, пагражаць папругай (Арцём яшчэ і сам мне яе прынясе, нават пакажа, як карыстацца), але ўсё ж такі найбольшы эфект у працэсе выхавання прыносіць адабранне гаджэтаў. З іх дапамогай, дарэчы, так зручна маніпуляваць дзецьмі: «Калі ты не даясі кашу, мама не дасць паглядзець мульцікі на тэлефоне», або «Не навядзеш парадак у пакоі, смартфона не ўбачыш!» Вось потым і атрымліваецца так, як у нас. Муж яшчэ да ўсходу сонца збіраецца выязджаць у рэйс, як Цёмік неспадзявана прачынаецца і пачынае плакаць. І не ад таго, што яго любімы тата з'язджае (і, відаць, надоўга), а слёзы цякуць з той прычыны, што бацька... забірае з сабой планшэт (удакладню, што гэта выключна бацькава рэч, з якой ён падчас сваіх рэдкіх пабывак дома дазваляе пазабаўляцца сыну). І смех і грэх, адным словам. Затое варта мне пасля якой-небудзь правіннасці ці непаслушэнства сказаць малому, што планшэт ён больш не ўбачыць, мой сынок становіцца як шаўковы.

Чаго яшчэ баяцца сучасныя дзеці? Цётак ды дзядзькаў, якія з пэўнай нагоды (менавіта так нам казалі ў дзяцінстве) іх могуць кудысьці «забраць»? Вядома ж, не. Міліцыянераў, якія за тую ж няз'едзеную кашу ці за хаджэнне па лужынах «пасадзяць» малых у турму (гэта ж трэба некаторым бацькам такое прыдумаць!)? Не напалохаеш іх і якой-небудзь бабкай, якая ну проста копія Бабы Ягі! Калі мы сапраўды хочам ад дзяцей пэўных дзеянняў, проста элементарнай паслухмянасці, мы павінны пазбаўляць іх рэальных рэчаў — таго, што ім прыносіць задавальненне. Ні ў якім разе не палохаць казачнымі персанажамі, а тым больш рэальнымі людзьмі! Давайце не навязваць сваім дзецям пэўныя фобіі, бо потым будзем пакутаваць з іншай прычыны.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Зрабіць тэрміновы рамонт, купіць добры халадзільнік замест старога, набыць новую мэблю — планы, знаёмыя многім.

Культура

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Калі проза — невычэрпная велічная рака, то паэзія — бурлівы неўтаймоўны вадаспад з безліччу гуллівых пырскаў-эмоцый.

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.