Вы тут

Разумець, што такое булінг і як з ім змагацца, вучаць школьнікаў


Праект па папярэджанні булінгу, псіхалагічнага і фізічнага гвалту «Сяброўскае і падтрымліваючае асяроддзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі» працягвае працаваць на базе 26 школ Беларусі. Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) рэалізоўвае мадэль, якая паспяхова зарэкамендавала сябе ў Харватыі, Сербіі, Чарнагорыі і Балгарыі, у партнёрстве з Інстытутам псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Ці патрэбна гэта нам, высвятляла карэспандэнт «СГ».


Гульня ў «чатыры куткі»

Падчас заняткаў.

Мы наведалі адкрыты ўрок у 10 класе сталічнай школы № 197. У падлеткаў гэта былі першыя заняткі па тэме, а сам клас адметны тым, што яго сфарміравалі з усёй паралелі. Такім чынам мінулагоднія дзевяцікласнікі пакуль не вельмі добра ведаюць пра існуючыя адзін у аднаго праблемы, высвятляць якія прыйдзецца фактычна з нуля.

Вялі заняткі адразу тры валанцёры-старшакласнікі гэтай жа школы. Пачаўся ўрок з прагляду невялікага роліка пра булінг, пасля чаго вучні падзяліліся гісторыямі з цкаваннем і крыўдамі як з уласнага жыцця, так і з назіранняў за знаёмымі.

— Усё, што мы абмяркоўваем на занятках, застаецца ў межах класа. У нас існуе правіла «стоп», калі вы можаце перапыніць пытанні, якія вам непрыемныя. Прытрымліваемся методыкі безацэначных меркаванняў: не асуджаем чыёсьці стаўленне, а таксама гаворым толькі за сябе, не ўжываючы выразы накшталт «на нашу думку», «мы вырашылі» і іншыя, — пазнаёміў з правіламі паводзін на ўроку Мікалай ЛАДУЦЬКА, валанцёр праекта.

Стрэс, эмацыянальная прыгнечанасць, страх, боль, пакуты — усе гэтыя эмоцыі, на думку вучняў, выклікае насілле. Менавіта пра яго: фізічнае (штуршкі і бойкі) і псіхалагічнае (цкаванне і кпіны) ішла гаворка на ўроку.

Каб разабрацца, чым адрозніваюцца фізічнае і эмацыянальнае насілле, жарт і булінг, дзесяцікласнікам прапанавалі пагуляць у «Чатыры куткі». Школьнікам агучвалі розныя сітуацыі, і падлеткі выбіралі адзін з чатырох варыянтаў, да якіх тыя адносяцца. Абмеркавалі старшакласнікі і сітуацыі, якія датычыліся здзекаў наконт знешняга выгляду, высмейвання веравызнання і этнічнай прыналежнасці, поўнага ігнаравання аднакласнікамі, адбірання рэчаў і грошай і іншых негатыўных праяў школьнага жыцця. Школьнікі выказалі і свае меркаванні адносна таго, што яны могуць зрабіць, каб не дапускаць булінгу. «Не быць эгаістам», «быць шчырымі з сабой і іншымі», «умець слухаць», «паважаць адзін аднаго», «улічваць меркаванні іншых».

Адной з самых карысных рэчаў, якія вучні набылі пасля ўрока, стала не толькі ўсведамленне таго, наколькі важна супрацьстаяць булінгу, але і тое, што яны выслухалі меркаванні і думкі адзін аднаго, лічаць самі ўдзельнікі праекта. А яшчэ яны зразумелі, што неабходна пазбягаць замоўчвання праблемы і звяртацца па дапамогу.

У гэтым класе ўжо сфарміраваўся свой «супрацьбулінгавы касцяк» з некалькіх дзяўчат, якія адстойваюць справядлівасць. «У нас агульныя ідэі, падобныя погляды і нават амаль аднолькавыя прабіўныя характары», — смяюцца яны. Школьніцы падзяліліся сваімі думкамі і ўспрыманнем цяперашняга школьнага жыцця:

— Такія заняткі дапамагаюць пачуць людзей і зразумець іх. У далейшым гэта мяняе светапогляд.

— З часам на многія рэчы перастаеш звяртаць увагу. Тое, што здавалася хвалюючым пару гадоў таму, цяпер успрымаецца па прынцыпе «ну і што?». Сёння ў моладзі сваё разуменне праблемных сітуацый.

— Тэма булінгу раней не ўздымалася, і цяпер важна, каб кожны пра яе выказваўся. Мы ўжо амаль дарослыя людзі, наладжваем адносіны, стараемся паводзіць сябе нейтральна, спакойна вырашаць праблемы.

— Пакуль мы робім так, як адчуваем. Тым больш што малодшыя на нас арыентуюцца. Мы раімся і з дарослымі, як зрабіць лепш.

Пасля кожнага тэматычнага ўрока актыўных школьнікаў заахвочваюць невялічкімі прэезентамі: сшыткамі, бранзалеткамі і значкамі з лагатыпамі праекта. І гэта для вучняў не проста прыгожыя штучкі, а знак прыналежнасці да вялікай справы.

«Вясёлая руціна»

Важна, што валанцёры праекта, якія праводзяць заняткі, — вучні старэйшых класаў гэтай жа школы. Магчыма, таму і школьнікам значна прасцей раскрывацца і выказваць свае думкі, расказваць пра крыўды, думаць, як рэагаваць на сітуацыі, бо зносіны адбываюцца на аднолькавых правах. Самі ж валанцёры сціпла адзначаюць, што яны проста праваднікі інфармацыі, а сапраўдныя спецыялісты — педагогі і ментары з ліку выкладчыкаў БДПУ.

— Я абрала для сябе выкладчыцкую сферу і буду паступаць у БДПУ. Пару гадоў таму хадзіла яшчэ на факультатыў па псіхалогіі, а цяперашняя валанцёрская дзейнасць мне дапамагае ўзбагаціцца практычным вопытам, — растлумачыла сваё жаданне быць валанцёрам Кацярына Васьковіч.

Аб праекце, які адбываецца ў школе, «расказваюць» нават на прыступках.

Яе цёзка Кацярына Гележа — таксама валанцёр. Яна вучыцца ў педагагічным класе, хоць прызналася, што яе маці была ад гэтага не ў захапленні:

— Мая мама — дэфектолаг у дзіцячым садку, і яна не вельмі ўзрадавалася майму жаданню стаць педагогам. Яна па сабе ведае, як шмат часу адбірае работа, у тым ліку і з мноствам папер, таму менш часу застаецца сям'і. Аднак я ўспрымаю ўсё гэта як «вясёлую руціну», атрымліваю энергію ад таго, што магу дапамагчы іншым людзям.

Увогуле бацькі ўспрымаюць удзел сваіх дзяцей у праекце станоўча і пытаюцца, што новага і карыснага тыя даведаліся, падзяліліся школьнікі.

— Шкада, што раней не было такой праграмы. Калі б у дзяцей быў шанц не замоўчваць праблему, а гаварыць пра яе, то не было б ва ўзаемаадносінах столькі пытанняў. Гэты праект дазволіў паглядзець на сябе збоку, дапамог падлеткам раскрыцца. Магчыма, некаму гэта выратуе жыццё ў прамым і пераносным сэнсе, — выказалася Ірына ІГНАТОВІЧ, педагог і мама шасцікласніка, які цяпер вучыцца ў школе. — Дзеці вывучаюць праблему, удзельнічаюць у ролевых гульнях, прайграюць сітуацыі. А яшчэ падчас размоў успамінаюцца ўсе крыўды, што назапасіліся за гады вучобы і якія ніхто не агучваў. З пачаткам праекта нават стала цішэй у школе, затое ў яго ўдзельнікаў проста вочы гараць.

«Супрацьбулінгавы касцяк»: Аліна БЛІЗНЮК, Аліна МАЛІНОЎСКАЯ, Ганна ДАБЖЫНСКАЯ, Каталіна ЛАЗАНЕНКА, Мар'я САВУЛЬЧЫК, Ганна ПАЦЕХІНА.

— На жаль, праблемы булінгу існуюць, прычым у школах у розных краінах. Праект вучыць дзяцей быць нераўнадушнымі, расказвае, як выпраўляць складаныя сітуацыі. Часта дарослымі агрэсарамі становяцца людзі, якія ў свой час пацярпелі ад цкавання і насілля, і трэба перарваць гэтае кола. Па вопыце краін, дзе праект ужо адбыўся, я бачу, што ён працуе, — падзялілася меркаваннем Габрыела АКІМАВА, намеснік прадстаўніка ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь.

Арганізатары спадзяюцца, што з часам ім удасца дасягнуць пастаўленай мэты: стварыць умовы для таго, каб усе школы ў Беларусі сталі цалкам псіхалагічна бяспечным месцам.

Пра супрацьстаянне булінгу ў школе адразу папярэджваюць плакаты на ўваходзе.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Твой бяспечны асяродак

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.