Вы тут

«Пакуль талерка не будзе чыстая, з-за стала не выйдзеш». Чаму не варта так казаць дзіцяці?


У кожнага з нас сваё стаўленне да ежы. Адным падабаюцца гародніна і садавіна, іншыя і дня не могуць пражыць без мяса ці салодкага. А рэклама транслюе то тэму здаровага спосабу жыцця, то чарговую модную дыету, то бодзіпазітыў... Сарыентавацца ў такім шквале тэндэнцый няпроста. Але колькі ва ўсім гэтым насамрэч пра здароўе? Таму ўстойлівы імунітэт да рознага кшталту парад варта фарміраваць загадзя. Як мінімум — праз набыццё звычак здаровага харчавання. Бо калі дзеці будуць ужываць якасную ежу і ў патрэбнай ім колькасці, змогуць правільна развівацца. І гэта павышае верагоднасць таго, што, стаўшы дарослымі, яны таксама зробяць правільны выбар на карысць сябе.


Выбар і прыклад

Фота: pixabay.com

Фарміраванне харчовых звычак чалавека пачынаецца яшчэ да моманту з'яўлення яго на свет. Даследаванні вучоных пацвердзілі, што першы смак, які дзіця спазнае, — гэта смак каляплодных вод, і тое, якія прадукты мама спажывае падчас цяжарнасці, непасрэдна ўплывае на фарміраванне харчовага інтарэсу. Потым гэта праяўляецца ў нашай схільнасці да пэўных прадуктаў. У першыя гады жыцця маленькага чалавека не менш важна сачыць за тым, што, у якой колькасці і ў якой абстаноўцы ён есць. Чым раней будзе распачата работа ў гэтым кірунку, тым лепш. Бо адсутнасць правільных харчовых звычак можа мець свае наступствы, якія нагадаюць пра сябе ў будучым. Прычым праблемы могуць быць як фізіялагічнага, так і псіхалагічнага характару.

— Ежа, якую мы ўжываем, уплывае не толькі на наша фізічнае самаадчуванне, але і на эмацыянальны стан. У прынцыпе, калі разглядаць харчаванне з пункту погляду псіхалогіі і на прыкладзе дарослых, то часам здараецца, што людзі «заядаюць» свае негатыўныя пачуцці альбо імкнуцца такім спосабам папоўніць баланс станоўчых эмоцый. Самае простае — гэта з'есці салодкага, ад яго і праўда паляпшаецца настрой, але ненадоўга. А вось наступствы такой тактыкі могуць выліцца ў лішнюю вагу і іншыя праблемы са здароўем. Але многія пра гэта нават не задумваюцца. Аднак варта кожны раз, калі ўзнікае жаданне з'есці нешта салодкае, задацца пытаннем: а што ёсць у маім жыцці, акрамя ежы? — кажа псіхолаг Вера Прохарчык.

Атрымліваецца, што дарослыя, якія паводзяць сябе такім чынам, даюць тую ж устаноўку і сваім дзецям. Адсюль такія з'явы, як імкненне бацькоў «узнагародзіць» уласнае дзіця марожаным ці яшчэ чымсьці за нейкі поспех, альбо дамоўленасці, што калі абед будзе з'едзены, то сын ці дачка атрымаюць дэсерт. Такая тактыка — гэта як мінімум непавага і абясцэньванне ўласнага дзіцяці. Бо дзіця мае права быць прынятае незалежна ад адзнак і таго, хоча яно з'есці першую, другую і кампот альбо толькі суп.

На чым яно трымаецца?

Ад нараджэння нашыя дзеці растуць і пазнаюць жыццё ва ўсіх яго праявах, часцей за ўсё, арыентуючыся на прыклад дарослых. І тэма харчавання — таксама не выключэнне. Калі мы, бацькі, жадаем прывіць малому звычкі здаровага харчавання, то варта засяродзіцца на наступных момантах.

Усе дзеці розныя, і выбар прадуктаў, якія ім падабаюцца, таксама будзе адрознівацца. Але ўсё ж варта прапаноўваць сыну ці дачцэ спрабаваць нешта новае. Прычым калі вы купілі нейкі новы прадукт ці прыгатавалі нязвыклую страву, не варта адразу класці малому ў талерку цэлую порцыю. Дайце яму крышачку пакаштаваць, і там ужо дзіця само зробіць выснову: падабаецца яму ці не. Важна таксама адсочваць, каб у рацыёне прысутнічалі садавіна і гародніна. Бярыце дзяцей з сабой у краму, і няхай яны самі дапамогуць вам выбраць тыя прадукты з катэгорый, якія ім даспадобы. Чым раней гародніна, напрыклад, стане часткай вашых сняданкаў, абедаў і вячэр, тым хутчэй да дзіцяці прыйдзе ўсведамленне, што тая — важны складнік штодзённага рацыёну. А з садавіны можна рабіць разнастайныя салацікі, прычым калі вы з малечай будзеце рабіць іх сумесна, то атрымаеце яшчэ і карыснае ды вясёлае баўленне часу. Жаданне паспрабаваць прыгатаваную страву дакладна з'явіцца ў фінале.

Асобна скажам пра тое, які ўплыў на фарміраванне звычак правільнага харчавання аказваюць атмасфера і правілы адносна ежы. Так, напрыклад, важна, каб за сняданкам ці вячэрай уся сям'я збіралася разам за адным сталом. Тут можна падзяліцца добрым настроем, планамі, навінамі... Аднак не варта падчас прыёму ежы акцэнтаваць увагу на тым, што і ў якой колькасці есць альбо не хоча нават спрабаваць дзіця. Бо часам такія заўвагі могуць даць адваротны эфект і адаб'юць усялякае жаданне быць часткай сямейнага застолля. Сюды можна аднесці і фразы накшталт «пакуль талерка не будзе чыстая, з-за стала не выйдзеш».

— Такое мысленне характэрнае для людзей тых часоў, калі не хапала ежы. Так, у вайну і пасля яе людзі галадалі, і таму да ежы ў іх вельмі беражлівае стаўленне. Тады не пыталіся, хочаш ты есці альбо не, — адказ быў вядомы, таму трэба было даядаць усё. Але ад гэтага сёння лепш адмаўляцца. Варта скласці пэўныя правілы, абмеркаваўшы іх усёй сям'ёй. Напрыклад, даядаць усё неабавязкова, але ежу лепш не выкідваць, а проста пакінуць на талерцы. Важна таксама і тое, дзе есць сям'я. І тут лепш усё ж спыніцца на варыянце кухні, а прагляд тэлевізара ўвогуле перанесці на іншы час. Дзіця, асабліва ў маленькім узросце, можа не разумець нейкіх нюансаў агучаных вамі правіл, але калі спакойна і мэтанакіравана ўсё растлумачыць, то фундамент здаровага харчавання абавязкова паступова сфарміруецца, — адзначае псіхолаг.

Калі правілы складзены і абмеркаваны, варта іх прытрымлівацца і не адхіляцца ад намечанага курсу. Вядома, чым раней пачнецца работа над фарміраваннем звычак здаровага харчавання, тым лепш. Але насамрэч пачынаць ніколі не позна. Толькі ў больш дарослым узросце ўжо спатрэбяцца іншыя метады, каб дабіцца выніку. Вядома, калі дзіця малое, то прасцей адсачыць рэжым, увесці нейкі прадукт ці страву ў рацыён, нават проста цікава аформіўшы яе на талерцы. А вось падлеткам ужо трэба аргументаваць вашы прапановы па меню. Як мінімум, можна расказаць, як гэта адаб'ецца на іх здароўі, знешнім выглядзе, стане скуры і г. д.

Накарміць — не самае галоўнае

Ці варта прымушаць дзіця есці? Бо здараецца, што бацькі імкнуцца накарміць яго любымі спосабамі. Калі ціснуць на дзіця, то яно, як сцвярджаюць псіхолагі, калі вырасце, будзе лёгка падпарадкоўвацца чужой волі, не здолее адстойваць свае межы і погляды. Згадзіцеся, ад пропуску аднаго прыёму ежы яшчэ ніхто ў свеце не загінуў. Вядома, калі сын ці дачка адмаўляюцца ад ежы і пры гэтым недабіраюць у вазе, то варта звярнуцца да спецыялістаў (педыятр, гастраэнтэролаг), каб убачыць і даследаваць поўную карціну і пачаць работу ў патрэбным кірунку. Калі дзіця хварэе і не хоча есці, то гэта, зразумела, часовая з'ява і яна тлумачыцца тым, што арганізм кідае ўсе сілы на змаганне з хваробай. З выздараўленнем усё абавязкова прыйдзе ў норму. А вось заахвочваць малое мульцікамі, абяцаннем цукерак ці, яшчэ горш, страхам — практыка, якая хутчэй нашкодзіць у перспектыве, нават калі тут і цяпер дзіця з'есць усё да апошняй лыжкі. Як мінімум такі падыход адцягвае ўвагу ад спажывання ежы, страчваюцца адчуванні смакаў, кантролю за голадам і сытасцю. Лепш, каб усё гэта было асэнсавана. Фарміраванне правільнага рэжыму харчавання — фізіялагічны працэс, які патрабуе часу, каб стаць такім жа звыклым, як сон ці прагулка на свежым паветры. І галоўная задача бацькоў тут — заахвоціць дзіця і сарыентаваць яго на тое, што важна прыслухоўвацца да сябе. Калі ўзнікае голад — трэба пад'есці. Але няхай гэта будуць не перакусы на бягу, а спакойны прыём ежы.

Таксама ўвагі патрабуе і такі момант, як несупадзенне смакавых адчуванняў дарослых і дзяцей. Так, напрыклад, калі ў вашай сям'і заведзена, што сняданак не абыходзіцца без кашы, то выбар ужо трэба будзе зрабіць адносна круп. І дамовіцца, хто будзе аўсянку, а каму прыгатаваць рысавую. Можна скласці меню, дзе ў адзін дзень вы гатуеце тое, што падабаецца вам, а ў наступны — тую страву, якую любяць вашы дзеці. Тут ужо спрацоўвае маміна фантазія, але выбар павінен быць. І добра, каб ён быў карысны і задавальняў усю сям'ю.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Першая, другая і кампот, або Здароўе — не ў апошняй лыжцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».