Вы тут

Прадстаўнікі розных сфер падзяліліся думкамі аб рабоце, якая чакае іх у складзе Канстытуцыйнай камісіі


Пасля падпісання кіраўніком краіны адпаведнага ўказа распачала сваю работу Канстытуцыйная камісія, якой даручана распрацаваць прапановы па змяненні Канстытуцыі краіны і забяспечыць іх усенароднае абмеркаванне. У Канстытуцыйную камісію ўвайшлі 36 чалавек. Сярод іх — заслужаныя і аўтарытэтныя прадстаўнікі розных сфер, якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Некаторыя з іх падзяліліся са «Звяздой» сваімі ўражаннямі і думкамі аб той важнай рабоце, якая іх чакае.


Валянцін Семяняка, старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў:

«Асноўны Закон не прамежкавы этап у развіцці грамадства, а праграмны дакумент, які мае пралангіраваны тэрмін дзеяння. Ён вызначае лёс і напрамкі развіцця краіны. Камісія зоймецца чарговым этапам у рабоце над Канстытуцыяй. Я прымаў удзел ва ўсіх папярэдніх — дыялогавых пляцоўках, зборах прапаноў грамадзян (яны паступалі ў тым ліку і на сайт Палаты прадстаўнікоў, апрацоўваліся ў Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, якую я ўзначальваю) і ва Усебеларускім народным сходзе. На ўсіх этапах падрыхтоўкі адчувалася занепакоенасць грамадзян лёсам краіны. І сёння задача Канстытуцыйнай камісіі — кансалідаваць намаганні ўсіх слаёў нашага грамадства, каб адрэдагаваць змены ў Асноўны Закон.

Галоўнае, што турбуе мяне асабіста, — зрабіць гэтую справу адказна і правільна, каб не страціць найлепшае, а калі будзем уносіць змяненні, каб яны былі накіраваны на развіццё, еднасць нацыі і захаванне суверэнітэту.

Асаблівую ўвагу падчас работы звярну на профіль сваёй дзейнасці ў парламенце — кіраўніцкія пытанні, паўнамоцтвы кіруючых органаў, правілы іх абрання і ўзаемадзеяння паміж сабой. Таксама ў прыярытэце палажэнні, звязаныя з развіццём рэгіёнаў, органаў мясцовага самакіравання.

Работа над Канстытуцыяй такой прадстаўнічай камісіі — гэта залог поспеху, бо задзейнічаны спецыялісты розных галін, з практычным досведам. Гэта важна, таму што кожны можа ўзяць на сябе той участак, які яму больш блізкі і зразумелы, пра які ён валодае большай інфармацыяй.

Першае, што неабходна зрабіць, — яшчэ раз прарэвізаваць прапановы, што паступілі, пачынаючы ад самых катэгарычных. Далей, нам неабходна папрацаваць са зместам старой Канстытуцыі і разабрацца, што там стрымлівае развіццё краіны. Гэта не самая дрэнная Канстытуцыя, і яе ў свой час якасна рыхтавалі. Потым, на мой погляд, неабходна па тэматычных блоках размеркаваць членаў камісіі, каб кожны працаваў са сваім кірункам. А затым гэта зводзіць у адзіны акт».


Аляксей ТАЛАЙ, грамадскі дзеяч, спартсмен, матывацыйны спікер:

«Работу ў Канстытуцыйнай камісіі я буду сумяшчаць з яшчэ адным важным жыццёвым перыядам — падрыхтоўкай да Параалімпійскіх гульняў у Токіа. Мяркую, у мяне была магчымасць адмовіцца. Я паважаю кіраўніка дзяржавы за тое, што ён зрабіў для краіны, за тое, што пад яго кіраўніцтвам яна ступіла ў новую спакойную, светлую, мірную рэчаіснасць. Таму я не мог адмовіцца ад членства ў Канстытуцыйнай камісіі. Гэта цалкам абдуманы крок. Я адказны чалавек і буду працаваць з поўнай аддачай. Я абавязкова спраўлюся і з падрыхтоўкай да Параалімпійскіх гульняў, гэта самы галоўны старт у маёй спартыўнай кар'еры. Тым больш мой трэнер Генадзь Вішнякоў кажа, што я маю вялікія шанцы на медаль.

Працуючы над змяненнямі ў Канстытуцыю, хацелася б засяродзіць увагу на тэмах, якія добра ведаю, — спорт, работа з моладдзю, патрыятычнае выхаванне. Акцэнт — на ўсё, што датычыцца людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пашырэнне іх здольнасцяў да паспяховага развіцця і інтэграцыі ў грамадства. Маючы належныя ўмовы, кожны чалавек можа стаць карысным для краіны і дзяржавы, скласціся як асоба і дасягнуць поспеху... Вядома, я шмат увагі ўдзялю сям'і — абароне мацярынства, дзяцінства і бацькоўства. Кожны бацька таксама павінен быць абаронены, мець роўныя правы на сваіх дзяцей і, безумоўна, адчуваць сваю адказнасць. Спадзяюся, гэта дапаможа паменшыць колькасць разводаў у краіне, што добра паўплывае на дзяцей, якія пакутуюць, калі сем'і развальваюцца.

Я заклікаю ўсіх да канструктыўнага дыялогу. Менавіта для гэтага і была створана Канстытуцыйная камісія, — каб сабраць разумныя ідэі і прапановы і ўключыць іх у новы тэкст Асноўнага Закона нашай краіны».


Ягор МАКАРЭВІЧ, старшыня Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе:

«Па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам мы разумеем, што неабходна выбудоўваць работу такім чынам, каб Канстытуцыя засталася стабільная. Дзеючы Асноўны Закон краіны з'яўляецца добрым прыкладам гэтаму, усе механізмы ў ім эфектыўна працуюць. У той жа час у грамадстве наспеў пэўны запыт на перамены. Хоць па апошніх даных сацыялагічных даследаванняў мы бачым, што ён не такі яркі, як яго спрабуюць паднесці некаторыя прадстаўнікі беларускай апазіцыі. Але, тым не менш, мы разумеем, што трэба ўносіць пэўныя карэктывы і дапаўненні. Якія яны будуць, гэта будзе выпрацоўвацца непасрэдна самой камісіяй. Тэрміны пастаўлены, далей будуць пастаўлены канкрэтныя задачы. Зараз члены Канстытуцыйнай камісіі вывучаюць і замежны вопыт, у цэлым сусветную практыку па пытаннях змяненняў Канстытуцыі. Кожны сёння працуе на асабістым узроўні. Самае галоўнае на сёння — гэта рабіць усё максімальна адкрыта і галосна, з прыцягненнем грамадскасці. Я як прадстаўнік маладога пакалення ўпэўнены, што любы малады чалавек, грамадзянін нашай краіны павінен разумець, што Канстытуцыя — гэта асноўны заканадаўчы акт, ад якога залежаць абсалютна ўсе сферы дзейнасці краіны, і канстытуцыйная рэформа — вельмі важны працэс».


Бажэна ЯРЭМІЧ, выкладчык-стажор юрыдычнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта:

«Прэзідэнтам было даручана прыцягнуць да работы ў камісіі разам з вопытнымі юрыстамі і моладзь. Я гэта ўспрымаю як вялікую адказнасць і ганаруся такім даверам. Канстытуцыя — Асноўны Закон дзяржавы. Ён у нас даволі стабільны, змяненні ўносяцца рэдка, таму работа над абнаўленнем Канстытуцыі — падзея гістарычная і для мяне асабіста.

Вельмі адказная справа — уносіць у Асноўны Закон свае прапановы, ідэі, меркаванні. І мы, члены камісіі, павінны, у першую чаргу, зыходзіць з інтарэсаў грамадства, а не нейкіх сваіх суб'ектыўных меркаванняў. А гэта значыць, больш прыслухоўвацца да таго, што ў ім адбываецца, на мой погляд.

Нямала слушных ідэй у гэтым плане было выказана падчас Усебеларускага сходу. Як вядома, іх рэалізацыя будзе пакладзена ў аснову карэкціровак Канстытуцыі. Мяне, напрыклад, хвалююць многія аспекты жыцця, у першую чаргу, тыя, што датычацца моладзі.

Вельмі добра, што ў камісіі побач з намі, маладымі, будуць працаваць вопытныя спецыялісты. Патэнцыял прафесіяналаў — вельмі добрая база, каб стварыць тую Канстытуцыю, якая патрэбна нашаму грамадству, адэкватную тым выклікам, якія адбыліся. Людзі, што ўвайшлі у склад камісіі, здольныя гэта зрабіць».

Прэв’ю: pac.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.