Вы тут

Гукамаўленчую сістэму навігацыі для людзей са слабым зрокам укаранілі на станцыі Мінск-Пасажырскі


Праект «Прылада гукавой інфармацыйнай сістэмы для інвалідаў па зроку» на вакзальным комплексе станцыі Мінск-Пасажырскі рэалізаваны Беларускай чыгункай сумесна з Беларускім таварыствам інвалідаў па зроку (БелТІЗ).


На галоўным чыгуначным вакзале краіны ўстанавілі сто гукамаўленчых інфарматараў навігацыйнай сістэмы «Крокі на Гукі» і тактыльныя мнемасхемы з інфармацыяй аб планіроўцы памяшканняў і размяшчэннем ключавых аб'ектаў шрыфтам Брайля. Гукамаўленчыя інфарматары размешчаны такім чынам, каб забяспечыць магчымасць невідушчым і пасажырам са слабым зрокам самастойна дабрацца да асноўных аб'ектаў на вакзале, а мнемасхемы размешчаны каля галоўнага ўвахода ў вакзал, увахода з тунэля з боку вуліцы Кірава і на ўваходах у грамадскія прыбіральні.

Як паведамілі ў прэс-цэнтры магістралі, прынцып дзеяння апаратна-праграмнага комплексу такі: на падыходзе да вакзала невідушчы пасажыр актывуе на сваім смартфоне спецыяльную мабільную праграму BuzzPoіnt, якая адлюстроўвае пералік найбліжэйшых аўтаматычных гукамаўленчых інфарматараў з падрабязным апісаннем месцаў іх устаноўкі. Пасля актывацыі абранага пункта інфарматар пачынае трансляваць гукавы сігнал, у напрамку якога рухаецца карыстальнік. З дапамогай такіх гукавых падказак грамадзянам са слабым зрокам можна без дапамогі старонніх прайсці да акна даведак, касы, ліфтаў, прыбіральняў, выхадаў на платформы і іншых аб'ектаў.

Праект рэалізаваны за сродкі Беларускай чыгункі. У супрацоўніцтве з прадстаўнікамі БелТІЗ быў распрацаваны праект, зманціравана неабходнае абсталяванне. Таксама адбылося тэсціраванне і наладка.

Раней аналагічную сістэму ўкаранілі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск і новым аўтавакзале Брэста, але праект, выкананы на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі, — найбуйнейшы сярод рэалізаваных на транспартных аб'ектах Беларусі.

Многія людзі з аслабленым зрокам карыстаюцца паслугамі стальной магістралі, бываюць на галоўным вакзале сталіцы. Укаранёная сістэма гукавой навігацыі дапаможа загадзя спланаваць маршрут перамяшчэння па вакзале і добра арыентавацца. У гэтым дапамагаюць і тактыльныя элементы — спецыяльная накіроўваючая тратуарная плітка і лакальныя паказальнікі з надпісамі шрыфтам Брайля.

У далейшым вопыт вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі будзе выкарыстаны на іншых аб'ектах Беларускай чыгункі. Такім чынам, будзе працягнута планамерная работа па адаптацыі інфраструктуры дарогі да патрэб людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Раней на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі для абслугоўвання інвалідаў-калясачнікаў была пераабсталяваная білетная каса, у якой панізілі падаконнік. Для стварэння безбар'ернага асяроддзя таксама ўладкаваныя тактыльныя накіравальныя на цэнтральным уваходзе ў будынак вакзала. Падобныя змяненні паступова адбываюцца і на іншых аб'ектах магістралі з улікам планавых будаўніча-мантажных работ і мерапрыемстваў, запланаваных у Дзяржаўнай праграме «Сацыяльная абарона» на 2021—2025 гады. Парк магістралі папаўняецца сучасным рухомым саставам, адаптаваным для перавозкі фізічна аслабленых пасажыраў.

Сяргей РАСОЛЬКА

Загаловак у газеце: «Крокі на Гукі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?