Вы тут

Курганы слановых чарапоў. Уявім, што Вацлаў Ластоўскі падмяніў Крыж Ефрасінні


Маргарыта Латышкевіч. Уласны крыж. Мастацкая літаратура, 2021

Серыю «Бібліятэка прыгод і фантастыкі» выдавецтва «Мастацкая літаратура» калісьці збіралі аматары па ўсім Савецкім Саюзе. З-за мітрэнгаў эпохі серыя нейкі час перастала папаўняцца, пасля паціху адрадзілася, і вось — новы выпуск. Гэтым разам дзве аповесці маладой беларускай пісьменніцы Маргарыты Латышкевіч. «Уласны крыж» перакрыжоўвае часавыя пласты і лёсы на сакральным для беларусаў сюжэце: пошукі крыжа Ефрасінні Полацкай (першынство па сакральнасці падзяляюць пошукі кароны Вітаўта Вялікага і залатых апосталаў Пане Каханку).

Станіслаўскі, каб артыст мог стварыць на сцэне кавалачак сапраўднага жыцця, прапаноўваў яму адказаць на пытанне «а што, калі б». Варыянт ад Маргарыты Латышкевіч: «А што, калі б крыж Ефрасінні Полацкай, перш чым здаваць у савецкія музеі, супрацоўнікі Беларускай акадэміі навук падмянілі падробкай?» І стаяў бы за гэтым акадэмік Вацлаў Ластоўскі, знаўца полацкіх лабірынтаў, які разумеў, што іначай нацыянальную святыню (як здарылася насамрэч) звязуць з беларускай зямлі. Прадказальнае і далейшае развіццё сюжэта: ключы да таямніцы схованкі трапляюць у наш час, за здабыццё рэліквіі змагаюцца «нашы» («вярнуць крыж народу») і «злыдні» («прыўлашчыць і прадаць на чужыну»). Першаадкрывальніка таямніцы, як Мар'яна Пташынскага ў «Чорным замку Альшанскім», забіваюць, але ягоны сябар, зразумела, давядзе расследаванне да канца, хоць злыдні-бандзюганы падступна перашкаджаюць. Адметная аповесць тым, што пазнавальна абмалёўваецца менавіта наш час — пандэмія, маскі, боязь заразы. Часам боязь ператвараецца ў псіхоз, як у галоўнага героя, журналіста-гісторыка Зініча, якому ўсе сустрэчныя падаюцца хворымі, а зняць рэспіратар страшна, нават каб выпіць кубак кавы. Добра, дарэчы, што героі не такія ўжо супермены — той жа Зініч напачатку не выклікае сімпатыі. Добра і тое, што аўтар аздабляе сюжэтнае голле лісцем вобразнай мовы, сярод якога часам выспяваюць запамінальныя кветкі. Такім чынам ствараецца каларытная атмасфера, і чытача ўжо не здзіўляе, калі ў злавесных полацкіх сутарэннях сустракаюцца сапраўдныя здані. Другая аповесць, «Трыснёг пад ветрам» — беларускае фэнтэзі. Нашыя эльфы, кургановы народ, не горшыя за эльфаў Сапкоўскага, і стасункі людзей з імі наводзяць на тыя ж высновы: нельга ставіцца, як да пустазелля, да тых, хто ад цябе адрозніваецца. А хорар на беларускіх балотах тут проста лаўкрафтаўскі.


Сальвадор Далі. Дзённік аднаго генія. Масква, Азбука, 2020

Далі ніколі не хаваў, што робіць са свайго жыцця мастацкі твор, а асяродак вакол сябе імкнецца ператварыць у сюррэалістычную карціну. Уся канструкцыя — на эпатажы. Прыхільнік Ніцшэ і Фрэйда напінаецца ў кожным радку абурыць чытача альбо крамольнай думкай, альбо агіднай фізіялагічнай падрабязнасцю, альбо такой сюррэалістычнай фантазіяй, што хочацца паспачуваць дактарам. Сам Далі сцвярджаў, што ягоныя «мемуары», напісаныя з 1952-га да 1963-га, гэта і творчы маніфест, і тлумачэнне феномена «сапраўднага генія», якому выпала нарадзіцца ў «эпоху амаль карлікаў». Да карлікаў аўтар залічвае ўсіх, акрамя сябе і Галы — жонкі і музы. Ну хіба што Рафаэль і Веласкес могуць паблытацца побач... Некаторыя тлумачаць «бессаромныя шчырасці» Далі тым, што гэта была для яго форма псіхатэрапіі. Хоць чытаць забаўна. «Яшчэ падлеткам я даведаўся, што Мігель дэ Сервантэс, які так уславіў Іспанію сваім бессмяротным «Дон Кіхотам», сам памёр у жахлівай беднасці, а Хрыстафор Калумб, што адкрыў Новы свет, памёр не ў меншым жабрацтве, да таго ж яшчэ і ў турме, — дык вось, паўтараю, даведаўшыся пра гэта яшчэ ў падлеткавым узросце, я, пільнуючыся разважлівасці, настойліва параіў сабе заўчасна паклапаціцца пра дзве рэчы: 1. Пастарацца як мага раней адседзець у турме. Гэта было своечасова выканана. 2. Знайсці спосаб без асаблівых цяжкасцяў стаць мультымільянерам. І гэта таксама было выканана». Мастак не забывае паведаміць, што адпраўляецца «па інтымнейшых справах», то-бок у прыбіральню, сунуўшы сабе за вуха кветку язміну. Марыць здабыць тры тысячы чарапоў сланоў, каб упрыгожыць бераг мора, дзе ягоны маёнтак. Знаёмы магараджа якраз абяцаў даслаць карабель з тымі чарапамі! А як вам «сцэна песнапення, дзе Ніцшэ, Фрэйд, Людовік Баварскі і Карл Маркс па чарзе адказваючы на пытанні, будуць з неперадавальнай віртуознасцю распяваць на музыку Бізэ свае дактрыны»? Гэта Далі хацеў здымаць фільм. А калі заходзіць гаворка пра іншых мастакоў, атрымліваецца нешта накшталт «Кандзінскі мог бы цудоўна майстраваць з перагародчатай эмалі цудоўныя набалдашнікі для кульбачак».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выданні для агляду прадстаўлены кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр. Незалежнасці, 72

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.