Вы тут

Мы жывём, пакуль помнім. У рэспубліцы прайшла акцыя па добраўпарадкаванні мемарыялаў ахвярам вайны


Мы жывём, пакуль помнім. Гэтыя словы, напісаныя на мемарыяле на месцы спаленай фашыстамі вёскі Ала ў Светлагорскім раёне, у Беларусі зразумелыя, як нідзе ў свеце. Наша памяць пра вайну праз некалькі пакаленняў ужо выходзіць на генетычны ўзровень, яе захаванне становіцца адной з важных умоў нашага існавання як нацыі. І гэта не гучныя словы. Асабліва сёння, калі гісторыю мінулай (і дай бог, апошняй на гэтай зямлі) вайны спрабуюць перапісаць.


Фота: pixabay.com

Толькі не тут, толькі не ў Беларусі. Бо тут паўсюль стаяць помнікі спаленым вёскам і забітым людзям. І дату 22 сакавіка 1943 года — дзень, калі перастала існаваць на зямлі вёска Хатынь, мы памятаем. І дзяцей, і ўнукаў сваіх мы выхоўваем так, каб памяталі і яны, і іх дзеці і ўнукі.

На гэтым тыдні па ўсёй Беларусі праходзіць акцыя па добраўпарадкаванні мемарыялаў ахвярам вайны. Да яе падключыліся ўсе рэгіёны, і гэта не проста навядзенне парадку пасля зімы. Разам са званамі Хатыні ў сэрцы кожнага нармальнага чалавека, які жыве на нашай зямлі, адгукаюцца галасы соцень знішчаных нелюдзямі жыхароў такіх паселішчаў. Пакуль мы чуем гэтыя галасы, пакуль ведаем пра іх, мы маем права звацца жывымі.

Клопат пра мемарыялы ў Шавулічах і Купіску

У Гродзенскай вобласці акцыя па навядзенні парадку на мемарыялах стартавала пад Навагрудкам і Ваўкавыскам

Вялікі працоўны дэсант высадзіўся каля мемарыяла «Шавулічы», расказаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ваўкавыскага райвыканкама Сяргей Швец:

— Гэтае месца заўсёды захоўваецца ў парадку. Некалькі разоў на год праводзяцца суботнікі. Да сёлетняй знакавай акцыі людзі далучаліся ахвотна. Многія прыйдуць сюды 20 сакавіка, калі па ўсёй краіне будуць праходзіць мітынгі-рэквіемы у памяць Хатыні і ўсіх спаленых вёсак.

Шавулічы — знакавы мемарыял Ваўкавыскага раёна. Яго яшчэ называюць «ваўкавыская Хатынь». Ён устаноўлены на месцы спаленай у 1943 годзе вёскі, якая так і не адрадзілася. Пра тое, што тут быў населены пункт, нагадвае толькі брук. Загінула 366 мірных жыхароў вёскі. Усіх расстралялі, а дамы і пабудовы спалілі. Вёска гарэла цэлыя суткі. Доўгі час аб ёй нагадвалі толькі фундаменты і дзве брацкія магілы. Па ініцыятыве прафсаюзаў Гродзенскай вобласці і на ахвяраванні жыхароў на месцы вёскі ўзведзены мемарыяльны комплекс. Пасля доўгай пошукавай работы былі ўстаноўлены імёны ўсіх загінулых. Штогод у дзень трагедыі тут праходзіць Дзень памяці. За ўсімі мемарыяламі наглядаюць мясцовыя службы і члены грамадскіх аб'яднанняў раёна.

Месцам навядзення парадку стаў помнік у вёсцы Купіск Навагрудскага раёна. Абеліск сведчыць пра ахвяры Вялікай Айчыннай вайны — байцоў і мірных жыхароў. Акупанты спалілі тут больш за 200 двароў. Вёска была амаль поўнасцю знішчана, і не яна адна. Падобны жахлівы лёс напаткаў яшчэ 15 населеных пунктаў Навагрудскага раёна. Купіск — самы буйны з іх.

Па словах педагога школы Алены Шайбак, вучні беражліва ставяцца да памяці тых, хто загінуў у гады вайны, яны сочаць за станам іншых помнікаў і безыменнымі магіламі воінаў-вызваліцеляў. На працягу тыдня ў парадак будуць прыведзены мемарыялы і помнікі ва ўсіх спаленых вёсках Навагрудчыны.

— Падчас мітынгу-рэквіема, які адбудзецца ў Любчы 20 сакавіка, будзе дадзены старт патрыятычнаму праекту «Незабытыя сёстры Хатыні» з удзелам навучэнцаў Навагрудскага аграрнага каледжа, — паведаміла начальнік ідэалагічнай работы і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама Наталля Жышко. — У рамках праекта будзе наводзіцца парадак на мемарыялах, будуць устаноўлены інфармацыйныя стэнды, распачнецца пошукавая работа. Вынікам праекта стане арганізацыя турыстычнага маршруту з аднайменнай назвай, прэзентацыя якога будзе прымеркавана да дня вызвалення Навагрудка.

Маргарыта УШКЕВІЧ


І па чатыры разы знішчалі...

У Віцебскай вобласці колькасць спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны вёсак прыкладна 350. У тым ліку 243 населеныя пункты спалілі двойчы, 83 — тры разы і 22 — чатыры і больш...

Сумную статыстыку карэспандэнту «Звязды» агучылі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама. Начальнік упраўлення Генадзь Ягораў падкрэсліў, што падтрыманне круглы год у належным стане памятных мясцін — традыцыя.

Шунеўку, што знаходзілася ў Докшыцкім раёне, часта ў Прыдзвінскім краі параўноўваюць з Хатынню з-за таго, што яна, бадай, найбольш вядомы сімвал. Тут вясной 1943 года знішчылі 66 чалавек (усе жыхары спалены, 15 дзяцей ва ўзросце да шасці гадоў скінулі ў калодзеж). На адным з пано мемарыяльнага комплексу «Праклён фашызму» — на месцы варварства гаворыцца, што былі поўнасцю знішчаны 97 вёсак раёна, і тры: Шунеўка, Залатухі і Азарцы назаўсёды засталіся ў вечнасці. Усяго ў вайну загінула больш за 20 тысяч жыхароў раёна — кожны трэці. Днямі ў гэтым месцы памяці і болю сэрца арганізавалі першыя сёлета работы па добраўпарадкаванні.

Раней у Чашніцкім раёне, дзе ўшанавана памяць загінулых у агні 114 жыхароў вёскі Вішанькі, напярэдадні жалобнай цырымоніі займаліся маштабным добраўпарадкаваннем. А ў красавіку там плануецца суботнік, падчас якога прыцягнуць да работы яшчэ больш людзей.

У Лепельскім і Лёзненскім, Віцебскім раёнах робіцца ўсё, каб пасля зімы прывесці ў парадак тое, што ўсталявалі ў памяць аб мірных ахвярах акупантаў і іх памочнікаў. Работа вядзецца і на Верхнядзвіншчыне — напярэдадні патрыятычнай акцыі памяці.

Аляксандр ПУКШАНСКІ


Памяць, якая баліць

Трагічны лёс Хатыні на тэрыторыі Магілёўскай вобласці паўтарылі 112 вёсак у 19 раёнах. Усе гэтыя месцы трагедыі пазначаны 26 знакамі памяці. На месцы спаленых вёсак у Бабруйскім і Магілёўскім раёнах памяць удзельнікаў Супраціўлення і ахвяр войнаў увекавечана на помніках воінскіх пахаванняў. У рамках акцыі, прысвечанай Дню Хатыні, усе гэтыя месцы будуць добраўпарадкаваны да 20 сакавіка. У суботніках бяруць удзел прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб'яднанняў, дэпутаты, моладзь, мясцовыя жыхары.

Днямі людзі шчыравалі на мемарыяльным комплексе ў вёсцы Дубінка, што ў Магілёўскім раёне. У лютым 1943 года тут было спалена, па розных звестках, ад 186 да 192 мірных жыхароў. У 1966 годзе на месцы трагедыі створаны курган Славы — у ім сабрана зямля з усіх спаленых вёсак Магілёўскага раёна.

Сярод тых, хто прыйшоў навесці на месцы масавага пахавання парадак, была і Аляксандра Ціханаўна Пятроўская — сведка той жахлівай трагедыі. Зараз ёй 84 гады, а на той момант было ўсяго шэсць. На яе вачах людзей заганялі ў адрыну і палілі. Яна выратавалася цудам.

— Гэтыя месцы смутку ў нас на асаблівым уліку, — кажа старшыня Вендаражскага сельвыканкама Міхаіл Васіленка. — На тэрыторыі раёна іх 19. За кожным замацавана тая ці іншая арганізацыя. Мемарыяльны комплекс у Дубінцы даглядаюць работнікі ААТ «Цішоўка» і навучэнцы Вендаражскай школы. Мы павінны захоўваць гісторыю мінулых часоў, часцей нагадваць моладзі пра тое, што такое ёсць наша спадчына. Самае святое і недатыкальнае ў ёй — памяць пра Вялікую Айчынную вайну, нашых гераічных дзядоў і прадзедаў. Ахвярамі фашызму станавіліся людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. І сведкі тых трагедый вельмі дакладна перадаюць увесь гэты жах. Жыхарка вёскі Дубінка Аляксандра Пятроўская расказвае такія рэчы, ад якіх кроў стыне ў жылах. Вось пра што трэба нагадваць нашым дзецям, каб трагедыя не паўтарылася.

Толькі 16 сакавіка ў рамках акцыі, прысвечанай Дню Хатыні, на тэрыторыі вобласці было ўпарадкавана пяць памятных мясцін у Бялыніцкім, Бабруйскім, Магілёўскім, Клічаўскім раёнах і горадзе Бабруйску.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта mogіlevnews.by


Першы адрас — Бабровічы

Самым першым адрасам працоўнай альбо памятнай акцыі, прысвечанай падзеям вайны, у Целяханскім сельсавеце заўсёды бываюць Бабровічы.

Каля помніка  ў Бабровічах.

Гэтую вёску карнікі спалілі 13 верасня 1942 года. Пакутніцкую смерць прынялі 676 жыхароў вёскі, сярод якіх многа дзяцей, у тым ліку 1939-га, 1940-га, 1941-га гадоў нараджэння. Тады ў ваколіцы спалілі яшчэ тры вёскі. Усяго загінула 1280 чалавек.

Вёска Бабровічы пасля вайны адрадзілася. Многім, асабліва дзецям, падлеткам, якія пасвілі жывёлу, былі ў лесе, гасцявалі ў родзічаў, пашчасціла выратавацца. Яны пазней і аднавілі ў памяці імёны бязвінных ахвяр землякоў, якія занесены на мемарыяльную дошку. Так узнік помнік у Бабровічах. І вось праз 79 гадоў пасля трагедыі да мемарыяла прыйшлі валанцёры са школьнага атрада пад кіраўніцтвам настаўніцы Марыі Гаўрусік.

— Разам са школьнікамі мы навялі парадак, вычысцілі леташняе лісце, прыбралі лішнюю расліннасць, падмялі тэрыторыю — расказвае старшыня Целяханскага сельскага Савета Аксана МЯЛІК. — Потым, як заўсёды, згадалі пра жах вайны, пра гора і слёзы людзей, пра нашых землякоў, якім на долю выпалі вось такія выпрабаванні. У суботу, 20 сакавіка тут адбудзецца мітынг-рэквіем.

Днямі працоўны дэсант пабываў і ў Красніцы. Яна была спалена крыху раней, у жніўні 42-га. Там загінула 90 чалавек. Красніца пасля вайны не адрадзілася. На месцы вёскі таксама ёсць памятны абеліск, які мае патрэбу ў доглядзе. І тут школьнікі разам з дарослымі навялі парадак, у тым ліку і на навакольнай тэрыторыі.

Як адзначыла загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама Святлана ЗАВАДСКАЯ, у раёне за гады вайны былі спалены часткова альбо поўнасцю 27 вёсак.

— Пяць з іх больш не адрадзіліся. У ходзе акцыі згадаюць кожнае з гэтых паселішчаў. На месцы помнікаў, абеліскаў, памятных дошак і на прылеглай тэрыторыі будзе наведзены парадак. Па традыцыі гэтай работай займаюцца прадстаўнікі мясцовай улады, школьнікі, работнікі лясніцтваў, прадпрыемстваў і арганізацый, якія функцыянуюць на тэрыторыі.

Святлана ЯСКЕВІЧ


Дастойная справа  для ўсіх пакаленняў

Суботнік па добраўпарадкаванні тэрыторый мемарыяльных комплексаў «Трасцянец» і «Масюкоўшчына» правядуць 20 сакавіка. Пра гэта расказалі начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Юрый Цаба і намеснік начальніка адпаведнага ўпраўлення адміністрацыі Заводскага раёна Мінска Таццяна Мялешка, паведаміла БелТА.

«Штогод прыводзяцца ў парадак месцы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. Гэта тры брацкія магілы і пяць помнікаў воінскай славы, якія размешчаны на тэрыторыі Цэнтральнага раёна, — адзначыў Юрый Цаба. — Удзел у такім мерапрыемстве стане дастойным прыкладам адзінства пакаленняў, пераемнасці традыцый і захавання народнай памяці».

Акрамя таго, сёлета ў мемарыяльным комплексе «Яма», які знаходзіцца на тэрыторыі Цэнтральнага раёна, выканаюць рамонт пешаходных дарожак з заменай пакрыцця на плітачнае, установяць бартавы камень. На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Трасцянец» таксама навядуць парадак, дадала Таццяна Мялешка. Работы па добраўпарадкаванні будуць праведзены ва ўрочышчы Благаўшчына, каля помніка ахвярам фашызму ў вёсцы Малы Трасцянец і ва ўрочышчы Шашкоўка.

Загаловак у газеце: Мы жывём, пакуль помнім

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.