Вы тут

Літаратурная дыпламатыя. Уладзімір Караткевіч ва Украіне


«Слово Просвіти» — адзін з самых аўтарытэтных асветніцкіх і грамадска-палітычных штотыднёвікаў Украіны. У снежаньскім нумары (за 10–16 снежня 2020 года) змешчаны артыкул украінскага паэта і перакладчыка Дзмітра ЧАРАДНІЧЭНКІ «Сустрэчы ў Млынаградзе», прысвечаны класіку беларускай літаратуры.


Украінскі літаратар расказвае пра сваю сустрэчу з класікам беларускай літаратуры ў верасні 1982 года ў Піцундзе. Млынаград — гэта сімвалічны «гарадок», які Дз. Чараднічэнка наладзіў на марскім узбярэжжы, дзе праявіў усе свае рамесніцкія таленты. Уладзімір КАРАТКЕВІЧ тады таксама адпачываў у Піцундзе. Адпачывалі ў той верасень у Доме творчасці і Сяргей ПЛАЧЫНДА, Анатоль НЕПАКУПНЫ, Гіві АЛХАЗІШВІЛІ, Іван БУРСАЎ. Такая вось прыемная кампанія склалася ў атачэнні аўтара «Дзікага палявання караля Стаха» у верасні 1982 года. Калі Івана Бурсава прадстаўляць наўрад ці трэба, то пра іншых пісьменнікаў, якія мелі хаця б кароткія стасункі з Караткевічам, усё ж узгадаем. Сяргей Плачында (1928–2013) — украінскі празаік. У 1953 годзе закончыў філалагічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі. Лічы, вучыўся побач з Караткевічам, які рускае аддзяленне філфака таго ж універсітэта закончыў у 1954 годзе. Актыўна працаваў у галіне біяграфічнай літаратуры, напісаў цэлы шэраг раманаў і аповесцяў — «Аляксандр Даўжэнка», «Балада пра Стэпняка», «Юрый Яноўскі», іншыя творы. Захапляўся міфалогіяй, выдаў кнігі «Слоўнік старажытнаўкраінскай міфалогіі», «Міфы і легенды Старажытнай Украіны» і інш. Анатоль Непакупны (1932–2006) — украінскі мовазнаўца, літаратуразнаўца, паэт і перакладчык. Доктар філалагічных навук. Займаў пасаду старшыні Украінскай анамастычнай камісіі. Ведаў літоўскую, латышскую, польскую, чэшскую мовы. Даследаваў сувязі Тараса Шаўчэнкі з Літвою. Дарэчы,   А. Непакупны — таксама выпускнік Кіеўскага ўніверсітэта. Гіві Алхазішвілі (нарадзіўся ў 1944 годзе ў Грузіі) — паэт, празаік, перакладчык. Аўтар паэтычных кніг «Паэзія» (1972), «Горад напамінаў» (1975), «Чужая птушка» (1975), «Вокны мінулага» (1980), «Вока як свечка душы» (1982), «Пагоня за ветрам» (1983), «Чаканне слоў» (1987), «Святло ў кроплі» (1995)… Лаўрэт прэміі Акакія Цэрэтэлі (1998), Дзяржаўнай прэміі Грузіі (1999). Перакладчык твораў рускіх паэтаў Афанасія Фета, Аляксандра Блока, Андрэя Белага на грузінскую мову.

Дарэчы, упершыню Дзмітрый Чараднічэнка сустрэўся з Караткевічам у 1970-я гады, калі пасля выхаду анталагічнага зборніка маладой беларускай паэзіі «Калінавыя масты» кіеўскае маладзёжнае выдавецтва наладзіла аднайменны паэтычны фестываль. Украінскі паэт згадвае, што тым разам добра ўжо вядомы ва Украіне пісьменнік быў у адной кампаніі з Уладзімірам ЗАБАШТАНСКІМ, Міколам СОМАМ. Да яе далучыўся і Дз. Чараднічэнка. Якраз тады Караткевіч паказаў знаёмыя яму з кіеўскага студэнцтва свае мясціны, любімы каштан. Уладзімір Забаштанскі (1940–2001) — украінскі паэт, перакладчык. Пісьменнік трагічнага лёсу. Працаваў на будаўніцтве, качагарам. У выніку выбуху страціў зрок і абедзве рукі. Два гады лячыўся ў Кіеўскім інстытуце траўматалогіі і артапедыі. Закончыў вячэрнюю школу працоўнай моладзі. Затым, у 1969-м годзе, — філфак Кіеўскага ўніверсітэта. Аўтар паэтычных зборнікаў «Наказ каменяроў» (1960), «Вера ў чалавека» (1971), «Мая вузкакалейка» (1973), «Гранітныя кроплі» (1975), «Вага слова» (1981) і інш. Займаўся перакладамі твораў азербайджанскіх, армянскіх, беларускіх, украінскіх, балгарскіх, грузінскіх, казахскіх, латышскіх, літоўскіх, малдаўскіх, рускіх, татарскіх, туркменскіх, эстонскіх паэтаў на ўкраінскую мову. Мікола Сом (1935–2013) — украінскі паэт-шасцідзесятнік, публіцыст, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны. Першая кніга паэзіі М. Сома выйшла ў 1957 годзе. Адной з галоўных яго паэтычных кніг з’яўляецца зборнік «Хроніка ваеннага дзяцінства» (1985).

Артыкул, які змешчаны ў снежаньскім, за 2020-ы год, нумары газеты «Слово Просвіти», быў, дарэчы, раней надрукаваны і ў Беларусі — у кнізе серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», якая прысвечана Уладзіміру Караткевічу.

Цяпер пра само ўкраінскае выданне. «Слово просвіти» выдавалася спярша ў Жытоміры. Пабачыла свет 15 нумароў. З 1995 года газета выдаецца ў Кіеве. Яна стала цэнтральным друкаваным органам Усеўкраінскага таварыства «Просвіта» імя Тараса Шаўчэнкі. Рэдакцыю ўзначаліла пісьменніца Любоў Галота. Зараз штотыднёвік рэдагуе Мікола Цымбалюк. «Слово Просвіти» часта звяртаецца да тэм гісторыі Беларусі, розныя аўтары выдання часта пішуць пра беларускую літаратуру, беларускіх пісьменнікаў у звязку з Украінай, украінскім прыгожым пісьменствам.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Прэв’ю: pixabay.com/

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.