Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Заканадаўства павінна папярэджваць магчымыя пагрозы


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях удасканалення заканадаўчых актаў у сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі і аховы грамадскага парадку.


У нарадзе прынялі удзел прэм'ер-міністр, спікеры абедзвюх палат парламента, кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, Дзяржаўнага сакратарыяту Савета Бяспекі, Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце, старшыні Вярхоўнага суда, КДК, КДБ, ФПБ, Следчага камітэту, Генеральны пракурор, міністры юстыцыі і ўнутраных спраў.

Гэта своеасаблівая зверка гадзіннікаў пасля даручэнняў, якія былі дадзеныя кіраўніком дзяржавы напрыканцы студзеня.

«Паўтара месяца назад мы з вамі ўжо абмяркоўвалі, ці адпавядае наша заканадаўства абстаноўцы, якая склалася. Наколькі яно эфектыўна дазваляе рэагаваць на сучасныя выклікі, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Напэўна, гэта адна з галоўных задач любога заканадаўства. Выснова была зроблена адназначная: неабходная карэкціроўка па ўсіх напрамках крымінальнага, працоўнага і іншага заканадаўства».

Аб'ектыўнай асновай для гэтага, па словах беларускага лідара, з'яўляецца запыт, перш за ўсё, простых грамадзян на забеспячэнне грамадскай бяспекі, захаванне парадку і міру ў краіне.

Пра ўсе змены ў гэтай сферы заканадаўства людзі павінны быць праінфармаваныя загадзя, акцэнтаваў увагу на гэтым патрабаванні Прэзідэнт.

«Папярэдзіць, калі гэта будзе патрэбна, пра ўзмацненне жорсткасці тых або іншых артыкулаў нашых законаў і заканадаўства ў цэлым, каб яны ведалі, калі ідуць на нейкія дзеянні, ці будуць распачаты супраць іх адпаведныя санкцыі ці не, — патлумачыў ён. — Гэта значыць, людзі загадзя будуць папярэджаныя і будуць ведаць, хоць няведанне закона не вызваляе ад адказнасці за яго невыкананне».

Заканадаўства павінна не проста аператыўна рэагаваць на любыя парушэнні, але і папярэджваць магчымыя пагрозы, агучыў Прэзідэнт яшчэ адно важнае патрабаванне.

Пасля студзеньскай нарады ў парламенце, Адміністрацыі Прэзідэнта, Дзяржаўным сакратарыяце Савета Бяспекі і іншых ведамствах, перш за ўсё, сілавых, падрыхтавана каля дзесяці законапраектаў, паведаміў кіраўнік краіны і даручыў у бліжэйшы час не толькі разгледзець гэтыя дакументы ў парламенце, але і аператыўна ўвесці іх у дзеянне.

У якасці добрага прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў Расійскую Федэрацыю, якая пасля падзей у Беларусі прыняла некаторыя законы, у тым ліку ў сферы супрацьдзеяння гераізацыі нацызму.

«Гэта вельмі важнае для нас пытанне, — заўважыў беларускі лідар. — Яны ў гэтым кірунку зрабілі канкрэтныя крокі. Чаму б не скарыстацца гэтым вопытам? Так, як яны скарысталіся нашым горкім вопытам».

Згодна паведамленняў беларускіх спецслужбаў, дэструктыўная актыўнасць у краіне працягваецца, паведаміў Прэзідэнт. Таму дзяржаўнай сістэме трэба быць гатовай да любых яе праяў: ад заклікаў да незаконных забастовак да маніпулявання свядомасцю людзей з дапамогай інтэрнэт-тэхналогій, папярэдзіў ён.

На кожны падобны крок у арсенале сілавых і іншых дзяржаўных структур павінны быць адэкватныя інструменты рэагавання, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.


Аляксандр Лукашэнка задаў прысутным шэраг пытанняў

Якія асноўныя змены плануюцца ў крымінальным заканадаўстве? Наколькі сістэмна яно перагледжана? Ці ў поўнай меры забяспечваецца ахова канстытуцыйнага ладу?

«Пры гэтым яшчэ раз хачу падкрэсліць: размова не павінна ісці толькі пра закручванне гаек, — заявіў беларускі лідар. — Недзе павінна быць і ўзмацненне адказнасці, а недзе, як мы працавалі над іншымі кодэксамі, напрыклад, павінны быць і паслабленні».

Людзі мусяць убачыць гэтыя законы, азнаёміцца з іх зместам і выразна зразумець, якія будуць наступствы за іх невыкананне, паўтарыў ён.

Другі блок парадку дня нарады датычыцца барацьбы з экстрэмізмам, забеспячэння нацыянальнай бяспекі і аховы грамадскага парадку. Трэці — навядзення парадку ў асобных праваахоўных органах, перш за ўсё, адвакатуры, абазначыў Прэзідэнт.

«Асноўная задача гэтага прававога інстытута — абарона законных інтарэсаў грамадзян і суб'ектаў гаспадарання. Як яны трымаюцца закону?» — спытаў кіраўнік дзяржавы і падкрэсліў, што пытанне павінна быць разгледжана па прынцыпе: Вінаваты — адказвай. Не вінаваты — ідзі працуй».

Што яшчэ трэба, каб беларускія грамадзяне маглі спакойна жыць і працаваць, а дзяржслужачыя і ваенныя выконваць свой абавязак, спытаў напрыканцы ўступнага слова беларускі лідар.

«Вось гэтыя ўкіды ў інтэрнэт, персанальныя дадзеныя, пагрозы сем'ям, дзецям — гэта павінна выразацца калёным жалезам», — акцэнтаваў увагу ён.


За апошні час праведзены маштабны аналіз заканадаўства, далажыў Прэзідэнту кіраўнік яго Адміністрацыі Ігар Сергеенка

«Прававыя нормы вывучалі ў праламленні падзей паслявыбарнага перыяду і неабходнасці папярэджання новых магчымых формаў дэструктыўнай актыўнасці, — сказаў ён. — У гэтых мэтах работа вялася адразу па некалькіх кірунках. Для гэтага на пляцоўках Адміністрацыі Прэзідэнта і Дзяржаўнага сакратарыяту Савета Бяспекі былі створаныя дзве працоўныя групы. Першая займалася непасрэдна ўдасканаленнем кодэксу — пытаннямі крымінальнай адказнасці, другая каардынавала дзеянні па карэкціроўцы заканадаўства ў сферы грамадскай бяспекі».

Паміж групамі было наладжанае ўзаемадзеянне на ўзроўні як кіраўніцтва, так і экспертаў, дадаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.


Міністэрствам юстыцыі падрыхтаваны праекты заканадаўчых актаў, якія карэктуюць заканадаўства аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці, мэта якіх умацаваць кадравы патэнцыял адвакатуры, забяспечыць захаванне прынцыпу законнасці ў рабоце гэтага прававога інстытута, павышэнне якасці і даступнасці адвакацкай дзейнасці, расказаў журналістам па выніках нарады міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі.

«У прыватнасці законапраектам прадугледжваецца скасаванне абавязковага трохгадовага стажу работы па юрыдычнай спецыяльнасці для асоб, якія маюць намер стаць адвакатамі, — расказаў ён. — Некалькі гадоў таму гэта норма была заканадаўствам уведзеная, на сёння Калегія адвакатаў ставіць пытанне пра тое, што прыток новы кадраў у адвакатуру знізіўся, больш за тое, якасць падрыхтоўкі асоб, якія падаюць заявы на атрыманне адвакацкай ліцэнзіі, у апошнія тры гады пагаршаецца. Мы гэта бачым па працэнце станоўчай здачы кваліфікацыйнага іспыту».

Норма дасць магчымасць забяспечыць прыток добрых выпускнікоў юрыдычных ВНУ ў адвакатуру, лічыць міністр. Акрамя таго, прапануецца спрасціць працэдуру праходжання кваліфікацыйнага іспыту і ўступлення ў адвакатуру для асоб, якія маюць значны вопыт работы ў судах, праваахоўнай сістэме, органах юстыцыі, дадаў Алег Сліжэўскі.

Датычна павышэння даступнасці і якасці адвакацкіх паслуг прапануецца пашырыць пералікі катэгорый грамадзян і пытанняў, па якіх такія паслугі будуць аказвацца грамадзянам (у першую чаргу маламаёмасным) за кошт Калегіі адвакатаў.

Яшчэ адна норма праекта скасоўвае дысцыплінарныя камісіі і ўскладае пытанні разгляду выпадкаў, якія патрабуюць адказнасці адвакатаў, на Саветы Калегіі адвакатаў.

На нарадзе ў Прэзідэнта таксама была разгледжана прапанова вывучыць мэтазгоднасць работы адвакатаў у юрыдычных кансультацыях, адвакацкіх бюро і індывідуальна.

«Тут асноўны тэзіс — усе адвакаты павінны дзейнічаць у аднолькавых умовах. Гэта тое пытанне, якое цягам бліжэйшых дзён будзе яшчэ прапрацоўвацца, і будзе ўнесеная канчатковая прапанова, — дадаў міністр. — Згодна адному з падыходаў, адвакаты, якія ажыццяўляюць дзейнасць індывідуальна і якія працуюць у адвакацкіх бюро, павінны спецыялізавацца на аказанні паслуг па грамадзянскіх і эканамічных справах. Адвакаты, якія працуюць у юрыдычных кансультацыях, могуць аказваць паслугі па ўсіх кірунках».


У бліжэйшы час каля 10 законапраектаў будуць унесены ў парламент і разгледжаны на вясенняй сесіі, паведаміў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка.

Паводле яго слоў, завершана работа па комплексным пераглядзе крымінальнага заканадаўства.

«Гэта вялікі пласт праблем. Прапанаваныя меры накіраваны на тое, каб забяспечыць грамадскую бяспеку з улікам практыкі апошняга года, — сказаў Ігар Сергеенка. — Шэраг мер накіраваны на ўзмацненне абароны тых супрацоўнікаў, якія забяспечваюць гэтую бяспеку, — супрацоўнікаў МУС, дзяржапарату, ваеннаслужачых».

Пры ўдасканаленні заканадаўства перагледжаны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У прыватнасці, выключаны склады, якія цяпер практычна не працуюць або па іх магчыма прыцягненне вінаватых асоб да адміністрацыйнай адказнасці.

«З аднаго боку, па асобных складах уведзеныя новыя артыкулы, якія будуць узмацняць крымінальную адказнасць за парушэнні, у тым ліку законаў аб масавых мерапрыемствах. А па частцы артыкулаў адказнасць будзе больш мяккай», — растлумачыў Ігар Сергеенка.

У ліку заканадаўчых ініцыятыў — прапанова даць судам права самастойна прымаць рашэнне і прымяняць гнуткія падыходы па прызначэнні пакарання. «Гэта ў першую чаргу замена тых пакаранняў, дзе прадугледжана пазбаўленне волі, на абмежаванне волі», — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Паводле яго слоў, з улікам міжнароднага вопыту прапануецца ўзмацніць адказнасць за ўхіленне ад выплаты падаткаў, увесці паняцці «значны», «буйны» і «асабліва буйны памер».

Адзін з законапраектаў, які плануецца ўнесці ў парламент, тычыцца недапушчэння рэабілітацыі нацызму. Ігар Сергеенка звярнуў увагу на тое, што падрыхтоўка гэтага дакумента вядзецца з мінулага года. Выкарыстоўваўся пры працы над законапраектам і расійскі вопыт. У дакуменце зроблены акцэнт на прафілактычны складнік, каб не дапусціць рэабілітацыю нацызму і здзяйснення сур'ёзных злачынстваў у гэтай сферы. З гэтай мэтай агаворваецца шэраг мерапрыемстваў ідэалагічнай скіраванасці.

«У цэлым усе ўдзельнікі нарады падыходы да змены заканадаўства ўхвалілі. Выказаны асобныя заўвагі, якія будуць улічаныя ў ходзе дапрацоўкі. Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача, каб усё было ўлічана, зыходзіла ад практыкі і так, каб нашы грамадзяне даведаліся пра гэта загадзя — пра законы, якія будуць прынятыя, якая адказнасць будзе ўводзіцца па тых ці іншых артыкулах», — падсумаваў Ігар Сергеенка.


У заканадаўстве Беларусі з'явіцца дадатковая адказнасць для аўтараў, якія распаўсюджваюць недакладную інфармацыю — так званыя фэйкі, распавёў журналістам намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Рахманаў.

Ён адзначыў, што падобныя навацыі ў апошні час укараняюцца ў заканадаўстве цэлага шэрагу замежных дзяржаў. Аляксандр Рахманаў падкрэсліў актуальнасць праблемы распаўсюджвання недакладнай інфармацыі пад выглядам дакладнай.

«Вядома ж, у нацыянальным заканадаўстве з'явіцца дадатковая адказнасць для тых людзей, якія займаюцца распаўсюджваннем ілжывай, непраўдзівай інфармацыі, тым больш выдаючы яе ў якасці праверанай і дакладнай па розных напрамках нашага жыцця: гэта і развіццё краіны, і ваенна-тэхнічны стан, стан рызык і выклікаў для нацыянальнай бяспекі, гэта і стан спраў у галіне аховы здароўя і гэтак далей», — растлумачыў ён.


Генпракуратура ініцыявала ўзмацненне і канкрэтызацыю ў заканадаўстве адказнасці за экстрэмісцкую дзейнасць

Аб гэтым прадстаўнікам СМІ паведаміў Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.

«Мы прааналізавалі вопыт падзей мінулага года, улічылі заканадаўства і вопыт іншых краін, у тым ліку Расійскай Федэрацыі, і падрыхтавалі адпаведны праект закона, у адпаведнасці з якім канкрэтызуецца паняцце, што такое экстрэмізм у Рэспубліцы Беларусь — гэта любая супрацьзаконная дзейнасць, якая накіраваная, у тым ліку, на тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт нашай дзяржавы, канстытуцыйны лад, грамадскую бяспеку, — расказаў ён. — Удакладнена паняцце экстрэмісцкіх матэрыялаў, цяпер гэта не толькі інфармацыйная прадукцыя, але і любая атрыбутыка, сімволіка, якая выкарыстоўваецца з гэтай мэтай. Гэта вельмі важна».

Пашыраны паўнамоцтвы шэрагу дзяржаўных органаў, у тым ліку органаў пракуратуры. Зараз разам з Генеральным пракурорам прапануецца пракурорам абласцей і горада Мінска даць права прыпыняць дзейнасць арганізацый, калі ў іх дзейнасці ёсць прыкметы экстрэмізму, і ініцыяваць перад судом пытанні пра іх ліквідацыю, дадаў Андрэй Швед. Сама працэдура ліквідацыі такіх арганізацый прапануецца ў паскораным парадку, сказаў ён.

«Міністэрству ўнутраных спраў, Камітэту дзяржбяспекі разам з пракуратурай прапануецца таксама даць права вынясення прадпісанняў аб выпраўленні парушэнняў закона, якія накіраваныя супрацьдзеянню экстрэмізму, у выпадку ігнаравання гэтых прадпісанняў дзейнасць юрыдычных асоб будзе спыненая, — працягнуў Генеральны пракурор. — На МУС прапануецца ўскласці вядзенне банку дадзены асоб, якія былі выкрытыя ў экстрэмізме, гэта як фізічныя асобы, так і юрыдычныя. Акрамя таго, у Крымінальны кодэкс унесеныя адпаведныя карэкціроўкі з тым, каб асобы, якія здзяйсняюць экстрэмісцкія дзеянні, прыцягваліся, у тым ліку, да крымінальнай адказнасці».

Упершыню будуць канкрэтызаваныя ўсе віды дзейнасці, якія могуць быць аднесеныя да экстрэмісцкай, такія як вярбоўка, навучанне, падрыхтоўка, схіленне — гэта значыць, любая форма дзейнасці, якая  звязаная з экстрэмізмам, будзе мець крымінальна-прававую ацэнку, заўважыў кіраўнік ведамства.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».