Вы тут

На сустрэчах і прыёмах людзі ўзнімаюць пытанні далейшага развіцця краіны


З членам Савета Рэспублікі Анатолем ШАЛТАНЮКОМ мы і сустрэліся ў яго акрузе, а не ў рабочым кабінеце. Як старшыня Жабінкаўскага раённага Савета Анатоль Віталевіч наведваў Крыўлянскі сельскі Савет. Заадно зазірнуў у школу, пагаварыў з жывёлаводамі на ферме. З сельскімі дэпутатамі абмеркавалі перспектывы закрыцця магазіна ў адной з вёсак. Людзі выказваюцца за тое, каб стацыянарны гандлёвы пункт заставаўся. І да людзей трэба прыслухацца, лічыць сенатар.


Член Савета Рэспублікі Анатоль Шалтанюк і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Жанна Стаціўка праводзяць сумесны прыём грамадзян.

— Амаль кожны дзень даводзіцца сустракацца з людзьмі, бываць у калектывах, — гаворыць Анатоль Шалтанюк. — Ужо пасля УНС пабываў у добрым дзясятку калектываў. Радуе, што людзі праяўляюць зацікаўленасць жыццём краіны, маюць сваё меркаванне, настроены на стваральную працу.

Адным з цікавых дыялогаў апошняга часу сенатар лічыць гутарку з людзьмі ў фермерскай гаспадарцы «ЯКВІЛ». Сёння гэта не маленькая гаспадарка з зямельнымі ўгоддзямі ў некалькі гектараў, а сучаснае сельгаспрадпрыемства, па плошчы як невялікі калгас, з трыма дзясяткамі работнікаў, стабільнай эканомікай, выразнай перспектывай. Для работнікаў узводзіцца жыллё, рэгулярна абнаўляецца парк тэхнікі. Людзі з «ЯКВІЛа» заклапочаны магчымасцямі разнастайнай адукацыі і працаўладкавання для дзяцей, праблемамі пенсійнага забеспячэння, развіццём аховы здароўя і камунальнай гаспадаркі, захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны.

Са старшакласнікамі і настаўнікамі Хмелеўскай і Крыўлянскай сярэдніх школ сенатар праводзіў урокі ў «Школе актыўнага грамадзяніна». Паводле яго назірання, старэйшыя вучні сапраўды дэманструюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, яны не саромеюцца ставіць даволі вострыя пытанні. «Важна з імі гаварыць, не баяцца ўступаць у палеміку, адстойваць сваю пазіцыю, а таксама дэманстраваць павагу да пазіцыі юнага чалавека з тым, каб разабраць, на чым яна грунтуецца, разам знайсці адказы на пытанні, якія цікавяць юнакоў і дзяўчат. Будучыня краіны падрастае ў школьных класах, і сённяшнія нашы сустрэчы са школьнікамі, магчыма, адна з самых важных складовых работы любога сенатара, дэпутата парламента, кіраўніка», — заўважае Анатоль Шалтанюк.

— Не магу сказаць, што нецікавыя або аднастайныя атрымаліся гутаркі ў калектывах ДРБУ-103, падатковай інспекцыі, статыстычнага камітэта, аддзела ЗАГС, — працягвае суразмоўнік. — Кругом былі цікавыя пытанні, разнастайныя думкі, ёсць нагода для роздуму і абмеркавання з калегамі. Несумненна, што такія сустрэчы ўзбагачаюць і даюць інфармацыю для далейшай работы.

На прыёмах грамадзян, якія Анатоль Шалтанюк праводзіў у апошнія паўгода, пераважалі праблемы інфраструктуры. Актуальнымі застаюцца пытанні якасці пітной вады, добраўпарадкавання тэрыторый. На адным з прыёмаў у Дамачаве Брэсцкага раёна (у акругу сенатара ўваходзяць Брэсцкі і Жабінкаўскі раёны) жыхары звярнуліся з просьбай паспрыяць пракладцы тратуара на адной з вуліц. Дзеці вяртаюцца вечарам са школы, пры адсутнасці асвятлення зімой хадзіць небяспечна. Нязручна і мамам з каляскамі, і пажылым пенсіянерам. Гэта пытанне абмеркавана з кіраўніцтвам райвыканкама. Для пракладкі тратуара, вядома, патрэбныя сродкі і ўключэнне ў план работы на наступныя гады.

Нярэдка грамадзяне звяртаюцца наконт працягу інжынерных сетак на канкрэтную вуліцу або завулак. Былі звароты, якія датычацца ямачнага рамонту, грэйдзіравання дарог, нават расчысткі снегу пасля мяцеліцы. І калі дробныя пытанні, накшталт бягучага рамонту дарогі ці расчысткі ад снегу вырашаюцца аператыўна і ў рабочым парадку, то іншыя праблемы, на вырашэнне якіх патрэбны сродкі, заносяцца ў своеасаблівы «ліст чакання». Як правіла, да дэпутата парламента людзі прыходзяць пасля таго, як ужо звярталіся ў мясцовыя органы ўлады. Там ведаюць пра наяўнасць праблемы. З раённымі выканаўчымі камітэтамі мы зараз вядзём работу так, каб складаць перспектыўныя планы чарговасці любой работы. Скажам, гаворка ідзе пра капітальны рамонт дамоў: парадак альбо чарговасць мусіць быць распісаны не менш, чым на пяць гадоў. Такім чынам, у дакуменце можна ўбачыць, які дом на якой вуліцы будзе адрамантаваны ў першую чаргу, які за ім, які наступны. І так па ўсіх відах работ, каб чалавеку можна было даць зразумелы адказ, і ён ведаў, калі чакаць патрэбнага рамонту або добраўпарадкавання.

Адзін з самых частых і цікавых зваротаў апошняга часу датычыцца ўсталявання электраацяплення ў дамах сельскай мясцовасці. З уводам у строй БелАЭС пра гэта актыўна загаварылі. А там, дзе не падведзены газ, адкрываецца добрая магчымасць скарыстацца дабротамі цывілізацыі. На жаль, у шэрагу населеных пунктаў да гэтай работы пакуль не гатовыя лініі электраперадачы, не абсталяваны трансфарматарныя станцыі. Значыць, асобным грамадзянам з тых, хто жадае паставіць электраацяпленне, трэба чакаць рэканструкцыі электрасетак. Дарэчы, ёсць праграма такой рэканструкцыі, заўсёды можна паглядзець і атрымаць інфармацыю, калі мадэрнізацыя прыйдзе ў тую ці іншую вёску.

У Новых Дворах, у Вежках Жабінкаўскага раёна некаторыя грамадзяне ўжо скарысталіся такой магчымасцю і паставілі электраацяпленне. Спецыялісты гавораць, што поўнасцю абсталяваць населены пункт сістэмай ацяплення можна пры наяўнасці адпаведнай лініі, а яшчэ праз пэўную колькасць дамоў трэба ставіць трансфарматарныя падстанцыі. Але ў кожным выпадку трэба падыходзіць індывідуальна. Калі ў маланаселенай вёсцы толькі адзін альбо два гаспадары жадаюць правесці электрычнае цяпло, то ім, магчыма, хопіць і наяўных магутнасцяў сетак. Гэта трэба вырашаць са спецыялістамі электрасетак. І хоць пакуль электрычнае ацяпленне канкрэтнаму спажыўцу абыходзіцца крыху даражэй за газавае, цікавасць у людзей ёсць: становіцца на парадак менш клопатаў, не трэба нарыхтоўваць дровы і брыкет, прасцей падтрымліваць чысціню ў хаце. Значыць, трэба працягваць работу ў гэтым кірунку.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Святланы КІСЛАЙ

Загаловак у газеце: Электраацяпленне ў вёсках

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».