Вы тут

Беларуска-італьянскае парламенцкае ўзаемадзеянне працягваецца ў фармаце відэасувязі


Наладжаныя раней сувязі, безумоўна, трэба падтрымліваць. Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ў гэтым дапамагаюць вельмі істотна, яднаючы, напрыклад, Рым і Мінск. Прыкладам такога дыялогу стала віртуальная сустрэча Сяргея РАЧКОВА са сваім італьянскім калегам. Днямі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы пагутарыў са старшынёй пастаяннай камісіі Сената Італіі па замежных справах і эміграцыі Віта Разарыа Петрачэлі.


Вітаючы свайго італьянскага калегу, старшыня профільнай камісіі выказаў салідарнасць з гэтай краінай і яе народам, якія трывала пераносяць выпрабаванні і актыўна працуюць над пераадоленнем наступстваў эпідэміі Covіd-19.

Парламентарый падкрэсліў, што Італія заўсёды заставалася ў нефармальнай групе «сяброў Беларусі» ўнутры Еўрапейскага саюза, і беларускі бок гэта высока цэніць. У сувязі з гэтым сенатар заклікаў італьянскі бок, у тым ліку парламентарыяў, да максімальнай і непрадузятай ацэнкі падзей у Беларусі, і галоўнае — не паддавацца ўплыву ўстойлівых штампаў і стэрэатыпаў, якія інтэнсіўна тыражуюцца ў некаторых СМІ.

— Сітуацыя, якая склалася ў Беларусі, ацэньваецца палітыкамі большасці заходніх краін выключна з пункту гледжання правоў чалавека і дэмакратыі, — падкрэсліў беларускі сенатар.

Сяргей Рачкоў акцэнтаваў увагу на спробе ажыццяўлення «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі з мэтай змены дзяржаўнага курсу. Ён паведаміў італьянскаму калегу, што ўдзельнікі пратэстаў і іх лідары правакуюць сілавое сутыкненне з праваахоўнымі органамі, парушаюць заканадаўства і гэтак далей.

— Ні ў адной краіне свету ўлады не церпяць дзеянняў па звяржэнні канстытуцыйнага ладу і супраць грамадскага парадку і асабістай бяспекі грамадзян, а таксама супрацоўнікаў праваахоўных органаў і іх сем'яў. На жаль, СМІ краін Захаду не пішуць аб гэтым, што прыводзіць да скажонага ўспрымання падзей у Беларусі, — падкрэсліў беларускі парламентарый.

Ён праінфармаваў італьянскага калегу аб тым, што нягледзячы на дэструктыўны ўплыў звонку сітуацыя ў Беларусі вяртаецца ў адпаведнае нашай краіне спакойнае рэчышча. Паведаміў Сяргей Рачкоў і аб тым, што кіраўнік дзяржавы ініцыяваў нацыянальны дыялог для вызначэння стратэгічных шляхоў развіцця краіны з удзелам працоўных калектываў, грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый. Акцэнтаваў увагу парламентарый і на тым, што ў лютым у нашай краіне адбыўся VІ Усебеларускі народны сход.

— Днямі пачала работу Канстытуцыйная камісія, яна падрыхтуе змяненні ў Асноўны Закон Беларусі, якія будуць вынесены на ўсенародны рэферэндум у пачатку наступнага года, — праінфармаваў Сяргей Рачкоў.

Ён лічыць, што неабходным фундаментам далейшага супрацоўніцтва, беларуска-італьянскага дыялогу з'яўляецца павага да інтарэсаў большасці беларускага народа, ахова суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны як неад'емнага элемента бяспекі і стабільнасці ўсяго ўсходнееўрапейскага рэгіёна, а таксама меркаванні прагматычнай эканамічнай выгады і дабрабыту народаў нашых краін.

— Мы аддаём вялікую ўвагу беларуска-італьянскім міжпарламенцкім сувязям і гатовы пашырыць парламенцкі дыялог з Італіяй. Лічу, што ўзнаўленне актыўнага ўзаемадзеяння груп міжпарламенцкага супрацоўніцтва «Беларусь — Італія» і «Італія — Беларусь» будзе садзейнічаць умацаванню адносін сяброўства і супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі, — адзначыў старшыня профільнай камісіі.

Ён дадаў, што, маючы вопыт станоўчых кантактаў кіраўніцтва абодвух парламентаў, мэтазгодна таксама вярнуцца да прапрацоўкі ўзаемных сустрэч на ўзроўні кіраўніцтва палат, а таксама пастаянных камісій па замежных справах хоць бы ў анлайн-фармаце.

— Нацыянальны сход Беларусі заўсёды гатовы да самых шчыльных кантактаў са сваімі калегамі з парламента Італіі — у тым ліку ў форме сумесных ініцыятыў і ўзаемнай падтрымкі на пляцоўках міжнародных арганізацый, — падкрэсліў Сяргей Рачкоў.

Ён выказаў упэўненасць, што сумеснымі намаганнямі бакі змогуць дасягнуць эфектыўных вынікаў і зробяць унёсак у развіццё беларуска-італьянскіх адносін.

Віта Разарыа Петрачэлі са свайго боку адзначыў, што італьянскі бок выступае за працяг далейшых кантактаў, цяпер з дапамогай сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Сярод актуальных прапаноў — правядзенне двухбаковага пасяджэння дзвюх профільных камісій у фармаце відэаканферэнцсувязі з удзелам віцэ-спікера італьянскага парламента.

Акрамя таго, італьянскі парламентарый выказаў надзею на тое, што ў хуткім часе праграмы гуманітарнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі будуць адноўлены. Гаворка, у прыватнасці, аб праграме аздараўлення беларускіх школьнікаў, якія пацярпелі ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы, у італьянскіх сем'ях, якая была прыпынена з прычыны неспрыяльнага эпідэмічнага становішча.

Трэба сказаць, што гэтыя прапановы былі абмеркаваны бакамі і падтрыманы.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота sovrep.gov.by

Загаловак у газеце: Пандэмія кантактам не перашкода

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.