Вы тут

Як Хрушчоў не даў рады самагоншчыкам і п'яніцам


З адабраных у якасці рэчавага доказу 4,5 літра самагону да суда дайшло толькі 0,5 літра

У Савецкім Саюзе спробы барацьбы з п'янствам рабіліся неаднойчы. Першая антыалкагольная кампанія была атрымана бальшавікамі ў «спадчыну» ад царскага ўрада. Адразу пасля прыходу да ўлады Петраградскі рэўваенсавет выдаў загад ад 8 лістапада 1917 года, які абвяшчаў: «да асобага распараджэння забараняецца вытворчасць алкаголю і ўсялякіх алкагольных напояў». Ва ўмовах нэпа ад падобнай жорсткай палітыкі давялося адмовіцца.

З пачаткам калектывізацыі і індустрыялізацыі савецкі ўрад ініцыяваў у 1929 годзе «па патрабаванні працоўных» масавае закрыццё піўных і іншых піцейных устаноў, дзе ўжываўся алкаголь. Іх пераабсталёўвалі ў сталоўкі і чайныя. Было арганізавана выданне часопіса «Трезвость и культура», які ганьбіў п'янства і прапагандаваў здаровы спосаб жыцця. У гады другой пяцігодкі, у межах выканання задачы стварэння для працоўных заможнага жыцця, барацьба з п'янствам і алкагалізмам сцішылася.


57 «гарэлачных» месцаў Прывакзальнай плошчы

Да канца 1957 годзе да Хрушчова прыйшло разуменне таго, што маштаб, якога дасягнула п'янства ў краіне, можа паставіць крыж на мары аб хуткай пабудове камуністычнага грамадства. Паводле падлікаў карэспандэнта газеты «Чырвоная змена», у сярэдзіне 1950-х гадоў на Прывакзальнай плошчы Мінска дзейнічала 37 пунктаў, якія гандлявалі гарэлкай. З месцаў паведамлялі, што пасля заканчэння працоўнага дня ў гарадах рабочыя арганізавана ідуць у крамы, купляюць гарэлку і распіваюць у скверах, дварах, пад'ездах. Напрыклад, за 1957 і першую палову 1958 года ў гарадскім выцвярэзніку пабывала больш за 240 рабочых і служачых Магілёўскага завода штучнага валакна, у тым ліку галоўны механік, начальнік цэха вентыляцыі і нават члены партбюро прадпрыемства.

Шмат прыхільнікаў Бахуса было сярод савецкай інтэлігенцыі. Газета «Літаратура і мастацтва» паведамляла 28 жніўня 1954 года: «У Саюзе пісьменнікаў БССР недапушчальна слаба займаюцца выхаваннем літаратараў, тут не створаны нецярпімыя адносіны да парушальнікаў асноў савецкай маралі... Нярэдка яшчэ можна бачыць, калі асобныя пісьменнікі і ў прыватнасці А. Бялевіч, К. Цітоў і С. Майхровіч у нецвярозым выглядзе з'яўляюцца ў грамадскіх месцах, непрыстойна сябе трымаюць, кампраметуючы высокае званне савецкага літаратара... У Саюзе даўно было вядома, што сістэматычнымі выпіўкамі і дэбошамі А. Рылько ганьбіць званне пісьменніка, з'яўляючыся на пасяджэнне бюро ў нецвярозым стане». Да прыхільнікаў Бахуса газета беларускай інтэлігенцыі залічыла таксама акцёраў Купалаўскага тэатра Кудраўцава і Іванова, якія праз шкодную звычку «перасталі расці і ўдасканальваць сваё майстэрства».

Не менш трывожнае становішча склалася на вёсцы, дзе на савецкія і рэлігійныя святы запівалі брыгадамі і цэлымі калгасамі на некалькі дзён, не выходзячы на палі і фермы. Многія вяскоўцы не маглі дазволіць сабе гарэлку — пры сярэднім месячным заробку ў сельскай гаспадарцы ў 450 рублёў цэны на яе вагаліся ад 21 рубля 20 капеек за звычайны «сучок» да 30 рублёў 70 капеек за бутэльку «Сталічнай». Таму калгаснікі ўжывалі самагон, вытворчасць якога ў сярэдзіне 1950-х гадоў набыла ўнушальныя памеры. Асабліва раздражняў першага сакратара ЦК КПСС той факт, што прыватныя вытворцы выраблялі самагон з калгаснай сыравіны — збожжа, бульбы, цукру і іншага.

277 605 літраў брагі — «улоў» за адзін год

Старт агульнасаюзнай хрушчоўскай антыалкагольнай кампаніі быў дадзены 22 студзеня 1958 года ў Мінску. Выступаючы падчас кароткатэрміновага візіту ў БССР для ўдзелу ў нарадзе перадавікоў сельскай гаспадаркі, Хрушчоў сказаў: «Надышоў час рэзка паставіць пытанне аб барацьбе з п'янствам, а таксама з тымі, хто гоніць самагонку». Беларускае кіраўніцтва адразу ж распачало энергічную барацьбу з прыкрай перашкодай на шляху будаўніцтва камунізму. Міліцыі дапамагаў камсамол. Напрыклад, Лідскі гаркам камсамола сумесна са штабам народных дружын стварылі спецыяльныя групы па барацьбе з самагонаварэннем у раёне. Абвяшчаліся дні барацьбы з самагонаварэннем.

За першыя 7 месяцаў 1958 года было ліквідавана 1 305 «ачагоў» самагонаварэння ў Гомельскай вобласці, 1 210 — у Мінскай, 1 122 — у Віцебскай, 1 045 — у Гродзенскай, 933 — у Маладзечанскай, 825 — у Магілёўскай вобласці. На працягу ўсяго 1958 года ў насельніцтва рэспублікі было адабрана 277 605 літраў брагі, 23 581 літр самагону, а таксама 12 385 самагонных апаратаў, 5 308 з якіх знайшлі ў Віцебскай вобласці.

Дадатковы імпульс кампанія атрымала 4 красавіка 1958 года, калі ЦК КПСС звярнуўся да партыйных арганізацый краіны з лістом пра ўзмацненне барацьбы з п'янствам і самагонаварэннем, паставіўшы задачу рашучай барацьбы з імі ўсімі сродкамі і спосабамі. Апошнія словы сведчылі пра тое, што партыйнае кіраўніцтва не збіраецца абмяжоўвацца антыалкагольнай прапагандай, а таксама канфіскацыяй самагонных апаратаў і самаробных напояў. Пра рэпрэсіўны характар кампаніі, да правядзення якой былі прыцягнуты праваахоўныя органы, сведчаць наступныя лічбы.

У 1958 годзе ў БССР усяго па крымінальных артыкулах было асуджана 38 178 чалавек, з іх 8 347 — за самагонаварэнне. Колькасць асоб, асуджаных у рэспубліцы ў 1958 годзе, павялічылася ў параўнанні з папярэднім годам на 38 %, пераважна за кошт самагошчыкаў. Гэта была адна з найбольшых лічбаў сярод савецкіх рэспублік у пераліку на душу насельніцтва. Усяго ў СССР у 1958 годзе было асуджана 52 143 самагоншчыкі, г. зн. у чатыры разы меней на душу насельніцтва, чым у БССР.

Такім чынам, самагоншчыкі зрабіліся найбольш шматлікімі правапарушальнікамі ў рэспубліцы, апярэдзіўшы традыцыйных лідараў — раскрадальнікаў дзяржаўнай маёмасці і хуліганаў. З усіх 8 347 асуджаных у 1958 годзе паводле 149 артыкула тагачаснага Крымінальнага кодэкса БССР, які за выраб самагону толькі з мэтай продажу прадугледжваў пакаранне ад штрафу да 2 гадоў пазбаўлення волі, абсалютная большасць (8 091 чалавек) выраблялі алкагольны напой для ўласнага ўжытку. 1 326 з іх атрымалі гадавыя і двухгадовыя тэрміны турэмнага зняволення, астатнія — штрафы і папраўчыя работы па месцы працы. У якасці юрыдычнай падставы для пакарання тых, хто вырабляў самагон для ўласных патрэб, беларускія праваахоўнікі скарысталі ўказ Вярхоўнага Савета СССР ад 7 красавіка 1948 года, згодна з якім выраб самагону без мэты продажу караўся зняволеннем тэрмінам ад 1 да 2 гадоў.

Галоўныя самагоншчыкі — жанчыны і старыя

Адной з тых, хто ў 1958 годзе атрымаў двухгадовы тэрмін, была жыхарка г. п. Урэчча Слуцкага раёна Фісун. З'яўляючыся самагоншчыцай са стажам, яна ператварыла сваю хату ў сапраўдны шынок, дзе за грошы частавала суседзяў. Падчас ператрусу і затрымання яна аказала супраціўленне супрацоўнікам міліцыі, а таксама спрабавала знішчыць рэчавыя доказы.

Каля 60 % асуджаных па «самагонным» артыкуле былі жанчыны, прыкладна столькі ж — асобы старэйшыя за 40 гадоў, хоць доля гэтых груп насельніцтва ў агульнай колькасці асуджаных паводле крымінальных артыкулаў вагалася ў межах 20 %. Гэтая асаблівасць тлумачылася тым, што вырабам самагонкі ў асноўным займаліся тыя, хто адказваў у сем'ях за хатнюю гаспадарку, не быў заняты ў грамадскай вытворчасці. Акрамя таго, людзі сталага веку і жанчыны з непаўналетнімі дзецьмі бралі на сябе ўсю адказнасць, ведаючы, што суд улічыць іх узрост і абавязкі маці.

Выраб і ўжыванне самагону зрабіліся адной з традыцыйных практык мясцовага насельніцтва, да якой паблажліва ставіліся і старшыні калгасаў, і ўчастковыя міліцыянеры, і суддзі. У верасні 1958 года Мазураў атрымаў паведамленне намесніка міністра юстыцыі БССР Басава, у якім пералічваліся шматлікія выпадкі міліцэйскіх злоўжыванняў. Так, з адабраных участковымі ўпаўнаважанымі Суражскага аддзялення міліцыі Калугай і Майсеевым у якасці рэчавага доказу 4,5 літра самагону да суда дайшло толькі 0,5 літра. Лейтэнант Лагішынскага аддзела міліцыі Луд у пратаколе адабрання пазначыў 13 літраў знойдзенага самагону, у той час як панятыя ў судзе паказалі, што знойдзена было 24 літры. Участковы Лунінецкага аддзела Прыка перад адабраннем знойдзенага самагону «апрабаваў» яго разам з панятым Мельянцом, пасля чаго апошні заснуў за сталом і не мог даваць паказанняў на судовым пасяджэнні.

Многія выканкамы Саветаў дэпутатаў працоўных паставіліся да правядзення антыалкагольнай кампаніі фармальна. Ніякіх мерапрыемстваў па барацьбе з самагонаварэннем у 1958 годзе не распрацавалі ў Ашмянскім, Докшыцкім, Радашковіцкім, Вілейскім, Глыбоцкім, Бешанковіцкім, Лёзненскім, Лепельскім, Расонскім, Пінскім, Лагішынскім, Целяханскім, Столінскім, Клічаўскім, Крычаўскім, Слаўгарадскім, Чэрыкаўскім і некаторых іншых раёнах. А ў Столінскім, Кобрынскім і Кіраўскім раёнах самагонныя апараты былі знойдзены нават у дэпутатаў мясцовых органаў улады. Ахвярамі антыалкагольнай кампаніі сталі дырэктар Дубойскай СШ Столінскага раёна Урбановіч, дырэктар Мядзельскага цагельнага завода Голубеў, а таксама падабраны міліцыяй у беспрытомным стане інструктар Магілёўскага райкама партыі Лужкоў.

Зварыў, выпіў — у турму

У снежні 1958 года старшыня Вярхоўнага суда БССР Шардыка зрабіў аналіз судовай практыкі па справах аб вырабе і продажы самагону. Яго вынікі, прадстаўленыя партыйнаму кіраўніцтву рэспублікі, суправаджаліся наступнай прапановай: у сувязі з тым, што больш за 96 % самагону вырабляецца сялянамі для ўласных патрэб і з уласнай сыравіны, прадугледзець за падобную дзейнасць адміністрацыйнае, а не крымінальнае пакаранне. Меліся шматлікія факты крымінальнага пераследу па «самагонным» артыкуле добрых работнікаў, некаторыя з якіх з'яўляліся ўдарнікамі камуністычнай працы. Высокі чыноўнік не мог адкрыта сказаць, што сяляне выраблялі самагон таму, што іх сямейны бюджэт не дазваляў набыць на вяселле ці хаўтуры казённую гарэлку.

Словы тых, каму на справе даводзілася праводзіць ідэі Хрушчова ў жыццё, не былі пачуты — партыйнаму кіраўніцтву было патрэбна хуткае і эфектыўнае вырашэнне праблемы. 1 верасня 1959 года Казлоў падпісаў пастанову Вярхоўнага Савета БССР «Аб узмацненні барацьбы з п'янствам і самагонаварэннем». Пастанова забараніла продаж гарэлкі ва ўсіх прадпрыемствах гандлю і грамадскага харчавання (акрамя рэстаранаў), размешчаных на вакзалах, аэрапортах, на прывакзальных і прыстанцыйных плошчах. Не дазваляўся продаж гарэлкі ў непасрэднай блізкасці ад прамысловых прадпрыемстваў, навучальных і дзіцячых устаноў, бальніц, санаторыяў, а таксама ў месцах масавых гулянняў і адпачынку. За з'яўленне ў нецвярозым стане альбо ўжыванне алкаголю ў грамадскіх месцах пастанова прадугледжвала штраф у памеры 100 рублёў (у выпадку абцяжарваючых абставін ён падвойваўся). За выраб самагону спаганяўся штраф у памеры 500 рублёў (у выпадку паўторнага парушэння ён падвойваўся). За продаж самагону пагражала турэмнае зняволенне тэрмінам ад года да пяці.

У прынятым у 1960 годзе новым Крымінальным кодэксе БССР з'явіўся артыкул 59 «Прымусовыя меры медыцынскага характару, ужываемыя да алкаголікаў і наркаманаў». Размова ў ім ішла пра адпраўку алкаголікаў, паводле хадайніцтва таварыскага суда, калектыву альбо медыцынскай установы, на лячэнне ў медыцынскія ўстановы са спецыяльным лячэннем і працоўным рэжымам. Акрамя таго, над тымі, хто ўласнымі дзеяннямі ставіў сям'ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча, рашэннем суда магло быць устаноўлена апякунства.

«Садавіна-гародніна» таксама можа быць распівачнай

Былі зроблены захады па прывучэнні насельніцтва да культурнага ўжывання алкагольных напояў. У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 20 чэрвеня 1959 года «Аб зніжэнні рознічных цэн на некаторыя тавары народнага спажывання» патаннелі вінаградныя віны — на 19,2 %, пладова-ягадныя — на 20 %.

У выніку выканання пастановы «Аб узмацненні барацьбы з п'янствам і самагонаварэннем» паменела колькасць пунктаў па продажы алкаголю, але не аб'ёмы ўжываемага спіртнога. Напрыклад, у 1960 года ў сталіцы БССР штодня можна было ўбачыць групы распіваючых алкагольныя напоі мужчын у прывакзальным скверы, кафэ-аўтамаце на вуліцы Свярдлова, ларку «Піва-воды» на вуліцы Маскоўскай, прыстанцыйным скверы ў раёне вуліцы Козыраўскай, гарадку будаўнікоў на вуліцы Кавальскай, парку ў раёне 1-га цагельнага завода, таксаматорным парку на вуліцы Апанскага. Распівалі ў піўных ларках і побач з уваходамі ў вінна-гарэлачныя аддзелы крам. Жыхары дамоў на Прывакзальнай плошчы, дзе знаходзіліся гастраномы № 3 і № 95, не рызыкавалі ў іх заходзіць, бо там штодня адбываліся скандалы і бойкі. Аматары Бахуса ператварылі ў распівачную краму «Садавіна-гародніна» па вуліцы Кірава, 3. Нелегальны продаж спіртнога быў наладжаны нават у буфеце Беларускага тэатра імя Янкі Купалы. У Мінску пачалася спекуляцыя гарэлкай.

Не лепшыя поспехі былі ў тых, хто змагаўся з п'янствам на вёсцы. Захады «зверху», накіраваныя на аздараўленне савецкага грамадства, сяляне ўспрымалі як абсурдную акцыю, накіраваную супраць простага народа. Месца выяўленага самагоншчыка адразу займаў новы. З іншага боку, продаж спіртнога ўвесь час павялічвалі райспажыўсаюзы, якія часта гандлявалі алкаголем у забароненых пастановай ад 1 верасня 1959 года месцах. Напрыклад, у сярэдзіне 1960-х гадоў буфет Лепельскага раённага дома культуры штогод рэалізоўваў да 15 тысяч бутэлек гарэлкі.

У выніку піць меней не сталі ні гараджане, ні вяскоўцы, і неўзабаве хрушчоўская кампанія па барацьбе з самагошчыкамі і п'яніцамі сама сабою спынілася. Алкагольныя ўцёкі насельніцтва ад суровай рэчаіснасці таталітарнай сістэмы, сацыяльнай бяпраўнасці і матэрыяльнай незабяспечанасці працягнуліся. Калі ў 1960 годзе міліцыя і дружыннікі падабралі на вуліцах беларускіх гарадоў і вёсак 20 700 асоб у стане вострай алкагольнай інтаксікацыі, то ў 1965 годзе іх колькасць павялічылася да 67 000. Сярод іх было 12 студэнтаў Мінскага медыцынскага інстытута, 21 студэнт БДУ імя Леніна, 33 студэнты Беларускага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і звыш 100 студэнтаў Беларускага політэхнічнага інстытута.

У 1961 годзе ў рэспубліцы былі выяўлены 8233 нецвярозыя кіроўцы, што было на 2108 больш, чым у 1960 годзе. У Мінску колькасць зарэгістраваных фактаў п'янства ў грамадскіх месцах за 8 месяцаў 1960 года склала 1879, а за той жа перыяд 1962 года — 5148. На лячэнне ў рэспубліканскім псіханеўралагічным дыспансеры стаяла вялікая чарга хворых на алкагалізм. Тады ж абмяркоўвалася магчымасць стварэння для алкаголікаў лячэбна-працоўных аддзяленняў у месцах зняволення.

Гэтая сумная статыстыка вымусіла партыйнае кіраўніцтва рэспублікі распачаць новыя антыалкагольныя захады. 9 ліпеня 1965 года выйшла пастанова Прэзідыума ЦК КПБ «Аб незадавальняючым стане барацьбы з п'янствам і самагонаварэннем у рэспубліцы». Яе першыя вынікі былі несуцяшальныя, што, перш за ўсё, тлумачылася рэпрэсіўным характарам пастановы. Так, колькасць асуджаных у БССР за першае паўгоддзе 1966 года павялічылася ў параўнанні з тым жа перыядам 1965 года на 31,1 % пераважна за кошт самагоншчыкаў. Выступаючы ў сакавіку 1966 года на ХХVІ з'ездзе КПБ, П. Машэраў быў вымушаны прызнаць, што кожнае другое крымінальнае злачынства ў рэспубліцы адбываецца на глебе п'янства. 23 красавіка 1966 года па ініцыятыве новага беларускага лідара выйшла пастанова Прэзідыума ЦК КПБ «Аб мерах па ўзмацненні барацьбы з п'янствам і самагонаварэннем». Наперадзе было павышэнне цэн на спіртныя напоі, абмежаванне часу іх продажу, стварэнне лячэбна-працоўных прафілакторыяў і гарбачоўская антыалкагольная кампанія 1985—1990 гадоў.

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ

Іншыя матэрыялы аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?