Вы тут

Адкрылася выстаўка, прысвечаная 170-годдзю з дня нараджэння Аляксея Сапунова


У музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі адкрылася выстаўка, прысвечаная 170-годдзю з дня нараджэння гісторыка, археографа і краязнаўца Аляксея Сапунова. Таксама выстаўка ладзіцца ў межах мерапрыемстваў, прымеркаваных да стагоддзя галоўнай кніжнай скарбніцы краіны.


«Некалькі стагоддзяў мы гублялі спадчыну. З Беларусі вывозіліся культурныя скарбы, расцярушваліся па свеце, нішчыліся ў тым ліку ў выніку войнаў, але дзякуючы стварэнню Нацыянальнай бібліятэкі, архіўнай службы, музеяў пачалося яе збіранне, і гэты працэс працягваецца, — заўважыў падчас адкрыцця экспазіцыі намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша. — Я ўпэўнены, што гэта выстаўка дазволіць па-новаму прыадкрыць нам вельмі яскравую асобу ў гісторыі беларускай культуры і крыху па-іншаму паглядзець, як нараджаўся працэс вывучэння Беларусі, асэнсавання нацыі, і як гэты шлях быў пройдзены канкрэтнай асобай».

Усё жыццё і дзейнасць Аляксея Сапунова (1851—1924) былі звязаны з паўночнай Беларуссю. Адным з самых першых даследчыкаў ён звярнуў увагу на тое, што на той час людзі больш ведалі гісторыю замежных краін і нічога не маглі расказаць пра сваю. Ураджэнец Віцебскай губерні, ён стаў першым даследчыкам роднага краю. Распрацаваў курс «Беларусазнаўства». Пры гэтым быў не проста гімназічным выкладчыкам, аўтарам некалькіх дзясяткаў манаграфій і соцень артыкулаў, але і стваральнікам многіх ініцыятыў. Аляксей Парфенавіч — адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі і іншых навуковых устаноў.

На выстаўцы можна ўбачыць яго рукапіс пад назваю «Беларуская бібліяграфія», гэта першае даследаванне ў такім кірунку.

Ён шмат у чым быў першы, дзякуючы яму пачалося даследаванне Барысавых камянёў, паўночнабеларускіх легендаў, ён выдаў працы, прысвечаныя Заходняй Дзвіне і гісторыі Віцебскай губерні. Як археограф, даследаваў і апісваў старажытныя пісьмовыя помнікі, быў ініцыятарам публікацыі шматлікіх вельмі значных для нашай культуры архіўных дакументаў, схем, графікаў, чарцяжоў, партрэтаў, аўтографаў.

Сапуноў сабраў унікальную бібліятэку. Напрыканцы жыцця сваю багатую калекцыю матэрыялаў ён не распрадаў, не раздаў, не згубіў, а прапанаваў захаваць. Асобнікі з яго кнігазбору ў 1923 годзе паступілі ў фонд Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі). У зборах Аляксея Сапунова быў і Статут Вялікага Княства Літоўскага. У архіве захаваўся дакумент, які пацвярджае, што ўнікальныя выданні з калекцыі Сапунова, у тым ліку і Статут, былі перададзены ў 20-х гадах у толькі што створаную Нацыянальную бібліятэку. На жаль, на сёння каштоўная гістарычная крыніца захоўваецца не ў Беларусі.

Выстаўка «Руплівец беларускай даўніны» створана на ўнікальных матэрыялах з асабістага архіва і бібліятэкі Аляксея Сапунова. На ёй пададзены найбольш каштоўныя кнігі даследчыка, на некаторых з іх — дарчыя надпісы самога аўтара.

Да арганізацыі экспазіцыі прычыніўся Віцебскі абласны краязнаўчы музей — адзіны ўладальнік асабістага архіва Алексея Сапунова, які налічвае больш за 600 адзінак захавання. І значная частка матэрыялаў выстаўкі якраз прадстаўлена віцебскім музеем. Напрыклад, тут пададзена ліставанне Аляксея Парфенавіча з іншымі даследчыкамі. Кнігі з бібліятэкі збіральніка з уладальніцкімі штампамі, на якіх пазначана прозвішча і ініцыялы вучонага, а таксама пячатка, якой ён іх рабіў.

У змешчанай на выстаўцы кнізе, прысвечанай 25-годдзю навуковай і творчай дзейнасці Сапунова, можна пабачыць пазнакі, удакладненні, якія пакінуў ён сам. Ёсць тут і сшытак з сачыненнямі юнага Сапунова, калі той вучыўся ў Віцебскай мужчынскай гімназіі, яго студэнцкі канспект, радавод і рукапісы вучонага.

Прадстаўлены літаграфіі, планы, факсіміле дакументаў, прац, у тым ліку яго «Віцебскай даўніны», без знаёмства з якой і сёння не абыходзіцца ні адзін з даследчыкаў поўначы Беларусі. Таксама ў экспазіцыі змешчаны ўнікальны рукапіс «Гісторыі г. Віцебска», сама кніга, нягледзячы на тое што ўжо была падрыхтавана да друку, так і не выйшла.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Даследчык поўначы Беларусі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.