Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


pixabay.com

Футра з Вільні, альбо Аб тым, як я завяла карову

...Во якія часы насталі: тавараў — хоць заваліся! Бедныя гандляры чаго толькі не прыдумаюць, каб неяк збываць: то зніжкі аб'явяць, то акцыі, то распродаж, то нават дастаўку... Ты толькі плаці. Гэта — цяпер, а вось некалі... Ёсць што ўспомніць.

У нашай вёсцы крамка была ў невялічкім здымным пакойчыку, і куплялі мы там самае неабходнае: соль, запалкі, мыла, што-нішто з прадуктаў... Само сабой — цыгарэты з віном (гэта чамусьці таксама тавар «неабходны» — пры любой уладзе...). А вось калі з'яўлялася патрэба ў адзенні, абутку ці нейкіх рэчах, дык па гэта ўжо ў Вілейку, Плешчаніцы, Мінск, а то і наогул...

Неяк наш саўгас арганізаваў паездку ў Вільню. Ахвотных сабралася — цэлы аўтобус, шмат хто ехаў упершыню...

Дзве сястры — Ніна і Аня — у гэтай сталіцы ўжо бывалі, горад трохі ведалі, таму па крамах пайшлі асобна: і ў нейкія дробныя зазіралі, і па ўнівермагу прайшліся... А потым спыніліся ды наракаюць: маўляў, толькі дзень струбілі — і тут нічога няма.

— А што б вы хацелі? — пытае ў іх нейкая вяртлявая маладзічка.

Аня ў адказ:

— Ніне паліто зімовае трэба, ды, відаць, не купім у вас — не сезон.

— Ну чаму ж гэта? — шматзначна ўсміхаецца незнаёмка. — Летам трэба і сані рыхтаваць, і вопратку... Падыдзіце вунь да той жанчынкі (дамачка паказала на прадавачку, што сумавала каля кранштэйнаў з сукенкамі) — яна дапаможа.

І сапраўды, акінуўшы вокам беларусак, тая гандлярка падвяла іх да нейкіх дзвярэй і ўручыла... чорненькае лёгенькае футра. Цуд ды і толькі! Ніне ён нават не сніўся! А грошай — падумала — неяк удзвюх наскрабём...

І сапраўды, за футра — сабралі (прадавачка яго ўжо спакавала), а вось каб «на лапу» даць, дык ні рубля няма. Што рабіць? Ніна руку ў кішэнь, — там паперка ляжыць — спіс пакупак. І памерам якраз з дваццацьпятку...

Далей усё пайшло як па нотах: Аня аддае грошы за тавар, Ніна адной рукой суне прадавачцы  тую паперку, другой — бярэ абнову і абедзве — ходу, подбегам, амаль да аўтобуса.

...Уляцелі ў яго, а там ужо людзі сабраліся — гамоняць, шамацяць пакункамі. Сёстры таксама дух перавялі, — пахваліліся Нінінай абноўкай, расказалі, з якімі прыгодамі набывалі, услых падумалі, як тая прадавачка будзе разлічвацца з «наводчыцай».

— А як вы, дурніцы, будзеце з міліцыяй? — папытаўся раптам кіроўца. — Вас жа, мусіць, шукаюць ужо? Чэка няма, значыць, футра ўкралі?!

Сёстры — як не самлелі ад страху, пакуль хлопец рагатаць не стаў. А за ім — увесь чыста аўтобус...

Што цікава, на гэтым гісторыя не скончылася, бо муж Ніны тое футра не ўпадабаў, сказаў, што жонка ў ім — як кадушка: хоць бяры ды каці...

Значыць, рэч трэба было прадаваць. Падумалі, каму? А мы жылі з імі побач... Я памерала: «мой гардэробчык», яно — як тут і было!

Вось так, без блату і прыгод, у растэрміноўку і з дастаўкай дадому, я займела шыкоўную рэч! Не паверыце: лета на дварэ, а я зімы дачакацца не магу: раз-пораз люстэрка на табурэт (трумо яшчэ не было), у футра прыбяруся ды любуюся: лёгенькае, мякенькае...

Праўда, неўзабаве паехалі мы ў госці да родных майго мужа (мае бацькі вельмі рана памерлі), за сталом — ну вядома ж — пахваліліся нечаканай пакупкай. Бачу — свякроў не рада: цяжка ўздыхае ды кажа мне: «Шчаслівая... У футры паходзіш. А я вось усё жыццё пражыла, а нейкай людскай вопраткі і не мела, і, відаць, не займею...

Такім чынам футра з Вільні хутка апынулася ў новай гаспадыні (во дзе радасці было — да слёз! Гэта ж такі падарунак нявестка зрабіла!)

Не засталася ў даўгу і свякроў: бліжэй да восені ў мяне з'явілася... карова.

Трэба сказаць, што я не вельмі яе хацела, але ж не прыняць не магла.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск.


pixabay.com

Апошняе папярэджанне. І зусім не кітайскае

«Будзе мне, будзе і табе» — гэта абяцанне з адной добра вядомай казкі. «Будзе табе, як Лідачцы» — гэта ўжо з нашых, мясцовых показак.

Хто такая Лідачка і як яна ўвайшла ў гісторыю? Досыць проста, на жаль, бо тая Лідачка гнала самагонку. Многія мужчыны, маючы грошы, куплялі яе, а не маючы, — здаралася, з дому цягнулі ўсё, што маглі — рэчы, прадукты... Лідачка брала: не баялася ні міліцыі, ні праклёнаў, ні пагроз...

Але ж да пары да часу, і час той настаў, калі адзін з пастаянных «кліентаў» перанёс да Лідачкі амаль цэлы кубелец сала: жонка верхні пласт падняла, а пад ім цагліны ляжаць...

Думаеце, яна адну цагліну ўхапіла і пабегла да самагоншчыцы?

Не, жанчына паехала туды на кані, прыхапіўшы каністру з вадой і запалкі.

Дабраўшыся да месца, яна паліла траву каля хаты, паклікала адтуль Лідачку і загадала:

— Ану цягні, ану выкладвай тое, што мой п'яніца да цябе перанёс!.. А калі не паслухаеш, — дык запалкай чыркану, і ўсё дабро тваё дымам пойдзе!

Спужалася Лідачка: вынесла з хаты цэлы абярэмак: там і посуд, і новае пасцельнае, і тое ж сала.

— Кладзі ўсё на воз, — загадала «госця», — сама конна садзіся. Да сельсавета з табой паедзем.

У самагоншчыцы выйсця няма: зрабіла ўсё, як ёй загадалі.

Працэсія атрымалася яшчэ тая: каб на яе паглядзець, усе людзі на вуліцу павыходзілі.

...Што за размова ў сельсавеце была, «разведка», на жаль, не данесла. Але ж гнаць самагонку Лідачка перастала. Мусіць, паверыла, што гэта было апошняе папярэджанне, за якім...

Чым чорт не жартуе, калі бог спіць...

С. А., Слуцкі раён.


Не такі воўк страшны...

Шмат размоў цяпер пра службу ў войску. Хтосьці ідзе туды з надзеяй, што чалавекам зробяць, хтосьці ставіць мэту «адкасіць» — любымі сродкамі, хтосьці лічыць: «Трэба, дык трэба»...

Мы — за савецкім часам — думалі гэтаксама: ішлі, служылі і вярталіся дамоў, прычым ледзьве не героямі, бо ў кожнага парадны кіцель ажно ззяў ад значкоў! Да таго ж за спінай быў жыццёвы досвед (не важна, дзе ды кім ты служыў), а ўжо запас армейскіх гісторый... З маёй, пра Ахмета, хлопцы доўга смяяліся.

Значыць, служыў я ва ўзводзе кіравання артылерыйскага палка. Навабранцы ў нашу каманду адбіраліся пажадана з дыпломамі аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі, з добрым веданнем рускай мовы...

Як да нас трапіў Ахмет, засталося загадкай, бо ў войска (па словах землякоў) яго «замялі» з нейкага горнага паселішча, з чортавых кулічак. У школу там ён, падобна, не хадзіў: па-руску ведаў, можа, слоў 10 і вучыць іх зусім не хацеў...

Аднак дужы быў — як сапраўдны асілак! Уявіце: на кожнае плячо мог пасадзіць па чалавеку, абодвух — лёгка панесці... Што часцяком і рабіў: у казарме пасля адбою хлопцы падводзілі Ахмета (а той і не супраць...) да табурэткі ці падаконня, самі адтуль залазілі яму на плечы, «вешаліся» на шыю, на рукі, а ён потым нёс... «Фішка» была ў тым — як далёка... Хто з «наезнікаў» колькі ўтрымаецца...

Весела, карацей, усім, хоць мы выступалі нейкай дробнай шантрапой, Ахмет жа — сапраўдным волатам і героем (баяўся — як казалі яго землякі — толькі жанчын).

...Такі быў Ахмет у пачатку службы, такі ён застаўся і ў самым канцы. Яго ўжо збіраліся адпраўляць дамоў, калі хлопец раптам... прапаў! Як скрозь зямлю праваліўся! Мы прачасалі ўсё наваколле — лясы, палі, пабудовы... Чалавека няма... Камандзір палка, баючыся наступстваў, проста месца сабе не знаходзіў!

А салдат назаўтра вярнуўся, прычым шчаслівы — ну як жаніх на вяселлі!

— Дзе ты быў?! — спытаў яго дзяжурны, калі той няспешна падышоў да варот КПП.

Ахмет урачыста, з гонарам, кінуў:

— На бабах!

Гэта быў дастойны адказ дастойнага чалавека, які — вярнуўшыся адтуль — не баіцца болей нічога: ні турмы, ні начальства... Галоўнае — ён там пабыў! І новае слова запомніў з «вялікай магутнай мовы»...

Факт, што Ахмета — можа, з радасці, што знайшоўся? — ніяк не пакаралі, адправілі дамоў. А ён, пакуль ад'язджаць, землякам расказаў, як трапіў да адной маладзіцы, як дровы ёй пакалоў і мужам пабыў, хоць суткі.

Прызнаўся яшчэ, што яму спадабалася і дома ён адразу ажэніцца.

Іван Гаральчук, г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».