Вы тут

Як ламаецца тое, чаго не паправіш


Ужо амаль паўгода прайшло, але не ідзе з галавы (а сёння дык і ўвогуле прыснілася) цётка Валя. Такая, якой бачыла яе апошні раз на пахаванні сына — на старым інвалідным вазку, у звалянай цёплай кофце, а дрыжачыя рукі моцна трымаюць цэлафанавы пакецік, у якім ляжаць усе яе грошы — пара пакамечаных дзясятак. І кожны раз працінае гэта паскуднае пачуццё: сумесь палёгкі, што мяне гэта мала датычыць, і незразумелай віны, што не магу хоць неяк дапамагчы.


Фота Pixabay.com

У той жнівеньскай вільготнай задусе каля мінскай дзясятай бальніцы, дзе ў цёмнай падсобцы, прыстасаванай пад рытуальную залу для маламаёмых, ляжаў у труне яе Толік, мы ўбачыліся ўпершыню за гадоў мо пятнаццаць. Хоць мы і даволі блізкія сваякі, і жывём у адным горадзе, а нагоды сустрэцца за гэты час не знайшлося. Ведала толькі, што жыве цётка з малодшым сынам, які нідзе не робіць і п'е, што некалькі гадоў назад яна зламала шыйку сцягна і не можа хадзіць. Але гэта быў абсалютна не мой клопат — у яе ёсць дарослыя дзеці і ўнукі.

Да таго ж цётка ў маім уяўленні з дзяцінства была абсалютна іншай — прыгожай, дагледжанай, гарадской. Калі яна з дзядзькам прыязджала да нас у вёску на новенькім «масквічы», я на нейкі момант пераставала дыхаць, гледзячы на яе. Зграбная, заўсёды ў новай сукенцы, з моднай завіўкай «пад Анджэлу Дэвіс», з водарам свежай парфумы, з вялікімі залатымі завушніцамі ў вушах... Яна здавалася пасланніцай таго дзівоснага сталічнага свету, у які трэба імкнуцца, каб вырвацца з вёскі, ад балота і гною. Гэта пасля я даведалася, што, каб купіць той «масквіч» і завушніцы, цётка, акрамя працы на заводзе, мыла пад'езды ва ўсіх навакольных дамах. І эканоміла — кожны кавалачак, кожную капейку. Цягала з лесу вёдрамі і торбамі грыбы і ягады, з агарода брала ўсё, што вясковыя сваякі прапаноўвалі. Круцілася як магла, каб кватэра, каб машына, каб усяго ў доме хапала.

Не для сябе старалася — для дзяцей. Два хлопцы раслі, не маючы ні ў чым адмовы. Але ж выхоўвала іх па-свойму, з уласным разуменнем дабра і дабрабыту. Старэйшага з васьмі класаў адправіла ў «хабзу», бо там забяспечвалі адзеннем і кармілі ў абед. Малодшага, які з дзяцінства быў хваравіты, шкадавала, але таксама па-свойму — дазваляючы рабіць усё, што хоча. Не хочаш рабіць урокі — не рабі, пабіўся з дзяўчынкай у двары — дзяўчынка вінавата, на яе трэба накрычаць, а свайго па галаве пагладзіць і цукерку даць. Калі гэты самы малодшы — ужо ніякае не хваравітае дзіця, а здаровы бэйбус — прыйшоў з арміі, ён не стаў уладкоўвацца на работу, а шчыльна прысеў на карак яшчэ здаровых і адносна маладых бацькоў.

Яны ўшасцёх (старэйшы ажаніўся, нарадзілася дачка) жылі ў кааператыўнай двухпакаёўцы, якая калісьці здавалася прасторнай, а раптам стала цеснай. Праўда, ні адзін, ні другі сын ніяк не рупіўся, каб сітуацыю неяк змяніць. Маці, ужо не такая маладая і спрытная, па-ранейшаму мыла пад'езды, цягала торбы і слоікі, бацька, перадавік вытворчасці, абіваў парогі выканкамаў, каб палепшыць жыллёвыя ўмовы. Неяк незаўважна з цёткі знік той сталічны лоск, які раней заварожваў. На галаву яна стала завязваць хустку, пад якой не было ўжо ні пышнай прычоскі, ні цяжкіх завушніц, калісьці модны фіялетавы плашч стаў паныла-бэжавым. Праўда, купілі старэйшаму новую машыну і пабудавалі яшчэ адну кватэру, у якую нарэшце з'ехалі ад маладых...

Праз пару год захварэў, амаль аслеп, а хутка і памёр муж. Але яе не пакінулі адну — якраз малодшы, які ўжо паспеў двойчы ажаніцца і развесціся, апынуўся фактычна на вуліцы і, як заўсёды, без работы. Па прывычцы сеў на матчын сагнуты ўжо карак, па прывычцы яна яго прыняла. Доўгі час на пенсіі падпрацоўвала, каб была якая лішняя капейка. Бо сынок часцей жыў на яе грошы, чым на свае, а праз колькі часу да іх падсяліўся хутка падрослы ўнук — гэткі самы гультай і недарэка, як і яго бацька. З бацькам у іх была яшчэ адна агульная рыса — абы выпіць. Вось і п'янствавалі на яе грошы. А не давала — забіралі.

Аднойчы ўнук штурхнуў яе так, што зламала шыйку сцягна. Прыкаваная да інваліднага вазка, яна апынулася ў поўнай залежнасці ад алкашоў. Ад сям'і старэйшага сына ніякай спагады не мела, толькі нявестка званіла часам і чыхвосціла на чым свет стаіць, што п'яніцу выхавала (старэйшы таксама пачаў піць).

З гарэлкі, казалі, і памёр. Прыехаўшы з ім развітацца, я ледзь пазнала яго дарослых дзяцей, пастарэлую насцярожаную жонку. І цётку. У старой звалянай кофце, у пабляклай хустцы, на спрэс заматаным ізалентай інвалідным вазку, вузкія веласіпедныя колы якога ўпэўнена выпісвалі «васьмёрку», яна моўчкі сядзела ля труны сына, падобная на вялікую нязграбную птушку... Да яе нікому не было справы. Малодшы не прыехаў нават развітацца з братам, а нявестка з унукамі, убачыўшы мяне, якую на вуліцы і не пазналі б, з радасцю кінуліся з просьбай: можа, ты яе дадому завязеш?

Я наняла сацыяльнае таксі, прывезла яе да пад'езда, перадала сыну, які з пахмелля мяне нават не пазнаў. А яна запрашала мяне ў хату і спрабавала ўсунуць мне ў руку пакамечаную дзясятку, якую дастала з пакета, што моцна трымала пры сабе, і на якую прагна ўтаропіўся мутнымі вачыма яе сынок...

І гэта карціна раз-пораз узнікае ў мяне перад вачыма ўжо амаль паўгода. Кожны раз думаю: дзе, у якім месцы адладжаная праграма гэтага канкрэтнага жыцця, канкрэтнага лёсу дала збой? Ці можна было нешта зрабіць, каб гэты збой папярэдзіць? Ці стане гэта праграмная памылка для кагосьці навукай?

Пытанні ўсе рытарычныя. Праўду кажуць, што з гадамі становішся філосафам...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Праграмная памылка

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм

У Маскве адбылася сустрэча і перагаворы кіраўніка нашай краіны з яго калегам Уладзімірам Пуціным.

Эканоміка

За якія парушэнні могуць прыпыніць работу магазінаў?

За якія парушэнні могуць прыпыніць работу магазінаў?

МАРГ час ад часу прыпыняе работу магазінаў.

Грамадства

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

З авітамінозам у нас прынята змагацца па-старому...

Грамадства

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

На Гомельшчыне актыўна рэалізоўваюцца праекты па развіцці тэрыторый, пацярпелых у выніку катастрофы на ЧАЭС.