Вы тут

Міністэрства аховы здароўя абвергла інфармацыю пра масавы адток медыкаў


У медустановах сістэмы Міністэрства аховы здароўя па выніках 2020 года працуе 48,6 тысячы ўрачоў-спецыялістаў. З 2019 года іх колькасць зменшылася на 383 чалавекі. Пры гэтым колькасць урачоў, якія працуюць у стацыянарах краіны, застаецца ранейшай — 17 тысяч. Змяншэнне адбылося за кошт урачоў пенсійнага ўзросту амбулаторна-паліклінічнага звяна. Многія з іх летась звольніліся з-за неспрыяльнай эпідэмічнай сітуацыі. Міністэрства аховы здароўя пракаментавала кадравую сітуацыю.


— У сацыяльных сетках і тэлеграм-каналах актыўна абмяркоўваецца інфармацыя аб «масавым адтоку» медыцынскіх работнікаў з Беларусі — прыводзіцца спасылка, што, па афіцыйных даных Белстата па радку «Ахова здароўя», чысты адток медыцынскіх работнікаў за студзень 2021 года склаў 754 чалавекі. Радок, на які спасылаюцца крыніцы тэлеграм-каналаў, — «Ахова здароўя і сацыяльныя паслугі». Паводле даных радка за студзень 2021 года, колькасць усіх звольненых работнікаў — 3917, колькасць работнікаў, прынятых на работу, — 3163, розніца — 754. Аднак гэтая лічба не з'яўляецца паказчыкам колькасці звольненых з арганізацый аховы здароўя медработнікаў, — адзначаюць у Міністэрстве аховы здароўя.

Па-першае, у радку «Ахова здароўя і сацыяльныя паслугі» закладзены звольненыя і прынятыя на работу як у арганізацыі аховы здароўя і прадпрыемствы сістэмы аховы здароўя, так і ў арганізацыі, якія аказваюць сацыяльныя паслугі (дамы-інтэрнаты, прытулкі, ТЦСАН і іншыя), а таксама арганізацыі, якія аказваюць санаторна-курортныя і ветэрынарныя паслугі, аргументуюць у ведамстве.

Па-другое, гаворка ідзе пра ўсіх работнікаў вышэйзгаданых арганізацый і прадпрыемстваў, звольненых або прынятых на работу, а для арганізацый аховы здароўя гэта ўрачы-спецыялісты, сярэдні медперсанал, сёстры-гаспадыні, санітаркі, кіроўцы, буфетчыцы, дворнікі, ліфцёры і іншы тэхнічны і абслугоўваючы персанал.

Паводле афіцыйнай статыстычнай інфармацыі па выніках 2020 года, у медустановах сістэмы Міністэрства аховы здароўя працуе 48 635 урачоў-спецыялістаў (у 2019 годзе — 49 018), змяншэнне склала 383 чалавекі. У 2020 годзе ў галіне працавала 8590 урачоў-спецыялістаў, старэйшых за працаздольны ўзрост, у 2019 годзе — 9548 чалавек. Асноўная прычына звальнення ўрачоў пенсійнага ўзросту ў 2020 годзе — эпідэмічная сітуацыя ў сувязі з інфекцыяй COVІD-19.

— Што датычыцца пытання росту колькасці вакансій урачоў-спецыялістаў, размешчаных у Рэспубліканскім банку вакансій, адзначым, што з 4335 больш за 1500 — вакансіі ветэрынарнага ўрача. Такім чынам, па стане на 10 сакавіка 2021 года маецца 2835 вакансій урачоў-спецыялістаў. Міністэрства аховы здароўя штогод аналізуе інфармацыю аб вакансіях і патрэбах галіны ва ўрачэбных кадрах. Штогадовая патрэба ў апошнія пяць гадоў застаецца на ўзроўні 2,5-3 тысяч, — падкрэслілі ў міністэрстве.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: Shutterstock

Загаловак у газеце: Штогадовая колькасць вакансій застаецца пастаяннай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?