Вы тут

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Гродзенскую вобласць


Прэзідэнт азнаёміўся з вытворчасцю малака на малочна-таварным комплексе «Абухава» СВК імя І.П. Сянько.


Абухава — выбітны аграгарадок прыкладна ў 10 кіламетрах ад Гродна. У ім свая спартыўная школа, кафэ, бар, цэнтр культуры, нядаўна ўзвялі новыя шматкватэрныя дамы для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Наўрад ці магчыма было стварыць такую маштабную сацыяльную інфраструктуру, калі б у пасёлку не размясціўся адміністрацыйны цэнтр СВК імя І.П. Сянько. Імя прадпрыемства атрымала ў памяць аб былым старшыні Іллі Пятровічы Сянько, які ўзначальваў калектыў паўстагоддзя і вывеў калгас у лік перадавых гаспадарак краіны. СВК размяшчаецца на тэрыторыі 20 вёсак з 22, якія належаць да Абухаўскага сельсавета.

Аграгарадок стаў першым пунктам, з якой пачаў сваю рабочую камандзіроўку ў Гродне Прэзідэнт. Але спачатку, як звычайна, — даклады: аб сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці, раёна і ў завяршэнне аб становішчы СВК.

Губернатар Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік далажыў Прэзідэнту, што ў пандэмійным 2020 годзе валавы рэгіянальны прадукт не толькі не знізіўся, але і адбыўся нязначны рост. Гэта стала магчымым дзякуючы прамысловасці, сельскай гаспадарцы, росту экспарту паслуг і тавараў, захаванню інвестыцый. Падрабязней губернатар спыніўся на інвестыцыйных праектах, што рэалізуюцца ў рэгіёне, — рэканструкцыі чыгуначнага мосту ў аўтамабільны, будаўніцтве анкадыспансера. Прыцягваюць інвестараў у лагістычны цэнтр у свабоднай эканамічнай зоне ў Смаргоні, у Свіслачы пачалося будаўніцтва дрэваапрацоўчага завода. Па словах Уладзіміра Караніка, жывёлагадоўчы комплекс вобласці дэманструе ўстойлівае развіццё па ўсіх кірунках, але за апошнія пяць гадоў колькасць дойнага статку не павялічылася. Рост паказчыкаў — за кошт тэхналогій, інтэнсіўнасці працы. «Павялічыўся надой на адну карову, што прывяло да 20 % павелічэння валавога надою», — дадаў ён. На думку губернатара, не павінна быць разыходжання па ўдою паміж рознымі раёнамі і прадпрыемствамі.

Прэзідэнт заўважыў, што колькасць кароў неабходна павялічваць. Міністр сельскай гаспадаркі Іван Крупко прывёў у прыклад Брэсцкую вобласць, дзе ідзе разам павелічэнне экстэнсіўнасці (3–4 тысячы галоў у год) і інтэнсіўнасці (5–8 % валавога прадукту) жывёлагадоўчага працэсу.

«Мабыць, гэта і ёсць той шлях, па якім мы павінны ісці, павялічваючы колькасць галоў і паслядоўна замяшчаючы на высокаўдойных кароў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Закрануў губернатар пытанне гатоўнасці вобласці да пасяўных работ: «Ніякіх рызык не бачу. Устаноўлены тэрміны, тэхніка, людзі ёсць. Насенны фонд гатовы».

Кіраўнік Гродзенскага раённага выканкама Ян Васілеўскі абазначыў, што ўсе 16 сельгасарганізацый спрацавалі з прыбыткам. Гаспадаркі наблізіліся да яго мары аб надоях 9000 літраў малака ў год з каровы. Пакуль раён крыху не дацягвае — усяго 8830 літраў. Ян Васілеўскі дадаў, што па ўзроўні заробкаў на сяле раён разам з Астравецкім з’яўляецца лідарам па вобласці.

Старшыня СПК Валерый Шумель далажыў пра становішча і перспектывы сваёй гаспадаркі. Чысты прыбытак, па яго словах, складае 15 мільёнаў рублёў. Асаблівую ўвагу звяртаюць на рост прадуктыўнасці статку. Добрыя паказчыкі вытворчасці даюць магчымасць развіваць і сацыяльную сферу. У мінулым годзе пабудавалі 16-кватэрны жылы дом за кошт гаспадаркі і ў 4 дамах зрабілі капрамонт.

«Да нас прыходзіць моладзь, людзі збоку. Сёння мы амаль задаволілі чаргу тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Застаўся адзін чалавек. Але ўжо ёсць людзі, якія прыходзяць, пішуць заявы, і мы ставім іх у чаргу. Калі спатрэбіцца, мы яшчэ пабудуем дом», — заявіў Валерый Шумель.

Для Прэзідэнта правялі экскурсію па малочна-таварным комплексе, і ён высока ацаніў догляд за каровамі ў гаспадарцы.

«Добры комплекс, добры тым, што па розуму зрабілі. Нічога не разбуралі, мадэрнізавалі. Не горш, чым на новым. Але ўсё роўна глядзіце наперад, калі рызыкнеш на робаты перайсці, на сучасныя тэхналогіі, мы з Уладзімірам Сцяпанавічам (Каранікам — «Зв.») падключымся. Калі добрай гаспадарцы дапаможаш, ведаеш, што не ўпустую», — рэзюмаваў візіт Аляксандр Лукашэнка.


Кіраўніку краіны прадставілі навінку «Малочнага Міра» — пармезан «Прэзідэнт»

Малако з малочна-таварнага комплексу ў «Абухава» ідзе і на ААТ «Малочны Мір». Марына Анікеева, генеральны дырэктар прадпрыемства, шмат казала падчас сустрэчы з Прэзідэнтам пра тое, як працуюць з вытворцамі, ствараючы поўны высокаякасны вытворчы ланцуг.

На галоўнай пляцоўцы ў Гродне ў суткі вырабляюць 40 тон гатовага прадукту, перапрацоўваючы 400 тон малака, спецыялізуюцца на вырабе сыроў. Акрамя гэтага завода ў акцыянернае таварыства ўваходзяць два цэхі «Бераставіца» і «Скідзель», участак разліву безалкагольных напояў і мінеральных вод «Парэчча», малакапрыёмныя пункты, сельскагаспадарчае прадпрыемства «АграМір», Шчучынскі філіял, Дзятлаўскі філіял.

«Сыравінная зона вельмі лаканічна вакол нас знаходзіцца. Наша асноўная мэта і задача — быць з імі разам. Вы толькі што наведалі гаспадарку, якая ўваходзіць у нашу сыравінную зону. Мы разам праходзілі шлях па еўраакрэдытацыі прадукцыі на пастаўкі ў краіны ЕС», — паведаміла Марына Анікеева.

Яна адзначыла, што вялікі гонар кампаніі — гандлююць толькі гатовым прадуктам, які больш рэнтабельны, чым сыравіна.

«Была пастаўлена задача працаваць з Кітаем. Нам не верылася, што можна працаваць з Кітаем. Не таму што ён далёкі, а таму што мы вельмі розныя па смакавых перавагах. Але мы знайшлі там сваю нішу і не толькі па сухіх прадуктах, але і па гатовых», — расказала гендырэктар.

Кіраўніку краіны на выставе прадукцыі прэзентавалі навінку «Малочнага Міра» — пармезан «Прэзідэнт».

Адзін з тэхнолагаў, прадстаўляючы Аляксандру Лукашэнку, прадукцыю заўважыў, што сыр — адзін з самых карысных прадуктаў у малочнай прамысловасці з-за збалансаванай колькасці тлушчу/бялка ў прадукце. Плюс ёсць дапамагае выпрацоўцы сератаніну, так званага, гармону радасці.

«Буду есці цяпер сыр, бо шчасце ўсім трэба», — пажартаваў кіраўнік краіны.

Пасля гэтага адбылася гутарка кіраўніка дзяржавы з калектывам прадпрыемства.


«І асабістае, і дзяржаўнае перамяшана»

Сустрэчу з калектывам «Малочнага Міру» Аляксандр Лукашэнка пачаў з традыцыйнага адказу на традыцыйнае пытанне пра мэту візіту.

«Хацелася паглядзець на вядучае прадпрыемства ў Гродзенскай вобласці і адно з лепшых (не магу сказаць „найлепшае“ — пакрыўдзяцца іншыя) прадпрыемстваў нашай краіны, — сказаў ён. — Гэта першае. Другое — асабістае. Год 15 таму, не памятаю ўжо дакладна, я спрабаваў вас падштурхнуць да шляху мадэрнізацыі малаказаводаў, як мы іх называлі ў нашай краіне».

Прэзідэнт назваў вынік адным з найвялікшых дасягненняў Беларусі разам з мадэрнізацыяй асобных дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. 

«Своечасова мы спахапіліся, прывялі ў парадак: малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы ў Беларусі ўсе вельмі добрыя. Калі б мы тады гэтага не зрабілі, мы не мелі б такога эфекту, — сказаў ён. — А зараз мы маем у тым ліку і фінансавы эфект, бо першымі за гэта ўзяліся».

Яшчэ адзін асабісты інтарэс — перапрацоўка сыроваткі, дадаў кіраўнік дзяржавы. Ён расказаў, як калісьці ў Бялынічах выпадкова даведаўся, што значную частку сыроваткі пры вытворчасці сыроў выліваюць.

«Для мяне, вясковага чалавека, які вырас з малаком, гэта было жахліва. Сёння ўжо ніводнай тоны, кілаграма малака мы ў каналізацыю не выліваем. Таму тут і асабістае, і дзяржаўнае перамяшана», — адзначыў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што пабываў ужо, напэўна, на ўсіх малакаперапрацоўчых прадпрыемствах краіны, і яго такія візіты натхняюць.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што перажываў, ці будзе попыт на сыры, бо ў свой час падштурхнуў айчынных малакаперапрацоўшчыкаў на іх выраб. Генеральны дырэктар ААТ «Малочны Мір», па яго словах, пераканала, што попыт на сыры будзе заўсёды.

«Значыць, мы зрабілі правільна», — парадаваўся кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў важнасць работы над дыверсіфікацыяй экспарту. Не трэба зацыклівацца на адным рынку, трэба абапірацца на шмат розных пунктаў, падкрэсліў Прэзідэнт.

«Калі я быў на жывёлагадоўчым камплекце ў Абухаве, паглядзеў, як вырабляюць вельмі добрае малако, убачыў, што ў лабараторыі прэтэнзій у вас да малака ўсёй сыравіннай зоны няма, значыць, сістэма працуе, — падсумаваў беларускі лідар. — Вядома, ёсць, над чым працаваць, у вас ёсць шмат планаў, недзе будзем падтрымліваць, дапамагаць. Ну, думаю, вы ўжо і на свае сілы павінны разлічваць».

Прэзідэнт пахваліў перапрацоўшчыкаў за адносіны з пастаўшчыкамі сыравіны.

«Вы ўжо ўвязлі ў гэтай сыравіннай зоне, і гэта таксама добра, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Гэта сведчыць пра тое, што малочна-таварныя комплексы ўжо не чужыя для вас. Яны вашы, вы разумееце, што, калі не будзе малака з гэтых зон, значыць, будзе бяда. Я задаволены”.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў суразмоўцам, каб ім заўсёды ўсяго хапала, і паабяцаў з боку дзяржавы дапамагаць, калі неабходна, з продажам прадукцыі кампаніі.


Кітайскі рынак важны для дыверсіфікацыі экспарту

Менавіта дыверсіфікацыі датычылася першае пытанне кіраўніку дзяржавы. Летась «Малочны Мір» паставіў у Кітай прадукцыі на суму 4,5 мільёна долараў, што ўтрая больш за ўзровень 2019 года. Аднак беларускім малочным кампаніям няпроста нарошчваць продажы ў гэту краіну, бо парог уваходу на яе рынак вельмі высокі, заўважыла суразмоўца. «Ці адказна за гэта толькі само прадпрыемства або ўсе органы, ад стандартаў да мытні, павінны аказваць садзейнічанне нашым беларускім прадпрыемствам па нарошчванню экспартнага патэнцыялу ў КНР?», — спытала яна.

Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, што на рынак Кітаю імкнуцца ўсе, бо ён вялізны. Але, па-першае, паміж лідарамі Беларусі і Кітаю ўсталяваліся па-сапраўднаму сяброўскія адносіны, што  дазволіла ў свой час беларускім вытворцам зайсці туды. Цяпер яны паціху разварочваюцца. І тут, сапраўды, важна адпавядаць усім патрабаванням кітайскіх кантралёраў, якія, бадай, самыя строгія, бо ахвотных пастаўляць туды прадукцыю шмат.

Па-другое, адзначыў Прэзідэнт, чыгуначная магістраль новага «Шаўковага шляху» пралягае праз нашу краіну. «Яны вязуць у Еўропу свае тавары, і мы дамовіліся, што назад у гэтыя кантэйнеры мы загружаем сваю прадукцыю, і сямімільнымі крокамі пачалі нарошчваць пастаўкі туды», — расказаў ён.

Зараз кітайскі рынак, у адрозненні ад расійскага, не з’яўляецца прэміяльным для беларускіх вытворцаў, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, але ён вельмі важны для дыверсіфікацыі экспартных паставак. З гэтага пункту гледжання нам могуць быць цікавыя Індыя і Пакістан, дадаў ён, гэтак жа, як і Еўрасаюз, куды гродзенскія малакаперапрацоўшчыкі ўжо пратарылі сцежку.

Прэзідэнт паабяцаў улічыць крытыку дзяржаўных органаў у недастатковай дапамозе беларускім прадпрыемствам у гандлі з Кітаем, якую пачуў у пытанні прадстаўніцы «Малочнага Міру».


«Што ў кошыку?»

Другое пытанне датычылася кошыку з беларускімі прадуктамі, які Аляксандр Лукашэнка нядаўна падарыў свайму расійскаму калегу ў Сочы. Ці была там прадукцыя «Малочнага Міру» — цікавіла гродзенцаў. Прэзідэнт шчыра адказаў, што не ведае і патлумачыў, што ў такія кошыкі абавязкова трапляюць навінкі прадукцыі.

«Калі ў вас на той час былі навінкі, якіх не было раней у сетцы (гандлёвай — «Зв.»), то абавязкова там быў ваш прадукт», — сказаў ён і дадаў, што адносіны і Уладзіміра Пуціна, і ўвогуле расіян да беларускай харчовай прадукцыі самыя добрыя.

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў наперад заўсёды звяртаць увагу на тое, прадукцыя якіх беларускіх кампаній трапляе ў падобныя падарункавыя кошыкі.

Адно з пытанняў датычылася статыстыкі захваральнасці на новы каранавірус сярод дзяцей і моладзі ў сувязі з небяспекай брытанскага штаму COVID-19 для гэтай катэгорыі насельніцтва.

Аляксандр Лукашэнка адказаў, што ў Беларусі няма вострай праблемы ў гэтай сувязі, і паабяцаў, што з боку дзяржавы будзе зроблена ўсё, каб яна не паўстала.

«Мяне вельмі насцярожваюць у гэтым плане апошнім часам дзве рэчы, — падзяліўся ён. — Першае —- бойка вакцын. Разумееце, адзін аднаму ўчапіліся ў горла (кажуць у некалькі трыльёнаў рублёў рынак па вакцынах)».

Прэзідэнт прызнаўся, што ў гэтым плане яму падабаецца падыход Кітаю, які мае ўласную вакцыну, якая добра сябе зарэкамендавала, але ставіцца да сітуацыі спакойна.

У Беларусі нама нездаровага ажыятажу на гэтай тэме, але гэта не значыць, што яна стаіць убаку ад сусветнага працэсу стварэння вакцын. Хутка мы пачнём вырабляць расійскую вакцыну, паралельна распрацоўваем уласную, напомніў Аляксандр Лукашэнка.

«Другое, што мяне насцярожвае — быццам спецыяльна падаграваюць гэтую тэму», — дадаў беларускі лідар і звярнуў увагу на тое, што падчас амаль кожнай пандэміі знаходзяцца тыя, хто на іх зарабляе.


«Мы будзем адзінай дзяржавай. Мы не будзем стаяць на каленях»

Апошняе пытанне ад супрацоўнікаў кампаніі датычылася захавання адзінства ў беларускім грамадстве. Яго гродзенцы звязалі з гістарычнай датай падпісання рыжскага дагавору, у выніку якога Беларусь была падзеленая, і частка яе аддадзеная Польшчы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў падчас сустрэч з актывам розных рэгіёнаў паказваў карту Беларусі 1921 года і казаў, што не хоча, каб было так.

«Я адчуваў (у мяне не было фактаў, як зараз), што нас пачынаюць ірваць. І часта казаў пра тое, што Беларусь — на разрыў», — напомніў ён.

«Напярэдадні выбараў я заўсёды казаў падчас выступленняў, што нам гэта пагражае, беларусы, ачуняйце, вы можаце атрымаць гэта. Некаторыя гэтага не пачулі, у тым ліку і ў Гродне. Таму хачу вам сказаць: пры мне гэтага не будзе. Мы будзем адзінай дзяржавай. Мы нікому не будзем кланяцца. Мы не будзем стаяць на каленях. Горш жыць мы не будзем толькі ў тым выпадку, калі захаваем галаву на плячах. Паверце, вельмі правільна ўкраінцы кажуць: беларусы не пужаныя, не бітыя. А я ім адказваю: не хачу, каб беларусаў білі і пужалі. Вось гэта — катастрофа. Гэта жахліва. Жывём як можам і не горш за іншых. Таму трымайцеся сваёй зямлі», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

У Год народнага адзінства важна разумець, што гэта – наша зямля, падкрэсліў беларускі лідар.

«Трэба быць бліжэй адзін да аднаго, — параіў ён. — Свет ашалеў і людзі ў гэтым свеце згубілі арыентацыю. А ў гэты момант не трэба кідацца ў розныя бакі, таму я і аб’явіў гэты год Годам народнага адзінства. Вядома, усе мы не будзем побач. Ёсць такія, каму шмат не падабаецца. Трэба пацярпець, бо пераважная большасць хоча жыць мірна і спакойна. Статыстычныя даследаванні паказваюць, што пад 80 працэнтаў людзей баяцца страціць стабільнасць і парадак у краіне. Гэта дарагога каштуе. Людзі зразумелі, што маглі або могуць страціць, і нам гэтага дапусціць нельга».


Даведка «Звязды»

СВК імя І.П. Сянько спецыялізуецца ў мясамалочным кірунку з развітым буракасеяннем. Галоўная галіна гаспадаркі — землекарыстанне. Летась прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства тут склаў больш за 1,6 мільёна рублёў. Другая важная галіна — жывёлагадоўля. У гаспадарцы больш за 31 тысячу галоў свінняў і больш 6200 галоў буйной рагатай жывёлы (амаль траціна — дойны статак). Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі летась склаў амаль 9,5 мільёна рублёў.

Узровень рэнтабельнасці ў цэлым па гаспадарцы — каля 30 %.

ААТ «Малочны Мір» — адно з валаўтваральных прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці і Міністэрства па сельскай гаспадарцы і харчаванню Беларусі і лічыцца лідарам у малочнай галіне Рэспублікі Беларусь, паведамляецца на сайце кампаніі.

Кампанія спецыялізуецца на вытворчасці натуральнамалочнай прадукцыі, марожанага, масла і сыроў. Акрамя таго, у аб'ёме вытворчасці маецца немалая доля прадукцыі, што выпрацоўваецца не з малака: вада, напоі, маянэз. Увесь асартымент налічвае каля 500 відаў прадукцыі. «Малочны Мір» — прадпрыемства бесперапыннага цыклу вытворчасці, летась тут было перапрацавана  больш за паўмільёна тон малака. Сыравінную зону кампаніі прадстаўляюць 8 раёнаў Гродзенскай вобласці (53 гаспадаркі).

У склад акцыянернага таварыства ўваходзяць вытворчая пляцоўка ў Гродне (цэхі па вытворчасці цэльнамалочнай прадукцыі, сыроў, марожанага і сухіх малочных прадуктаў), цэхі «Бераставіца» і «Скідзель», цэх па разліву безалкагольных напояў і мінеральных вод «Парэчча», малакапрыёмныя пункты, сельская гаспадарка «Бераставічанка», філіялы ў Шчучыне і Дзятлаве.

Форма ўласнасці – прыватная, з доляй дзяржавы — 91,02 %.

З 2012 года кампанію ўзначальвае Марына Анікеева.

Сёння аб’ём перапрацоўкі малака на «Малочным Міры» складае каля 600 тысяч тон у год. Больш паловы аб’ёму вытворчасці экспартуецца. Прадукцыю кампаніі добра ведаюць спажыўцы Масквы, Санкт-Пецярбурга, Смаленска, Ніжняга Ноўгарада і іншых гарадоў Расіі. Акрамя таго, «Малочны Мір» пастаўляе сваю прадукцыю ў Кітай, Украіну, Азербайджан, Малдову, Сербію, Казахстан, ААЭ, Грузію, Узбекістан, В’етнам, Іарданію, Арменію, Сінгапур — усяго ў 26 краін свету.

Для нарошчвання экспарту на прадпрыемстве ўводзяцца новыя лініі — стэрылізаванага малака і вяршкоў (пастаўляюцца ў 8 краін свету) і масла буйной фасоўкі для краін Усходу.

Сёлета на прадпрыемстве плануецца завяршыць мадэрнізацыю тварожнага цэху. Праектуюцца комплекс па сушцы сыроваткі, лагістычны комплекс, мадэрнізуюцца Шчучынскі і Дзятлаўскі філіялы.

На прадпрыемстве працуе 1 800 чалавек, сярэдні заробак — 1 445 рублёў, выручка ў разліку на аднаго работніка ў студзені склала 26 тысяч рублёў (па выніках 2020 года — 330 тысяч рублёў).

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

г. Гродна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.