Вы тут

Магілёўская моладзь пасябравала з творчым дэсантам ад Саюза пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкага дома «Звязда»


На сустрэчы, якая адбылася ў Магілёўскім мастацкім музеі імя П. Масленікава, была магчымасць пазнаёміцца з кнігамі выдавецтва, прысвечанымі Беларусі, і некаторымі іх аўтарамі, паглядзець фотавыстаўку Уладзіслава Цыдзіка «Бачу Беларусь такой», якая суправаджала важныя кніжныя святы краіны і экспанавалася на значных пляцоўках Беларусі і за мяжой, а таксама пачуць з першых вуснаў гісторыі з багатага на цікавыя выпадкі і гучныя імёны жыцця народнага артыста Беларусі Эдуарда Ханка.


— Жыхарам і гасцям нашага горада будзе вельмі карысна пазнаёміцца з гэтай выстаўкай, такой яркай і запамінальнай, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка падчас яе адкрыцця. — Хочацца сказаць словы ўдзячнасці Саюзу пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкаму дому «Звязда», які актыўна суправаджае выстаўкі і іншыя значныя мерапрыемствы. Асабіста Алене Стэльмах за яе асветніцкую дзейнасць і ўдзел у мерапрыемствах, якія праходзяць на Магілёўшчыне. Прыемна ўбачыць на гэтай імпрэзе Эдуарда Сямёнавіча Ханка, які ўдзельнічае ў вельмі нечаканых праектах. Гэта добры прыклад моладзі, як трэба вучыцца, жыць і працаваць.

Дарэчы, сустрэча адбылася напярэдадні 15-гадовага юбілею Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Некаторыя яго аўтары актыўна супрацоўнічаюць з выдавецтвам.

— У ім пабачылі свет дзве мае кніжкі — «Дзіўныя дзеткі» і «Паршакрасавіцкі суп» — паведаміла магіляўчанка Жанна Міус. — Чатыры гады таму я прыслала рукапіс у выдавецтва, і мае творы прыйшліся даспадобы.

Алена Беланожка супрацоўнічае з Выдавецкім домам «Звязда» ўжо не першы год. З 2008 года яна пастаянная аўтарка часопісаў «Маладосць», «Полымя», «Нёман», яе вершы часта друкуе газета «ЛіМ». Летась у выдавецтве выйшла яе прыгодніцкая аповесць «Зорка Ракхігархі» — працяг аповесці, якая друкавалася ў часопісе «Маладосць» у 2014 годзе пад назвай «Чамадан з кракадзілавай скуры».

— Мы з вялікім задавальненнем ехалі ў Магілёў, — прызналася юным аматарам кніг пісьменніца-публіцыст Алена Стэльмах. — І фотавыстаўка, і прэзентацыя выданняў — усё гэта даніна павагі нашай Радзіме, у тым ліку такому цудоўнаму краю як Магілёўшчына. Праз творы ў кнігах і на фота мы ўсхваляем нашу родную, прыгожую Беларусь. Сутнасць праекта, які мы ажыццяўляем на працягу пяці гадоў, менавіта невычарпальная любоў да Радзімы і адзінства нашых сэрцаў, жаданне берагчы тое, што маем. Я ўпэўнена, што многія з тых, хто ўбачыць гэтую выстаўку, атрымаюць шмат пазітыўных эмоцый і ўражанняў.

Работы, прадстаўленыя на выстаўцы, упрыгожваюць і маляўнічыя фотаальбомы выдавецтва. Яны добра спалучаюцца з кранальнымі вершамі і прозай сучасных паэтаў і пісьменнікаў. У наведвальнікаў была ўнікальная магчымасць набыць гэтыя і іншыя кнігі з аўтографамі аўтараў і атрымаць у падарунак каляндар ад Выдавецкага дома «Звязда».

Падчас прэзентацыі Алена Стэльмах расказала пра асаблівасці стварэння фотаальбомаў і звярнула ўвагу на мілагучнасць і народнасць іх зместу. Была магчымасць паглядзець невялічкі буктрэйлер па матывах гэтых кніг у выкананні навучэнцаў Мінскага педагагічнага каледжа. І вялікае задавальненне публіка атрымала ад сустрэчы з Эдуардам Ханком. Моладзь з захапленнем падпявала аўтару знакамітых песень з рэпертуару Алы Пугачовай, Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай, ансамбля «Сябры».

Напрыканцы сустрэчы Алена Стэльмах уручыла дыпломы Выдавецкага дома «Звязда» шэрагу магілёўскіх аўтараў і
супрацоўнікам бібліятэк.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.