Вы тут

Гульням у Токіа быць. Алімпійскі агонь пачынае сваё турнэ


XXXІІ Летнія Алімпійскія гульні пачнуцца 25 сакавіка. Старт эстафеты алімпійскага агню пад назвай «Надзея асвятляе наш шлях», запланаваны менавіта на гэтую дату, можна лічыць своеасаблівым пачаткам галоўнай спартыўнай падзеі. Пачнецца забег у прэфектуры Фукусіма. Першы пункт эстафеты быў абраны невыпадкова — гэта сімвал аднаўлення Фукусімы і ўсяго паўночнага ўсходу Японіі пасля землятрусу і цунамі 2011 года.


Забег працягнецца 121 дзень. Факел алімпіяды наведае ўсе 47 японскіх прэфектур. Арганізатары не ўносілі ніякіх змяненняў у расклад і маршрут эстафеты, распрацаваныя ў 2020 годзе. Акрамя даты пачатку — у параўнанні з леташняй, яна пасунутая на адзін дзень. Падчас забегу будуць прынятыя ўсе меры, якія датычацца прафілактыкі распаўсюджвання каранавіруса: паменшана колькасць транспарту, які едзе за бегунамі з факеламі, скарочана праграма святочных мерапрыемстваў у кожнай прэфектуры. Дакладны маршрут эстафеты арганізатары будуць публікаваць за некалькі гадзін да яе прыбыцця ў рэгіёны. Гэтыя меры прымаюцца, каб пазбегнуць вялікай колькасці людзей, сабраных у адным месцы. Увогуле арганізатары раяць сачыць за прасоўваннем агню ў інтэрнэце. А ўбачыць агонь Гульняў на свае вочы жыхары Японіі змогуць толькі пасля папярэдняй рэгістрацыі заяўкі на спецыяльнай анлайн-платформе.

Агонь Гульняў XXXІІ Алімпіяды быў запалены 12 сакавіка 2020 года ў Старажытнай Алімпіі. Эстафета стартавала ў Грэцыі, але з-за пандэміі каранавіруса была скарочана. Агонь паспеў прыляцець у Японію яшчэ да рашэння аб пераносе Алімпійскіх гульняў. Лампада з полымем была часова выстаўлена на ўсеагульны паказ у музеі побач з галоўным алімпійскім стадыёнам. Факел Гульняў Алімпіяды ў Токіа прадстаўлены ў сакавіку 2019 года. Яго дызайн нагадвае вобраз квітнеючай сакуры, усім знаёмай і самай любімай японскай кветкі.

Алімпійскі агонь разам з пяццю коламі, сцягам, дэвізам «Cіtіus, Altіus, Fortіus!» («Хутчэй, вышэй, мацней»), гімнам — паўнавартасны сімвал алімпійскага руху. Агонь яднае антычныя і сучасныя Гульні. Згодна са старажытнагрэчаскай міфалогіяй, агонь, які Праметэй выкраў у Зеўса, — сімвал жыцця, свабоды чалавецтва і яго імкненняў. Цікава, што на першых гульнях сучаснасці ў Афінах у 1896 годзе алімпійскага агню не было. Ён з'явіўся толькі ў 1928 годзе ў Амстэрдаме. І запалілі яго не ў Алімпіі, а ў Нідэрландах. А сучасная цырымонія запальвання ў Алімпіі і эстафета перадачы факела былі распрацаваныя напярэдадні Алімпійскіх гульняў 1936 года ў Берліне.

Паводле традыцыі, агонь павінен гарэць на працягу ўсёй Алімпіяды. Аднак бывалі выпадкі, калі алімпійскі агонь згасаў. Часцей за ўсё факел патухаў падчас эстафеты, але часам нават у чашы на стадыёне. У 1976 годзе падчас Алімпіяды ў Манрэалі агонь патух праз праліўны дождж. Адзін з чыноўнікаў вырашыў запаліць яго простай запальнічкай. Арганізатары хутка растлумачылі яму ўсе правілы, патушылі агонь ад запальніцы і зноў запалілі — ужо сапраўдны алімпійскі агонь з рэзервовых крыніц.

Арганізатары кожных Алімпійскіх гульняў накіроўваюць агонь у самыя незвычайныя месцы. У 2008 годзе ён пакарыў Эверэст. У 2000 годзе арганізатары гульняў у Сіднэі адправілі яго пад ваду — аквалангіст пранёс факел праз Вялікі Бар'ерны рыф. У алімпійскай эстафеце 2014 года яго пранеслі праз Паўночны полюс і глыбіні Байкала. У 1996, 2000 і 2014 гадах алімпійскі агонь разам з аўстранаўтамі скараў космас.

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: tokyo2020.org

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.