Вы тут

Ліван у агні. Чаму абвалілася «блізкаўсходняя Швейцарыя»?


Ліван апынуўся на мяжы харчовага крызісу. Усяму віной чарговае абясцэньванне нацыянальнай валюты, якая за апошнія два тыдні страціла яшчэ 25 працэнтаў у адносінах да долара. Прадуктовыя крамы ў Бейруце былі вымушаны абмежаваць гадзіны работы і скараціць дастаўку з-за недахопу тавараў, паведаміў 24.kz. Некаторым і зусім прыйшлося зачыніцца на нявызначаны час. Улады краіны таксама паведамілі, што з-за змяншэння валютных запасаў ліванцам скароцяць выплаты харчовых субсідый. «Мы перажываем найгоршыя дні, — заўважыў кіраўнік гандлёвай асацыяцыі Алі Аль-Шарыф. — Летась зачынілася каля чвэрці крамаў, а сёлета можа зачыніцца яшчэ 40 працэнтаў з-за сітуацыі з курсам валют і зніжэннем пакупніцкай здольнасці грамадзян». Чаму абвалілася краіна, якая дагэтуль па праве лічылася «блізкаўсходняй Швейцарыяй»?


Бейрут. Фота: unsplash.com/@martenbjork

Камунальны калапс

Пагаршэнне эканамічнага становішча насельніцтва, незадаволенасць сацыяльна-палітычнымі ўмовамі — і ў асаблівасці распаўсюджваннем і паглыбленнем карупцыі на месцах, прававая неабароненасць часткі грамадства і іншыя прыклады збою ў рабоце дзяржаўнай машыны сталі ў Ліване сумнай рэчаіснасцю, заўважыў expert.ru. Планы ўрада ўвесці падатак на размову па інтэрнэце праз дадаткі (напрыклад, WhatsApp) ва ўмовах дарагой сотавай сувязі справакавалі ў 2019-м маштабныя пратэсты — маніфестанты запатрабавалі змены ўрада і правядзення рэформаў. І што ў выніку? Урад змяніўся двойчы, перш чым вярнуўся да... зыходнага пункта. Кабінеты «тэхнакратаў» Хасана Дзіяба і Мустафы Адзіба пачыналі з папулісцкіх лозунгаў (барацьба з карупцыяй, рэформы, раззбраенне шыіцкіх груповак, прыцягненне знешняй дапамогі і г. д.), але завяршалі тым, што прызнавалі сваю няздольнасць змяніць сітуацыю.

Наглядным прыкладам дзеянняў палітычных вярхоў з'яўляецца крах сістэм жыццезабеспячэння: веернае адключэнне электрычнасці прывяло да з'яўлення кантрабанды паліва і генератараў, паведаміў rіafan.ru. У Бейруце стала нормай адключэнне электрычнасці на тры і больш гадзін у суткі. У некаторых раёнах сталіцы яго не бывае да 12 гадзін. Улады не могуць даць выразных тлумачэнняў, чаму так адбываецца.

Абвастрылася праблема водазабеспячэння: акрамя пастаянных перабояў у падачы вады, адсутнічаюць тарыфы на яе і інструменты ўліку. Сістэма каналізацый практычна не падтрымліваецца, а сцёкавыя вады не ачышчаюцца, што справакавала санітарны крызіс.

На мяжы голаду

Ужо да 2018 года назіраўся дэфіцыт бюджэту ў 10 працэнтаў, а дзяржаўны доўг склаў больш за 79 мільярдаў долараў — 149 % ад ВУП. У дадатак да ўсяго вайна ў Сірыі прывяла да з'яўлення ў Ліване 1,2 мільёна бежанцаў, якія сталі займаць мясцовыя рабочыя месцы за кошт нізкіх уласных патрабаванняў да зарплаты.

Акрамя таго, пранікненне ў краіну тэрарыстычных ячэек прывяло да рэзкага падзення ўзроўню бяспекі, што шматразова скараціла турпаток. Па ланцужку абрынулася турыстычная сфера, і, акрамя скарачэння валютных паступленняў, дзясяткі тысяч ліванцаў страцілі рабочыя месцы. Да кастрычніка 2019 года агульнае беспрацоўе дасягнула 25 працэнтаў, прычым сярод моладзі яно склала 37 %.

У бюджэце на 2020 год прадугледжвалася зніжэнне выдаткаў на адукацыю і ахову здароўя — на 7 працэнтаў, на «камуналку» — на 88 %, на інфраструктуру — на 95 %. У сваю чаргу, павышэнне ПДВ павялічыла кошт прадуктаў першай неабходнасці ў некалькі разоў. Вясной 2020 года Бейрут звярнуўся да МВФ з просьбай аб рэструктурызацыі знешняга доўгу і аб выдачы крэдыту памерам 10,2 мільярда долараў. Узамен валютны фонд запатрабаваў ад Лівана выканаць шэраг цяжкіх умоў, што выклікала пагаршэнне ўзроўню жыцця насельніцтва на найбліжэйшыя гады.

Акрамя хранічнага крызісу ва ўсіх сферах грамадства, кіруючыя колы Лівана сутыкнуліся з новым выклікам: дзяржава аказалася негатовая супрацьстаяць пандэміі, абараніць сваё насельніцтва ці хоць бы прыцягнуць замежную дапамогу, што стала дадатковай падставай для росту пратэсных настрояў. Звяртаючыся да крайніх мер у выглядзе агульнанацыянальнай ізаляцыі, палітыкі імкнуліся не толькі стрымаць распаўсюджванне ковіду і адцягнуць калапс сістэмы аховы здароўя, але таксама выкарыстоўвалі абмежавальныя меры для падаўлення пратэснай актыўнасці, падкрэсліў expert.ru. 22 студзеня было абвешчана, што рэжым кругласутачнай самаізаляцыі прадаўжаецца да 8 лютага, што на фоне бяздзейнасці ўлад, адсутнасці праграмы падтрымкі для маламаёмных і скарачэння субсідый стала спускавым механізмам для адчайных пратэстаў насельніцтва, якое апынулася на мяжы голаду.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: unsplash.com/@bailey_i

Дэзерціры міжволі

Паводле даследавання гуманітарнай арганізацыі CARE, пасля інфляцыі ліванскага фунта, узровень якой летась у лістападзе дасягнуў рэкордных 553 працэнтаў, каля 94 % насельніцтва Лівана пачало атрымліваць зарплату ніжэй за мінімальны пражытачны мінімум. Яшчэ ў красавіку мінулага года Трыпалі і Бейрут узначалілі «галодныя пратэсты» пасля ўвядзення ў Ліване першага каранціну.

Сутыкненні былі вельмі жорсткія. Як паведаміла галоўнае ўпраўленне ўнутранай бяспекі Лівана, за тыдзень пратэстаў у Трыпалі дэманстранты выкарысталі супраць паліцыі 16 баявых гранат і 600 бутэлек з запальнай сумессю. Сілы бяспекі, якія, паводле справаздачы арганізацыі Amnesty Іnternatіonal, ужывалі для разгону натоўпу гумовыя кулі, гранаты са слёзатачывым газам і гранатамёты.

Тым часам галоўнакамандуючы войска Джозэф Аун папярэдзіў палітыкаў, што крызіс паставіў пад пагрозу само існаванне ўзброеных сіл. «Салдаты галадаюць, таксама як і народ, — сказаў генерал на прэс-канферэнцыі, перадала «Бі-бі-сі». — Ім патрэбнае войска ці не? Вы хочаце, каб войска моцна стаяла на нагах, ці не? Ім усё роўна». Генерал Аун не ўдакладніў, супраць каго накіраваны яго гнеў.

Але раней прэзідэнт краіны Мішэль Аун сабраў экстранную нараду і запатрабаваў ад сілавых структур не дапусціць блакавання дарог падчас «панядзелка гневу», як назвала сваю акцыю апазіцыя. (Дарэчы, Джозэф і Мішэль Аун — цёзкі. Абодва носяць званне генерала).

Вайскоўцы не супярэчаць прэзідэнту прама. Аднак крыніца агенцтва Reuters распавяла, што патрабаванне прэзідэнта прывяло да рознагалоссяў паміж ім і галоўнакамандуючым. Джозэф Аун заклікаў палітыкаў знайсці выхад з крызісу, які доўжыцца не адзін год. «Афіцэры таксама пакутуюць і галадаюць. Я звяртаюся да чыноўнікаў: куды вы ідзяце? Чаго вы чакаеце? Што плануеце зрабіць?» — заявіў генерал. Армія і міністэрства ўнутраных спраў адмаўляюць паведамленні аб дэзерцірстве ў шэрагах сілавых структур. Аднак тры крыніцы агенцтва прызналіся, што становішча ніжэйшага звяна арміі і паліцыі выклікае рэальныя асцярогі.

Крызіс прывёў і да росту злачыннасці. Колькасць забойстваў у краіне вырасла ў 2020 годзе больш чым на 90 працэнтаў, а рабаванняў — на 57 %, паводле даследавання фірмы Іnformatіon Іnternatіonal на аснове даных паліцыі.

Дабрачынная арганізацыя YASA, якая займаецца бяспекай на дарогах, падлічыла, што каля 10 тысяч накрывак ад люкаў знікла з вуліц Лівана. Іх крадуць і прадаюць скупшчыкам чыгуну па 100 фунтаў кожную — больш, чым пражытковы мінімум у краіне.

pixabay.com

Паміж молатам і кавадлам

Хасан Дзіяб сумна вядомы тым, што менавіта ў перыяд яго дзейнасці на пасадзе прэм'ера адбыўся страшэнны выбух у порце Бейрута, які прывёў да масавых ахвяр і татальных разбурэнняў. Пратэстуючае насельніцтва абвінаваціла ў тым, што здарылася, урад, і неўзабаве кабмін зноў у поўным саставе сышоў у адстаўку.

Па просьбе прэзідэнта Лівана Мішэля Ауна Дзіяб застаўся на пасадзе прэм'ер-міністра да стварэння новага ўрада. Яго фарміраванне было ўскладзена на папярэдняга прэм'ера — лідара суніцкага руху «Аль-Мустакбаль» Саада Аль-Харыры, які абапіраецца на падтрымку ЗША і Францыі. «Ліван працягвае знаходзіцца паміж амерыканскім молатам і французскім кавадлам», — адзначыў ТАСС палітолаг Роберт Аб'яд.

Аль-Харыры да канца 2020 года падаў 18 кандыдатур для кабінета міністраў. Аднак у студзені зяць Ауна, кіраўнік прэзідэнцкай партыі Джэбран Басіль, абвінаваціў патэнцыйнага прэм'ера ў датычнасці да крызіснай сітуацыі ў Ліване і заявіў аб тым, што ўраду патрэбныя новыя людзі. Такім чынам, фарміраванне кабміна «павісла ў паветры», паколькі яго прапанаваны састаў да гэтага часу не ўхвалены прэзідэнтам і парламентам. Сапраўды гэтак жа не вызначаны лёс Дзіяба, які ўжо больш за паўгода займае пасаду кіраўніка неіснуючага ўрада.

Заява прэм'ера аб гатоўнасці пакінуць сваю пасаду прагучала пасля распаўсюджвання відэазапісу, на якім наведвальнікі аднаго са сталічных супермаркетаў зладзілі масавую бойку з-за пачка сухога малака. «Хіба бойкі за малако не з'яўляюцца дастатковым стымулам для таго, каб пераадолець фармальнасці і сфарміраваць урад? Калі мая адстаўка паскорыць стварэнне кабінета міністраў, то я гатовы пайсці на гэта, хоць і лічу падобнае рашэнне дэструктыўным для дзяржавы», — паведаміў Дзіяб падчас тэлеінтэрв'ю.

Перастрэлкі з паліцыяй, знішчэнне інфраструктуры і параліч транспарту, захопы адміністрацыйных будынкаў і бойкі за пакет сухога малака яскрава адлюстроўваюць нарастанне азлобленасці і адчаю ліванскага насельніцтва. Пратэснай плынню не прамінулі скарыстацца. Як лічыць палітолаг Роберт Аб'яд, нядаўнія падзеі сведчаць пра спробы радыкальных сіл абвастрыць сітуацыю ў краіне на фоне зацяжнога палітычнага вакууму. Ліван застаецца ў агні.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.