Вы тут

Парода – бронзавая


На вуліцах нашых гарадоў з’яўляюцца скульптуры катоў і котак. Хочацца верыць, што дзякуючы ім людзі будуць больш беражліва і больш чалавечна ставіцца да жывых беспрытульных мурзікаў.

«Закаханыя каты»

Фота Аксаны Яноўскай

Гэта адна з народных назваў скульптуры ў Брэсце, нароўні з «Каты на даху». Афіцыйна ж работа скульптара Руслана Усманава называецца «Стары горад». 31 снежня ёй споўніцца 12 гадоў. Пад стылізаваным старым домам схаваная непрывабная вентыляцыйная труба, якую аніяк нельга было дэмантаваць. Пазіравалі майстру сапраўдныя мясцовыя мурзікі. У адрозненне ад іншых сваіх скульптурных суродзічаў, брэсцкія катафеі ўвасоблены ў сілуміне – алюмініевым сплаве. Знайсці «Закаханых катоў» можна на скрыжаванні брэсцкіх вуліц Савецкай і Пушкінскай.

Каты-вандроўнікі

Чыгуначны вакзал у Маладзечне і аўтобусны ў Гомелі ўпрыгожваюць скульптуры дзяўчыны і маладога чалавека, якія адпраўляюцца ў падарожжа разам са сваімі чатырохногімі гадаванцамі.

Фота pinterest.cl

Вобраз стыльнай дзяўчыны ў Маладзечне ў некаторых асацыюецца са студэнткай, якая прыехала дадому на выхадныя. Так ці інакш, але на яе валізцы «едзе» кот. А з'явілася гэтая бронзавая скульптура Вадзіма Мацкевіча ў 2011 годзе.

Іншы вобраз у гомельскага вандроўніка. Аўтар, скульптар Вячаслаў Далгоў, назваў яго «Бягучы пасажыр».

Фота Андрэя Феакцістава

Валіза ў хлопца расшпіленая, на спіне – заплечнік з турыстычным кілімком, адной рукой ён прыціскае да сябе рарытэтную ляльку, у другой – пераноска з катом. Пасажыр спяшаец- ца і адначасова абдымае ўвесь свет. Скульптуру адкрылі ў сакавіку мінулага года. Як бы ні спяшаліся падарожнікі, а знойдуць хвілінку на сэлфі з «Бягучым пасажырам».

Да цырку – за цудамі

Фота Аксаны Яноўскай

Скульптурная кампазіцыя Сяргея Бандарэнкі «Кот, чарапаха і слон-жанглёр» ля Белдзяржцырка ў Мінску проста фанастычная – слон узгрувасціўся на чарапаху і ката. Але ж у цырку ўсё магчыма! Згодна з гарадской легендай, калі прашаптаць на вуха кату сваё жаданне, а потым пазваніць у званочак на яго шыі, то задуманае спраўдзіцца.

Таямнічы кот-доктар

Фота directmap.by

Самая незвычайная і загадкавая скульптура аднаго з катафеяў у беларускай сталіцы знаходзіцца каля ўваходу ў афтальмалагічны цэнтр «Новы зрок». Тут кот у вобразе лекара разглядае ў лупу мышку-пацыентку. Што ж тычыцца загадкавасці, то пра скульптуру мінімум інфармацыі. Напрыклад, невядома, хто яе аўтар. Па версіі некаторых беларускіх скульптараў, работу маглі прывезці з іншай краіны.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі