Вы тут

Беларусы рыхтуюцца пакарыць свет фігурнага катання


Два гады таму ў Беларускага фігурнага катання пачалося новае жыццё. Пасля чэмпіянату Еўропы 2019 года ў Мінску градус увагі да гэтага віду спорту вырас у некалькі разоў. Аншлаг у дзіцячых секцыях, запрашэнне замежных спецыялістаў і спартсменаў, лядовыя шоу, буйныя спаборніцтвы, першыя поспехі беларускіх фігурыстаў на міжнародным узроўні — Беларускі саюз канькабежцаў запусціў кола, якое, здаецца, не спыніць. Ды ці трэба яго спыняць?..


Фота Беларускага саюза канькабежцаў.

З 22 да 28 сакавіка ў Стакгольме адбудзецца чэмпіянат свету па фігурным катанні. Упершыню за шмат гадоў на планетарным першынстве Беларусь будзе прадстаўлена ва ўсіх чатырох відах. У многім гэта заслуга галоўнага трэнера нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па фігурным катанні Алега Васільева. Алімпійскі чэмпіён 1984 года, вучань і калега легендарнай Тамары Масквіной, трэнер многіх знакамітых фігурыстаў працуе ў Беларусі з 2019 года. Спачатку работа была дыстанцыйная, але з лета 2020 года расійскі спецыяліст праводзіць увесь час у Мінску. І разам са сваімі падапечнымі і калегамі піша гісторыю айчыннага фігурнага катання.

«Адбор на чэмпіянат свету прадстаўнікоў усіх дысцыплін стаў магчымы дзякуючы зладжанай і працяглай рабоце вялікай колькасці людзей. І шмат «пазлаў» склалася. Расійская федэрацыя фігурнага катання дала дазвол на выступленне расіян за Беларусь. Міжнародны саюз канькабежцаў гэты пераход адобрыў і пацвердзіў. Міністэрства спорту і турызму, Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па лядовых відах спорту, Беларускі саюз канькабежцаў удзельнічалі фінансава і займаліся дакументамі. Была праведзена велізарная работа, каб мы паехалі на чэмпіянат свету і змагаліся там за алімпійскія ліцэнзіі ў Пекін. Гэта вельмі знакавы для нас чэмпіянат і вельмі хочацца выканаць усе пастаўленыя задачы», — расказвае Алег Кімавіч.

Уся беларуская каманда, акрамя танцавальнай пары, на чэмпіянаце свету — расійскія фігурысты. Аднак дэталі біяграфіі не адмяняюць галоўную задачу — катацца так добра, як спартсмены гэта ўмеюць, і ўпершыню за шмат гадоў «правесці» Беларусь у алімпійскія спаборніцтвы. Алімпійскія ліцэнзіі на чэмпіянаце свету атрымаюць па 16 найлепшых спартсменаў у кожным відзе.

Герояў трэба ведаць у твар...

У жаночым адзіночным катанні зараз галоўная зорка — Вікторыя Сафонава. Выступаючы пад беларускім сцягам, спартсменка паспела зрабіць многае — выйграла некалькі міжнародных стартаў, прадставіла краіну на чэмпіянаце Еўропы 2020 года. Восенню 2020-га Вікторыя зрабіла сапраўдную сенсацыю: на міжнародным турніры Іce Star у Мінску — аказалася мацнейшай за чэмпіёнку Еўропы 2019 Соф'ю Самадураву. «Мы ўскладаем вялікія надзеі на выступленне Вікторыі ў Стакгольме. З аднаго боку, у яе цяжкая задача, жаночае катанне зараз знаходзіцца на піку свайго тэхнічнага развіцця, дзяўчаты выконваюць нават больш чацвярных скачкоў, чым мужчыны. З іншага боку, задача рэальная. Вікторыя мае шэраг пераваг, якія дазволяць ёй заняць высокае месца і заваяваць пуцёўку на алімпіяду», — заўважыў Алег Васільеў.

Патрымае ў напружанні аматараў лідар беларускага мужчынскага катання Канстанцін Мілюкоў. Па словах Алега Кімавіча, можа здарыцца ўсякае: «Мінулы сезон у Канстанціна быў, шчыра кажучы, правальны. Ён дрэнна выступаў на ўсіх стартах. Мы зрабілі адпаведныя вывады, знялі яго з усіх стыпендый, пакінулі без фінансавай падтрымкі. І гэта спрацавала. Косця плённа працаваў летам на зборах у Раўбічах, Жлобіне, на «Мінск-арэне». З пачатку сезона ён паказвае стабільна высокія вынікі, выйграў амаль усе дамашнія старты. Мы спадзяёмся на паспяховае выступленне, Косця можа заняць высокае месца на чэмпіянаце свету. Але ў той жа час ёсць боязь — з мінулага года праз пандэмію ў Косці не было вопыту міжнародных стартаў».

У гісторыі беларускага парнага катання была толькі адна моцная пара — Таццяны Данілавай і Мікалая Каменчука. У 2016 годзе пара распалася, і чатыры гады значных вынікаў у гэтай дысцыпліне не было. Але зараз лёд крануўся. З гэтага сезона за Беларусь выступае расійская пара Багданы Лукашэвіч і Аляксандра Сцяпанава. Трэніруе іх, дарэчы, Мікалай Камянчук. У Стакгольме ад Багданы і Аляксандра прарыўных вынікаў не чакаюць. «Мінулы сезон пара амаль не спаборнічала, ён быў пераходны. Для іх удзел у чэмпіянаце свету будзе стрэсавы, і цяжка прадказаць, як яны сябе стануць паводзіць. Мы яшчэ не бачылі іх на буйных турнірах, у сур'ёзнай абстаноўцы. Дамашнія спаборніцтвы з пустымі трыбунамі — крыху іншае. Багдана і Аляксандр добра падрыхтаваныя тэхнічна, яны здольныя паказаць дастойнае катанне. І калі яны адкатаюць так, як робяць гэта на трэніроўках, вынік будзе нядрэнны», — тлумачыць Алег Васільеў. Падобная сітуацыя і ў танцавальнага дуэта эстонкі Вікторыі Семянюк і беларуса Ільі Юхімука. Першым баявым хрышчэннем для іх быў этап Гран-пры ў Маскве, дзе яны занялі 10-е месца. «Цяжка прадказаць, як Вікторыя і Ілья пакажуць сябе на чэмпіянаце свету, — адзначае Алег Кімавіч. — Яны зусім маладая, толькі створаная пара. А ў танцах, чым далей і болей пара выступае, тым вышэйшы вынік. Пакуль яны разам прайшлі недастаткова, каб змагацца за нешта сур'ёзнае».

Чэмпіянат свету ў Стакгольме — першы буйны міжнародны турнір за год. З 29 стартаў, унесеных у каляндар Міжнароднага саюза канькабежцаў, 22 не адбыліся, у іх ліку нават чэмпіянат Еўропы. З сямі захаваных тры прыняла Беларусь. «Міністэрства спорту і турызму, Беларускі саюз канькабежцаў зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб нашы спартсмены не адчувалі безнадзейнасць сітуацыі, выкліканую ўсімі абмежаваннямі і адменамі спаборніцтваў. Дамашнія старты дапамагалі ім не страціць форму, але хацелася б, каб яны пакаталіся з больш моцнымі сапернікамі на міжнародных стартах. На жаль, такой магчымасці ў нас у гэтым годзе не было», — наракае галоўны трэнер нацыянальнай зборнай.

...І вучыцца ў найлепшых

На першы погляд можа здацца, што запрашэнне легіянераў і іх выступленні на вядучых стартах могуць засмучаць беларускіх спартсменаў. Алег Васільеў тлумачыць, чаму гэта не так: «З распадам СССР у спорце кожнай краіны здарыўся невялікі спад. Усе пачалі сваю гісторыю фігурнага катання, па сутнасці, з нуля. І постсавецкія рэспублікі сталі запрашаць спартсменаў з іншых краін.

Легіянеры запрашаюцца не толькі, каб атрымаць вынік, а для таго, каб задаць планку, стандарт, да якога б цягнуліся спартсмены, народжаныя ў Беларусі. Вельмі карысна мець перад вачыма наглядны прыклад. Можна бясконца расказваць дзецям, што трэба рабіць, паказваць відэа. Але аддаленыя прыклады не даюць належнага эфекту. А калі ёсць магчымасць прыйсці на трэніроўку і ўбачыць, як працуюць найлепшыя ў краіне спартсмены, матывацыя зусім іншая. Маладыя фігурысты пачынаюць трэніравацца лепей і вынік расце. Я гляджу на запрашэнне легіянераў як на непазбежную неабходнасць. Гэта дасць штуршок масаваму фігурнаму катанню ва ўсёй краіне. У нас ёсць яшчэ шэраг праектаў, якія мы плануем правесці, каб павялічыць колькасць дзяцей. А потым з гэтай вялікай колькасці атрымаць сваіх зорачак».

Дарэчы, свае зорачкі на беларускім лёдзе ўжо ёсць. Юніёр Яўген Пузанаў ужо авалодаў такім складаным скачком, як трайны аксель, і зараз актыўна яго ўдасканальвае. Не адстае і Мікалай Казлоў, ён таксама засвоіў гэты скачок і працуе над іншымі складанымі элементамі. У жаночым катанні вялікія надзеі падае Варвара Кісель, якая мае складанейшыя скачкі, напрыклад, каскад з чацвярных і трайных тулупаў. Мілана Рамашова летась на чэмпіянаце свету сярод юніёраў заняла 12-е месца. Спартсменка трэніруецца ў групе алімпійскага чэмпіёна Аляксея Урманава. Па словах Алега Васільева, дзяўчаты здольныя парадаваць высокімі вынікамі.

Бадай, самы папулярны ў Беларусі від фігурнага катання — танцы на лёдзе. «Танцамі сёння займаецца вельмі шмат беларускіх фігурыстаў. Ёсць адно «але» — вынікі. Танцы тэхнічна няпросты від, няхай там няма чацвярных скачкоў, аб'ём патрабаванняў і каноны, якія сёння існуюць у гэтым відзе, вельмі высока паднялі планку. Беларусам пакуль складана да яе падабрацца», — расказаў Алег Васільеў.

У хуткім будучым шэрагі беларускіх фігурыстаў папоўняцца дзвюма юніёрскімі і адной дарослай спартыўнымі парамі. Улічваючы, што парнае катанне — самы цяжкі тэхнічна, фізічна і псіхалагічна від, гэта вялікі крок. «Калі сабраць дзевяць цяжарных жанчын разам, яны за адзін месяц не народзяць. Так і ў спорце. Вынік не прыходзіць у адзін момант. Патрэбна планамерная і доўгая праца. Павінна вырасці маладое пакаленне. Мы спадзяёмся, што беларускае фігурнае катанне будзе калі не настолькі паспяховае, як расійскае, то хоць бы мацнейшае за іншыя краіны», — падкрэслівае Алег Васільеў.

Талентам — дапамагаць

Можа здацца дзіўным, але ў абавязкі галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай не ўваходзіць работа са спартсменамі на лёдзе. Яго асноўная задача — стварыць сістэму, якая будзе прыносіць свае плады. «Мне не плацяць зарплату за тое, што я працую на лёдзе. Але я ўсё роўна там працую, бо трэнеры і спартсмены абучаюцца не ў кабінетах, а ў рэальных умовах. Я працую з трэнерамі адзіночнага і парнага катання, менш умешваюся ў танцы, для мяне гэта некалькі спецыфічны від, але сачу за арганізацыйнымі момантамі. Мая задача — пабудаваць сістэму, якая будзе прыносіць вынік. Без яе можна атрымаць толькі адзінкавыя поспехі. Як кажуць, талентам трэба дапамагаць, бяздарнасці праб'юцца самі. У Беларусі нараджаюцца таленты. І трэба не проста ім дапамагчы, а стварыць усе ўмовы і сістэму для іх паспяховага развіцця».

Галоўным пастулатам сістэмы развіцця Алег Кімавіч называе трэнерскія кадры, якіх у краіне мала: «Мы ствараем сістэму навучання, якая будзе стымуляваць трэнераў і спецыялістаў пастаянна ўдасканальвацца».

У 2019 годзе ў інтэрв'ю прэс-службе Беларускага саюза канькабежцаў Алег Васільеў адзначыў, што вялікая праблема беларускіх фігурыстаў — няправільная расстаноўка элементаў у праграмах. Сёння гэта задача, якая паляпшае імідж і вобраз спартсмена, у многіх вырашана. Актыўна вырашаюцца і іншыя. Напрыклад, рэгулярна праводзяцца спаборніцтвы па скачках. «Такія спаборніцтвы вельмі карысныя для спартсменаў. Яны стымулююць пераадольваць бар'еры немагчымасці. Фігурыст пераступае праз свае псіхалагічныя перашкоды і ідзе далей у сваім тэхнічным удасканальванні», — тлумачыць Алег Кімавіч.

Алег Васільеў упэўнены, што расслабляцца рана, гэта толькі пачатак. Наперадзе вялізны спіс іншых важных задач. Фігурнае катанне, нягледзячы на яго прыгажосць, выключае сумненні ў сваіх сілах і слабасць. І беларускія спартсмены збіраюцца ўсім гэта даказаць.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: Лёд памылак не даруе

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.